Інстытут мэліярацыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°56′9″ пн. ш. 27°34′44″ у. д. / 53.93583° пн. ш. 27.57889° у. д. / 53.93583; 27.57889

«Інстытут мэліярацыі»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 22 лютага 1910 (114 гадоў таму)
Заснавальнікі Камітэт па справах земскай гаспадаркі Менскай губэрні
Краіна
Разьмяшчэньне Менск, Савецкі раён, вул. Някрасава, д. 39
Ключавыя фігуры Мікалай Вахонін, Аляксандар Анжэнкаў, Тамара Сьвірыдовіч
Галіна сельская гаспадарка
Прадукцыя насеньне бабовых і травы, асушальныя канструкцыі
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Даччыныя кампаніі Віцебская досьледная мэліярацыйная станцыя (в. Багданава, Сеньненскі раён)

«Інстытут мэліярацыі» — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў лютым 1910 году ў якасьці Менскай балотнай досьледнай станцыі.

На 2018 год УП «Інстытут мэліярацыі» ўваходзіла ў склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. Набор у асьпірантуру ажыцьцяўлялі па 2 спэцыяльнасьцях: 1) мэліярацыя, рэкультывацыя і ахова земляў, 2) лугаводзтва, кормавытворчасьць, лекавыя і этэрна-алейныя культуры. «Інстытут мэліярацыі» вырабляў: 1) звышэліты насеньня бабовых і злакавых траваў, 2) закрытыя асушальныя канструкцыі, 3) абсталяваньне дыягностыкі падземных і падводных збудаваньняў, 4) прылады інтэнсіўнага расьлінаводзтва на мэліяраваных землях, у тым ліку тарфяніках; 5) прылады ўзьвядзеньня мэліярацыйных сыстэмаў. На 2018 год Інстытут ажыцьцяўляў навуковае забесьпячэньне выкарыстаньня звыш 45 000 км² сельскагаспадарчых земляў (21,6 % земляў Беларусі), зь іх 29 000 км² асушаных земляў і 30 000 км² сенажацяў і пашы, у тым ліку 16 000 км² асушаных[1].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2018 год УП «Інстытут мэліярацыі» ўлучала:

  • 6 лябараторыяў — 1) удасканаленьня мэліярацыйных сыстэмаў, 2) эксплюатацыі мэліярацыйных сыстэмаў, 3) выкарыстаньня тарфяных комплексаў, 4) выкарыстаньня асушаных мінэральных земляў, 5) маніторынгу і мадэляваньня прыродных сыстэмаў, 6) сенакосаў і пашы на мэліяраваных землях;
  • 3 аддзелы — 1) інфармацыйнай працы, 2) кадраў, 3) прававы;
  • філію «Віцебская досьледная мэліярацыйная станцыя» (в. Багданава, Сеньненскі раён)[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 лютага 1910 году Камітэт па справах земскай гаспадаркі Менскай губэрні зацьвердзіў Пастанову аб стварэньні Менскай балотнай досьледнай станцыі (МБДС). Станцыю ўзначаліў магістар батанікі Аляксандар Флёраў(ru), які быў галоўным адмыслоўцам па культуры балотаў ў Дэпартамэнце земляробства. Флёраў распрацаваў прапановы па мэліярацыі і сельскагаспадарчым асваеньні балотаў Менскай губэрні на падставе лябараторнага аналізу вады і глебы. У 1911 годзе ў якасьці 1-й досьледнай гаспадаркі МБДС выбралі дзялянку Кукуцелка ў маёнтку Лахва (Мазырскі павет; цяпер Лунінецкі раён). Увесну 1912 году палявыя досьледы Флёрава і В.Р. Рыдзігера паказалі рэнтабэльнасьць гідрамэліярацыі. Пазьней у гонар дасьледнікаў назвалі 4 мясцовыя вёскі Манасеева, Рыдзігерава, Флярова і Чарабасава. У сьнежні 1913 годзе кіраўніком МБДС стаў аграном Аляксандар Кірсанаў(ru). Кірсанаў засяродзіўся на 2-й досьледнай балотнай гаспадарцы на Камароўскім балоце плошчай 218 гектараў, што месьцілася на паўночнай ускраіне Менску. У 1912—1917 гадах МБДС выдавала па-расейску часопіс «Балотазнаўства» і Працы МБДС, у якіх публікаваліся батанік Уладзімер Дактуроўскі(be), М.В. Дакукін, прафэсар Аляксандар Дубах, Аляксей Касьцякоў і Мікола Цюленеў(uk). З 1919 году МБДС кіравала некалькімі досьледнымі гаспадаркамі на балотах Беларускай ССР. У 1927—1929 гадах экспэдыцыя пад кіраўніцтвам прафэсара Васіля Вільямса(be) абсьледавала глебы і расьліннасьць на звыш 2000 км² балотаў у Беларускай ССР[2].

