Перайсьці да зьместу

Інстытут генэтыкі і цыталёгіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°54′57″ пн. ш. 27°36′10″ у. д. / 53.91583° пн. ш. 27.60278° у. д. / 53.91583; 27.60278

Інстытут генэтыкі і цыталёгіі
рас. Институт генетики и цитологии

2019 год
Абрэвіятура ІГЦ
Папярэднік Аддзел генэтыкі і цыталёгіі АН БССР
Дата ўтварэньня 13 кастрычніка 1965 (59 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта стварэньне геномных біятэхналёгіяў
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Акадэмічная, д. 27
Сяброўства Міжнароднае таварыства генэтыкі жывёлаў (МТГЖ; Венэндаль, Нідэрлянды)[1], Сетка асяродкаў аквакультуры ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе (СААЦУЭ)[2], Рэспубліканскі цэнтар трансфэру тэхналёгіяў[3]
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўніца Валянціна Лемеш
Намесьніца па навуковай працы Алена Сычова
Намесьніца па інавацыйнай працы Алена Гузенка
Навуковая сакратарка Надзея Рабаконь[3]
Асноўныя асобы Аляксандар Кільчэўскі, Алег Давыдзенка і Галіна Мозгава
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі Нацыянальны каардынацыйны цэнтар біябясьпекі (НКЦБ)
Колькасьць супрацоўнікаў 130 (2018 г.)
Сайт igc.by

Інстытут генэтыкі і цыталёгіі (наркам. Інстытут генетыкі і цыталогіі, анг. Institute of Genetics and Cytology) — навукова-дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1965 году.

На 2018 год напрамкамі дзейнасьці Інстытуту былі: вывучэньне структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў расьлінаў, жывёлаў, мікраарганізмаў і чалавека; генэтычная і вузавая інжынэрыя; распрацоўка генэтычных асноваў адбору расьлінаў, жывёлаў і мікраарганізмаў; стварэньне выніковых геномных біятэхналёгіяў для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту і аховы навакольнага асяродзьдзя; вывучэньне пытаньняў біябясьпекі, захаваньня генэтычных рэсурсаў і нагляд за іх выкарыстаньнем. Ажыцьцяўляўся прыём у асьпірантуру па 3-х спэцыяльнасьцях: генэтыка, малекулярная генэтыка і біятэхналёгія. У дактарантуру прымалі па спэцыяльнасьці генэтыка[3]. На 2018 год у ІГЦ працавала звыш 130 дасьледнікаў, зь іх 2 акадэмікі, 2 чальцы-карэспандэнты, 7 дактароў навук і 40 кандыдатаў навук[4]. З 2005 году Інстытут штогод выдаваў па-расейску зборнік навуковых працаў «Малекулярная і дастасоўная генэтыка» (ISSN 1999-9127)[5]. Міжнародныя дасьледаваньні ажыцьцяўляліся сумесна з 33 установамі з 11 краінаў:

  • 10 установаў з 4 краінаў Азіі — Грузія (Цэнтар экпэрымэнтальнай мэдыцыны імя Івана Бэрыташвілі), Казахстан (3: Эўразійскі нацыянальны ўнівэрсытэт), Таджыкістан (3: Таджыцкі нацыянальны ўнівэрсытэт) і Турэччына (3: Унівэрсытэт Атацюрка);
  • 23 установы з 7 краінаў Эўропы — Баўгарыя (Інстытут расьлінных генэтычных рэсурсаў), Гішпанія (Інстытут мэдычнай геномікі), Польшча (3: Інстытут генэтыкі і сэлекцыі жывёлаў Польскай акадэміі навук), Расея (13: Інстытут малекулярнай біялёгіі Расейскай акадэміі навук), Славенія (Нацыянальны інстытут біялёгіі Славеніі), Украіна (3: Інстытут вузавай біялёгіі і генэтычнай інжынэрыі НАН Украіны) і Эстонія (Эстонскі біяцэнтар)[6].

На 2018 год Інстытут генэтыкі і цыталёгіі ўлучаў:

  • 10 лябараторыяў — 1) генэтычнай і вузавай інжынэрыі, 2) экалягічнай генэтыкі і біятэхналёгіі, 3) малекулярнай генэтыкі, 4) генэтыкі чалавека, 5) нехрамасомнай спадчыннасьці, 6) генэтыкі жывёлаў, 7) мадэляваньня генэтычных працэсаў, 8) цытагеномікі расьлінаў, 9) генэтыкі бульбы, 10) малекулярных асноваў стабільнасьці геному;
  • 2 Нацыянальныя каардынацыйныя цэнтры — біябясьпекі і генэтычных рэсурсаў;
  • Цэнтар калектыўнага карыстаньня «Геном»;
  • Аддзел навукова-інавацыйнай працы;
  • Рэспубліканскі цэнтар геномных біятэхналёгіяў;
  • Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёлаў, расьлінаў і мікраарганізмаў.

Структурныя падразьдзяленьні: лябараторыі генэтычнай і клетачнай інжынэрыі; экалягічнай генэтыкі і біятэхналёгіі; малекулярнай генэтыкі; генэтыкі чалавека; нехрамасомнай спадчыннасьці; генэтыкі жывёл; мадэляваньня генэтычных працэсаў; цытагеномікі расьлінаў; генэтыкі бульбы; малекулярных асноў стабільнасьці геному; крыякансэрвацыі генэтычных рэсурсаў[3].

