Перайсьці да зьместу

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «АН РБ»)

Каардынаты: 53°55′13″ пн. ш. 27°35′53″ у. д. / 53.92028° пн. ш. 27.59806° у. д. / 53.92028; 27.59806

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Абрэвіятура НАНБ
Папярэднік Інстытут беларускай культуры
Дата ўтварэньня 13 кастрычніка 1928 (96 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус урадавая ўстанова
Мэта навуковае забесьпячэньне разьвіцьця дзяржавы[1]
Штаб-кватэра Менск, Першамайскі раён, прасп. Незалежнасьці, д. 66
Дзейнічае ў рэгіёнах Гомель, Горадня, Віцебск
Сяброўства 88 акадэмікаў, 128 сябраў-карэспандэнтаў, 4 ганаровыя і 16 замежных сябраў (2018 г.)[2]
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Старшыня Уладзімер Гусакоў
1-ы намесьнік Сяргей Чыжык
Намесьнікі Пётар Казакевіч і Аляксандар Сукала
Галоўны навуковы сакратар Аляксандар Кільчэўскі
Асноўныя асобы Пётар Віцязь (кіраўнік Апарату)[3]
Кіроўны орган Прэзыдыюм
Матчына кампанія Прэзыдэнт Беларусі
Зьвязаныя кампаніі «Аптрон», Маладэчанскі завод парашковай мэталюргіі, Талачынскі кансэрвавы завод
Бюджэт 158,539 млн рублёў[4] (2018 г.; $79,269 млн)
Колькасьць супрацоўнікаў каля 16 000 (2018 г.)[5]
Сайт nasb.gov.by
Колішняя назва Беларуская акадэмія навук (да 1936 г.), Акадэмія навук БССР (да 1991 г.), Акадэмія навук Беларусі (да 15 траўня 1997 г.)

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН Беларусі, НАНБ) — вышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя Беларусі, ажыцьцяўляе арганізацыю, правядзеньне і каардынацыю фундамэнтальных і прыкладных навуковых дасьледаваньняў і распрацовак па розных кірунках натуральных, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў.

Паводле 1-га артыкула закону «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» 1998 году, ёсьць некамэрцыйнай арганізацыяй[1]. На 2018 год налічвала каля 16 000 супрацоўнікаў зь сярэднім узростам каля 47 гадоў. Сярод іх было каля 5350 дасьледнікаў (33%), 1619 кандыдатаў навук і 399 дактароў навук, зь іх 491 дацэнт і 220 прафэсараў[5].

Паводле Статуту акадэмія мае права на:

  • ухваленьне пастановаў аб навуцы Агульным сходам і Прэзыдыюмам;
  • атрыманьне адказу на зварот у ведамствы ўраду ды ўстановы;
  • прыцягненьне да супрацы адмыслоўцаў з установаў Беларусі й замежжа;
  • накіраваньне прадстаўнікоў на пасяджэньні нарадаў урадавых ведамстваў;
  • запыт і атрыманьне ад навуковых установаў зьвестак аб выніках дасьледаваньняў і распрацовак;
  • уступ у міжнародныя арганізацыі ды заключэньне дамоваў з замежнымі навуковымі ўстановамі;
  • адкрыцьцё пры падпарадкаваных установах асьпірантураў ды дактарантураў і стварэньне радаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў;
  • прысуджэньне ўзнагародаў за навуковыя дасягненьні ды стыпэндыяў асьпірантам;
  • хадайніцтва аб наданьні дзяржаўных узнагародаў супрацоўнікам, якія маюць найбольшыя навуковыя дасягненьні ды распрацоўкі і падрыхтавалі найбольш навукоўцаў;
  • стварэньне навуковых часопісаў, газэтаў ды электронных СМІ.
  • абмен друкаванымі выданьнямі з навуковымі ўстановамі, унівэрсытэтамі, бібліятэкамі, музэямі ды міжнароднымі арганізацыямі;
  • захоўваньне ва ўласных архівах рукапісаў навукоўцаў, пісьменьнікаў ды мастакоў, прадметаў даўніны навуковых установаў;
  • гандаль распрацоўкамі[6].
Цэнтральны батанічны сад (ліпень 2004 г.)

