Перайсьці да зьместу

Аляксандар Здановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Здановіч
Сям’я Здановічаў. Аляксандар сядзіць
Род дзейнасьці гісторык, пэдагог
Дата нараджэньня 26 лютага 1805
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі Белькавічы, Ігуменскі павет Менскай губэрні
Дата сьмерці 29 траўня 1868
Месца сьмерці Сьцяг Расеі Вільня
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак пісьменьнік, гісторык, школьны настаўнік, філёляг, перакладнік
Месца працы
Сябра ў Віленская археалягічная камісія
Дзеці Ігнат Здановіч
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Здановіч.

Алякса́ндар Здано́віч (26 лютага 1805, засьценак Белькавічы Ігуменскага павету Менскай губэрні, цяпер у Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці — 29 траўня 1868, Вільня) — беларускі і польскі гісторык, мовазнаўца, пэдагог. Бацька Ігната Здановіча.

Нарадзіўся ў засьценку Белькавічы Ігуменскага павету ў небагатай шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Антопальскай парафіяльнай школе, пасьля ў базыльянскай школе пры Дабравешчанскім манастыры ў Лядах. Па сканчэньні (1825) два гады настаўнічаў прыватна, пасьля паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт, які скончыў са званьнем кандыдата філязофіі (1831).

Выкладаў лацінскую мову і гісторыю, пасьля ўзначальваў катэдру агульнай гісторыі ў Віленскім шляхецкім інстытуце (1834—1863). Чытаў прыватныя лекцыі, а таксама выкладаў расейскую гісторыю ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, каталіцкай сэмінарыі, у рэдакцыі газэты «Віленскі весьнік».

Маючы багаты досьвед выкладаньня розных прадметаў, падрыхтаваў падручнікі і навучальныя дапаможнікі: «Храналягічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаваў ад V стагодзьдзя да нашых дзён» (Вільня, 1844), «Нарыс польскай гісторыі для дзяцей» (Вільня, 1857), «Усеагульная гісторыя для школьнай моладзі» (Вільня, 1861). Пераклаў з расейскай на польскую мову падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (Вільня, 1845), «Гісторыя Новага часу» (Вільня, 1846). Таксама падрыхтаваў і выдаў падручнікі па францускай мове, браў удзел у стварэньні слоўніку польскай мовы.

Быў сябрам Віленскай археалягічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газэты «Kurier Wileński». У 1863 у сувязі з удзелам у паўстаньні сына затрымліваўся і падвяргаўся допытам. 3-е выданьне ягонай кнігі «Нарыс польскай гісторыі для дзяцей», якая мела вялікі ўплыў на грамадзкую думку, было канфіскаванае і зьнішчанае.

  • Rys dziejów literatury polskiej podług notat Aleksandra Zdanowicza oraz innych źródeł / opracował i do ostatnich czasów doprowadził Leonard Sowiński. — Wilno: Nakładem i drukiem Józefa Zawadzkiego, 1874—1878. — Т. 1—5.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.