Новая зямля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Новая зямля
па-беларуску: Новая зямля
першае выданьне паэмы «Новая зямля», 1923
Жанр: паэма
Аўтар: Якуб Колас
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1911—1923
Публікацыя: 1923
Выдавецтва: «Савецкая Беларусь»
Электронная вэрсія

«Но́вая зямля́» — ліра-эпічная паэма, напісаная Якубам Коласам у 1911—1923 гадах, першы беларускі буйны эпічны твор. У паэме перад чытачом паўстае маніфэст магчымасьці годнага быцьця, міру і дабрабыту, магчымасьці, якую дае зямля — месца і стымул жыцьцятворчасьці для кожнага сумленнага беларуса. Зьявіўшыся ў тыя часы, калі фармаваўся філязофзкі падмурак нацыянальнае ідэі нашае дзяржавы і будучыня яе народу, за «Новай зямлёй» стала замацоўваецца эпітэт энцыкляпэдыі жыцьця беларускага сялянства канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў[1][2][3].

Творчая гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Якуб Колас пачаў пісаць твор, калі рыхтавалася сталыпінская аграрная рэформа(ru) і яго гісторыя непасрэдна зьвязаная з тым, як вырашалася зямельнае пытаньне ў Расейскай імпэрыі і пазьней у СССР[1].

У 1947 годзе Я. Колас успамінаў, што ў час знаходжаньня ў астрозе перад яго вачыма паўставалі малюнкі маленства, прыроды, з жаданьня іх запісаць пачалася «Новая зямля»[1].

На працягу сакавіка — траўня 1911 году, седзячы ў менскім астрозе, Якуб Колас напісаў гумарыстычнае вершаванае апавяданьне «Як дзядзька езьдзіў у Вільню і што ён там бачыў»[4]. Гэта быў самастойны твор пра паездку дзядзькі Антося ў зямельны банк, ягоныя прыгоды ў незнаёмым вялікім горадзе. Пазьней на аснове апавяданьня былі створаныя разьдзелы «Па дарозе ў Вільню», «Дзядзька ў Вільні», «На Замкавай гары» (XXVII—XXIX)[1].

У турме ж, на працягу чэрвеня — верасьня 1911 году, былі напісаныя разьдзелы «Лесьнікова пасада», «Раніца ў нядзельку», «За сталом», «На першай гаспадарцы», «Пярэбары», «Каля зямлянкі», «Дзядзька-кухар», «Сьмерць лясьнічага» (I—VIII)[4]. Часткова быў напісаны «Дарэктар» (XIV)[1]. Дзевяць разьдзелаў былі напісаныя ў 1921 годзе, сярод іх — «Падгляд пчол», «Панская пацеха», «Вялікдзень»[4].

Былі пэрыяды, калі твор зусім не пісаўся, а часам праца ішла даволі інтэнсіўна, напрыклад, многа працы было над паэмай падчас знаходжаньня на Куршчыне, а завершана яна была ў Менску[1].

Паэма была скончаная 5 студзеня 1923 году[4] і ўпершыню апублікаваная асобным выданьнем у тым жа годзе Беларускім каапэрацыйна-выдавецкім таварыствам (БКВТ) «Савецкая Беларусь»[1].

Пазьней «Новая зямля» друкавалася ў газэце «Народ», урыўкі друкавала «Наша ніва».

Аўтабіяграфічнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтограф «Новай зямлі»

Першаасновай твору стала жыцьцё бацькоў Якуба Коласа, а таксама астатніх членаў сям’і, сваякоў і знаёмых. Як і ў рамане «На ростанях», многія героі паказаныя пад сапраўднымі прозьвішчамі сваіх прататыпаў, а тапаніміка твору захавала назвы сапраўдных месцаў: мястэчак, гарадоў, рэк і г. д. Аднак назву Лесьніковай пасады паэт зьмяніў — у паэме яна названа Парэчча, а сапраўды звалася Ласток[1].

Гісторыя з пакупкай зямлі, якая зьяўляецца галоўнай сюжэтнай лініяй у паэме, адбылася з бацькам і дзядзькам паэта, але ў жыцьці яна мела некаторыя адрозьненьні, так, зямля ўсё ж такі была купленая, хоць і давялося за яе заплаціць двойчы, бо першая вусная дамова была аднабакова скасаваная прадаўцом[1].