Паводле 2-га артыкула закону «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» 1998 году, на Акадэмію ўскладаліся наступныя задачы:

  • «навуковае забесьпячэньне эканамічнага, сацыяльнага і дзяржаўна-прававога разьвіцьця Рэспублікі Беларусь, яе культуры, рацыянальнага выкарыстаньня і аховы прыроды;
  • арганізацыя і каардынацыя фундамэнтальных і дастасоўных навуковых дасьледаваньняў, што выконваюцца ўсімі суб’ектамі навуковай дзейнасьці, правядзеньне фундамэнтальных і дастасоўных навуковых дасьледаваньняў, распрацовак па важнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў у мэтах атрыманьня новых ведаў пра чалавека, грамадзтва, прыроду і штучна створаныя аб’екты, павелічэньня навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь;
  • ажыцьцяўленьне навукова-мэтадычнага забесьпячэньня арганізацыі фундамэнтальных і дастасоўных навуковых дасьледаваньняў, што выконваюцца ўсімі суб’ектамі навуковай дзейнасьці;
  • арганізацыйна-тэхнічнае забесьпячэньне правядзеньня ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай навуковай экспэртызы;
  • ажыцьцяўленьне сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналёгіях Рэспублікі Беларусь акрэдытацыі навуковых арганізацыяў;
  • вызначэньне і ўнясеньне для зацьвярджэньня ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку пералікаў прыярытэтных напрамкаў фундамэнтальных і дастасоўных навуковых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь;
  • выяўленьне прынцыпова новых шляхоў навукова-тэхнічнага прагрэсу, удзел у распрацоўцы рэкамэндацыяў па выкарыстаньні дасягненьняў айчыннай і сусьветнай навукі на практыцы;
  • забесьпячэньне разьвіцьця навукі ў Рэспубліцы Беларусь;
  • стварэньне ўмоваў для разьвіцьця навуковых школ, падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, павышэньня кваліфікацыі навукоўцаў і спэцыялістаў, у тым ліку ў замежных навуковых цэнтрах;
  • ўнясеньне ва ўстаноўленым парадку прапановаў па фінансаваньні навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь;
  • арганізацыя правядзеньня маніторынгу расьліннага сьвету і геафізычнага маніторынгу, правядзеньне маніторынгу жывёльнага сьвету і комплекснага маніторынгу прыродных экалягічных сыстэмаў на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях у рамках Нацыянальнай сыстэмы маніторынгу навакольнага асяродзьдзя ў Рэспубліцы Беларусь, навуковае забесьпячэньне вядзеньня дзяржаўных кадастраў расьліннага і жывёльнага сьвету;
  • правядзеньне адзінай дзяржаўнай палітыкі, каардынацыя і дзяржаўнае рэгуляваньне дзейнасьці арганізацыяў у галіне дасьледаваньня і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах»[1].
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа (2014 г.)
  • Агульны сход. Складаецца з старшыні, сябраў Прэзыдыюма, акадэмікаў, сябраў-карэспандэнтаў, кіраўнікоў навуковых установаў, прадстаўнікоў ведамстваў ды ўнівэрсытэтаў. Склікаецца Прэзыдыюмам двойчы на год. Ухваляе пастановы для выкананьня Прэзыдыюмам, Бюро і навуковымі ўстановамі.
  • Прэзыдыюм. Склад вызначаецца прэзыдэнтам Беларусі. Зацьвярджае правядзеньне навуковых дасьледаваньняў.
  • Бюро. У яго склад уваходзяць старшыня, яго намесьнікі ды галоўны навуковы сакратар акадэміі. Ухваляе гадавы разьлік выдаткаў ды наглядае за яго выкананьнем.

Акадэмія мае 7 аддзяленьняў: 1) фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі; 2) фізыка-тэхнічных навук; 3) хіміі ды навук аб Зямлі; 4) біялягічных навук; 5) мэдыцынскіх навук; 6) гуманітарных навук і мастацтваў; 7) аграрных навук.

На 2018 год Апарат Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўлучаў:

  • 4 галоўныя кіраўніцтвы: 1) навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйна-вытворчай дзейнасьці, 2) плянава-фінансавае, 3) міжнароднай навукова-тэхнічнай супрацы, 4) кадраў і кадравай палітыкі;
  • 5 кіраўніцтваў: 1) навукова-арганізацыйнай, аналітычнай і прававой працы, 2) бухгальтарскага ўліку і справаздачнасьці, 3) арганізацыйнае, 4) маёмасных дачыненьняў, 5) інвэстыцыйнай дзейнасьці і адміністрацыйна-сацыяльных пытаньняў;
  • 2 аддзелы: 1) кантрольна-рэвізійны, 2) касьмічнай дзейнасьці[3].
Пётар Клімук — ганаровы сябра Акадэміі

