Узда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 23:51, 25 жніўня 2017. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Узда
трансьліт. Uzda
Былы касьцёл
Былы касьцёл
Coat of Arms of Uzda, Belarus.png Flag of Uzda.png
Герб Узды Сьцяг Узды
Першыя згадкі: 1450
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Узьдзенскі
Насельніцтва: 10 090 чал. (2017)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1718
Паштовы індэкс: 223411
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°27′48″ пн. ш. 27°12′44″ у. д. / 53.46333° пн. ш. 27.21222° у. д. / 53.46333; 27.21222Каардынаты: 53°27′48″ пн. ш. 27°12′44″ у. д. / 53.46333° пн. ш. 27.21222° у. д. / 53.46333; 27.21222
Узда на мапе Беларусі ±
Узда
Узда
Узда
Узда
Узда
Узда
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.uzda.minsk-region.by/

Узда́ — места ў Беларусі, на рацэ Ўзьдзянцы. Адміністрацыйны цэнтар Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 10 090 чалавек[1]. Знаходзіцца за 74 км на паўночны захад ад Менску, за 22 км ад чыгуначнай станцыі Негарэлае (лінія Менск — Баранавічы). Аўтамабільныя дарогі на Менск, Негарэлае, Капыль, Слуцак і Нясьвіж.

Узда — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., і пірамідальная капліца-пахавальня колішніх уладальнікаў паселішча паноў Завішаў.

Назва

Тапонім «Узда́»[2] ўтварыўся ад назвы ракі Ўзьдзянка (у мінулым Узда, Усда). У сваю чаргу гідронім «Узда» мае тую ж аснову, што і Уса (прытокам якой зьяўляецца) у спалучэньні з фармантам -да[3].

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Ўзды

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Ўзду як двор Корсакаў у Менскім павеце датуецца 1450 годам. У 2-й палове XV ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У розны час Узда знаходзілася ў валоданьні Кавячынскіх, Завішаў, Красінскіх. У канцы ХV ст. Кавячынскія збудавалі тут кальвінскі эбор.

У 1572 годзе ўва Ўзьдзе знаходзіўся Сымон Будны ў зьвязку з выданьнем Бібліі[4]. У 1684 годзе па вяртаньні ў каталіцтва Кавячынскія заснавалі ў мястэчку парафію, набажэнствы праходзілі ў капліцы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Рынак. Касьцёл, 1918 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Узда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ігуменскага павету Менскай губэрні. У канцы ХVІІІ ст. мясьціна перайшла да роду Завішаў. У 1798 годзе Казімер Завіша збудаваў касьцёл, таксама дзейнічала царква.

У 1829—1830 гадох ува Ўзьдзе працавалі друкарня Э. Прэса, школа, 4 пачатковыя навучальныя ўстановы, бровар, млын, аптэка, пошта, 30 крамаў, нядзельны кірмаш. На 1886 год — народная вучэльня, валасная ўправа, школа, бровары, суконная фабрыка, 2 млыны, 24 крамы; дзейнічалі царква, касьцёл, сынагога, мячэт, 3 малітоўныя дамы. У 1906—1909 гадох у мястэчку дзейнічала правінцыйнае кола польскага таварыства «Асьвета», якое займалася падтрымкай адукацыі на польскай мове[5].

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Узда абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Ігуменскі павет («падраён») Менскага раёну[6]. 17 ліпеня 1924 году Ўзда стала цэнтрам раёну (з 25 сьнежня 1962 да 30 ліпеня 1966 году ў Койданаўскім раёне). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

10 сакавіка 1999 году Ўзда атрымала статус места.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1889 год — 1424 чал.[7]; 1897 год — 2,8 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 3,5 тыс. чал.; 1970 год — 4,3 тыс. чал.; 1977 год — 5,9 тыс. чал.; 1989 год — 8,0 тыс. чал.; 1999 год — 9,5 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 9,4 тыс. чал.[8]; 2002 год — 9,6 тыс. чал.[9]; 2006 год — 9,6 тыс. чал.; 2009 год — 9684 чал.[10] (перапіс); 2016 год — 10 120 чал.[11]; 2017 год — 10 090 чал.[1]

Адукацыя

Ува Ўзьдзе працуюць гімназія, с.-г. прафэсійны ліцэй, 2 сярэднія, агульнаадукацыйная санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спартовая школа, школа мастацтваў, 3 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, цэнтар разьвіцьця дзіцяці «Вясёлка».