Прататыпамі галоўных герояў зьяўляюцца бацькі паэта: Міхаіл Казімеравіч і Ганна Юр’еўна і ягоны дзядзька Антось. Сам аўтар уклаў свае рысы ў вобраз Кастуся, аднаго з сыноў Міхала.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэма распавядае пра побыт сям’і працоўнага беларуса Міхала, пра яго вольналюбівыя мары і імкненьні. Паэма складаецца з 30 частак.

Пасьля ўсхваляванага лірычнага запеву ў частцы I паэт абмалёўвае сьвяточную летнюю раніцу ў хаце лесьніка Міхала. Галоўны герой апавядае пра тое. што ў нейкім далёкім невядомым Заблоньні прадаецца ўрадлівая зямля, якая магла б прынесьці выратаваньне ад цяжкай долі, ад паднявольнай лесьніковай службы. Было прынятае рашэньне «сваім вокам» паглядзець тое Заблоньне…

І тут аўтар робіць экскурс у мінулае героя (разьдзелы IV—XXV). Гэтыя разьдзелы можна разьдзяліць на дзьве «галіны». Першая распавядае пра цяжкі лёс Міхала, пра ягоныя перажываньні, пра пагардлівыя адносіны паноў да яго. Урэшце, пра тое, як Міхал надумаў «купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут». Другая апісвае побыт сям’і Міхала ва ўсёй разнастайнасьці яго праяваў.

Расповед пра мінулае герояў займае асноўнае месца ў паэме. Толькі разьдзел «Агляд зямлі» (XXVI) вяртае чытача да гутаркі за сталом. Пасьля гэтага адбылося Антосева падарожжа ў Вільню.

Калі ўжо адбыліся першыя захады, браты паглядзелі зямлю, Дзядзька Антось настойліва ўзяўся за афармленьне неабходных справаў у зямельным банку, Міхал цяжка захварэў. Здарылася гэта зусім неспадзявана.

Празь некаторы час Міхал памёр, так і ня зьдзейсьніўшы сваю мару.

Героі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхал — галоўны герой паэмы. Працуючы лесьніком у бязьмежных уладаньнях князя Радзівіла, ён вымушаны нізка схіляць галаву перад панамі, рабіць усё, што загадаюць. Міхал быў старанным выканаўцай панскай волі. Аднак на кожным кроку ён чуў зьнявагі, бачыў пагардлівыя адносіны да сябе. Усё гэта выклікала ў ягонай душы гарачы пратэст. На працягу часу абурэньне Міхала расло, перажываньні ўсё паглыбляліся. Невялікі спадчынны надзел зямлі не дазваляў пракарміць сям’ю і таму жаданьне купіць зямлю стала для яго самай вялікай марай[1]. Міхал — яскравы наватарскі вобраз-тып беларуса, які нясе ў сабе лепшыя рысы нацыянальнага характару — працавітасьць, прагу свабоды і справядлівасьці, высакародзтва, высокую духоўнасьць, цярплівасьць, дабрыню і пачуцьцё чалавечай годнасьці, жаданьне жыць у згодзе з суседзямі, дапамагаць бліжняму[5].

Больш за ўсё Міхал хацеў сам быць гаспадаром свайго лёсу. У яго дастаткова рашучасьці, каб змагацца за дасягненьне пастаўленае мэты. Такая далёкая, такая жаданая зямля прыдавала Міхалу сілы пераносіць усе нягоды. Але ён так і не дачакаўся той жаданай волі[1].

Ганна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ганна — жонка Міхала, тыповы прыклад гаспадарлівай беларускай сялянкі, цяглівай працаўніцы, клапатлівай маці. Хоць яна і не пярэчыла мужу, але і ня надта верыла, што ён сапраўды здолее такім шляхам атрымаць незалежнасьць ад панскай улады. У яе словах выяўляюцца такія рысы, як назіральнасьць, разважлівасьць, дальнабачнасьць, уменьне зразумець абставіны і даць ім цьвярозую адзнаку.

Антось[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзядзька Антось — брат Міхала і верны яго памочнік ува ўсіх справах. Ён дзяліў зь сям’ёй лесьніка ўсе радасьці і тыя нягоды, якіх так многа выпадала на іх долю.