Паводле 2-га артыкула закону «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» 1998 году, «Акадэмія навук аб’ядноўвае ў сваім складзе правадзейных сябраў (акадэмікаў), сябраў-карэспандэнтаў Акадэміі навук, іншых сябраў Агульнага сходу Акадэміі навук, ганаровых і замежных сябраў Акадэміі навук». Згодна з 5-м артыкулам Закону, «Акадэмія навук мае права прысвойваць наступныя навуковыя званьні: правадзейны сябра (акадэмік) Акадэміі навук; сябар-карэспандэнт Акадэміі навук. Прысваеньне акадэмічных навуковых званьняў ажыцьцяўляецца па выніках выбараў, якія праводзяцца ў адпаведнасьці са Статутам Акадэміі навук. Правадзейным сябрам (акадэмікам) і сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук, а таксама пэнсіянэрам, якія маюць згаданыя званьні, усталёўваюцца штомесячныя даплаты за акадэмічныя навуковыя званьні, парадак прызначэньня і памер якіх вызначаюцца заканадаўствам»[1].

Паводле 10-га артыкула Закону, «Сябрамі Акадэміі навук зьяўляюцца правадзейныя сябры (акадэмікі), сябры-карэспандэнты, ганаровыя і замежныя сябры Акадэміі навук. Правадзейнымі сябрамі (акадэмікамі) могуць быць выбраныя вядомыя навукоўцы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўнесьлі вялікі ўклад у разьвіцьцё навукі і ўзбагацілі яе працамі першараднай навуковай значнасьці». Сябрамі-карэспандэнтамі — «грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўнесьлі значны ўклад у разьвіцьцё навукі і ўзбагацілі яе працамі буйной навуковай значнасьці». Ганаровымі сябрамі Акадэміі навук — «грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўнесьлі вялікі ўклад у разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, культуры, адукацыі і дзяржаўнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне, якія ўнесьлі значны асабісты ўклад у разьвіцьцё навукі і тэхнікі Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць утварэньню і рэалізацыі міжнародных навукова-тэхнічных праектаў. Замежнымі сябрамі Акадэміі навук выбіраюцца замежныя навукоўцы, якія ўнесьлі буйны ўклад у разьвіцьцё сусьветнай навукі. Правадзейныя сябры (акадэмікі) і Сябры-карэспандэнты маюць права на наданьне ім Акадэміяй навук умоваў, патрэбных для правядзеньня навуковых працаў, якія імі асабіста ажыцьцяўляюцца або арганізуюцца і ўхваленыя адпаведным аддзяленьнем Акадэміі навук». Пагатоў «Колькасьць правадзейных сябраў (акадэмікаў) і сябраў-карэспандэнтаў Акадэміі навук усталёўваецца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь»[1].

Жарэс Алфёраў — замежны сябра Акадэміі

Згодна з Указам прэзыдэнта ад 3 лютага 2003 г. № 56 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі магла ўлучаць да 100 акадэмікаў і 145 сябраў-карэспандэнтаў. На 2018 год Акадэмія навук налічвала 88 акадэмікаў, 128 сябраў-карэспандэнтаў (54%), 4 ганаровыя і 16 замежных сябраў[2]. Ганаровымі сябрамі былі: народны мастак Беларусі Віктар Грамыка (2000), кандыдат філялягічных навук Васіль Зуёнак (2000), касманаўт Пётар Клімук (2017) і Ю.М. Хамід. Замежнымі сябрамі былі:

На 2018 год Нацыянальная акадэмія навук улучала 115 установаў:

Гэтыя ўстановы замацоўваліся за Аддзяленьнямі Акадэміі:

Інстытут ільну (вёска Вусьце, Аршанскі раён)

У 2012 годзе навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдалі найменьняў 536 кніг і брашураў, зь іх 178 манаграфіяў агульным накладам звыш 51 000 асобнікаў (287 асобнікаў у сярэднім на манаграфію). Таксама навукоўцы апублікавалі звыш 10 100 навуковых артыкулаў і тэзісаў дакладаў. За 2012 год акадэмічнае выдавецтва «Беларуская навука» выдала каля 250 найменьняў кніг і нумароў часопісаў. На 2015 год Акадэмія навук выдавала звыш 50 навуковых часопісаў, бюлетэняў і (25) зборнікаў. Галоўнымі выданьнямі Акадэміі былі часопісы «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і «Весьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», якія выдаваліся ў 7 сэрыях: аграрных, біялягічных, гуманітарных, мэдычных, фізыка-матэматычных, фізыка-тэхнічных і хімічных навук. Астатнімі 24 часопісамі былі: «Аграрная эканоміка», «Асоба. Культура. Грамадзтва», «Весьнік Фонду фундамэнтальных дасьледаваньняў», «Вылічальныя мэтады ў дастасоўнай матэматыцы», «Глебазнаўства і аграхімія», «Дыфэрэнцыйныя раўнаньні», «Земляробства і ахова расьлінаў», «Інжынэрна-фізычны часопіс», «Інфарматыка», «Літасфэра», «Мэліярацыя», «Матэрыялы. Тэхналёгіі. Інструмэнты», «Мэханіка машынаў, мэханізмаў і матэрыялаў», «Навіны мэдыка-біялягічных навук», «Навука і інавацыі», «Нелінейныя зьявы ў складаных сыстэмах», «Неразбуральны кантроль і дыягностыка», «Працы Інстытута матэматыкі», «Прыродныя рэсурсы», «Харчовая прамысловасьць: навука і тэхналёгіі», «Церце і знос», «Часопіс дастасоўнай спэктраскапіі», «Экалёгія і жывёльны сьвет» і «Эпізааталёгія, імунабіялёгія, фармакалёгія, санітарыя». Сярод 25 зборнікаў навуковых працаў па-беларуску выходзілі 7: «Беларуская дыялекталёгія. Матэрыялы і дасьледаваньні», «Беларуская лінгвістыка», «Беларускі фальклёр. Матэрыялы і дасьледаваньні», «Гістарычна-археалягічны зборнік», «Матэрыялы па археалёгіі Беларусі», «Мэтрыкіяна» і «Пытаньні мастацтвазнаўства, этналёгіі і фалькларыстыкі»[17].

