Кузьма Чорны
Кузьма Чорны лац. Kuźma Čorny | |
Кузьма Чорны. 1925 г. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Максім Алешнік; М. Біруля; Ігнат Булава з-пад Турава; Вясёлы; М. Сідарэўскі; Сусед-вясёлы; Раман Талапіла; Арцём Чамярыца; Сымон Чарпакевіч; А.Чорны |
Нарадзіўся | 24 чэрвеня 1900 |
Памёр | 22 лістапада 1944[1] (44 гады) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, драматург, перакладнік |
Жанр | раман, апавяданьне і публіцыстыка |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | 1923 |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Чорны.
Кузьма́ Чо́рны (сапр. — Мікала́й Ка́рлавіч Рамано́ўскі; (11 чэрвеня [ст. ст. 24] 1900, в. Боркі, Слуцкі павет, цяпер Капыльскі раён, Менская вобласьць — 22 лістапада 1944, Менск) — беларускі празаік, драматург, публіцыст; стваральнік беларускай сацыяльна-псыхалягічнай і інтэлектуальна-філязофскай прозы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся на Случчыне ў сялянскай сям’і Карла Феліксавіча і Глікерыі Міхайлаўны. У 1907 бацькі яго пераехалі ў фальварак Вінцэнтова. Тут з дапамогай маці навучыўся чытаць. Сярод прачытанага Чорны ўспамінаў Біблію, нешта з твораў Талстога, розныя палітычныя брашуры[2]. У дзяцінстве добра маляваў, іграў на розных музычных інструмэнтах, меў прыгожы голас, іграў у школьных спэктаклях. Каб сын мог наведваць школу, сям’я Раманоўскіх кінула панскую службу і ў 1908 вярнулася на бацькаўшчыну, у мястэчка Цімкавічы[3], што на паўдарозе паміж Нясьвіжам і Капылём. Вучыўся ў Цімкавіцкім народным вучылішчы, дзе паказаў сябе здольным вучнем. Пасьля сканчэньня вучылішча ў 1913 настаўнік разам зь іншымі выдатнікамі рыхтаваў яго да паступленьня ў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Затым два гады працаваў на гаспадарцы, разам з бацькам наймаўся цесьлем да землякоў. На далейшай вучобе сына настаяла маці Чорнага.
У 1916—1919 навучаўся ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі. Акрамя сэмінарскай бібліятэкі меў магчымасьць наведваць і багатую Радзівілаўскую бібліятэку. На аматарскай сцэне выконваў ролю Пустарэвіча ў купалаўскай «Паўлінцы». У выніку Першай сусьветнай вайны сэмінарыя пэўны час дзейнічала ў Вязьме. Па вяртаньні ў Нясьвіж выявілася, што ў 1919 палякі зачынілі сэмінарыю. Толькі ў 1920 Чорны скончыў вучобу і стаў настаўнікам. У 1921 прымаў чынны ўдзел у працы мясцовых Саветаў — працаваў сакратаром Цімкаўскага валаснога рэўкома, зь вясны да восені быў справаводам Слуцкага павятовага ваенкамата, затым — сакратаром аддзела народнай адукацыі пры Цімкаўскім валасным рэўкоме.
З восені 1922 году — настаўнік Цімкаўскай сямігодкі. Але, не захапіўшыся пэдагагічнай працай, у 1923 годзе паступіў на літаратурнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У гэтым жа годзе стаў сябрам літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». Яшчэ студэнтам у 1924 пачаў працаваць у газэце «Беларуская вёска». У 1925 з-за праблемаў зь лёгкімі быў вымушаны пакінуць вучобу і адправіцца ў Крым. У 1926—1931 — старшыня і галоўны рэдактар літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша». У 1932—1937 — галоўны літкансультант кабінэта маладога аўтара пры СП БССР. З 1934 году — сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР.
Быў арыштаваны 14 кастрычніка 1938 году. Сядзеў у Менскай турме 8 месяцаў, зь іх 6 — у камэры-адзіночцы. Падчас сьледзтва вязьня рэгулярна катавалі. Дзякуючы заступніцтву першага сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі змардаваны душой і целам пісьменьнік быў вызвалены 8 чэрвеня 1939 году. Тры новыя раманы, аб’ёмнае літаратуразнаўчае дасьледаваньне паэмы Я. Коласа «Новая зямля» згарэлі ў першыя дні вайны. З напісанага ў гэты час захавалася толькі п’еса «Ірынка» (1940). З пачаткам вайны разам зь бежанцамі дайшоў да Крычава. 10 ліпеня 1941 году ўступіў у шэрагі Чырвонай арміі, але празь некалькі дзён быў адкліканы ў Клімавічы ў групу друку. Разам з журналістамі зноў апынуўся ў Крычаве, затым у Магілёве, дзе стаў супрацоўнікам сатырычнай газэты «Раздавім фашысцкую гадзіну». З гэтага часу разам з рэдакцыяй выданьня вандраваў у Гомель, Добруш, Чэбаксары, Казань. З другой паловы студзеня 1942 году разам зь сям’ёй жыў у Маскве у гасьцініцы «Якар». На кавалак хлеба змушаны быў зарабляць працай у часопісе «Беларусь». У лісьце П. К. Панамарэнку К. Чорны скардзіўся: «…Я, як чорнарабочы, пісаў і пішу бесьперапынна публіцыстычныя тэксты бяз подпісу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый… А я хаджу спрацаваны, хворы і жыву ў катуху»[3]. Сатырычныя фэльетоны Чорнага выйшлі асобнай кніжкай «Кат у белай манішцы» (1942). У час вайны працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941—1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944), аповесьцямі (засталіся незакончанымі) «Скіп’ёўскі лес», «Сумліцкая хроніка», «Смага».