Уваход у ІГЦ (2019 г.)

На 2018 год Інстытут генэтыкі і цыталёгіі аказваў наступныя паслугі:

  • аналіз харчовай сыравіны і прадуктаў харчаваньня на ўтрыманьне генэтычна мадыфікаваных інгрыдыентаў (ГМІ);
  • аналізь відавой прыналежнасьці мясных складнікаў;
  • ДНК-пашпартызацыя і ДНК-пазначэньне сельскагаспадарчых расьлінаў, жывёлаў і мікраарганізмаў па гаспадарча-карысных прыкметах;
  • генэтычнае ўсталяваньне відавой прыналежнасьці асятровых;
  • ДНК-выпрабаваньне схільнасьці чалавека да спадчынных захворваньняў;
  • аналіз генаў, адказных за індывідуальныя асаблівасьці чалавека (спартовая пасьпяховасьць і адчувальнасьць да лекаў);
  • аналіз фрагмэнтацыі ДНК народкаў;
  • распрацоўка і ацэнка нарматыўна-прававой базы ў галіне біябясьпекі;
  • правядзеньне сэмінараў і кансультацыяў па пытаньнях бясьпекі генна-інжынэрнай дзейнасьці;
  • садзейнічаньне доступу да генэтычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстаньня выгодаў[3].
Таблічка ІГЦ (2019 г.)

У кастрычніку 1965 году стварылі Інстытут генэтыкі і цыталёгіі (ІГЦ) на аснове Аддзелу генэтыкі і цыталёгіі Акадэміі навук БССР, заснаванага ў 1963 годзе разам з адпаведнай асьпірантурай. У Інстытуце працавалі акадэмікі Антон Жэбрак, Пётар Ракіцкі і Мікалай Турбін, чальцы-карэспандэнты Аляксандар Іпацьеў і Ўладзімер Саўчанка. У 1989 годзе ў Інстытуце зьявілася дактарантура. За савецкім часам дасьледаваньні і распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974, 1984) і прэміяй Камсамолу БССР (1990). На 1998 год у ІГЦ працавалі акадэмікі Мікалай Карцель і Любоў Хатылёва, чалец-карэспандэнт Усавалад Борматаў і 13 дактароў навук. Дзейнічалі: аддзел навуковай інфармацыі і інфарматыкі; сэлекцыйна-генэтычны комплекс, які да 1989 году быў біялягічнай досьледнай станцыяй; 10 лабяраторыяў — 1) малекулярнай генэтыкі, 2) гетэрозісу і генэтыкі колькасных прыкметаў, 3) генэтыкі збожжавых культураў, 4) мутагенэзу, 5) цытагенэтыкі расьлінаў, 6) антымутагенэзу, 7) агульнай цытагенэтыкі, 8) радыяцыйнай генэтыкі, 9) нехрамасомнай спадчыннасьці, 10) генэтыкі фітаімунітэту[7].

Да 1998 году асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў Інстытуту былі: генэтычныя асновы сэлекцыі (гетэрозіс, поліпляідыя, нехрамасомная спадчыннасьць і генэтыка імунітэту), індукаваны і спанданны мутагенэз, антымутагенэз, радыяцыйная генэтыка, генэтычная і вузавая інжынэрыя, матэматычная генэтыка. У выніку дасьледаваньня палепшылі разуменьне гетэрозісу, склалі гіпотэзу ўзаемадзеяньня ядзерных генаў і плязмагенаў пры цытаплязматычнай мужчынскай стэрыльнасьці. Удалося даказаць важкасьць цытаплязматычных спадчынных структураў для ўстойлівасьці расьлінаў да хваробаў, вывучыць генэтычныя заканамернасьці арганізацыі і выяўленьня геномаў расьлінаў. Стварылі арыгінальныя генэтычныя зборы збожжавых, зерне-бабовых культураў і бульбы. Атрымалі гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукровых буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянавалі новыя гатункі цукровых буракоў, соі і цяплічных таматаў. Вынікі дасьледаваньняў пра эколяга-генэтычныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы перадалі ў Дзяржкамчарнобыль[7]. За распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ узнагарроджвалі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (2002), прэміямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1993, 1999, 2001, 2003 і 2011) і прэміяй Капцюга (2007)[8].

  1. ^ Сяброўства ў МТГЖ (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 11 верасьня 2017 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
  2. ^ Сяброўства ў СААЦУЭ (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 5 верасьня 2017 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
  3. ^ а б в г д Арганізацыі Аддзяленьня біялягічных навук (Інстытут генэтыкі і цыталёгіі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2 жніўня 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
  4. ^ Аб інстытуце (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
  5. ^ Зборнік навуковых працаў (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
  6. ^ Нашыя партнэры (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
  7. ^ а б Мікалай Карцель. Інстытут генэтыкі і цыталёгіі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 267. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  8. ^ Галоўная старонка (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
  9. ^ Карцель Мікалай Аляксандравіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 9 лютага 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]