Перайсьці да зьместу

Ян Баршчэўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Баршчэўскі.
Ян Баршчэўскі
лац. Jan Barščeŭski
Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1796[1]
Памёр 28 лютага (12 сакавіка) 1851
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці выкладнік, выдавец
Гады творчасьці 1810—1849
Кірунак клясыцызм, рамантызм, фальклёр
Жанр фальклёр і фантастыка[d]
Мова польская мова[2] і беларуская мова[2]
Дэбют 1810-я гг.
Значныя творы «Шляхціц Завальня» (1846)
Подпіс Выява аўтографу
Творы ў Вікікрыніцах
Творы на сайце Knihi.com

Ян Баршчэ́ўскі (польск. Jan Barszczewski; 1790, 1794 альбо 1796, в. Мурагі, цяпер Расонскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 12 сакавіка [ст. ст. 28 лютага] 1851, Чуднаў, цяпер Жытомірская вобласьць, Украіна) — беларускі і польскі пісьменьнік, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[3].

Маладосьць і навучаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Мурагі Полацкага намесьніцтва ў сям’і грэка-каталіцкага сьвятара (род быў шляхецкага паходжаньня). Навучаўся ў Полацкай езуіцкай калегіі, дзе набыў вядомасьць чытальніка і вершапісца. Выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі, напісаў у клясычным стылі паэму «Пояс Вэнэры» (на польскай мове, не захавалася). Студэнцкія канікулы найчасьцей праводзіў у вандроўках па навакольлі возера Нешчарда.

Пасьля заканчэньня Полацкай калегіі працаваў хатнім настаўнікам і гувэрнэрам. Падарожнічаў па Беларусі, зьбіраў фальклёр.

Пецярбурскі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1817 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мову[4] ў некалькіх дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытную літаратуру. Выконваючы даручэньні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікай Брытаніі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне і Мсьціслаўшчыне. У Пецярбурґу ён пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам, якія, з ускосных зьвестак, высока ацанілі паэтычныя спробы маладога пісьменьніка, падштурхнулі яго на шлях прафэсійнай творчасьці. Ю. Барташэвіч сьцьвярджаў нават, што Міцкевіч уласнай рукой правіў асобныя яго вершы.

У 1840—1844 гадах Ян Баршчэўскі выдаваў у Пецярбурґу штогадовы альманах «Niezabudka» («Незабудка») з дапамогай літаратурнага гуртка выхадцаў пераважна зь Беларусі. Падтрымліваў творчыя сувязі з чальцамі гуртка і яго карэспандэнтамі — журналістам і крытыкам Рамуальдам Падбярэскім, літаратуразнаўцам і гісторыкам Юліянам Барташэвічам(pl), мастакамі Казімерам і Рудольфам Жукоўскімі(pl), фальклярыстам Ігнатам Храпавіцкім(be), пісьменьнікамі Людвікам Штырмэрам(pl), Вінцэнтам Рэўтам(be), Тадэвушам Лада-Заблоцкім, Аляксандрам Грозам(uk), В. Давідам, Станіславам Ляховічам, Аляксандрам Гротам-Спасоўскім. Сярод самых блізкіх сяброў Баршчэўскага пецярбурскага пэрыяду сучасьнікі называлі Гаўдэнцыя Шапялевіча(be), знаёмага з паэтам яшчэ з часоў вучобы ў Полацкай калегіі. Рэдкалегія часопіса мела кантакты з «Дэмакратычным таварыствам» (1836—1838), прапагандавала (праз Ф. Лаўцэвіча) забароненыя патрыятычныя вершы.

У сярэдзіне 1840-х гадоў (1847?) на запрашэньне польскага пісьменьніка Г. Жавускага і крытыка М. Грабоўскага Баршчэўскі пераехаў у г. Чуднаў на Валынь. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе жыў і вядомы мастак-графік Напалеон Орда.

У канцы 1840-х гадоў захварэў на сухоты і пасьля працяглай хваробы памёр у 1851 годзе. Пахаваны ў г. Чуднаве.

