Бярэзань
Бярэзань | |||||
трансьліт. Biarezań | |||||
Сядзіба Патоцкіх (рэканструкцыя) | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1501 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Бярэзінскі | ||||
Вышыня: | 164 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 11 698 чал. (2017)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1715 | ||||
Паштовы індэкс: | 223310 | ||||
СААТА: | 6204501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°50′0″ пн. ш. 28°59′0″ у. д. / 53.83333° пн. ш. 28.98333° у. д.Каардынаты: 53°50′0″ пн. ш. 28°59′0″ у. д. / 53.83333° пн. ш. 28.98333° у. д. | ||||
± Бярэзань | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Бярэ́зань — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне. Адміністрацыйны цэнтар Бярэзінскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 11 698 чалавек[1]. Знаходзіцца за 101 км ад Менску, на аўтамабільнай дарозе Менск — Магілёў. Рачная прыстань.
Бярэзань Любашанская — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захавалася сядзіба Патоцкіх у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.
Назва
Тапонім «Бярэзань» утварыўся ад назвы ракі Бярэзіны[2].
Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Бярэзань[3]. Таксама сустракаецца варыянт «Беразынь»[4] (Карусь Каганец). Цяперашняе афіцыйная форма «Беразіно» зьяўляецца перакручваньнем традыцыйнай назвы, відаць, на манер расейскай вёскі Барадзіно (Маскоўская вобласьць), таксама вядомай падзеямі вайны 1812 году[5]. Доктар філялягічных навук, прафэсар Ф. Янкоўскі паказвае на тое, што мясцовыя жыхары здаўна звалі паселішча няйнакш як Бярэзань[6][7].
У ранейшыя часы, каб пазьбегнуць блытаніны з аднайменным мястэчкам у Харэцкай воласьці (Бярэзань Горная), мела назву Бярэзань Любашанская, Бярэзань Ігуменская[8] або Бярэзань Дольная.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Бярэзань як мястэчка Любашанскага староства Віленскага ваяводзтва датуецца 7 чэрвеня 1501 году. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва[9].
У сярэдзіне XVI ст. Бярэзань знаходзілася ў валоданьні Сапегаў. Адзін з прадстаўнікоў роду Казімер Леў Сапега, на той час маршалак дворны, 24 верасьня 1641 году заснаваў тут драўляны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (будаваньне вялося да 1644 году)[10]. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе мястэчка на пэўны час трапіла пад маскоўскую акупацыю.
У 1668 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў Бярэзані прывілей на штотыднёвы торг і штогадовыя кірмашы. З 1671 году маёнткам валодалі Тышкевічы. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 16—17 ліпеня 1708 году каля мястэчка праз раку Бярэзіна перапраўляўся з сваімі войскамі кароль Швэцыі Карл XII.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бярэзань апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце. Маёнтак перайшоў да Патоцкіх. У вайну 1812 году мястэчка і яе ваколіцы сталі арэнай баявых дзеяньняў.
У 1-й палове XIX ст. у Бярэзані працавала суконная мануфактура. На 1858 год тут было 459 будынкаў, на 1892 год працавалі бровар, канатная фабрыка, млын. Купцы зь Бярэзані гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі з смалы. Паводле зьвестак перапісу 1897 году, існавалі народная вучэльня, школа, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора. У лютым — сьнежні 1918 году мястэчка займалі нямецкія войскі, з жніўня да ліпеня 1920 году — польскія.
-
Агульны выгляд
-
Вуліца да царквы
-
Званіца
-
У мястэчку
-
Драўляныя дамкі
-
Разьбяны дэкор
-
Брама
-
Рака Бярэзіна ў разводзьдзе
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бярэзань абвяшчадася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а з 1919 году яна ўвайшла ў склад БССР. 17 ліпеня 1924 году мястэчка стала цэнтрам раёну (з 25 сьнежня 1962 да 6 студзеня 1965 году ў Чэрвеньскім раёне) Барысаўскай, з 9 чэрвеня 1927 году — Менскай акругі. Ад студзеня 1938 году Бярэзань уваходзіла ў склад Магілёўскай, з 20 верасьня 1944 году — Менскай вобласьці. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
7 сакавіка 1968 году Бярэзань атрымала статус места. 22 лістапада 2007 году адбылося зацьверджаньне мескіх гербу і сьцяга.
