Адам Русак
Адам Русак | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 24 траўня 1904 в. Пясочнае каля Капылю |
Памёр | 21 сакавіка 1987 (82 гады) Менск |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | 27 траўня 1927, часопіс «Чырвоны сейбіт» — верш «Мая песьня» |
Узнагароды |
Ада́м Гера́сімавіч Руса́к (24 траўня 1904, в. Пясочнае Ігуменскага павету Менскай губэрні, цяпер Капыльскі раён Менскай вобласьці — 21 сакавіка 1987, Менск) — беларускі паэт-песеньнік. Заслужаны дзяяч культуры Беларусі (1964).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 24 траўня 1904 году ў вёсцы Пясочнае. У 1914 годзе скончыў Песачанскую пачатковую школу.
Працаваў на гаспадарцы. У 1922 годзе паступіў у Менскі будаўнічы тэхнікум, але ў хуткім часе пакінуў вучобу і паступіў у Беларускі музычны тэхнікум (скончыў у 1930), адначасова служыў музыкам у Чырвонай Арміі (1928—1930). У 1930—1934 вучыўся ў Ленінградзкай кансэрваторыі.
Быў салістам аркестру Ленінградзкага Малога опэрнага тэатру (з 1932), Белдзяржфілярмоніі (з 1949). Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1939 году.
3 1959 году на пэнсіі.
Пахаваны на радзіме, у в. Пясочнае Капыльскага раёну.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Друкаваўся з 1927 году. Публікаваўся ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», газэтах «Звязда», «Літаратура і мастацтва».
Першы зборнік паэзіі «На родных палетках» выйшаў у 1946 годзе. Аўтар зборнікаў вершаў «Песьні і вершы» (1951), «Песни» (1954, па-расейску), «Пад голас баяна» (1957), «Толькі з табою» (1960), «Звонкія крыніцы» (1965), «Выбранае» (1972), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песьні на словы А. Русака» (1980), «Засьцілайце сталы» (1984), «Дружбакі» (1987), «Песьні радасьці». Аўтар кніг вершаў для дзяцей «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981).
Многія ягоныя вершы сталі вядомымі песьнямі: «Бывайце здаровы», «Толькі з табою», «Не шукай» (усе — музыка І. Любана); «Дняпро» і «Не за вочы чорныя» (муз. Ю. Семянякі); «Лясная песьня» (або «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры») і «Па-над лесам, па-над борам» (муз. У. Алоўнікава); «Узьнялося сонца яснае» (муз. Дз. Лукаса); «Дзе ты, зорка мая» (муз. І. Лучанка) і інш.
Вершы А. Русака перакладаліся на ўкраінскую, расейскую і іншыя мовы.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», мэдалямі.
Заслужаны дзяяч культуры Беларускай ССР (1964).
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імем Адама Русака названыя вуліцы ў Пясочным[1] і Капылі[2].
На будынку Песачанскай школы, дзе вучыўся паэт, і на доме ў вёсцы Малінаўка, дзе ён жыў, усталяваныя мэмарыяльныя дошкі[1].
«Бывайце здаровы»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ці не найбольш вядомы верш Адама Русака, які быў пакладзены на музыку — «Бывайце здаровы» — напісаны ў 1936 годзе[3] па вяртаньні з роднае вёскі Пясочнае ў Пецярбург. Аўтарам музыкі да гэтай песьні зьяўляецца кампазытар Ісак Любан[4]. Вэрсія ў расейскім перакладзе Міхаіла Ісакоўскага зьявілася ў «Правде» 1 студзеня 1937 году і некаторы час лічылася народнай[5] (аўтарства не было пазначанае). Ісакоўскі фігураваў у расейскіх выданьнях як аўтар перакладу, а Ісак Любан — аўтарам музыкі. Неўзабаве адбылося паседжаньне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, на якім аўтарства Адама Русака было даказанае, і ў 1940-м годзе Ісакоўскі даслаў яму ліст з прабачэньнямі[6].
Сярод першых выканаўцаў песьні народная артыстка БССР Ларыса Александроўская, якая прасьпявала яе для дэлегатаў рэспубліканскага зьезду партыі 15 чэрвеня 1937 году, і Леанід Уцёсаў. Аднак былы галоўны дырыгент сымфанічнага аркестру Беларускага радыёкамітэту Мікалай Кляўс(be) сьцьвярджаў, што ўпершыню песьня прагучала ў жывым этэры Беларускага радыё ў выкананьні дуэту Кухарава і Рубінштэйна[5]. Запісы перадачаў у той час не вяліся.
Падчас Другой сусьветнай вайны песьня гучала на франтах у розных варыяцыях, у фільме «Канцэрт — фронту» Леанід Уцёсаў выканаў яе з вайсковымі куплетамі. Сярод пазьнейшых выканаўцаў — ансамбль «Песьняры» пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна, Ёсіф Кабзон, Зьміцер Вайцюшкевіч.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Ірына Сьвірко (3 лютага 2009) «Сярод суседзяў, землякоў, сярод радні сваёй…» Культура. «Рэспубліка». Праверана 19 студзеня 2011 г.
- ^ В Копыле появились улицы Войниловича и Адама Русака (рас.) Жыцьцё рэгіёна. «Інфа-кур’ер» (16 лістапада 2010). Праверана 19 студзеня 2011 г.
- ^ Вольга Мядзведзева (8 жніўня 2007) Яго словы з песень не выкінеш Культура. «Звязда». Праверана 19 студзеня 2011 г.
- ^ Мы не баімся калгаснай опэры // «Наша Ніва» №8, 2000 г.
- ^ а б Роман Диковицкий, Владимир Солоненко (28 сакавіка 2006) «Бывайце здаровы» (рас.) Культура. «Вечерний Минск». Праверана 19 студзеня 2011 г.
- ^ Сямашка, Віктар (26 лістапада 2011) !OUT: Тузін шлягераў, пазбаўленых аўтараў Тузін гітоў Праверана 3 красавіка 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Адам Русак на паэтычным партале «Вершы беларускіх паэтаў»
- Біяграфія Адама Русака на Слоўніку.орг
- Нарадзіліся 24 траўня
- Нарадзіліся ў 1904 годзе
- Памерлі 21 сакавіка
- Памерлі ў 1987 годзе
- Пахаваныя ў Менскай вобласьці
- Кавалеры ордэна «Дружбы Народаў»
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Заслужаныя дзеячы культуры БССР
- Нарадзіліся ў Капыльскім раёне
- Беларускія паэты і паэткі
- Заслужаныя дзеячы культуры Беларусі
- Сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
- Памерлі ў Менску