У красавіку 2019 року ў Чуднаве на прыватным падворку была выяўленая надмагільная пліта зь меркаванай магілы Яна Баршчэўскага. Пліта была перанесеная з разрабаваных за савецкім часам каталіцкіх могілак мястэчка[5].

Дзякуючы сваёй схільнасьці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госьцем на сямейных урачыстасьцях вясковай шляхты. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны каханай дзяўчыне Максімавічанцы) і «Бунт хлопаў» («Рабункі мужыкоў», «Размова хлопаў»). Займаўся таксама жывапісам (маляваў пэйзажы і карыкатуры, яго мастацкія творы карысталіся папулярнасьцю сярод мясцовых жыхароў.

На старонках «Незабудкі» Ян Баршчэўскі друкаваў пераважна вершаваныя апавяданьні. Ад клясыцызму паступова перайшоў да рамантызму. У 1843 годзе ў часопісе «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік») упершыню надрукаваны яго беларускія вершы — «Дзеванька», «Гарэліца», апрацаваная народная песьня «Зязюля».

Баршчэўскі склаўся як паэт пад уплывам польскага клясыцызму. Захапленьне паэзіяй Адама Міцкевіча адбілася на ягоных польскіх творах (паэма «Жыцьцё сіраты», санэты «Мэлёдыі пілігрыма»).

У 1844—1846 гадах выдаў свой галоўны твор — празаічны зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» (т. 1—4, на польскай мове, гравюры Р. Жукоўскага), асобныя часткі якога раней друкаваліся ў часопісах «Rocznik literacki» і «Athenæum». Матэрыяльную дапамогу ў выданьні кніг Яна Баршчэўскага аказаў віленскі пісьменьнік Аляксандар Здановіч. Па невядомых прычынах ня выйшлі падрыхтаваныя аўтарам 5-ы і 6-ы тамы. Творы, сабраныя ў зборніку «Шляхціц Завальня…», напісаны пад відавочным уплывам беларускага фальклёру. Ян Баршчэўскі выкарыстаў сюжэты казак і легендаў «дзікага паўночнага боку Беларусі», апаэтызаваў родныя мясьціны, у тым ліку «велізарнае возера Нешчарда, накшалт затокі», каля якога знахадзілася вёска Мурагі, дзе прайшло ягонае дзяцінства.

Ян Баршчэўскі падтрымліваў блізкія адносіны з польскім паэтам і перакладчыкам К. Пятроўскім і доктарам Г. Кёлерам, зьбіраў матэрыялы пра археалягічныя аб’екты, падарожнічаў. У 1849 годзе выдаў у Кіеве 1-ю частку зборніка «Проза і вершы» (на польскай мове), куды ўвайшлі баляды, паэма «Жыцьцё сіраты», аповесьць «Душа не ў сваім целе».

Партрэт Яна Баршчэўскага пэндзля К. Рыпінскага, XIX ст.

Ян Баршчэўскі займае надзвычай важнае месца ў гісторыі мастацкай культуры беларусаў. На працягу ўсёй творчасьці кіраваўся рамантычна-ўзьнёслым пачуцьцём любові да роднага краю. Як рамантык аддаваў перавагу выключным, сьвяточным і трагічным аспэктам вясковага жыцьця, чым тлумачацца асобныя праявы страрашляхецкага кансэрватызму, ідэалізацыі мінулай вольнасьці і дабрачыннасьці. Яго беларускія творы напісаны ў фальклёрным стылі, маюць павучальны ці бурлескна-рэалістычны характар. Творы Баршчэўскага распаўсюджваліся ў рукапісах або вусным шляхам як народныя. Верш «Бунт хлопаў» трапіў у фальклёрныя запісы А. Семянтоўскага і П. Шэйна, зробленыя ў канцы XIX стагодзьдзя. У чытаньні і перапісваньні гэтага твору абвінавачваўся Паўлюк Багрым.