-
Агульны выгляд з боку Бярэзіны
-
Сядзіба Патоцкіх з боку Бярэзіны
-
Сядзіба Патоцкіх
-
Касьцёл
-
Касьцёл
-
На Касьцельным пляцы
-
Вуліца Паложынская
-
Вуліца Гандлёвая
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1858 год — 1086 чал.; 1880 год — 3181 чал.; 1897 год — 4987 чал.
- XX стагодзьдзе: 1930 год — 2968 чал.[11]; 1939 год — 4,8 тыс. чал.[12]; 1968 год — 6,4 тыс. чал.[13]; 1970 год — 6,9 тыс. чал.; 1989 год — 12,7 тыс. чал.[12]; 1995 год — 13,3 тыс. чал.[14]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 12,9 тыс. чал.; 2007 год — 12,8 тыс. чал.; 2009 год — 12 020 чал.[15]; 2014 год — 11 907 чал.[15]; 2016 год — 11 832 чал.[16]; 2017 год — 11 698 чал.[1]
Адукацыя
У Бярэзані працуюць 3 сярэднія і музычная школы.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, кінатэатар, 2 бібліятэкі.
Забудова
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Інтэрнацыянальная вуліца | Папоўшчына вуліца |
Кастрычніцкая вуліца | Ігуменская вуліца |
Лясных вуліца | Школьная вуліца |
Менская вуліца | Менская вуліца |
Набярэжная вуліца | Палацавая вуліца |
Піянэрская вуліца | Паложынская вуліца |
Савецкая вуліца | Пракошынская вуліца |
Чырвонарамейская вуліца | Салдацкая вуліца[17] |
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, паліўнай, лёгкай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Бярэзані |
---|
|
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Спыніцца можна ў гасьцініцы «Беразіно»[18].
Славутасьці
- Вінакурня (ХІХ)
- Могілкі юдэйскія
- Сядзіба Патоцкіх (XIX ст.)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1802)
- Сынагога (ХІХ ст.)
- Царква (ХІХ ст.)
Асобы
- Аляксандар Парвус (1867—1924) — дзяяч сацыял-дэмакратычнага руху, публіцыст
- Яўген Сідаровіч (нар. 1928) — навуковец у галіне фізыялёгіі, экалёгіі, інтрадукцыі расьлінаў і ахове навакольнага асяродзьдзя
- Рыгор Старобінец (1910—2001) — хімік, сябар-карэспандэнт АН Беларусі (1969), Заслужаны дзяяч навукі Беларусі (1980)
- Станіслаў Шостак (1898—1961) — беларускі і польскі вайсковец, палкоўнік, адзін з арганізатараў бронетанкавых войскаў у міжваеннай Польскай Рэспублікі
- Ізраіль Элентух (1913—?) — гісторык мастацтваў і мастацтвазнаўца
Крыніцы
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 26.
- ^ Вячорка В. (19.03.2016) "Бабёнка – это я понимаю!". Як русіфікавалі тапонімы.. Радыё Свабода. Праверана 23 чэрвеня 2017 г.
- ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 260. — 264 с. — 5000 ас.
- ^ Вольга Іскрык, Зьміцер Саўка. (16.01.2011) Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў. Белсат ТВ. Праверана 9 чэрвеня 2011 г.
- ^ Скарачэнні геаграфічных назваў (вёсак, мястэчкаў і г. д.) // Янкоўскі Ф. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне / Рэдактары М. Яўневіч, А. Баханькоў. — Менск: «Вышэйш. школа», 1968.
- ^ Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 170.
- ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 144.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 312.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 313.
- ^ Насевіч В. Беразіно // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 16.
- ^ а б Насевіч В. Беразіно // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 17.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 105.
- ^ а б Численность населения на 1 января 2014 года и среднегодовая численность населения за 2013 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
Бярэзань — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|