На 2018 год Нацыянальная акадэмія навук прысуджала наступныя ўзнагароды:

  • залаты мэдаль «За вялікі ўклад у разьвіцьцё навукі»;
  • ганаровая грамата Акадэміі;
  • падзяка старшыні Акадэміі[18];
  • прэмія Купрэвіча (з 1993 году, 7 узнагародаў па 250 базавых велічыняў кожная) — 3 у галіне фізыкі, матэматыкі, інфарматыкі, фізыка-тэхнічных і тэхнічных навук, яшчэ 3 у галіне біялёгіі, хіміі, мэдыцыны, аграрных навук і навук аб Зямлі і 1 ў галіне гуманітарных і грамадзкіх навук[19];
  • прэмія Акадэміяў навук Беларусі, Малдовы і Ўкраіны (з 1996 году, 3 узнагароды аднойчы на 2 гады) — па адной у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных і грамадзкіх навук;
  • прэмія Капцюга (з 1999 году) — за сумесныя дасьледаваньні з Расейскай акадэміяй навук;
  • прэмія Лыкава (з 2003 году, аднойчы на 2 гады) — 150 б.в., уручаецца 20 верасьня за адкрыцьцё ў галіне цепламасаабмену;
  • прэмія Фёдарава (з 2004 году, аднойчы на 3 гады) — 150 б.в., уручаецца 19 чэрвеня за фізыка-матэматычнае адкрыцьцё;
  • беларуска-расейская прэмія (з 2009 году, 3 узнагароды) — па $10 000 у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных і грамадзкіх навук;
  • Алфёраўская прэмія (з 2014 году, 3 узнагароды) — у 3 галінах: 1) фізыка, матэматыка, інфарматыка, фізыка-тэхнічныя і тэхнічныя навукі; 2) біялёгія, хімія, мэдыцына, аграрныя навукі і навукі аб Зямлі; 3) гуманітарныя дасьледаваньні, мэтадалягічна зьвязаныя з прыродазнаўчымі і фізыка-тэхнічнымі дасьледаваньнямі[20].
Усевалад Ігнатоўскі — 1-ы старшыня Акадэміі

30 студзеня 1922 году ў Менску на базе Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР быў заснаваны Інстытут беларускай культуры на чале са Сьцяпанам Некрашэвічам. 13 кастрычніка 1928 году Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР зацьвердзіў Пастанову аб пераўтварэньні Інстытуту беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук (БАН). У сьнежні 1928 году 1-м кіраўніком БАН стаў акадэмік Усевалад Ігнатоўскі. 1 студзеня 1929 году БАН урачыста адкрылі[21]. На дзень адкрыцьця Акадэмія налічвала 128 супрацоўнікаў, зь іх 87 навуковых[22]. У 1932 годзе ў Акадэміі было 14 інстытутаў. Колькасьць супрацоўнікаў складала каля 400 чалавек. У канцы 1929 — 1930-х гадах па надуманых абвінавачаньнях пад савецкія рэпрэсіі ў Беларусі патрапіла звыш 140 супрацоўнікаў БАН, у тым ліку акадэмікі: Гаўрыла Гарэцкі, Павал Горын-Каляда, Аляксандар Дубах, Мікалай Дурнаво, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Уладзімер Пічэта, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч і Мікола Шчакаціхін. З 139 асьпірантаў, якія былі ў 1934, засталося толькі 6 чалавек. Гэта адмоўна адбілася на разьвіцьці навукі ў Беларускай ССР. Найбольш пацярпелі гуманітарныя навукі, дзе поруч са зьнішчэньнем грамадазнаўцаў адрынулі распрацаваную імі мэтадалёгію навукі. У 1930—1950-я гады яе месца занялі гнуткія прынцыпы палітычнай практыкі. У 1936 годзе назву БАН зьмянілі на Акадэмія навук БССР. У 1941 годзе засталося 12 навукова-дасьледчых установаў, зь іх 9 інстытутаў. На 1 студзеня 1941 году АН БССР налічвала каля 750 супрацоўнікаў. Улетку 1941 году частку навукоўцаў вывезьлі ў Расейскую СФСР. На 1 студзеня 1945 году 8 інстытутаў узнавілі дзейнасьць. Агульная колькасьць супрацоўнікаў Акадэміі склала 360 чалавек[22]. Матэрыяльныя страты ад Нямецка-савецкай вайны перавысілі 300 млн савецкіх рублёў. Да 1950 году аднавілі даваенныя навуковыя ўстановы[21].

