Гісторыя Ўзды
Узда — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., і пірамідальная капліца-пахавальня колішніх уладальнікаў паселішча паноў Завішаў.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Ўзду як двор Корсакаў у Менскім павеце датуецца 1450 годам. У 2-й палове XV ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У розны час Узда знаходзілася ў валоданьні Кавячынскіх, Завішаў, Красінскіх. У канцы ХV ст. Кавячынскія збудавалі тут кальвінскі эбор.
У 1572 годзе ўва Ўзьдзе знаходзіўся Сымон Будны ў зьвязку з выданьнем Бібліі[1]. У 1684 годзе па вяртаньні ў каталіцтва Кавячынскія заснавалі ў мястэчку парафію, набажэнствы праходзілі ў капліцы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Узда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ігуменскага павету Менскай губэрні. У канцы ХVІІІ ст. мясьціна перайшла да роду Завішаў. У 1798 годзе Казімер Завіша збудаваў касьцёл, таксама дзейнічала царква.
У 1829—1830 гадох ува Ўзьдзе працавалі друкарня Э. Прэса, школа, 4 пачатковыя навучальныя ўстановы, бровар, млын, аптэка, пошта, 30 крамаў, нядзельны кірмаш. На 1886 год — народная вучэльня, валасная ўправа, школа, бровары, суконная фабрыка, 2 млыны, 24 крамы; дзейнічалі царква, касьцёл, сынагога, мячэт, 3 малітоўныя дамы. У 1906—1909 гадох у мястэчку дзейнічала правінцыйнае кола польскага таварыства «Асьвета», якое займалася падтрымкай адукацыі на польскай мове[2].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Узда абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Ігуменскі павет («падраён») Менскага раёну[3]. 17 ліпеня 1924 году Ўзда стала цэнтрам раёну (з 25 сьнежня 1962 да 30 ліпеня 1966 году ў Койданаўскім раёне). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
10 сакавіка 1999 году Ўзда атрымала статус места.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Народная вучэльня, каля 1900 г.
-
Вуліца Вялікая, 1916 г.
-
Пляц Красны. Царква, да 1933 г.
-
Вуліца Вялікая, да 1950 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 685.
- ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 34-37.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — 576 с. — ISBN 985-11-0263-6
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892.