Польскае таварыства «Асьвета» (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Польскае таварыства «Асьвета» ў Менску
Polskie Towarzystwo „Oświata” w Mińsku
Лідэр арганізацыі ксёндз Казімер Мікалай Міхалкевіч
(12 сакавіка 1907 — кастрычнік 1907)
Геранім Друцкі-Любецкі
(кастрычнік 1907 — 1908)
Вакансія в. а. Мячыслаў Пароўскі(be)
(1908 — 5 сьнежня 1909)
Дата заснаваньня 1905 (рэгістрацыя 11 студзеня 1907)[a]
Штаб-кватэра Менск, Расейская імпэрыя
Ідэалёгія асьвета, распаўсюд польскай культуры

По́льскае тавары́ства «Асьве́та» ў Ме́нску (па-польску: Polskie Towarzystwo „Oświata” w Mińsku, таксама вядомае як тавары́ства «Асьве́та» альбо «Асьве́та») — грамадзкая арганізацыя, якая была заснавана ў 1905 годзе і дзейнічала ў Менску і на тэрыторыі Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. Да 1907 году таварыства дзейнічала ў кансьпірацыі, у 1907—1909 гадах — легальна, пазьней — зноў у кансьпірацыі (верагодна, да 1917 году). Вызначальная роля ў стварэньні і фінансаваньні таварыства належала сябрам самай уплывовай у канцы XIX — пачатку XX ст. грамадзкай арганізацыі Менскай губэрні — Менскаму таварыству сельскай гаспадаркі(be) (МТСГ), якое аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах, галоўным чынам, прадстаўнікоў карэннага каталіцкага і польскамоўнага дваранства губэрні. У дзейнасьці і разьвіцьці таварыства значную ролю адыгрывалі і жанчыны, што былі блізкімі сваячкамі сябрам МТСГ.

Задачай «Асьветы» было выхаваньне жыхароў Менскай губэрні (асабліва дзяцей) у духу «польскасьці» — галоўным чынам праз арганізацыю і падтрымку прыватнай польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Таварыства ўхілялася ад палітызацыі сваёй дзейнасьці, афіцыйна дэкляруючы толькі асьветніцка-культурныя мэты, але само распаўсюджаньне польскай мовы і падтрымка каталіцызму выклікалі нэгатыўную рэакцыю і перасьлед з боку афіцыйнай расейскай улады, бо ўваходзілі ў супярэчаньне зь неафіцыйнай (пасьля ўвядзеньня ў 1905 годзе законаў аб верацярпімасьці і свабоды друку на роднай мове) палітыкай ураду па русіфікацыі Заходняга краю Расейскай імпэрыі. Гэта стала галоўнай нагодай для самаскасаваньня таварыства ў 1909 годзе і пераходу яго на нелегальныя ўмовы работы.

Абставіны стварэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул «Земскі камітэт» аб справах арганізацыі асьветы ў Менскай губэрні, газэта «Kurier Litewski» (№7, 1905 г.)

Пасьля задушэньня паўстаньня 1863—1864 гадоў расейская ўлада пачала актыўную палітыку русіфікацыі паўночна-заходніх губэрняў — як беларускамоўнага сялянства, так і мясцовага польскамоўнага дваранства, аб’яўляючы забарону выкладаньня і ўжываньня польскай мовы ў сфэры адукацыі і ў публічных установах, а таксама ўводзячы жорсткія абмежаваньні ў адносінах да каталіцкага касьцёлу. Галоўная роля ў масавай русіфікацыі адводзілася школе, асабліва царкоўна-прыходзкай — для сялянаў. Цэнтрамі супраціўленьня русіфікацыі і аправаслаўленьня сталі каталіцкія касьцёлы і шляхецкія двары, пры якіх пачалі стварацца нелегальныя польскамоўныя школы і рэлігійныя курсы (каталіцызму), асабліва актыўна з 1880-х[1][2]. Толькі рэвалюцыя 1905—1907 гадоў увяла свабоду веравызнаньня і выкарыстаньня нацыянальных моваў.

Самай уплывовай грамадзкай арганізацыяй Менскай губэрні напярэдадні рэвалюцыі, дзе мясцовае каталіцкае дваранства мела перавагу і вызначальны ўплыў, было Менскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), якое аб’ядноўвала мясцовых сярэднезаможных і заможных маянткоўцаў і было арганізацыяй гаспадарчага характару, але дзейнасьць таварыства ўжо даўно ахоплівала значна больш шырокі спэктар інтарэсаў — таварыства мела свае ўласныя ці цесна зь ім зьвязаныя моцныя фінансавыя, гандлёвыя, гуманітарныя (дабрачынныя) і нават навуковыя ўстановы[3][4]. Лідэры МТСГ актыўна супрацоўнічалі з губэрнскай уладай і мелі на апошнюю пэўны ўплыў. Па-за сфэрай легальнага ўплыву МТСГ у губэрні знаходзілася сфэра польскамоўнай адукацыі і рэлігійнага раўнапраўя. З увядзеньнем лібэральных свабод лідэры МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Аляксандар Скірмунт, князь Геранім Друцкі-Любецкі і інш.) пачалі актыўна выступаць за скасаваньне ўсіх абмежаваньняў у адносінах да каталікоў і польскамоўнага навучаньня. Так, 4 верасьня 1905 у Менску на пасяджэньні губэрнскага камітэта па справам гаспадаркі гласны Аляксандар Скірмунт[b] выступіў супраць фінансаваньня праваслаўных царкоўна-прыходзкіх школ за кошт земскіх збораў з грамадзянаў усіх веравызнаньняў; гласны князь Геранім Друцкі-Любецкі зьвярнуў увагу на тое, што Дзяржаўны савет Расейскай імпэрыі прадугледзеў у бюджэце 1903 г. неабавязковасьць фінансаваньня царкоўна-прыходзкіх школ з асыгнаваньняў земскіх збораў; а гласны Эдвард Вайніловіч, віцэ-старшыня (1888—1907) МТСГ, выказаў думку пра тое, што земскія школы альбо школы Міністэрства асьветы лепш за царкоўна-прыходзкія, бо таньнейшыя і маюць больш абшырную праграму[5]. Захаваньне абмежаваньняў і пагроза русіфікацыі падштурхоўвала лідэраў МТСГ да заснаваньня ўласнай скаардынаванай сыстэмы тайнага навучаньня з мэтаю нагляду за адасобленымі дагэтуль нелегальнымі школамі пры касьцёлах і маёнтках[2].