Характар Антося і яго найлепшыя чалавечыя якасьці найбольш поўна раскрываюцца ў працы. У адносінах да ўсяго, за што б ён не браўся, выяўляюца такія рысы, як дбаласьць і акуратнасьць, майстэрства і настойлівасьць, працавітасьць і цярплівасьць. Усюды ў яго ўзорны лад і парадак.

Чытач можа ўявіць і зьнешні выгляд дзядзькі: яго невысокі рост, каржакаватую фігуру, зухаўскія вусы, кароткі і таўсматы нос. Захапляюць дабрата, спагадлівасьць Антося, яго клапатлівыя адносіны да дзяцей Міхала і Ганны, уменьне ладзіць зь імі, быць ім дарадцай, судзьдзёю, выхавальнікам, сябрам, апекуном. Дзядзька, як ніхто, умеў прыносіць ім радасьць.

Праблематыка паэмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўнай мэтай аўтара зьяўляецца паказаць адносіны «чалавек-зямля», ён апісвае дадзеную тэму на розных узроўнях: гаспадарчыя адносіны селяніна да зямлі, зямля як гарант годнасьці чалавека, як доказ яго самастойнасьці, свабоды, упэўненасьці ў будучыні. Як і ў іншых сваіх творах, напрыклад, у рамане «На ростанях» Якуб Колас ідзе ад прыватнага да агульнага, паказваючы праз адносіны адной сям’і да ўласнага кавалка зямлі адносіны ўсяго народу да сваёй краіны, да Бацькаўшчыны[1][2].

Важнай тэмай зьяўляецца таксама адлюстраваньне сямейных зносінаў у вялікай традыцыйнай сям’і. Аўтар паказвае нам яе склад такімі радкамі:

Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці
Ды бацька зь дзядзькам, трэцьця маці

Чытач можа пабачыць адносіны паміж мужам і жонкай, братэрскія зносіны двух мужчын, можна ўбачыць, як кожнае важнае пытаньне вырашаецца не дэспатычна, воляй гаспадара, а калегіяльна, сямейнай радай. Гэта тычыцца пытаньня продажу зямельнага надзелу, выхаваньня і адукацыі дзяцей і г. д. Добра паказаны ў паэме моманты разьмеркаваньня адказнасьці і абавязкаў паміж жанчынай/мужчынамі, дзецьмі/дарослымі. Паказваючы рэдкія канфлікты ў сям’і Міхала аўтар ня толькі дае карціну межасабовых адносін членаў сям’і, але і дапамагае чытачу адчуць усе грані побыту герояў, робіць іх сьвет аб’ёмным і поўным[1].

Між іншым Я. Колас кранае тэму сялянскага п’янства, распавядае пра народныя звычаі, апісвае сьвецкія і рэлігійныя сьвяты, сельскагаспадарчыя «тэхналёгіі» і многае іншае. Падрабязнасьць і ўвага да кожнай этнаграфічнай дэталі робіць герояў жывымі, дае нам поўны агляд сялянскага жыцьця тых часоў[1].

Аўтар не адступае ад сваёй любві да маляўнічых пэйзажных замалёвак, паганскіх поглядаў на прыродныя зьявы. Навальніцу і мароз ён надзяляе душой, сонца выводзіць у вобразе багіні, якая «стрэлы-косы раскідае». Прырода ў Якуба Коласа — гэта частка Радзімы. Праз захапленьне роднымі краявідамі чалавек выяўляе свае патрыятычныя пачуцьці[1]. Аўтар выступае за гарманічнае суіснаваньне чалавека і прыроды, без вызначэньня між імі галоўнага[1].

Народны побыт у паэме[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У «Новай зямлі» паказваецца жыцьцё беларускага сялянства канца ХІХ стагодзьдзя. Сям’я, апісаная ў творы, — Міхал, яго брат Антось, жонка Міхала Ганна, дзеці — самая звычайная сялянская. Усе яны выключна працалюбівыя, і хоць зьнешнія абставіны іх жыцьця часта неспрыяльныя (пярэбары зь месца на месца па загадзе начальства, неўрадлівая зямля, пажар), але праца заўсёды давала плён, і гэта ўнушала аптымізм, упэўненасьць у сабе.[6]

Укладзеная праца («Само ня зваліцца нам зь неба») зрабіла ўрэшце гаспадарку даволі заможнай. І ўсё ж яна не належала сям’і, а знаходзілася ў яе часовым уладараньні. Між тым перад вачыма Міхала — гордага, свабодалюбівага чалавека — былі прыклады жыцьця сьціплага, але вольнага дзякуючы ўласнай зямлі. Пры гэтым сядзіба шляхціца, а тым больш пана, служыла прыкладам у акуратнасьці, зьнешнім афармленьні, вядзеньні гаспадаркі. Паэма прысьвечана ўсё ж апісаньню не панскай культуры, а сялянскай. Якубу Колас паэтычна апісвае ня толькі працу, але і хатні побыт сям’і.

