Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°54′49″ пн. ш. 27°36′16″ у. д. / 53.91361° пн. ш. 27.60444° у. д. / 53.91361; 27.60444

Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня
рас. Объединенный институт машиностроения
Абрэвіятура АІМ
Дата ўтварэньня 17 жніўня 1957 (66 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка вырабаў машынабудаваньня
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Акадэмічная, д. 12
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Сяргей Паддубка
Намесьнік па навуковай працы Уладзімер Альгін
Намесьнік па інавацыйнай дзейнасьці Алег Яловы
Навуковы сакратар Аляксандар Каваленка
Асноўныя асобы Пётар Віцязь, Леанід Красьнеўскі і Геральд Маньшын[1]
Кіроўны орган Навуковая рада
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі Беларуская машынавыпрабавальная станцыя (пас. Прывольны, Менскі раён)
Колькасьць супрацоўнікаў 46 дасьледнікаў (2018 г.)
Сайт oim.by
Колішняя назва Інстытут машыназнаўства і аўтаматызацыі (да 1965 г.), Экспэрымэнтральны НДІ машыназнаўства (да 19 кастрычніка 1971 г.), Інстытут праблемаў надзейнасьці і даўгавечнасьці машынаў (да 1991 г.), Інстытут надзейнасьці машынаў (да 2002 г.), Інстытут мэханікі і надзейнасьці машынаў (да 17 траўня 2006 г.)

Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў жніўні 1957 году ў якасьці Інстытуту машыназнаўства і аўтаматызацыі.

На 2019 год АІМ уваходзіў у склад Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАНБ. У асьпірантуру набіралі па 7 спэцыяльнасьцях: 1) дынаміка і трываласьць машынаў, прыбораў і апаратуры, 2) фізыка кандэнсаванага стану, 3) машыназнаўства (сыстэмы прывадаў і дэталі машынаў), 4) тэхналёгія машынабудаваньня, 5) колавыя і вусенічныя машыны, 6) сыстэмы аўтаматызацыі праектаваньня, 7) парашковая мэталюргія і кампазыцыйныя матэрыялы. У дактарантуру набіралі па 5 спэцыяльнасьцях. Інстытут выпускаў па-расейску часопіс «Мэханіка машынаў, мэханізмаў і матэрыялаў» (ISSN 1995-0470) і штогадовы зборнік «Актуальныя пытаньні машыназнаўства» (з 2012 году). АІМ выпрабоўваў і сэртыфікаваў бясьпеку дарожных сродкаў перавозкі, іх абсталяваньне і часткі. Праводзіў кампутарнае праектаваньне і дызайн, віртуальнае, дарожнае, палігоннае і стэндавае выпрабаваньне, распрацоўку аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў і камунальнай тэхнікі, а таксама электрамэханікі і электронікі для іх[2]. Сумесныя распрацоўкі ажыцьцяўляліся з 13 установамі 4 краінаў Азіі — Грузія (1), Казахстан (2), Кітай (9) і Паўднёвая Карэя (1), а таксама з 25 установамі 7 краінаў Эўропы — Аўстрыя (1), Латвія (1), Летува (1), Нямеччына (1), Польшча (2), Расея (17) і Ўкраіна (1)[3].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2019 год Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня ўлучаў палігон выпрабаваньня мабільных машынаў (5 км Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі, д. 23), лябараторыю дасьледаваньня, праектаваньня і выпрабаваньня электрамабіляў і базавых кампанэнтаў, а таксама 8 навуковых асяродкаў:

  • кампутарны машынабудаўнічага профілю;
  • структурных дасьледаваньняў і трыбамэханічных выпрабаваньняў матэрыялаў і вырабаў машынабудаваньня;
  • 2 інжынэрныя — 1) бартавых сыстэмаў кіраваньня мабільнымі машынамі, 2) электрамэханічных і гібрыдных сілавых установак мабільных машынаў;
  • 4 тэхнічныя — 1) кар’ерная тэхнікі, 2) сельскагаспадарчага машынабудаваньня, 3) сэртыфікацыі мабільных машынаў (Менск, вул. П.Броўкі, д. 15, корп. 5), 4) тэхналёгіі машынабудаваньня і тэхналягічнага абсталяваньня[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уваход у АІМ (2019 г.)