У 1951 годзе Акадэмія навук БССР налічвала 29 навукова-дасьледчых установаў, зь іх 16 інстытутаў. Агульная колькасьць супрацоўнікаў дасягнула 1234 чалавек, у тым ліку працавалі 33 акадэмікі, 27 сябраў-карэспандэнтаў, 55 прафэсароў і дактароў навук, 165 кандыдатаў навук[22]. Навукова-тэхнічны пераварот 1960—1980-х гадоў абумовіў стварэньне новых фізыка-матэматычных і тэхнічных установаў Акадэміі навук БССР. У 1972 годзе Яўген Канавалаў адкрыў ультрагукавы капілярны эфэкт[21]. Улетку 1973 году супрацоўнікі КДБ дапыталі каля 100 навукоўцаў Акадэміі па падазрэньні ва ўдзеле ў беларускім патрыятычным падпольлі. У выніку цягам 1974—1975 гадоў пад палітычныя звальненьні з АН БССР патрапіла некалькі сябраў «Акадэмічнага асяродка» беларускіх патрыётаў. Сярод іх былі: мовазнавец Алесь Каўрус, геоляг Віктар Лапуць, мастацтвазнаўцы Сьцяпан Місько і Зянон Пазьняк, літаратуразнаўца Мікола Прашковіч, рэдактар энцыкляпэдыі Валянцін Рабкевіч і гісторык Міхась Чарняўскі[23].

У 1975 годзе Афанасі Ахрэм адкрыў рухомасьць падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэньнях. У 1978 годзе Мікалай Барысевіч адкрыў стабілізаваньне-лябілізаваньне электронна-ўзбуджаных шмататамных малекулаў. У 1980 годзе Фёдар Фёдараў адкрыў бакавы зрух промня пры адбіцьці сьвятла[21]. У галіне мэдыцыны навуковыя адкрыцьці зрабілі Веньямін Вацякоў (1986) і Ўладзімер Улашчык (1991). У галіне біяхіміі — В.А. Лапіна (1991)[22]. На 1 студзеня 1991 году ў Акадэміі працавалі 17 093 чалавек, зь іх: 5967 (35%) навуковых работнікаў, 2557 (15%) кандыдатаў навук, 375 дактароў навук, 96 сябраў-карэспандэнтаў і 55 акадэмікаў. Перабудова 2-й паловы 1980-х і гаспадарчы крызіс пачатку 1990-х гадоў прывялі да зьмяншэньня абсягу дасьледаваньняў. У 1991 годзе АН БССР зьмяніла назву на Акадэмія навук Беларусі. На 1 студзеня 1995 году ў Акадэміі навук Беларусі было 11 218 супрацоўнікаў, зь іх: 4747 (42%) навуковых рабонікаў, 2139 (19%) кандыдатаў навук, 444 дактары навук, 99 сябраў-карэспандэнтаў і 65 акадэмікаў. Кіраваньне ажыцьцяўляў Прэзыдыюм. Налічвалася 6 аддзяленьняў, што задзіночвалі навукова-дасьледчыя ўстановы паводле галінаў навукі: 1) фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі — 7 інстытутаў, аддзел аптычных праблемаў інфарматыкі і Вылічальны цэнтар; 2) фізыка-тэхнічных праблемаў машынабудаваньня і энэргетыкі — 10 інстытутаў, інжынэрны цэнтар «Плязматэг», навукова-тэхнічны цэнтар (НТЦ) «Нетрадыцыйная энэргетыка і энэргезьберажэньне», навуковы цэнтар праблемаў мэханікі машынаў і аддзел праблемаў рэсурсазьберажэньня; 3) хімічных і геалягічных навук — 5 інстытутаў, НТЦ «Экасьвет» і хіміка-тэхналягічны цэнтар; 4) біялягічных навук — 7 інстытутаў і Цэнтральны батанічны сад (Менск); 5) гуманітарных навук — 7 інстытутаў і аддзел навуковай інфармацыі; 6) праблемаў мэдыцыны — 2 інстытуты[21].