Сюжэт паэмы разгортваецца з улікам гадавога кола дзён. Асаблівасьцю каляндарных сьвят была іх зьнітаванасьць і са сьвятамі сямейнымі.[6] Так, Мядовы Спас, акрамя рэлігійнага, меў важнае сямейнае значэньне: на новы мёд, што выкачвалі з вульлёў прама пры гасьцях, запрашалі кумоў — хросных бацькоў і матак сваіх дзяцей. Кумы мелі магчымасьць пабачыць хрэсьнікаў, прыносілі ім падарункі, а самі атрымлівалі мёд і плады новага ўраджаю. Як і да любога сьвята, да гэтага старанна рыхтаваліся — мыліся, прыбіраліся, упрыгожвалі дом. Ушаноўвалі і сьвятых, а разам зь імі — простых людзей, родзічаў. зьнешне сьвята — ня толькі смачная ежа, пітво, песьні, танцы, весялосьць (усё апісвае Якуб Колас падрабязна), але і магчымасьць выявіць свае мастацкія здольнасьці: прыбраць — у кожную пару году па-рознаму — хату і сядзібу. Асабліва ж важным сьвятам быў Вялікдзень.

Паказчыкам культуры чалавека, сям’і, народу зьяўляецца і кулінарыя. Разнастайнасьць вызначала сьвяточны, ды нават і паўсядзённы стол. У паэме падрабязна расказваецца пра гэтую сфэру сялянскага побыту: як сядзелі, як трымаліся за сталом. А елі ў звычайны дзень мачанку, грэцкія аладкі, верашчаку, «тварог, запраўлены сьмятанай». Ежа давала энэргію для працы, больш багатая яна была ў сьвяты. На Масьленіцу абавязкова пякліся пераважна аладкі, бліны — сымбалі веснавога сонца; як адзін з самых прыемных успамінаў маленства Якуб Колас апісвае гэты працэс.

Жывучы на ўлоньні прыроды, дзеці маглі назіраць шматлікіх зьвяроў зь іх адметнымі павадкамі, напрыклад, лася, якога лічылі ў лесе галоўным, ваўкоў, зайцоў, куніц «і многа ўсякае драбніцы». З замілаванасьцю апісвае аўтар заняткі дзяцей: рыбалка зь дзедам ці зь дзядзькам Антосем, паходы ў грыбы, ягады; лоўля куніц, тхароў, а зімою — лыжы, санкі, коўзаньне па замерзлай рацэ, паляваньне. Зусім ня менш часу займала інтэлектуальная праца: дзяцей лесьніка спачатку вучыў «дарэктар» — такі ж хлопчык, толькі ён ўжо скончыў школу, ды і сам Міхал, а таксама падручнікі таго часу, скажам, «начаткі», якія знаёмілі дзяцей з асноўнымі гісторыямі зь Бібліі, а значыць з асновамі чалавечай культуры.

Важнае значэньне ў згуртаваньні сям’і, у выхаваньні дзяцей, іх інтэлектуальным разьвіцьці мелі сумесныя гутаркі вечарамі, пасьля заканчэньня цяжкага працоўнага дня.[6]

Малюнкі прыроды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прырода ў паэме — гэта і фон дзеяньня, і аб’ект захапленьня герояў і аўтара. Прыроду Якуб Колас успрымаў як непрачытаную кнігу, як таямніцу, вечную загадку, якую пастаянна імкнуцца разгадаць героі твора. А ў той жа час прырода непасрэдна ўплеценая ў чалавечае існаваньне, зьяўляецца арэнай дзейнасьці людзей. Прырода ў творы — і гэта найважнейшая яго асаблівасьць — набывае як бы характар роднага дома, робіцца ўтульнай і абжытай.[6]