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1916 годзе ў віленскай газэце «Гоман» зьявілася некалькі казак з «Шляхціца Завальні», перакладзеных на беларускую мову Янам Станкевічам. У 1917 годзе дзьве казкі былі надрукаваны асобнымі брашурамі — «Начэпнасьць» і «Чорнакніжнік і зьмея, што вылупілася с пятушынаго яйца», — якія, аднак, не атрымалі шырокай вядомасьці: згодна з загадам Галоўліта БССР № 33 ад 3 чэрвеня 1937 году гэтыя дзьве брашуры, у ліку іншых кніг шкоднага зьместу, падлягалі адабраньню зь бібліятэк і навучальных устаноў рэспублікі; прычынай, магчыма, была асоба перакладчыка.

У 1971 годзе казкі «Пра чарнакніжніка і зьмяю, што вывелася зь яйка, зьнесенага пеўнем» у перакладзе Максіма Гарэцкага і «Белая сарока» ў перакладзе Вячаслава Рагойшы былі ўключаны ў хрэстаматыю «Беларуская літаратура XIX стагодзьдзя», а ў 1977 годзе ў дакумэнтальным зборніку «Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст.» былі прадстаўлены тры ўводныя разьдзелы («Колькі слоў ад аўтара», «Нарыс Паўночнай Беларусі», «Шляхціц Завальня») у перакладзе Генадзя Кісялёва. У 1981 годзе за пераклад кнігі ўзяўся Уладзімер Мархель, які сваю працу так і не закончыў. Поўны жа пераклад «Шляхціца Завальні», выкананы Міколам Хаўстовічам, быў апублікаваны толькі ў 1990 годзе. У гэтае выданьне таксама ўвайшлі пераклады аповесьцей Баршчэўскага «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» і «Душа не ў сваім целе». У 1998 годзе ў сэрыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том «Ян Баршчэўскі. Выбраныя творы», куды, апрача згаданых твораў, увайшлі таксама пераклады п’есы «Жыцьцё сіраты», вершаў і лістоў пісьменьніка, выкананыя Рыгорам Барадуліным, Кастусём Цьвіркам, Уладзімерам Мархелем, Уладзімерам Дубоўкам і Міколам Хаўстовічам. У 2003 годзе быў надрукаваны зборнік вершаў Баршчэўскага «Лісты да Юліі» ў перакладзе Анатоля Канапелькі, а ў 2004 годзе — зборнік лістоў у перакладзе В. Таранеўскага.

У 2020 годзе фонд імя Марыі Магдалены Радзівіл (Швайцарыя) адкрыў у Чуднаве (Жытомірская вобласьць, Украіна) помнік Яну Баршчэўскаму. У 2021 годзе ў Менску адрэстаўравалі надмагільную пліту Баршчэўскага, якую знайшлі ўвесну 2019 году ў Чуднаве. На пліце быў надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, шанаваў Бога, прыроду і людзей, пісьменьнік натхненьняў і пачуцьцяў. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 году»[6].

1922

1990

  1. ^ беларуская Вікіпэдыя (афіцыйная) (белар.) — 2007.
  2. ^ а б Barszczewski, Jan // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ Адам Мальдзіс. Баршчэўскі Ян // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 314.
  4. ^ Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 28 лютага 2012. — № 39 (27154). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Ва Ўкраіне знайшлі надмагільную пліту беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага Культура. Радыё «Свабода» (17 красавіка 2019). Праверана 18 красавіка 2019 г.
  6. ^ У Віцебск прывезьлі знойдзеную ва Ўкраіне надмагільную пліту Яна Баршчэўскага // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 красавіка 2021 г. Праверана 17 красавіка 2021 г.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць. — Мн.: БСЭ, 1985. — С. 390.
  • Р. Зямкевіч. Ян Баршчэўскі, першы беларускі пісьменьнік XIX сталецьця. — Вільня, 1911.
  • В. Бароўка, С. Якаўлеў. Рэцэпцыя фальклорна-міфалагічнай спадчыны ў кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» // Матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», Мн., 2000. — С. 173—176.
  • М. Хаўстовіч. Паэт і казачнік азёрнага краю // Ян Баршчэўскі. Выбр. тв. — Мн., 1998. — С. 20.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1: А капэле — Габелен. — 727 с. — 9500 ас.
  • Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9.
Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]