Расейскімі ўладамі з 1904 прымаліся рашэньні аб магчымасьці выкладаньня ў Заходнім краі польскай мовы ў якасьці факультатыўнага прадмету ў школе (за дадатковую плату), аднак на практыцы выкладаньне польскай мовы і асноваў каталіцызму па-польску сярод моладзі сустракаліся зь непрыхаваным супрацьдзеяньнем афіцыйнай адміністрацыі. Напрыклад, у Менску з 1907 была толькі адна мужчынская рэальная школа, дзе выкладалася польская мова, што не задавальняла патрэбаў жадаючых[6]. Акрамя таго, у дзяржаўных школах гісторыя выкладалася з пункту гледжаньня афіцыйнай ідэалёгіі «заходнерусізму», якая сьцьвярджала, што Паўночна-Заходні край зьяўляецца «існа расейскім», «вернутым ад Польшчы» (г.зн. Рэчы Паспалітай), праваслаўнае насельніцтва (у тым ліку дваране) лічылася «расейскім народам», адзіным у трох галінах (вялікарусах, маларусах і беларусах), а каталікоў краю адносіла да «палякаў»[7][8].

Заснаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паведамленьне аб сходзе МТСГ і заснаваньні таварыства «Асьвета» ў Менску ў газэце «Kurier Litewski» (№60, 1907 г., с. 3)

У 1905 сябрамі МТСГ было прынята рашэньне арганізаваць нелегальнае Польскае таварыства «Асьвета» ў горадзе Менску, што было даручана пачаць Мячыславу Пароўскаму[9], а таксама Міхаліне Ленскай, якая была блізкай сваячкай Міхала Ленскага — сябра Рады МТСГ[10][11]. Галоўнай задачай таварыства была каардынацыя польскамоўнага тайнага навучаньня, якое — паводле рапартаў царскай паліцыі — у Менскай губэрні было шырока распаўсюджана[6].

Пасьля выданьня ў сакавіку 1906 урадам больш лібэральнай уставы аб таварыствах і саюзах, сябры МТСГ вырашылі пачаць адкрытую дзейнасьць у галіне польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі, што, на іх погляд, магло прынесьці большы плён. 11 студзеня 1907 было афіцыйна зарэгістравана Польскае таварыства «Асьвета» ў Менску. 12 сакавіка 1907 вечарам у залі Менскага таварыства сельскай гаспадаркі адбыўся заснаваўчы сход (каля 300 чалавек), дзе прысутнічалі сябры МТСГ і іншыя асобы, у тым ліку жанчыны[12]. Узначальваў сход Мячыслаў Пароўскі. На сходзе прынялі статут арганізацыі і абралі галоўнае кіраўніцтва: старшыня — ксёндз Казімер Міхалкевіч; намесьнік старшыні — лекар Ян Офэнбэрг (1867—1953); скарбнік — адвакат Зыгмунт Венцлавовіч, уплывовы сябар МТСГ — дырэктар Таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхаваньня; сакратар — лекар Чэслаў Грабавецкі; сябры рады: Ядзьвіга Кастравіцкая — родная сястра старшыні МТСГ Эдварда Вайніловіча; Міхаліна Ленская; Эдмунд Івашкевіч — уплывовы сябар МТСГ; Вольга Лапа, ксёндз Казімер Букраба; ксёндз Адам Лісоўскі і інш.[11][13][14]. З 25 сакавіка 1907 у склад Нагляднай рады таварыства ўваходзіў Раман Скірмунт[c], віцэ-старшыня (1907—1917) МТСГ[15].

У складзе кіраўніцтва таварыства было шмат жанчын, бо мужчыны былі заняты працай у маёнтках, МТСГ і палітычнай дзейнасьці. Акрамя таго, галоўныя лідэры МТСГ (у першую чаргу — Эдвард Вайніловіч) былі занятыя рэалізацыяй ідэяў лібэральна-кансэрватыўнага кірунку «краёвасьці» (аўтаномія свайго краю ў складзе Расейскай імпэрыі, скасаваньне саслоўных адрозьненьняў, прававая роўнасьць народаў, моваў, культуры, канфэсіяў і інш.) у парлямэнцкіх інстытутах Расейскай імпэрыі.

Пасьля таго як у кастрычніку 1907 ксёндз Казімер Міхалкевіч пакінуў Менск, зьехаўшы па канфэсійных справах у Вільню, на пасаду расейскімі ўладамі быў прызначаны князь Геранім Друцкі-Любецкі (сябра Рады МТСГ), які займаў пасаду да 1908, пасьля чаго пасада старшыні «Асьветы» заставалася вакантнай да афіцыйнай ліквідацыі таварыства. Абавязкі старшыні ў 1908—1909 выконваў тагачасны намесьнік старшыні Мячыслаў Пароўскі[11][16].

Праграма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэтай таварыства ставілася «ўзьняцьцё ўзроўню разумовага і маральнага разьвіцьця ўсіх слаёў польскага грамадзтва, галоўным жа чынам — распаўсюджаньне сярод палякаў асьветы на роднай мове»[17]. Акрамя таго, адной з галоўных мэтаў было супрацьстаяньне прымусовай русіфікацыі («змаскавічэньня») праз падтрымку польскай мовы, культуры былой Рэчы Паспалітай і каталіцкай веры, а таксама выхаваньня дзяцей у духу «польскага патрыятызму» для рэалізацыі «польскай ідэі»[18].