Асабліва падрабязна і з замілаваньнем Якуб Колас апісвае лес — ён вырас у лесе, на ўсё жыцьцё яго палюбіў і, як ніхто зь беларускіх пісьменьнікаў, паэтычна адлюстраваў. Параўнаньні выкарыстоўвае паэт для характарыстыкі лясных дрэваў: елкі падобныя да крыжоў, а дубы — як вежы ці вартаўнікі, вербы — старэнькія кабеткі, маладая грушка — з тонкім станам дзяўчына. Лес, крыніца, луг, поле — Якуб Колас апісвае, быццам малюе. Але зьнешняя прыгажосьць — як бы адзін бок іх паэтычнасьці. Ёсьць і другі, дзе яны чаруюць і даюць пачатак казкам, прывідам, страхам.[6]

Аўтар не адступае ад сваёй любві да маляўнічых пэйзажных замалёвак, паганскіх поглядаў на прыродныя зьявы. Навальніцу і мароз ён надзяляе душой, сонца выводзіць у вобразе багіні, якая «стрэлы-косы раскідае». Прырода ў Якуба Коласа — гэта частка Радзімы. Праз захапленьне роднымі краявідамі чалавек выяўляе свае патрыятычныя пачуцьці[1]. Аўтар выступае за гарманічнае суіснаваньне чалавека і прыроды, без вызначэньня між імі галоўнага[1].

Структура твору[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

І. Лесьнікова пасада
ІІ. Раніца ў нядзельку
ІІІ. За сталом
ІV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VІ. Каля зямлянкі
VІІ. Дзядзька-кухар
VІІІ. Сьмерць лясьнічага
IX. Новы лясьнічы
Х. На панскай службе
XІ. Дзедаў човен
XІІ. Сэсія
XІІ. Падгляд пчол
XІV. Дарэктар
ХV. «Начаткі»
ХVІ. Вечарамі
ХVІІ. Воўк
ХVІІІ. Зіма ў Парэччы
XІX. На рэчцы
XX. Каляды
XXІ. Таемныя гукі
XXІІ. На глушцовых токах
XXІІІ. Панская пацеха
XXІV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVІ. Агляд зямлі
XXVІІ. Па дарозе ў Вільню
XXVІІІ. Дзядзька ў Вільні
XXІX. На замкавай гары
XXX. Сьмерць Міхала

Значэньне паэмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускія вучоныя-літаратуразнаўцы, крытыкі, паэты і празаікі аднадушна вельмі высока ацанілі твор. Шэдэўр айчыннай літаратуры, цар-звон беларускай паэзіі, ліра-эпічная паэма, першы беларускі раман у вершах, адысея беларускай літаратуры, беларускі нацыянальны эпас і г. д. Цяжка нават пералічыць тыя ўзьнёслыя азначэньні, якія атрымала «Новая зямля»[7]. М. Мушынскі назваў паэму эпахальнай зьявай ня толькі ў гісторыі нацыянальнага ліра-эпасу, але і ў гісторыі духоўнай культуры беларускага народу[5]. Аб’ёмнае літаратуразнаўчае дасьледаваньне паэмы К. Чорным згарэла ў першыя дні вайны.

Якуб Колас змог тое, што раней беларускім пісьменьнікам не надта ўдавалася — гаворачы выключна пра сваё, выказаць агульначалавечае[8]. Паказваючы побыт, штодзённыя справы, ён здолеў напоўніць гэтыя рэальныя моманты творчай паэтыкай і маляўнічасьцю. У 1948 годзе ў лісьце да галоўнага рэдактара выдавецтва «Советский писатель» П. І. Чагіна ён пісаў[5]: «Лічу, што славянскімі народамі будзе зь цікавасьцю прачытана гэта паэма. Яна — асноўная паэма ва ўсёй маёй паэтычнай творчасьці».

Р. Баравікова назвала твор «паэмай на ўсе стагодзьдзі»[9]. М. Ісакоўскі, адзін зь перакладчыкаў паэмы на расейскую мову, называў яе самым любімым творам, яго захаплялі «першародная чароўнасьць і зямная плоць верша Коласа і яго тонкая паэтычнасьць»[5].