Летам 1944 году вярнуўся ў Менск, дзе два месяцы туліўся зь сям’ёй у прахадным пакоі будынка Саюза пісьменьнікаў на вуліцы Бэрсана, чакаючы, калі Саўнаркам выдзяліць яму кватэру. У рэшце рэшт восеньню таго ж году пісьменьнік атрымаў кватэру-пакой, які, аднак, амаль нічым не адрозьніваўся ад турэмнай камэры, у якой ён сядзеў падчас сьледзтва. У дзень свае сьмерці ён пакінуў у дзёньніку поўны адчаю запіс: «Я жыву як апошняе пакідзішча… Я гіну і не магу выкарыстаць як трэба свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысьці… Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?»[3].
Памёр ад інсульту 22 лістапада 1944 году. Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім мэдалём.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Публікавацца пачаў з 1920 году[4]. У траўні і чэрвені 1923 у газэце «Савецкая Беларусь» надрукаваў свае першыя апавяданьні пад псэўданімам «Кузьма Чорны», які ўзяў у гонар свайго дзеда Міхала Парыбка, па-вулічнаму — Чорнага, працаўніка, вядомага на ўсю акругу майстра-сурвэтніка[5].
Аўтар зборнікаў апавяданьняў «Апавяданьні» (1925), «Срэбра жыцьця» (1925), «Па дарозе» (1926), «Пачуцьці» (1926), «Хвоі гавораць» (1926), «Верасьнёвыя ночы» (1929), «Нянавісьць» (1930), «Буры» (1930), «Два апавяданьні» (1932), «Брыгадзіравы апавяданьні» (1932), «Выбраныя апавяданьні» (1932), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» (1941, апавяданьні для дзяцей), «Вялікае сэрца» (1945), аповесьцяў «Лявон Бушмар» (1930), «Вясна» (1931), «Люба Лук’янская» (1937), «Насьцечка» (1941), кніжак апавяданьняў і аповесьцяў «Верасьнёвыя ночы» (1984) і «Матчына благаславеньне» (1984), раманаў «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1932), «Трэцяе пакаленьне» (1935), кніжкі фэльетонаў «Кат у белай манішцы» (1942), нарыса «Герой Савецкага Саюза Ціхан Піменавіч Бумажкоў» (1943). Гумарыстычныя творы сабраны ў зборніку «Вясельле ў Скіп’ёўскім Перабродзьдзі» (1971).
У зборы твораў увайшлі раманы «Сястра», «Ідзі, ідзі», «Трыццаць год», «Пошукі будучыні», аповесьць «Скіп’ёўскі лес» і многія іншыя творы, якія асобнымі выданьнямі да гэтага не публікаваліся (рукапісы раманаў «Судны дзень» і «Вялікае выгнаньне» згарэлі ў час вайны ў Менску).
Выступаў і ў жанры драматургіі. Выйшлі п’есы «Бацькаўшчына» (1934, пастаўлена ў 1932), «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (1947, пастаўлена ў 1941).
Пераклаў на беларускую мову аповесьці А. Пушкіна «Трунар», «Станцыйны даглядчык», «Паненка-сялянка», «Дуброўскі», «Капітанская дачка» (у зборніку «А. Пушкін: Выбраныя творы», 1949), У. Караленкі «У благой кампаніі» (1930), П. Панчанка «Блакітныя эшалоны» (з Л. Калюгам, 1930), камэдыю А. Астроўскага «Гарачае сэрца» (1937), аповесьць Я. Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка» (ч. 4, 1931), а таксама п’есы для тэатра «Рэвізор» М. Гогаля, «Апошнія» і «Варвары» М. Горкага, «Позьняе каханьне» А. Астроўскага і інш.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Іменем Кузьмы Чорнага названа школа ў Цімкавічах, дзе існуе прысьвечаны яму літаратурны музэй Кузьмы Чорнага (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры).
- Імем Кузьмы Чорнага названы вуліцы ў Бабруйску, Менску, Нясвіжы, Слуцку, завулак у Менску.
- У 2000 годзе на Капыльшчыне адкрыты два мэмарыяльныя знакі.
Цытаты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 году мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі зьбітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камэру з пацукамі[6]. | ||
У Беларусі асталося сем пісьменьнікаў беларускіх, а сябраў саюза пісьменьнікаў у Беларусі звыш сотні. Каб усе яны пакінулі пісаць сваю халтуру, а сталі будаўнікамі, краўцамі, кавал[ям]і, земляробамі або падвучыліся і сталі настаўнікамі, яны маглі б даць карысьць рэспубліцы. Беларускай інтэлігенцыі бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе імя і сьціраюць з нашага жыцьця беларускі характар[6]. | ||
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Kusma Tschorny // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 330. — 903 с.
- ^ а б в Чорны К. Вераснёвыя ночы: Апавяданні, раман / Кузьма Чорны; Уклад. Т. Грамадчанкі, А. Гурскай. — Мн.: Маст. літ., 2003. — С. 427—429 с.
- ^ Чорны Кузьма // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 332. — 903 с.
- ^ а б Почему бессмысленно искать хорошее в советском прошлом? // 1863x.com (рас.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тамашова, Л.Ф. Сьлед у сэрцы: Вывучэньне творчасьці К. Чорнага. // Настаўніцкая газета : газэта. — 1965, 6 лютага.
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 24 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1900 годзе
- Нарадзіліся ў Капыльскім раёне
- Памерлі 22 лістапада
- Памерлі ў 1944 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Вайсковых могілках
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Беларускія літаратары
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша»
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў БССР
- Кузьма Чорны
- Літаратары, вядомыя пад псэўданімамі