Мячыслаў Пароўскі, падсумоўваючы вынікі 12-гадовай дзейнасьці таварыства і аддаючы павагу працы ў ёй жанчынам, падкрэсьліў, што стварэньнем «Асьветы» хацелі падтрымаць «неўміручы польскі дух, які на ўсходніх рубяжах Вялікай Рэчы Паспалітай бараніў яе межы перад маскоўскай прагнасьцю і кідаў пасевы заходняй культуры»[19]. «Польскасьць» у дзейнасьці таварыства разумелася як падтрымка польскай мовы, культуры былой Рэчы Паспалітай і каталіцызму[2], не адракаючыся пры гэтым ад ідэалёгіі «краёвасьці»[20][21], якая разумелася шматлікімі сябрамі МТСГ і «Асьветы», як ідэя раўнапраўнага саюзу Польшчы і былога Вялікага Княства Літоўскага ў складзе адзінай фэдэратыўнай дзяржавы[22][23].

Для дасягненьня адукацыйных і выхаваўчых мэтаў плянавалася засноўваць і ўтрымліваць прытулкі, школы розных тыпаў, чытальні, курсы ліквідацыі непісьменнасьці для дарослых; выдаваць падручнікі і пэрыёдыку на польскай мове, надаваць моладзі стыпэндыі для атрыманьня адукацыі; апрацоўваць дадзеныя пра стан і патрэбы школьнай сыстэмы[24]. На практыцы плян стварэньня польскамоўных школаў не рэалізаваўся, бо для адкрыцьця кожнай школы быў патрэбны новы дазвол ад улады. За ўвесь пэрыяд легальнай дзейнасьці таварыства ўлады не далі ніводнага дазволу на адкрыцьцё польскамоўнай школы на тэрыторыі Менскай губэрні і на іншых землях цэнтральнай і ўсходняй Беларусі[25].

Польскамоўнае і каталіцкае насельніцтва Менскай губэрні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часе Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расейскай імпэрыі (1897)(ru) не праводзілася апытаньне насельніцтва аб этнічнай прыналежнасьці асобы, але толькі аб роднай мове і веравызнаньні. Дакладнасьць вынікаў перапісу аспрэчваецца, але іншай усеахопнай статыстычнай інфармацыі няма. Так, перапіс паказаў, што ў Менскай губэрні польскую мову ўказалі роднай 64 617 чалавек (3% ад усяго насельніцтва губэрні)[26], а ў Менску — 10 369 чалавек (11,4% ад усяго насельніцтва гораду)[27]. Да рымска-каталіцкай канфесіі ў Менскай губэрні належала 217 959 чалавек (10,14% ад усяго насельніцтва губэрні)[28]

Чарговы перапіс насельніцтва Меншчыны (з-за баявых дзеяньняў у час Першай сусьветнай вайны) быў праведзены толькі ў 1919 Грамадзянскай управай ўсходніх зямель (часовай польскай грамадзянскай адміністрацыяй на летувіска-беларускіх землях, не інкарпараваных у склад Польшчы, а занятых у 1919—1920 польскім войскам), паказаў, што на тэрыторыі Менскай акругі колькасьць палякаў складала 159 706 чалавек (14,6% ад усяго насельніцтва акругі), а ў Менску — 18 713 чалавек (18,3% ад усяго насельніцтва гораду)[29][d]. Польскай адміністрацыяй крытэрам прыналежнасьці да палякаў было абрана каталіцкае веравызнаньне[30].

Структура і дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сябры рады і настаўніцы Польскага таварыства «Асьвета» ў Менску[e], фота 1907—1908 гг.

Паводле статуту дзейнасьць таварыства распаўсюджвалася на Менск і ўсю Менскую губэрню. Таварыства мела галоўную сядзібу ў Менску і пяць філіяў (аддзяленьняў) у губэрні: у Мазыры, Пінску, Узьдзе, Наваградку і Ракаве. Просьбы аб адкрыцьці дадатковых аддзяленьняў Польскага таварыства «Асьвета» ў іншых гарадах сустракалі адмовы ад мясцовых павятовых уладаў, якім зь Менску ад губэрнскай адміністрацыі высылаліся цыркуляры «няўхільна адмаўляць у рэгістрацыі іншародных таварыстваў»[31]. Многія структурныя аддзелы таварыства (пачатковае навучаньне, настаўніцкая сэмінарыя, дзіцячыя летнікі, лекцыя, бібліятэка) узьніклі тайна яшчэ ў 1905[32].

Таварыства падзялялася на сэкцыі, якія займаліся рознымі галінамі дзейнасьці: пачатковае навучаньне, адукацыя непісьменных дарослых, настаўніцкая сэмінарыя, дзіцячыя летнікі, лекцыі, чытальні, фінансаваньне асьветы[25][33].