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць цэнтральная раённая лякарня на 220 ложкаў, раённая паліклініка на 250 наведваньняў у зьмену, аптэка, аптэчны шапік і аптэчны пункт, раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Працуе тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва.

Культура

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, раённы цэнтар культуры, дом дзіцячай творчасьці, кінатэатар «Кастрычнік», гістарычна-краязнаўчы музэй, парк «Перамогі».

Выступаюць калектывы аматарскай творчасьці, у тым ліку 3 народныя (хор вэтэранаў вайны і працы, ансамбаль народнай песьні «Зборная субота», клюб майстроў «Сузор’е» Цэнтру культуры) і 3 узорныя (тэатар «Усьмешка», лялечны тэатар «Церамок», духавы аркестар школы мастацтваў).

Спорт

У месьце працуюць футбольны клюб «Узда», спартовы клюб «Бушыда», стадыён, 6 спартовых заляў, 3 футбольныя палі і інш.

Забудова

Плян

Узда разьвіваецца паводле генэральнага пляну 1990 году. Рэчка Ўзьдзянка падзяляе места на 2 плянавальныя раёны: усходні (Малая Ўзда) з індывідуальнай забудовай сядзібнага тыпу і заходні, дзе месьціцца асноўны масіў жылой забудовы і грамадзкі цэнтар. Гістарычны цэнтар склаўся ў раёне вуліцы Вялікай (цяпер афіц. Ленінская), якая злучыла 2 пляцы — Рынак (цяпер афіц. Свабоды) і Красны. Адміністрацыйна-грамадзкі і культурны цэнтар сфармаваўся ўздоўж вуліцы Савецкай. У цэнтральнай частцы ўзводзяцца 3≈5-павярховыя будынкі, на астатняй тэрыторыі пераважае 1-павярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У 1990—2000-я ўва Ўзьдзе збудавалі 5 жылых дамоў, школу, адміністрацыйны будынак лясной гаспадаркі, правялі рэканструкцыю раённай лякарні, будынку «Белаграпрамбанку».

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Ленінская вуліца Вялікая вуліца
Першамайская вуліца Юрздыка вуліца[12]
Пралетерская вуліца Малая вуліца
Татарская вуліца[13]
Свабоды плошча Рынак пляц

З урбананімічнай спадчыны Ўзды да нашага часу гістарычную назву захаваў полькі пляц Красны.

Эканоміка

Ува Ўзьдзе працуюць 5 прамысловых прадпрыемстваў з рознымі формамі ўласнасьці лёгкай (камунальнае вытворчае УП «Узьдзенская кравецкая фабрыка»), харчовай (Узьдзенская філія ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат») галінаў. Працуе прыватнае УП «Узьдзенскі кааппрам», лясгас і інш., філія і аддзяленьне АСБ «Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк», 48 прадпрыемстваў гандлю, 13 грамадзкага харчаваньня, 2 прадпрыемствы зьвязку, 10 службаў побыту, рамонтныя, дарожныя, транспартныя арганізацыі.

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Дзейнічае Ўзьдзенскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Ўзда»[14].

Славутасьці

  • Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Капліца-пахавальня Завішаў (XIX ст.)
  • Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1798)
  • Могілкі: каталіцкія; татарскія (Мізар); юдэйскія
  • Сынагога
  • Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1840, 1905)

Галерэя

Асобы

Крыніцы

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Госкартгеоцентр
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Менск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 383.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 685.
  5. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 34-37.
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  7. ^ Jelski A. Uzda // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 867.
  8. ^ Папко А. Узда // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 568.
  9. ^ Папко А. Узда // БЭ. Т. 16. — Менск, 2003. С. 180.
  10. ^ Перепись населения — 2009. Минская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Калядзінскі Л. А помнік Слуцкай? // «Культура» № 24 (892), 2009.
  13. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
  14. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Менск, 2007.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg Уздасховішча мультымэдыйных матэрыялаў