Паэма перакладалася на расейскую[10], украінскую[11][12] і польскую мовы[10][13]. У 1952 годзе беларуская дыяспара Нямеччыны выдала «Новую зямлю» ў Мюнхэне тарашкевіцай[14]. У перакладзе У. Шатона паэма выйшла на лацінскай мове.

Уплыў на культуру[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1980 годзе Юры Семяняка напісаў аднайменную опэру на лібрэта А. Петрашкевіча[15]. Яна была пастаўлена ў Беларускім тэатры опэры і балету ў 1982 годзе[16].

Выданьні паэмы афармлялі многія вядомыя мастакі. Сярод іх А. Ахола-Вало, Г. Паплаўскі[17][18], А. Кашкурэвіч[19]. Выданьне з ілюстрацыямі Г. Паплаўскага атрымала дыплём «Найпрыгажэйшая кніга сьвету» («Schönste Bücher aus aller Weltна») конкурсе ў Ляйпцыгу ў 1968 за афармленьне кнігі[20]. Да выданьня 2002 году ілюстрацыі намаляваў В. П. Шаранговіч[21][22].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. /В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык, К. М. Мароз і інш. Пад рэд. В. Я. Ляшук. — Мн.: Рэдакцыя часопіса «Крыніца», 1997—608 с.: іл.
  2. ^ а б Шкраба Р. В. Беларуская літаратура: Падр. для 10-га кл. сярэдн. шк.— Мн.: Маст. літ., 1996.—223 с.: 121 л. іл.
  3. ^ Ася Паплаўская. Паэме Якуба Коласа «Новая зямля» споўнілася 90 гадоў // Беларуская навіны, 24 траўня 2013 г. Праверана 15 сьнежня 2013 г.
  4. ^ а б в г Беларуская літаратура:Падруч.-хрэстаматыя для 8 кл. / Аўт.-склад. В. В. Кушнярэвіч, А. У. Рагуля.—Мн.: NFF @Jhfrek@? 1996/—478 с.: іл.
  5. ^ а б в г Міхась Мушынскі. Прадмова «Яна – асноўная паэма ва ўсёй маёй творчасьці» // Якуб Колас Новая зямля : CD. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008.
  6. ^ а б в г д Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі зь беларус. і рус. мовамі навучаньня / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с.
  7. ^ Энцыкляпэдыя народнага побыту : асаблівасьці паэмы Я. Коласа «Новая зямля» // Віцебская абласная бібліятэка, 3 лістапада 2012 г. Праверана 15 сьнежня 2013 г.
  8. ^ Альгерд Бахарэвіч. Тым, хто шукае Туле // Гамбурскі рахунак / Аляксандар Лукашук. — Менск: Радыё «Свабода», 2012. — С. 125-129. — 428 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-50-8
  9. ^ Ваши любимые строки из Коласа?(недаступная спасылка) (рас.)
  10. ^ а б Колас Я. Новая зямля. Пер. на рус. С. Гарадзецкага і інш.; Пер. на польск. Ч. Сенюха.- Мн., 2002. С. 89.
  11. ^ Поэму «Новая зямля» Якуба Коласа теперь можно прочитать и на украинском  (рас.)
  12. ^ Драздова, З. Паэма «Новая зямля» Якуба Коласа на ўкраінскай мове / Зінаіда Драздова // Полымя. — 2008. — № 8. — С. 186—189.
  13. ^ JAKUB KOŁAS NOWA ZIEMIA  (пол.)
  14. ^ Якуб Колас. Новая зямля. — Мюнхэн: Бацькаўшчына, 1952. — 248+XXXII с.
  15. ^ Семеняко Юрий Владимирович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 565. — 737 с.
  16. ^ Надзея Бунцэвіч. «Пераклад» Коласа на музыку // Культура : газэта. — 3 верасьня 2011. — № 36 (1007).
  17. ^ Паплаўскі Георгі Георгіевіч // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 3 лістапада 2012 г. Праверана 15 сьнежня 2013 г.
  18. ^ Ілюстрацыя да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» Г. Паплаўскі. Афорт. 1967.
  19. ^ Я. Колас. «Новая земля» (Москва. 1969). Илл. А. М. Кашкуревича.
  20. ^ Поплавский Георгий Георгиевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 506. — 737 с.
  21. ^ Шаранговіч Васіль Пятровіч // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 3 лістапада 2012 г. Праверана 15 сьнежня 2013 г.
  22. ^ Васіль Шаранговіч. Кніжная графіка, станковая графіка, акварэль, малюнак / Натальля Шаранговіч. — Менск: Беларусь, 2008. — 112 с. — ISBN 978-985-01-0808-1