На 1996 год досьледна-канструктарская база Акадэміі навук Беларусі ўлучала: Цэнтральнае канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленьне з досьледнымі вытворчасьцямі, 12 спэцыялізаваных канструктарскіх бюро з вытворчасьцямі пры інстытутах. У складзе Акадэміі працавалі выдавецка-палігіфічнае вытворчае аб’яднаньне «Беларуская навука», Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, Цэнтральны навуковы архіў і Музэй старажытнабеларускай культуры. Акадэмія выпускала штогоднік «Даклады Акадэміі навук Беларусі», 5 сэрыяў часопісу «Весьці Акадэміі навук Беларусі», часопіс «Дыфэрэнцыйныя раўнаньні», «Інжынэрна-фізычны часопіс», «Часопіс дастасоўнай спрэктраскапіі», часопіс «Церце і знос» і газэту «Навіны Акадэміі навук Беларусі»[21].

15 траўня 1997 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 281 «Аб Нацыянальнай акадэміі наук Беларусі», паводле якой зьмяніў назву Акадэміі. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7, паводле якога ўлучыў у склад НАН Беларусі: Беларускі рэспубліканскі фонд фундамэнтальных дасьледаваньняў і 2 Беларускія дзяржаўныя навукова-вытворчыя канцэрны — 1) міжгаліновага машына- і прыборабудаваньня, 2) парашковай мэталюргіі[22]. Таксама паводле Дэкрэту № 7, у 2002 годзе Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь была ўключаная ў склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, утварыўшы аддзяленьне аграрных навук[16]. У 2003—2007 гадах зь Інстытуту гісторыі НАН Беларусі паводле палітычнага матыву звольнілі гісторыкаў, якія дасьледавалі сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі і ўтварылі Аб’яднаньне незалежных гісторыкаў. У прыватнасьці пад звальненьні патрапілі: Ніна Стужынская, Тацяна Процька, Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў, Сяргей Тарасаў і Яўген Анішчанка[24].

У 2010 годзе каштарыс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі склаў 312 млрд рублёў[25] ($104 млн[26]). На кастрычнік 2012 году ў Акадэміі навук Беларусі працавала больш за 16 тысячаў дасьледнікаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслуговага пэрсаналу. Сярод іх больш за 2500 дактароў і кандыдатаў навук[27]. На жнівень 2013 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі мела ў падпарадкаваньні звыш 120 вытворчых, грамадзкіх і навуковых установаў. З агульнага ліку звыш 18 000 супрацоўнікаў траціну (6000) складалі дасьледнікі[28].

Галоўны будынак Акадэміі Навук, Менск

Будынак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Менску — помнік архітэктуры міжваеннага пэрыяду аўтарства Георгія Лаўрова і Ёсіфа Лянгбарда.

У 1935 годзе Лянгбарду даручаюць дапрацаваць распрацаваны Лаўровым праект Акадэміі навук. Дагэтуль ўжо былі пачатыя працы па будаўніцтве двух асобных будынкаў галоўнага корпусу. Апошнія Лянгбард злучыў агульным вэстыбюлем і вонкавай падвоенай калянадаю. Будаўніцтва было скончанае ў 1939 годзе. У будынку зьмясьціўся Прэзыдыюм і архіў Акадэміі навук, інстытуты эканомікі, гісторыі, літаратуры і мовы.

У часе нямецкай акупацыі ў гмаху была разьмешчаная буйная вайсковая частка вэрмахту. З навуковага абсталяваньня і бібліятэкі нічога не было эвакуяванае і было зьнішчанае.

Зь вяртаньнем у Менск савецкай улады пачалося аднаўленьне збудаваньня, якое скончылася ў 1949 годзе.