  • Сэкцыя пачатковага навучаньня — займалася навучаньнем дзяцей на тайных занятках. Дзейнасьць зьяўлялася нелегальнай. Вучоба дзяцей мела скаардынаваны характар і праходзіла на аснове аднолькавай дыдактычнай праграмы. З улікам кансьпірацыі, яе дакладны маштаб невядомы. Паводле Мячыслава Пароўскага, толькі ў Менску адначасова вучылася ў 32 групах каля 500 дзяцей, а цалкам у 1909 (на момант афіцыйнага закрыцьця таварыства) колькасьць дзяцей, якія вучыліся ў школах налічвала 7—8 тыс. Сэкцыяй кіравалі адны жанчыны — Сільвестровіч, Фялінская, Страневіч і Баброўская. Галоўная ўвага надавалася польскай мове і рэлігіі, але выкладаліся й іншыя прадметы. У пачатковым пэрыядзе існаваньня таварыства, гэтая праца была ня вельмі інтэнсіўнай і перасьледавалася расейскімі ўладамі. У 1911 годзе, ва ўмовах ўзросту эфэктыўнасьці дзейнасьці паліцыі, колькасьць вучняў зьменшылася, напрыклад, у Менску — прыблізна да 400[25][34][35].
  • Сэкцыя адукацыі непісьменных дарослых — навучала вечарамі непісьменных людзей сталага веку чытаньню і пісьму. У Менску ў ёй навучаліся 180 асобаў, у асноўным рамесьнікі, якія яшчэ й далучаліся да грамадзкай працы ў таварыстве. Сэкцыяй кіравалі жанчыны — Чарнеўская, Легатовіч, Дуброўская, а таксама Славінскі і доктар Чэслаў Грабавецкі[33][35].
  • Сэкцыя настаўніцкай сэмінарыі — займалася падрыхтоўкай настаўніц на хуткіх моўных курсах да працы ў польскамоўных школах. Ад пачатку да канца існаваньня яна дзейнічала нелегальна. Кіравалі ёй Міхаліна Ленская і Ганна Чакатоўская. Спачатку гэта былі адкрытыя ў сьнежні 1905 шасьцімесячныя курсы для «народных настаўніц». Неўзабаве яны атрымалі падтрымку з боку таварыства і паступова ператварыліся ў настаўніцкую сэмінарыю. У сэмінарыі былі створаныя два аддзяленьні: вышэйшае, сканчэньне якога давала званьне «народнай настаўніцы»; і ніжэйшае, выпускніцы якога атрымлівалі назву «людуўка» («сяляніца»). Гэтая дзейнасьць мела вялікае значэньне, таму што пашырэньне асьветніцкай працы прывяло да ўзросту запатрабаванасьці «народных настаўніц». Адчуваўся недахоп кандыдатаў з адпаведнай кваліфікацыяй, асабліва ў пляне добрага веданьня польскай мовы. На настаўніцкіх курсах выкладалі польскую мову і літаратуру, гісторыю «Польшчы» (г. зн. Рэчы Паспалітай), каталіцкую рэлігію, а таксама прыродазнаўства, арытмэтыку, сьпевы, дзіцячыя гульні, пэдагогіку і мэтодыку. Выкладалася таксама беларуская і расейская мовы. Вучні знаёміліся таксама і з навінкамі (з выдавецтваў) беларускамоўных кніг[25][32].
Драўляны будынак плябані Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены, дзе ў 1915 г. знаходзілася бібліятэка «Асьветы».
  • Сэкцыя гутарак і публічных лекцыяў — займалася арганізацыяй чытаньняў і ўладкаваньнем папулярных дыскусіяў. Дзейнасьць пачала 29 красавіка 1907 году. Кіраваў ёю Ян Офэнбэрг, актыўны ўдзел бралі правінцыйныя колы «Асьветы». У Менску галоўным месцам такіх сустрэчаў была самая вялікая ў горадзе заля «Парыж», дзе зьбіралася да 1000 чалавек. Найчасьцей прамаўлялі князь Геранім Друцкі-Любецкі, граф Канстантын Прушынскі, Аляксандар Яноўскі і інш.[33] Напрыклад, у Пінску аддзяленьне займалася толькі арганізацыяй лекцыяў па польскай літаратуры і слоўніцтве, што, паводле рапарту павятовай паліцыі, «выклікала ўзрост польскай нацыянальнай сьвядомасьці». Мерапрыемствы, арганізаваныя сэкцыяй выкладаньня, выклікалі вялікую зацікаўленасьць з боку слухачоў[36].
  • Сэкцыя бібліятэкі і кніжнага пракату — была створаная пасьля дазволу ўладаў 22 сьнежня 1907 арганізаваць «польскую» бібліятэку. Бібліятэка была афіцыйна адкрытая 4 траўня 1908 і знаходзілася ў плябаніі касьцёла Сьвятых Сымона і Алены ў Менску. Спачатку мела каля 700 кніжных адзінак, зь якіх большасьцю былі падарункам графа Юзафа Тышкевіча з Лагойску, астатнія былі набытыя ў кнігарні Вацлава Макоўскага. Ббліятэкай найчасьцей загадваў Чэслаў Грабавецкі. Нягледзячы на дазвол на адкрыцьцё бібліятэкі з боку ўладаў, яны несупынна адмаўлялі ў просьбах з боку правінцыйных аддзяленьняў таварыства на адкрыцьцё сваіх падобных установаў. Напрыклад, 14 кастрычніка 1908 было адмоўлена на просьбу аддзяленьня таварыства «Асьвета» ў Пінску[33][37].
  • Сэкцыя дзіцячых летнікаў — была створаная для самых бедных дзяцей з гарадоў, напрыклад зь Менску. Сэкцыяй кіравалі жанчыны. Летнікі арганізоўваліся пры дваранскіх маёнтках, у тым ліку: у вёсцы СавічыВайніловічаў, вёсцы ЎстроньПрушынскіх, вёсцы НачаЧарноцкіх і вёсцы ІгнатычыЕльскіх, вёсцы Грошаў — Рэйтанаў. Іх мэтай было псыхічнае і фізычнае выхаваньне дзяцей[36][38].
  • Сэкцыя фінансаў — займалася зборам сродкаў на дзейнасьць таварыства і асьветніцкую працу. Сярод сяброў зьбіралася ўнёскі, якія аднак былі няздольныя задаволіць патрэбы. Фінансаваньне таварыства заўсёды было праблематычным і часта «трымалася на пазыках і надзеях». Каб здабыць дадатковыя крыніцы фінансаваньня, арганізоўваліся канцэрты, лекцыі, штогадовыя «паненскія балі». «Асьвету» падтрымлівалі таксама мэцэнаты. Значныя гранты на яе дзейнасьць перадавалі, прыкладам, ксёндз Казімер Міхалкевіч, Вільгельм Ельскі, Марыян Абязерскі і граф Канстантын Прушынскі з Устроні. Дакладных зьвестак пра фінансаваньне таварыства няма. Хоць таварыства публікавала зьвесткі пра свой бюджэт, у тым ліку пра выдаткі, аднак заяўляныя сумы часта былі несапраўднымі, бо кіраўніцтва хавала інфармацыю аб сродках, якія вылучаліся сябрамі таварыства і мэцэнатамі[36].

Сябры таварыства падзяляліся на ганаровых, дзейных і звычайных. Членскі ўзнос у касу таварыства складаў 6 рублёў штогадова, што ў сутнасьці было невялікай сумай. Большасьць сябраў належала да катэгорыі мяшчанства і малазаможнага дваранства, але актыўную і галоўную ролю выконвала невялікая колькасьць чалавек[31]. Таварыства моцна залежала ад пазачленскіх унёскаў.