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Жыгоцкі, М. Жамчужына беларускай паэзіі // Побач з Коласам / Мікола Жыгоцкі; навук. рэд. В. П. Жураўлёў. — Мінск : Беларуская навука, 1996. — С. 22—26.
  • Казбярук, У. М. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» : у святле славянскіх традыцый / У. М. Казбярук; рэд. І. Я. Навуменка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1979. — 112 с.
  • Лойка, А. «Новая зямля» Якуба Коласа : вытокі, веліч, хараство / Алег Лойка. — Мінск : Выд-ва Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай адукацыі БССР, 1961. — 156 с.
  • Максімовіч, В. А. Касмічны лад паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» // Беларуская літаратура першай трэці XX стагоддзя : вучэбны дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В. А. Максімовіч. — Мінск : Беларуская навука, 2006. — С. 233—273.
  • Міцкевіч, Д. Думкі пра «Новую зямлю» // Любіць і помніць : успамінае сын Якуба Коласа / Даніла Міцкевіч; уклад. В. Д. Міцкевіч; навук. рэд. Г. В. Кісялёў. — Мінск : Полымя, 2000. — С. 205—218.
  • Мушынскі, М. Ад задумы да здзяйснення : творчая гісторыя «Новай зямля» і «Сымона-музыкі» / Міхась Мушынскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1965. — 143 с.
  • Мушынскі, М. Невычэрпнасць класікі. «Новая зямля», яе сучасная інтэрпрэтацыя, узровень мастацкай дасканаласці перакладу на рускую мову // Мае каласавіны : з вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа / Міхась Мушынскі; навук. рэд. М. А. Тычына; НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск : Беларуская навука, 2010. — 386 с.
  • Навуменка, І. Паэтызацыя працы ў «Новай зямлі» / І. Навуменка // Вялікі пясняр беларускага народа : зборнік артыкулаў аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа / склад. І. Жыдовіч, Д. Міцкевіч; рэдкал.: П. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1959. — С. 111—126.
  • Навуменка, І. Я. Якуб Колас : духоўны воблік героя / І. Я. Навуменка; афармл. Э. Э. Жакевіча. — 2-е выд., дап. і перапрац. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1981. — 240 с.
  • Праневіч Г. М. Генетычныя асновы вобразнасці : «Новая зямля» Я. Коласа і «Слова аб палку Ігаравым» / Г. М. Праневіч // З глыбінь народных / рэдкал.: А. А. Лойка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1982. — С. 29—40.
  • Пшыркоў, Ю. С. Народная эпапея // Летапісец свайго народа : жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа / Ю. С. Пшыркоў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1982. — С. 94—169.
  • Пшыркоў, Ю. С. Эпас рэвалюцыі : паэмы Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях» / Ю. С. Пшыркоў. — Мінск : Вышэйшая школа, 1975. — 240 с.
  • Тамашова, Л. Ф. Вывучэнне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» ў школе / Л. Ф. Тамашова. — 2-е выд. — Мінск : Народная асвета, 1974. — 96 с.
  • Фіглоўская, Л. І. «Новая зямля» і «Сымон-музыка» — класічныя творы беларускай літаратуры // Творчасць Якуба Коласа / Л. І. Фіглоўская. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1959. — С. 131—184.
  • Хвясюк, І. А. Праблема зямлі і волі ў паэме «Новая зямля» Я. Коласа : IX клас / І. А. Хвясюк // Беларуская мова і літаратура. Серыя «У дапамогу педагогу». — 2011. — № 4. — С. 3—9.
  • Шаладонава, Ж. С. Фарбы быту і быцця ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля» / Ж. С. Шаладонава. — Мінск : Беларуская навука, 2001. — 104 с.
  • Шамякіна, Т. І. Якуб Колас // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с.
  • Якуб Колас : жыццё і творчасць : матэрыялы да выстаўкі ў школе / склад. І. С. Курбека, М. У. Базарэвіч. — Мінск : Народная асвета, 1967. — 57 с — (Альбом-выстаўка ў школе).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]