  1. Усевалад Ігнатоўскі (сьнежань 1928 — студзень 1931)
  2. Павал Горын-Каляда (люты 1931 — люты 1936)
  3. Іван Сурта (люты 1936 — сьнежань 1937)
  4. Канстанцін Гораў (люты 1938 — красавік 1947)
  5. Антон Жэбрак (травень 1947 — кастрычнік 1947)
  6. Мікалай Грашчанкаў (лістапад 1947 — сакавік 1951)
  7. Васіль Купрэвіч (студзень 1952 — сакавік 1969)
  8. Мікалай Барысевіч (травень 1969 — сакавік 1987)
  9. Уладзімер Платонаў (сакавік 1987 — красавік 1992)[21]
  10. Леанід Сушчэня (красавік 1992 — травень 1997)
  11. Аляксандар Вайтовіч (травень 1997 — студзень 2001)
  12. Міхаіл Мясьніковіч (кастрычнік 2001 — сьнежань 2010)
  13. Анатоль Русецкі (сьнежань 2010 — кастрычнік 2012)[29]
  14. Уладзімер Гусакоў (з кастрычніка 2012)

Беларускі палітык і мастацтвазнаўца Зянон Пазьняк крытыкуе Нацыянальную акадэмію навук Беларусі за стварэньне бюракратычнай вэртыкалі, падпарадкаванай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, ліквідацыю шэрагу навукова-дасьледчых інстытутаў (у прыватнасьці навукова-дасьледчага Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы), асяродкаў, дасьледніцкіх тэмаў і кірункаў, скасаваньне акадэмічнай аўтаноміі, выбарнасьці, самастойнасьці інстытутаў[30]. Беларускі мовазнаўца Юрась Пацюпа крытыкуе моўныя прадукты НАНБ (асабліва тэрміналягічныя слоўнікі) за наўмыснае зьнішчэньне беларускай мовы шляхам яе зьбядненьня і набліжэньня да расейскай мовы[31], тым часам мовазнаўца Зьміцер Саўка ў якасьці пацьверджаньня ня надта якаснай працы ўстановы прыводзіць той факт, што ў слоўніках, якія выдавала НАНБ, фіксуюцца чатыры варыянты напісаньня назвы места Яганэсбургу[32]. Беларускі гісторык Аляксандар Краўцэвіч паказвае на тое, што выдадзеныя НАНБ гістарычныя энцыкляпэдыі ў значнай ступені — прафанацыя навукі. У іх можна сустрэць шматлікія спрэчныя сьцьвярджэньні, недакладнасьці і памылкі[33].

Таксама мовазнаўцы крытыкуюць Нацыянальную акадэмію навук Беларусі за звод правілаў беларускай мовы, зацьверджаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 году. У 1999 годзе Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі разаслаў на катэдры беларускай мовы ў ВНУ Беларусі праект правапісу Аляксандра Падлужнага. 19 лістапада 1999 году дацэнт катэдры беларускага мовазнаўства БДПУ Алесь Каўрус запярэчыў зацьвярджэньню праекту Падлужнага ў артыкуле «Які ён, «новы правапіс?», які выйшаў у газэце «Літаратура і мастацтва»[34]. У сакавіку 2000 году прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту Павал Сьцяцко ацаніў разьдзел «Правапіс марфэм» наступнай высновай: «Тут нямала штучнага, што замацоўвае разнамоўную трасянку»[35]. 22 сьнежня 2001 году Прэзыдыюм НАНБ ухваліў праект Падлужнага з улікам заўвагаў і прапановаў мовазнаўцаў ВНУ Беларусі. Увесну 2004 году зьявіўся 3-і і апошні праект Падлужнага, які ў 2005 годзе падтрымаў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. У 2006 годзе працоўная група Мінадукацыі на чале з дарадцам міністра Віктарам Іўчанкавым выкрасьліла з праекту раскрытыкаваны Сьцяцком разьдзел «Асабовыя ўласныя імёны і прозьвішчы». 28 жніўня 2006 году кіраўнік Інстытуту мовазнаўства Аляксандар Лукашанец у адказ на пытаньне «Ці змогуць выходзіць газэты, часопісы ці кнігі на клясычным правапісе?» заявіў: «Калі б гэта залежала ад мяне, то я б забараніў ужываньне такога правапісу»[36]. 23 ліпеня 2008 году А. Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» № 420-З, які набыў моц 1 верасьня 2010 году. Паводле 2-га артыкула Закона, «Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца Правіламі беларускай артаграфіі і пунктуацыі, зацьверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сфэрах і выпадках выкарыстаньня пісьмовай беларускай мовы»[37]. У выніку 4 сьнежня 2008 году газэта «Наша ніва», якая дагэтуль выходзіла клясычным правапісам, вымушана перайшла на наркамаўку, каб працягваць выдавацца ў Беларусі.