Праект газэты «Pogoń»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 кастрычніка 1907 году таварыства «Асьвета» прэзэнтавала праект выданьня ў Менску польскамоўнай газэты пад сымбалічнай назвай «Pogoń» («Пагоня») [f]. Плянавалася, што гэта павінен быў быць штотыднёвік, які б у першую чаргу публікаваў артыкулы рэлігійна-маральнай тэматыкі, а таксама артыкулы па гісторыі, грамадзкіх і палітычных падзеях, літаратурнага і спэцыялізаванага характару. Маючы падтрымку ад таварыства, просьбу даць дазвол на яго выданьне накіраваў афіцыйным уладам паляк Уладзімеж Дваржачак — кіраўнік менскага аддзелу газэты «Kurier Litewski», галоўнай газэты «краёўцаў»-кансэрватараў[39][40]. 18 студзеня 1908 году афіцыйныя ўлады далі згоду. Ідэя выклікала вялікую зацікаўленасьць: наконт характару будучай газэты ладзіліся абмеркаваньні і дыскусіі, у тым ліку ў польскамоўнай прэсе ў Вільні. Ішлі спрэчкі, ці павінна газэта «Pogoń» быць штодзёньнікам альбо штотыднёвікам. Канчаткова аднак ідэя выданьня газэты не была зьдзейсьненай, бо не ўдалося атрымаць 4000 падпісчыкаў, што б дазволіла акупіць выданьне [41].

Умовы працы настаўніц[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да працы ў нелегальныя школы накіроўваліся як выпускніцы настаўніцкай сэмінарыі таварыства «Асьвета», так і непадрыхтаваныя адмыслова асобы, у тым ліку мужчыны. Умовы працы былі цяжкімі. Настаўніцы і настаўнікі атрымлівалі невялікую зарплату, якой ледзь хапала на пражыцьё, у дадатак яна не выплочвалася ў пэрыяд вакацыяў. Асаблівую праблему гэта рабіла на вёсцы, дзе з улікам працы ў сельскай гаспадарцы школьны год трываў з 1 кастрычніка па 1 красавіка, а часам яшчэ карацей. Часта галоўным фактарам, які вырашаў лёс далейшай асьветніцкай працы была «удзячнаць і прывязанасьць дзяцей»[36].

Стаўленьне з боку насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тайныя школы для дзяцей ініцыянаваліся дваранамі-каталікамі і арганізоўваліся таварыствам у першую чаргу для гарадзкіх і, асабліва, сялянскіх дзетак каталіцкага веравызнаньня. Стаўленьне сялянаў-каталікоў Менскай губэрні да асьветніцкай дзейнасьці таварыства звычайна было прыхільным. Бацькі ахвотна адпраўлялі сваіх дзяцей на вучобу ў тайныя школы, нягледзячы на тое, што ў выпадку раскрыцьця дзейнасьці школы паліцыяй, ім пагражала пакараньне. На вёсцы лічылася, што гэтыя школы даюць значна большае абыймо ведаў, чым царкоўна-прыходзкія ці сьвецкія ўрадавыя (на расейскай мове), таму бацькі праваслаўнага веравызнаньня таксама імкнуліся аддаваць сваіх дзяцей у тайныя школы. Аднак дзеці праваслаўнага веравызнаньня прымаліся ў школы рэдка — у тактычных мэтах (каб у выніку выкрыцьця тайнай школы не было асабліва жорсткіх рэпрэсіяў з боку ўлады), бо праваслаўнае сьвятарства заўсёды рэзка нэгатыўна рэагавала на падобныя выпадкі навучаньня праваслаўных дзяцей[42].

Звычайна тайныя школы на вёсцы знаходзіліся пад патранажам жанчын-земляўласьніц каталіцкага веравызнаньня і мясцовых ксяндзоў[42]. Здараліся выпадкі даносаў уладам на «народных настаўніц». Часам іх рабілі нават ксяндзы і маянткоўцы-каталікі, якія традыцыйна асацыяваліся на гэтых землях з польскасьцю. Верагодна, што імі кіраваў страх рэпрэсіяў альбо нежаданьне асьветы ніжэйшых сацыяльных слаёў як шкоднае для іх інтарэсаў. Аднак гэта былі адзінкавыя выпадкі. Здаралася таксама, што сяляне тлумачылі адпраўку сваіх дзяцей у школы таму, што «так хацеў пан»[36].

Стаўленьне з боку палітычных арганізацыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Супраць пашырэньня польскамоўнай і каталіцкай адукацыі пратэставалі некаторыя расейскія арганізацыі, у тым ліку «чарнасоценцы». 28—31 жніўня 1908 у Менску адбыўся сход «праваслаўнага брацтва», які прапанаваў зрабіць больш жорсткімі законы ў справе пакараньня за сакрэтнае навучаньне. Нэгатыўныя камэнтары зьяўляліся таксама ў расейскай прэсе[35].

Віленскія прыхільнікі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі (г. зв. «эндэкі»), што былі галоўнымі супернікамі і праціўнікамі «краёўцаў», нэгатыўна савіліся да азнаямленьня вучняў зь беларускамоўнай літаратураў і навучаньня беларускай мове ў школах таварыства «Асьвета» ў Менску побач з расейскай і польскай мовамі. Ананімны аўтар пад крыптанімам «Z» у калёнцы пра навіны зь Менску ў галоўнай газэце віленскіх «эндэкаў» у літоўска-беларускіх губэрнях «Dziennik Wileński», не прыводзячы доказы, напісаў, што настаўніц, якія выказвалі думку, што школы не павінны мець рэлігійны (каталіцкі) характар або выкладаньне ў іх варта весьці толькі на беларускай мове, звальняліся з працы[43].

Стаўленьне з боку ўлады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паведамленьне дырэктара народных вучэльняў Менскай губэрні да менскага павятовага спраўніка аб неабходнасьці закрыцьця тайнай польскай школы пісьменнасьці ў вёсцы Каралёў Стан (Менскі павет), 24 сакавіка 1906 г.

