Казімер Леў Сапега
![]() Казімер Леў Сапега. Партрэт XVII ст. | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 15 ліпеня 1609 Вільня |
Памёр | 19 студзеня 1656 (46 гадоў) Берасьце |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Леў Сапега Гальшка з Радзівілаў |
Жонка | Тэадора з Тарнаўскіх |
Дзейнасьць | палітык |
Казі́мер Леў Сапе́га (15 ліпеня 1609, Вільня — 19 студзеня 1656, Берасьце) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі (1631—1637), маршалак дворны (1637—1645) і падканцлер (з 1645).
Быў старостам рагачоўскім[1], слонімскім, волпенскім і любашанскім[2], а таксама адміністратарам Берасьцейскай эканоміі. Валодаў лятыфундыяй з цэнтрам у Ружанах, дамогся ад вялікага князя прывілеяў на Магдэбурскае права і кірмашы для сваіх мястэчак Бялынічаў, Талачына, Бешанковічаў, Ружанаў[3]. Таксама вядомы як заснавальнік картускага кляштару ў Бярозе і катэдры права ў Віленскім унівэрсытэце.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Льва, канцлера літоўскага, і Гальшкі з Радзівілаў. Меў братоў Крыштапа Міхала і Яна Станіслава.
Навучаўся ў Віленскай акадэміі, працягваў адукацыю ў Мюнхэнскім езуіцкім калегіюме, Інгальштацкім, Лёвэнскім і Балёнскім унівэрсытэтах[1].
У 1631 годзе атрымаў урады каралеўскага сакратара (ліпень) і пісара вялікага літоўскага (22 верасьня 1631 году), займаўся ўпарадкаваньнем архіву Кароны. Браў удзел у канвакацыйным сойме 1632 году. Удзельнічаў у складаньні Палянаўскай мірнай дамовы 1634 году, меў вялікі давер у караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы. У траўні 1637 году стаў маршалкам надворным літоўскім. Абіраўся паслом на соймы ў 1637 і 1647 гадох. 6 сакавіка 1645 году атрымаў урад падканцлера літоўскага.
Па сьмерці Ўладзіслава Вазы стаў прыхільнікам Яна Казімера Вазы, хоць перад гэтым падтрымліваў Карла Фэрдынанда Вазу, які лічыў К. Л. Сапегу сваёй апорай у Вялікім Княстве Літоўскім у часы безкаралеўя.
Пры Віленскай акадэміі заснаваў фонд на ўтрыманьне 4-х прафэсараў і ахвяраваў на гэта 12 500 злотых. Таксама перадаў акадэміі Ружанскую бібліятэку, сабраную яго бацькам і ім самым. Тая бібліятэка, названая як і акадэмія — Сапежынскай, налічвала каля 3 тысячаў тамоў і складалася з рэдкіх кніг[2].
Браў удзел у вайне з казакамі ўва Ўкраіне (1648—1653), складаньні Збораўскага пагадненьня, бітве пад Берастэчкам.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) выставіў уласны полк. Выступаў супраць пагадненьня Януша Радзівіла з Карлам X Густавам. Увосень 1655 году пад Берасьцем каардынаваў ваенныя дзеяньні супраць маскоўскіх і швэдзкіх войскаў, аднак стан ягонага здароўя ў той час пагоршыўся. У лістападзе 1655 году, па паразе пад Вярховічамі, фармальна прызнаў швэдзкі пратэктарат над Вялікім Княствам Літоўскім. У пачатку 1656 году атрымаў ад Яна Казімера даручэньне весьці перамовы пра мір з маскоўскім гаспадаром Аляксеем Міхайлавічам, аднак неўзабаве памёр.
У 1639 годзе ажаніўся з Тэадорай Тарнаўскай. Нашчадкаў не пакінуў. Спачыў у касьцёле картузаў у Бярозе Картускай[4].
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Малярства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Творы малярства
К. Александровіч, 1780 г.
Графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Графічныя партрэты
Разам зь Сьвятым Бруно за Бярозаўскім кляштарам, 1647 г.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 548.
- ^ а б Трызна Ц. Казімер Леў Сапега(недаступная спасылка) // «Гістарычная брама» № 2, 1997.
- ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Менск: 2001 Т. 6. Кн. 1.
- ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 47.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- «Трыадзіны Сапега»(рас.)