У 1930 годзе МБДС аб’ядналі з аддзелам асушэньня і культуры балотаў Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі (БелНДІСЛГ) ва Ўсесаюзны навукова-дасьледчы інстытут балотнай гаспадаркі (УНДІБГ). У Інстытуце адразу зьявілася асьпірантура. УНДІБГ падпарадкавалі Ўсесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук(ru) (УАСГН). За 1930-я гады распрацавалі севазвароты на асушаных балотных глебах і сельскагаспадарчыя машыны для тарфяных глебаў. На пачатку чэрвеня 1941 году Інстытут пераехаў у новы будынак, які 23 чэрвеня згарэў ад пажару, які выклікала трапляньне нямецкай авіябомбы. У 1945 годзе Акадэмія навук БССР стварыла Беларускі навукова-дасьледчы інстытут мэліярацыі і балотнай гаспадаркі (БелНДІМБГ), які ў 1948 годзе перайменавалі ў Інстытут мэліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі (ІМВБГ). 14 лютага 1956 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову аб перадачы ІМВБГ у падпарадкаваньне Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, дзе яго перайменавалі ў БелНДІ мэліярацыі і воднай гаспадаркі. 24 студзеня 1957 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 36 «Аб стварэньні пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі БССР Акадэміі сельскагаспадарчых навук», куды ўвайшоў БелНДІМВГ. 7 сакавіка 1962 году Інстытут вярнулі ў склад Акадэміі навук БССР. У 1965 годзе яго перавялі ў падпарадкаваньне Міністэрства мэліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. У выніку Інстытут зноў трапіў у склад УАСГН. У 1992 годзе яго перайменавалі ў БелНДІ мэліярацыі і лугаводзтва ды ўлучылі ў склад Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (ААНРБ)[3].

У Інстытуце працавалі акадэмікі Іван Лупіновіч(be), Сьцяпан Скарапанаў, Тамара Кулакоўская(be), Анатоль Мурашка і Ўладзіслаў Карлоўскі. Таксама супрацоўнікамі Інстытуту былі сябры-карэспандэнты Андрэй Івіцкі, Рыгор Лашкевіч(be) і Рыгор Афанасік, дактары тэхнічны навук Васа Шабека і П.І. Закрэўскі[3].

На 2000 год асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў у Інстытуце мэліярацыі былі: устойлівае раянаваньне мэліярацыйнага земляробства, распрацоўка спосабаў выніковага выкарыстаньня сенажацяў і пашы, ашчаднага кіраваньня водна-паветраным уплывам на асушаную глебу, стварэньне агульнакраёвай базы зьвестак пра стан прыроднага асяродзьдзя на мэліяраваных землях. У складзе Інстытуту працавалі Пінскі аддзел поймавага лугаводзтва, Пружанская гідроляга-гідрагеаграфічная лябараторыя, Палеская досьледная станцыя мэліярацыйнага земляробства і лугаводзтва, Віцебская досьледна-мэліярацыйная станцыя і досьледная вытворчасьць. Выдаваліся працы Інстытуту «Мэліярацыя пераўвільготненых земляў». На 2000 год у Інстытуце працавалі сябар-карэспандэнт Анатоль Ліхацэвіч, заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь В.М. Кандрацьеў, прафэсар Анатоль Меяроўскі, В.Ц. Клімкоў, І.В. Мінаеў, У.І. Бялкоўскі, С.В. Кулеш і Пётар Ціво[3].

У 2002 годзе БелНДІ мэліярацыі і лугаводзтва ўвайшоў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пасьля далучэньня да яе ААНРБ у якасьці Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. У 2006 годзе А.Лукашэнка падпісаў Указ, паводле якога інстытут пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут мэліярацыі».

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук (Інстытут мэліярацыі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 24 верасьня 2018 г. Праверана 8 кастрычніка 2018 г.
  2. ^ Гісторыя (рас.) // УП «Інстытут мэліярацыі», 2017 г. Праверана 8 кастрычніка 2018 г.
  3. ^ а б в Анатоль Ліхацэвіч. Мэліярацыі і лугаводзтва Беларускі НДІ // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10: Малайзія—Мугаджары. — С. 273. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]