Польскае таварыства «Асьвета» ў Менску ад заснаваньня да афіцыйнай рэгістрацыі ў 1907 вяло сваю дзейнасьць у падпольлі і нелегальна. Яшчэ з 1905 таварыства знаходзілася пад пільным наглядам расейскай улады, якая рабіла перасьлед арганізацыі, але ня вельмі інтэнсіўна. Нягледзячы на легалізацыю ў 1907 дзейнасьці таварыства заставалася ня простай. Праводзіліся несупынныя і падрабязныя праверкі, падчас якіх шукаліся парушэньні статуту, што дало б падставу для закрыцьця «Асьветы». Улады лічылі, што такая дзейнасьць ідзе «насуперак з асноўнымі задачамі рускай дзяржаўнай палітыкі ў краі», бо зьяўляецца перашкодай да «стварэньня нацыянальна-палітычнага адзінства ў мэтах асіміляваньня рускай народнасьцю <…> польскага элемэнту», таму рознымі спосабамі стваралі цяжкасьці ў дзейнасьці «Асьветы» і іншых падобных арганізацыяў у Заходнім краі Расейскай імпэрыі[31]. Па гэтай прычыне праваслаўная царква нэгатыўна глядзела на існаваньне тайнай «польскай» школы. Хоць у статуце таварыства было ўказана, што арганізацыя не ставіць перад сабой палітычных мэтаў, расейскі ўрад вырашыў, што «сілаю абставінаў і нават міжволі сваіх заснавальнікаў [таварыства] непазьбежна стане на сьлізкі шлях вузка-нацыянальнай палітычнай дзейнасьці»[31]. Самай шкоднай урад лічыў дзейнасьць таварыства на вёсцы, бо з-за адлегласьці ад Менску і павятовых цэнтраў і слабаразьвітой сеткі ўрадавых і царкоўна-прыходзкіх школ кантраляваць установы «Асьветы» было складана[31].

З 1908 у Расейскай імпэрыі рэакцыйная палітыка ўрада, пасьля завяршэньня агульнарасейскай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, пачала няўхільна пашырацца амаль ва ўсіх сфэрах жыцьця дзяржавы. З 1909 пачалося ўзмацненьне барацьбы супраць польскамоўнага нелегальнага навучаньня. Повадаў для закрыцьця таварыства знаходзілася шмат, бо «Асьвета» арганізоўвала тайныя школы без дазволу афіцыйнай улады, мелі месца выпадкі прыцягненьня да судовай адказнасьці за такую дзейнасьць[31]. У верасьні 1909 у Менску адбылася беспрэцэдэнтая рэвізія ўсіх дакумэнтаў таварыства, але нічога нелегальнага знойдзена не было[44].

Афіцыйнае самаскасаваньне і пераход на нелегальную дзейнасьць (1909)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сьнежні 1909 году менскі губэрнатар палічыў, што дзейнасьць таварыства зьяўляецца «шкоднай для расейскай дзяржаўнасьці»[31]. Неўзабаве начальнік паліцыі Мазырскага павету выдаў рапарт, у якім заявіў, што мясцовае аддзяленьне таварыства «Асьвета» нелегальна трымае там 5 школ. Школы не былі выяўленыя, таму падставай для закрыцьця таварыства сталі знойдзеныя ў мазырскім аддзяленьні дакумэнты таварыства «Асьвета» на польскай мове, бо таварыства павінна было весьці сваю дакумэнтацыю выключна на расейскай[31].

5 сьнежня 1909 году польскае таварыства «Асьвета» ў Менску было афіцыйна самаскасавана на агульным сходзе і перайшло зноў на нелегальную дзейнасьць, якая з рознымі посьпехамі працягвалася да 1917 году. Прычым галоўная роля ў практычнай дзейнасьці належала жанчынам, многія зь якіх арыштоўваліся і прыцягваліся да судовай адказнасьці (5—10 сутак арышту ці 5—10 рублёў штрафу)[44]. Раней былі скасаваныя і перайшлі на нелегальную работу падобныя арганізацыі ў Кіеве і Вільні[42].

Работа на нелегальнай аснове (1909—1917)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каб зьменшыць верагоднасьць раскрыцьця тайных школ, у 1911 кіраўніцтва «Асьветы» пастанавіла, каб яны налічвалі ня больш за 4-х дзяцей кожная[44]. Гэта значна абмежавала колькасьць вучняў, аднак разам з тым мацней уцягнула ў польскамоўную асьвету жыхароў Менску. Напрыклад, у кастрычніку 1911 паліцыя атрымала даносы пра тое, што Мячыслаў Пароўскі разам з ксяндзом Казімерам Букрабам арганізуюць цэнтры нелегальнай польскамоўнай адукацыі ў Менску. Таварыства кожны год арганізоўвала нелегальныя сходы сваіх настаўніц, дзе чыталіся рэфэраты, ладзіліся дыскусіі, адбываўся абмен досьведам і г. д. Настаўніцы мелі свае касы ўзаемадапамогі на выпадак хваробы ці няздольнасьці працаваць[45]. Пасьля пераходу таварыства на нелегальны, кансьпіратыўны характар дзейнасьці ўзрастала колькасьць тайных школ, але сукупная колькасьць вучняў у іх зьмяншалася[46].

Нелегальныя школы працавалі бясплатна, хоць імкнуліся ўвесьці прынцып выплаты па 20 капеек з вучня штомесяц, аднак галоўнае фінансаваньне зыходзіла ад штогадовых унёскаў з боку сябраў таварыства. На карысьць школы таксама паступалі прыбыткі ад арганізацыі канцэртаў і «паненскіх баляў»[47].

З пачаткам Першай сусьветнай вайны перасьлед тайных школ трошкі зьменшыўся, бо ўлады былі занятыя ваеннымі праблемамі, аднак адначасова спадала зацікаўленнасьць людзей удзельнічаць у нелегальнай польскамоўнай адукацыі і памяншаліся ахвяраваньні з-за цяжкасьцяў ваеннага часу[47]. Адначасова ў Менск і Менскую губэрню прыбывалі ссыльныя і бежанцы з польскіх губэрняў (да 100 тыс. чалавек[48]), занятых нямецкімі войскамі. Былі створаны Цэнтральны грамадзянскі камітэт і Польскае таварыства дапамогі ахвярам вайны, якія арганізавалі для гэтых польскіх бежанцаў асобную сетку школ, да якіх пераходзілі некаторыя настаўніцы з «Асьветы», бо там аплата працы была больш высокай[47]. Фінансаваньне гэтых школ зыходзіла ад польскіх эмігранцкіх арганізацыяў, самаападаткаваньня і ахвяраваньняў польскіх бежанцаў[49].

Пераемнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Польская школьная маціца Менскай зямлі

Непасрэднай пераемніцай Польскага таварыства «Асьвета» ў Менску стала Польская школьная маціца Менскай зямлі, якая была ўрачыста заснаваная ў дзень угодак Канстытуцыі 3 траўня 1791 году ўплывовымі сябрамі МТСГ 20 красавіка (3 траўня) 1917 у Менску падчас арганізацыйнага сходу ў залі Менскага таварыства сельскай гаспадаркі[47]. На пасаду старшыні «маціцы» быў абраны Мячыслаў Пароўскі[g][50].

Пасьля няўдачы рэалізаваць ідэю «краёўцаў» аб адзінстве ўсіх літоўска-беларускіх губэрняў і зьвяржэньня расейскага самаўладзьдзя ў лютым 1917, лідэры МТСГ, якім была падначаленая Польская маціца Менскай зямлі — пераемніца Польскага таварыства «Асьвета», узялі арыентыр на палітычную суб’ектнасьць Беларусі, прытрымліваліся беларускага нацыянальнага руху і выказваліся супраць інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы, дапускаючы толькі дзяржаўны зьвяз зь ёй[48]. Акрамя таго, Польская маціца Менскай зямлі плянавала ліквідаваць ці падпарадкаваць сабе сетку часовых польскіх школ, што былі створаны арганізацыямі бежанцаў з польскіх губэрняў, дзе вызначальны ўплыў мелі польскія «эндэкі», якія выказваліся супраць палітычнай незалежнасьці Беларусі і за інкарпарацыю Беларусі (ці яе часткі) у склад польскай дзяржавы ў статусе звычайных польскіх зямель з далейшай палянізацыяй мясцовых жыхароў[50][51].

Рознасьць поглядаў на лёс і статус беларускіх зямель прывялі да канфлікту бакоў (лідэраў МТСГ і лідэраў польскіх бежанцаў) у складзе Польскай рады Менскай зямлі, які завершыўся ў канечным выніку перамогай лідэраў МТСГ у той арганізацыі і насаджэньнем у шэрагах «польскай рады» ідэі палітычный суб’ектнасьці Беларусі.[52].[50].

Ацэнка дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У многім тайны, кансьпіратыўны характар дзейнасьці Польскага таварыства «Асьвета» ў Менску, што прывяло да адсутнасьці поўнай інфармацыі аб маштабе дзейнасьці арганізацыі, фінансаваньні і колькасьці вучняў, этнічным і канфэсійным складзе, не дае магчымасьці поўнасьцю аб’ектыўна ацаніць вынікі дзейнасьці таварыства, а таксама прывесьці статыстычныя паказчыкі (напрыклад, дынаміку ліквідацыі непісьменнасьці, якасьць выкладаньня і г. д.).

Польскі гісторык Дарыюш Тарасюк, характарызуе дзейнасьць «Асьветы» як арганізацыі, дзе дзейнічалі палякі для мэтаў польскай адукацыі, польскай культуры і польскага патрыятызму[53][54].

Беларускі гісторык Аляксандар Смалянчук адзначае, што для карэннага каталіцкага дваранства Літвы і Беларусі ў той пэрыяд яшчэ было характэрным вызначаць сябе і як «літоўцы» («літвіны»), і як «палякі». Ён адхіляе тэзіс, што каталіцкае веравызнаньне было крытэрам прыналежнасьці да польскага этнасу, бо ў касьцёле традыцыйна панавала польская мова набажэнстваў, што лягічна і выклікала зацікаўленасьць вернікаў да польскай мовы. Смалянчук сьцьвярджае, што слова «паляк» ня мела этнічнага зьместу, а было палітонімам (зьвязвалася з ідэяй адраджэньня фэдэрацыйнай Рэчы Паспалітай).