  1. ^ а б в г д А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ад 5 траўня 1998 г. № 159–З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 6 студзеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  2. ^ а б Члены акадэміі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 14 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  3. ^ а б Апарат НАН Беларусі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 14 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  4. ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год» ад 31 сьнежня 2017 г. № 86-З (старонка 45) (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 5 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 5 студзеня 2018 г. Праверана 23 жніўня 2018 г.
  5. ^ а б Афіцыйны вэб-сайт // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 21 сакавіка 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  6. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2003 г. № 56 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (28 сьнежня 2009). Праверана 12 траўня 2011 г.
  7. ^ Ганаровыя і замежныя члены // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 24 лютага 2016 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  8. ^ Нацыянальная акадэмія навук Беларусі абрала 6 замежных сябраў (анг.) // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 лістапада 2017 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  9. ^ Арганізацыі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 26 ліпеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  10. ^ Аддзяленьне фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 12 траўня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  11. ^ Аддзяленьне фізыка-тэхнічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 12 траўня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  12. ^ Аддзяленьне хіміі і навук аб Зямлі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 6 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  13. ^ Аддзяленьне біялягічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 14 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  14. ^ Аддзяленьне мэдычных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 25 ліпеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  15. ^ Аддзяленьне гуманітарных навук і мастацтваў // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 18 траўня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  16. ^ а б Аддзяленьне аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 14 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  17. ^ Выданьні акадэміі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 6 жніўня 2015 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  18. ^ Узнагароды акадэміі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 4 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  19. ^ Палажэньне аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 23 лютага 2017 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  20. ^ Прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 5 студзеня 2018 г. Праверана 2 жніўня 2018 г.
  21. ^ а б в г д е ё Вячаслаў Шчэрбін. Акадэмія навук Беларусі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 180-182. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  22. ^ а б в г д Гістарычная даведка // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 12 ліпеня 2015 г. Праверана 23 жніўня 2018 г.
  23. ^ Міхась Чарняўскі. Акадэмічны асяродак // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі, 1956-1991 : пэрсанажы і кантэкст : даведнік / рэд. Алег Дзярновіч. — Менск: Архіў найноўшае гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1
  24. ^ За ўдзел ў грамадзкім аб’яднаньні незалежных гісторыкаў пагражае звальненьне // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 21 сакавіка 2007 г. Праверана 30 жніўня 2018 г.
  25. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 30 красавіка 2011 г.
  26. ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэднегадавое цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 30 красавіка 2011 г.
  27. ^ А. Успенскі. Трансфер технологий в Республике Беларусь: состояние, проблемы и перспективы Даклад на Міжнародным семінары «Трансфер інавацыйных техналёгій» (23-24 красавіка 2012 г., Баку)
  28. ^ Структура навуковай сфэры павінна адпавядаць інтарэсам і патрэбам краіны // Зьвязда : газэта. — 6 жніўня 2013. — № 144 (27509). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  29. ^ Старшыні НАН Беларусі з 1928 году // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 12 ліпеня 2015 г. Праверана 23 жніўня 2018 г.
  30. ^ Зянон Пазьняк. Чарговыя крокі антыбеларускага рэжыму па ліквідацыі беларускай навукі // Партал «Беларуская салідарнасьць», 1 сьнежня 2007 г. Архіўная копія ад 1 сьнежня 2007 г. Праверана 11 верасьня 2018 г.
  31. ^ Юры Пацюпа. Правапісны сымптом моўнай хваробы // Архэ-Пачатак : часопіс. — 2007. — № 11 (62). — С. 49-60. — ISSN 1392-9682.
  32. ^ Кастусь Лашкевіч, Марына Шкілёнак. Мовазнаўцы: Ад такога закона аб правапісе настаўнікі і дзеці хапаюцца за галаву // Tut.by, 9 верасьня 2010 г. Архіўная копія ад 2011 г. Праверана 11 верасьня 2018 г.
  33. ^ «Гедымін» перамог «Гедзіміна» // Радыё «Свабода», 24 жніўня 2018 г. Праверана 11 верасьня 2018 г.
  34. ^ Саўка З. Вярблюд на трасянцы // Архэ-Пачатак : часопіс. — 2007. — № 1—2 (53). — С. 32-42. — ISSN 1392-9682.
  35. ^ Сьцяцко П. Сучасныя моўныя рэальнасьці і праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі» // Роднае слова : часопіс. — Сакавік 2000. — № 3. — С. 30-34. — ISSN 0234-1360.
  36. ^ Панкавец З. Аляксандар Лукашанец: «Ня ведаю, ці забароняць тарашкевіцу» // Наша Ніва : газэта. — 1 верасьня 2006. — № 32 (486). — С. 9. — ISSN 1819-1614.
  37. ^ Лукашэнка А. Закон Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. № 420-З «Аб Правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» // Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі / Д. Кірылава. — Менск: Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2008. — С. 5. — 144 с. — 20 000 ас. — ISBN 978-985-6488-86-6

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальная акадэмія навук Беларусісховішча мультымэдыйных матэрыялаў