17 жніўня 1957 году Савет міністраў Беларускай ССР зацьвердзіў Пастанову № 528 аб стварэньні Інстытуту машыназнаўства і аўтаматызацыі (ІМА) ў складзе Акадэміі навук БССР. У 1963 годзе ІМА перадалі Дзяржаўнаму камітэту машынабудаваньня СССР. У 1965 годзе яго падпарадкавалі Міністэрству станкабудаўнічай і інструмэнтальнай прамысловасьці СССР, дзе той атрымаў назву Экспэрымэнтральны навукова-дасьледчы інстытут машыназнаўства. 30 ліпеня 1971 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 235 аб увядзеньні Экспэрымэнтральнага НДІ машыназнаўства ў склад Акадэміі навук БССР. 19 кастрычніка 1971 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Пастанову № 17 аб перайменаваньні ў Інстытут праблемаў надзейнасьці і даўгавечнасьці машынаў (ІПНДМ). У 1986 годзе распрацоўкі ІПНДМ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. У 1991 годзе ІПНДМ перайменавалі ў Інстытут надзейнасьці машынаў (ІНМ). За савецкім часам у Інстытуце працавалі сябры-карэспандэнты Ніл Дарожкін, Вальфрыд Трэер і Ігар Цітовіч. У 1995 годзе ІНМ стаў правадзейным сябрам Міжнароднай фэдэрацыі тэорыі машынаў і мэханізмаў[4].

На 1998 год ІНМ меў навукова-дасьледчы цэнтар, 14 лябараторыяў, 3 аддзелы, цэнтар сэртыфікацыйных выпрабаваньняў, канструктарскае бюро з досьледнай вытворчасьцю, асьпірантуру, раду па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: павышэньне надзейнасьці і бясьпечнасьці станкоў, аўтамабіляў, трактароў і камбайнаў праз аптымізаваньне іх будовы; распрацоўка прыладаў паскоранага выпрабаваньня і дыягностыкі вырабаў машынабудаваньня. Інстытут надзейнасьці машынаў заснаваў разам зь Беларускай політэхнічнай акадэміяй навуковыя школы: прагназаваньня надзейнасьці машынаў, вібрааховы мэханізмаў, гідраўлічных прыводаў і гідрааўтаматыкі, умацавальных пакрыцьцяў і хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Да 1998 году выдалі 30 манаграфіяў і атрымалі звыш 1100 патэнтаў на канструктарскія распрацоўкі. Распрацавалі электронныя прылады дасьледаваньня будовы матэрыялаў і выпрабавальныя стэнды для дыягностыкі[4].

Таблічка АІМ (2019 г.)

У 2002 годзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ) злучыла ІНМ зь Інстытутам мэханікі машынаў у Інстытут мэханікі і надзейнасьці машынаў (ІМНМ). 17 траўня 2006 году Прэзыдыюм НАНБ зацьвердзіў Пастанову № 45 аб перайменаваньні ІМНМ у Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня (АІМ), у склад якога ўлучылі УП «Белаўтатрактарабудаваньне». У 2012 годзе АІМ пачаў выпускаць штогадовы зборнік навуковых працаў «Актуальныя пытаньні машыназнаўства». 15 студзеня 2015 году Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Загад № 3 аб стварэньні Нацыянальнага тэхнічнага камітэту па стандартызацыі «Надзейнасьць у тэхніцы», кіраваньне якім даручылі АІМ. У склад тэхкамітэту «Надзейнасьць у тэхніцы» таксама ўвайшлі: ААТ «Менскі аўтамабільны завод», ААТ «БелАЗ» (Жодзіна), ААТ «Менскі станкабудаўнічы завод», ААТ «Гомсельмаш» (Гомель), Беларуская машынавыпрабавальная станцыя (БелМВС; пас. Прывольны, Менскі раён), УП «Лябараторыя нармаваньня і ашчаджэньня каштоўных мэталаў і камянёў», Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў (Гомель), Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сэртыфікацыі (БелДзІСС), ААТ «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў»[5]. На кастрычнік 2018 году ў АІМ працавала 2 сябры-карэспандэнты, 17 дактароў і 27 кандыдатаў навук[6].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Навуковая рада (рас.) // Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня, 20 чэрвеня 2018 г. Праверана 23 лютага 2019 г.
  2. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук (Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 8 лістапада 2018 г. Праверана 22 лютага 2019 г.
  3. ^ Міжнародная супраца (рас.) // Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня, 20 чэрвеня 2018 г. Праверана 23 лютага 2019 г.
  4. ^ а б Алег Берасьнеў, Уладзімер Басінюк. Інстытут надзейнасьці машын // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 270. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  5. ^ Тэхнічны камітэт ТК BY 33 «Надзейнасьць у тэхніцы» (рас.) // Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня, 20 чэрвеня 2018 г. Праверана 23 лютага 2019 г.
  6. ^ Агульныя зьвесткі аб інстытуце (рас.) // Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня, 3 кастрычніка 2018 г. Праверана 23 лютага 2019 г.
  7. ^ Гісторыя (рас.) // Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня, 20 чэрвеня 2018 г. Праверана 23 лютага 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]