Смалянчук характарызуе дзеяньні таварыства «Асьвета» як «польскамоўную адукацыю», а таксама як яшчэ адзін эпізод канфлікту паміж «заходняй» і «праваслаўнай цывілізацыяй» у барацьбе за культурнае дамінаваньне ў Беларусі[55].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Афіцыйнае самаскасаваньне арганізацыі — 5 сьнежня 1909, хоць дзейнасьць у кансьпірацыі працягвалася да 1917.
  2. ^ Бацька Рамана Скірмунта — сябра Нагляднай рады Польскага таварыства "Асьвета" у Менску.
  3. ^ Будучы прэм'ер-міністар БНР (9 ліпеня 1918—20 ліпеня 1918).
  4. ^ У 1916 г. нямецкая акупацыйная ўлада праводзіла перапіс, але ён быў не ўсеагульным.
  5. ^ Сядзяць (зьлева — направа): Розум, Вайткевіч, Ганна Чакатоўская, Міхаліна Ленская, Мячыслаў Пароўскі. Стаяць (зьлева — направа): (скарбнік) Брадоўскі, Барсукова, Вітвінская, Пятроўская, Цякавая, М. Чарноцкая, (настаўніцы) Лернянтовіч, Кажалоўская, Янкайціс, Макарэвіч, Моенк, Залуцкая, Язьвінская, Прыялгоўская.
  6. ^ Ад назвы гербу «Пагоня».
  7. ^ З 15 лютага 1918 яго месца заняў Канстантын Рдултоўскі, уплывовы сябар МТСГ.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Łęska, M. Działalność popowstaniowa… С. 39—40.
  2. ^ а б в Porowski, M. Praca społeczna… С. 3—4.
  3. ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 75—78
  4. ^ Мельнікаў, І. Польская гістарыяграфія дзейнасьці Менскага сельскагаспадарчага таварыства.
  5. ^ X. Komitet Ziemski / X. // Kurier Litewski. — 1905. — № 7. — С. 3.
  6. ^ а б Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 30—33.
  7. ^ Самбук, С. М. Политика царизма… С. 13—14
  8. ^ Западные окраины… С. 209—252, 343—353, 361—378.
  9. ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 69.
  10. ^ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасьцю… С. 259—260
  11. ^ а б в Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909… С. 148.
  12. ^ Ż.A. Listy z Białejrusi. Mińsk, 12 marca (II) / A.Ż. // Kurier Litewski. — 1907. — № 60. — С. 3.
  13. ^ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасьцю… С. 260
  14. ^ Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 34
  15. ^ Brzoza, Cz. Skirmunt Roman… С. 185.
  16. ^ Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 91
  17. ^ Statut Polskiego Towarzystwa «Oświata»… С. 1.
  18. ^ Porowski, M. Praca społeczna… С. 4, 15.
  19. ^ Porowski, M. Praca społeczna… С. 15.
  20. ^ Szpoper, D. Gente Lithuana… С. 8—9
  21. ^ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 115—124, 360, 361—366.
  22. ^ Zdziechowski, M. Idea polska na kresach… С. 3.
  23. ^ Szpoper, D. Sukcesorzy… С. 49—61.
  24. ^ Statut Polskiego Towarzystwa «Oświata»… С. 2.
  25. ^ а б в г Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 35.
  26. ^ Перепись 1897 г. Распределение населения по родному языку, Минская губерния
  27. ^ Перепись 1897 г. Распределение населения по родному языку, г. Минск
  28. ^ Перепись 1897 г. Распределение населения по веровызнанию, Минская губерния.
  29. ^ Romer, E. Spis Ludności… С. 31.
  30. ^ Мельнікаў, І. Польская гістарыяграфія дзейнасьці Менскага сельскагаспадарчага таварыства… С. 114.
  31. ^ а б в г д е ё ж Матусевич, О. Польское общество «Осьвята» в Минске… С. 134—136.
  32. ^ а б Porowski, M. Praca społeczna…С. 5—7.
  33. ^ а б в г Porowski, M. Praca społeczna…С. 8—9
  34. ^ Porowski, M. Praca społeczna…С. 8, 10
  35. ^ а б в Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 39—40.
  36. ^ а б в г д Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 36—37.
  37. ^ Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 48.
  38. ^ Porowski, M. Praca społeczna… С. 6, 9.
  39. ^ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасьцю… С. 258—259
  40. ^ Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909… С. 258.
  41. ^ Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 50, 54.
  42. ^ а б в Porowski, M. Praca społeczna… С. 10.
  43. ^ Z. Mińsk / Z. // Dziennik Wileński. — 1906. — № 68. — С. 3.
  44. ^ а б в Porowski, M. Praca społeczna… С. 11—12.
  45. ^ Porowski, M. Praca społeczna… С. 13.
  46. ^ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасьцю… С. 257.
  47. ^ а б в г Porowski, M. Praca społeczna… С. 14.
  48. ^ а б Jurkowski, R. Rada Polska … С. 72—73.
  49. ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 187—189.
  50. ^ а б в Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 42.
  51. ^ Jurkowski, R. Rada Polska … С. 70—71.
  52. ^ Jurkowski, R. Rada Polska … С. 66—80.
  53. ^ Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 17.
  54. ^ Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 47.
  55. ^ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасьцю… С. 257, 259, 362.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва: Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с. (рас.)
  • Матусевич, О. Польское общество "Освята" в Минске / О. Матусевич // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 133—136. (рас.)
  • Мельнікаў, І. Польская гістарыяграфія дзейнасці Мінскага сельскагаспадарчага таварыства // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 108—115.
  • Самбук, С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века / Ред. В.П. Панютич. — Минск : Наука и техника, 1980. — 224 с. (рас.)
  • Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Akcja wyborcza mińska. Hier. ks. Drucki-Lubecki // Kurier Litewski. — 1906. — №86. — С. 2. (пол.)
  • Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa etc.: Ossolineum, 1998. — T. XXXVIII/2. — Zesz. 157: Skimbrowicz Hipolit — Skowroński Ignacy. — S. 184—187. (пол.)
  • Czapska, M. Florian Czarnyszewicz // Ostatnie odwiedziny i inne szkice / M. Czapska. — Warszawa : Więź, 2006. — S. 164—171. (пол.)
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108. (пол.)
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81. (пол.)
  • Kalendarz ilustrowany "Kurjera Litewskiego" na rok 1909. — Wilno: Nakładem "Kurjera Litewskiego", 1909. (пол.)
  • Łęska, M. Działalność popowstaniowa Polaków na ziemi Mińskiej: materiały i wspomnienia / L. Życka, M. Łęska. — Warszawa : Wydano nakł. Koła Przyjaciół Uchodźców z Mińszczyzny, 1939. — 312 s. (пол.)
  • Porowski, M. Praca społeczna kobiety-Polki w Mińszczyźnie na polu oświaty ludowej w okresie 1900—1916 roku / M. Porowski. — Nieśwież : Druk. "Wspólnej Sprawy", 1917. — 16 s. (пол.)
  • Romer, E. Spis Ludności Na Terenach Administrowanych Przez Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich / E. Romer. — Grodno : Książnica Polska Towarzystwa Nauk Szkół Wyższych, 1920. — Zesz. VII. — 55 s. (пол.)
  • Statut Polskiego Towarzystwa "Oświata". — Wilno, 1907. (пол.)
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s. (пол.)
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s. (пол.)
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s. (пол.)
  • X. Komitet Ziemski / X. // Kurier Litewski. — 1905. — № 7. — С. 3. (пол.)
  • Woyniłłowicz, E. Granice Polski w 1771-m i w 1920-m roku (I) // Słowo. — 1927. — №96. (пол.)
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s. (пол.)
  • Z. Mińsk / Z. // Dziennik Wileński. — 1906. — № 68. — С. 3. (пол.)
  • Zdziechowski, M. Idea polska na kresach / M. Zdziechowski // Widmo przyszłości : szkice historyczno-publicystyczne / M. Zdziechowski. — Wilno : Grafika, 1939. — S. 1—17. (пол.)
  • Ż.A. Listy z Białejrusi. Mińsk, 12 marca (I) / A.Ż. // Kurier Litewski. — 1907. — № 60. — С. 2. (пол.)
  • Ż.A. Listy z Białejrusi. Mińsk, 12 marca (II) / A.Ż. // Kuryer Litewski. — 1907. — № 60. — С. 3. (пол.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]