Перайсьці да зьместу

Беларуская Салідарнасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Беларуская салідарнасьць»)
«Беларуская Салідарнасьць»

Галоўная старонка (17 верасьня 2022 г.)
Слоган Люблю Беларусь
Тып навіновы
Даступныя мовы беларуская, ангельская і польская
Пачатак працы 22 траўня 2000 (24 гады таму)
Камэрцыйны? не
Рэгістрацыя няма
Прадукцыя аналітыка, літаратура, навіны, фатаграфія
Прыбытак няма
Актуальны стан дзейны
Ліцэнзія Усе правы абароненыя
bielarus.net

«Беларуская Салідарнасьць» — сеціўная плятформа Беларускага Адраджэньня, заснаваная ў траўні 2000 году.

На 2022 год вэб-бачына зьмяшчала 9 разьдзелаў: «Навіны» і «Аналітыка», «Актуаліі» і «Курапаты», «Фотаархіў» і «Беларускія Ведамасьці», «Змаганьне за Беларусь» і «Старонкі гісторыі», а таксама «Цікавая літаратура». У красавіку 2017 году на плятформе абнародавалі Народную праграму «Вольная Беларусь»[1]. Зьмест праграмы стаў падставай для дзейнасьці аднайменнага сакратарыяту, заснаванага ў ліпені 2020 году прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

22 траўня 2000 году Ўправа Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ухваліла зварот «Беларуская Салідарнасьць», у якім заклікала да пратэсту супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых аб’ектаў. Зварот быў адказам на паведамленьне А. Лукашэнкі пра намер разьмясьціць у Беларусі 300-тысячнае расейскае войска пасьля таго, як расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін папярэдзіў пра рэакцыю на будучае пашырэньне Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (Бэльгія) на ўсход. У сувязі з гэтым адзначалася: «палітыканы ўзбуджаюць ваенны псыхоз, нацкоўваюць людзей супраць краінаў Захаду, грамадзяне якіх не жадаюць нам зла, якія вязуць нам гуманітарную дапамогу, прымаюць нашых дзяцей, дапамагаюць выратавацца ад чарнобыльскай бяды». Таксама згадвалася, што КХП БНФ сабрала некалькі тысячаў подпісаў пад лістамі аб незаконнасьці Дамовы пра стварэньне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Гэтыя лісты накіравалі ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў (ЗША) і Арганізацыю бясьпекі і супрацы ў Эўропе (Аўстрыя), амбасады ЗША і Вялікабрытаніі. Сярод іншага, Управа КХП БНФ зазначыла, што старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі не пажадаў «зьвярнуцца па дапамогу да грамадзянаў Беларусі дзеля стварэньня тэрытарыяльных ворганаў самакіраваньня і разам зь імі стварыць неабходныя выканаўчыя ворганы», каб правесьці выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі, як «законны парлямант Беларусі». Разам з тым, зьмяшчалася выкрыцьцё дзейнасьці нямецкага дыплямата: «Менская група АБСЭ, якую ўзначальвае дыплямат зь Нямеччыны сп. Ганс-Георг Вік, падштурхоўвае апазыцыю да дыялёгу зь незаконным лукашысцкім рэжымам і да ўдзелу ў арганізаваных рэжымам “выбарах”» у Палату прадстаўнікоў Беларусі у кастрычніку 2000 году[2].

Адначасна КХП БНФ абвясьціла пра ініцыятыву стварэньня плятформы Беларускага Адраджэньня «Беларуская Салідарнасьць» з 8 пунктаў. Зьместам яднаньня прызнавалася Беларуская нацыянальная дзяржава зь бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоня ў якасьці сымбаляў. Галоўнымі абвяшчаліся свабода і незалежнасьць Беларусі. Зазначалася патрэба бараніць дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту ад «агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі». Зьмяшчаўся намер скіроўваць дзеяньні «ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сыстэмы дэмакратычнага існаваньня» народу. Прадугледжвалася, што ўдзельнікаў плятформы «яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ». Таксама абвяшчалася, што сябры плятформы «яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымбаляў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў». Урэшце зьмяшчаўся заклік: «Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце»[3].

Сябрамі плятформы сталі: Кансэрватыўна-хрысьцінская партыя БНФ і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў ЗША, народны пісьменьнік Васіль Быкаў у Фінляндыі і Зянон Пазьняк у ЗША, краязнаўчы партал «Радзіма майго духу» і рух «Грамадзянства БНР», Нацыянальная грамадзкая камісія «Народнае галасаваньне» і газэта «Беларус» у ЗША, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква ў замежжы і парафія сьвятога Язэпа ў Менску, інтэрнэт-бібліятэкі «Беларуская Палічка» і «Камунікат», парталы «Нашыя дзеткі» і «Настаўнік», а таксама навіновы партал «Народныя навіны Віцебска»[4].

Спробы пашкоджаньня сайту

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 верасьня 2010 году пасьля некалькіх разьмеркаваных нападаў дзеля адмовы ў абслузе (РНАА) хакеры зьнішчылі зьмест зьвязаных вэб-бачынаў КХП БНФ, часопісу «Беларускія ведамасьці» і «Курапаты». Пры гэтым, зьмест вэб-сайту «Беларуская салідарнасьць» удалося захаваць[5]. Разам з тым, на 2022 год адсутнічаў зьмест сайту да жніўня 2002 году[6].

  1. ^ Сяргей Навумчык. Пазьняк: Нашай праграмай могуць карыстацца беларускія сілы, якія пяроймуць ўладу пасьля Лукашэнкі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 20 красавіка 2017 г. Праверана 17 верасьня 2022 г.
  2. ^ Зянон Пазьняк, Анатоль Крыварот. Беларуская Салідарнасьць // Зянон Пазьняк, 22 траўня 2000 г. Праверана 17 верасьня 2022 г.
  3. ^ Беларуская Салідарнасьць: плятформа народнага яднаньня // Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, 2000 г. Праверана 17 верасьня 2022 г.
  4. ^ Сябры // Плятформа «Беларуская Салідарнасьць», 2022 г. Праверана 17 верасьня 2022 г.
  5. ^ Зьнішчаны зьмест вэб-сайтаў КХП-БНФ // Беларуская служба Радыё «Свабода», 1 верасьня 2010 г. Праверана 17 верасьня 2022 г.
  6. ^ 2002 (архіў) // Плятформа «Беларуская Салідарнасьць», 29 верасьня 2002 г. Праверана 17 верасьня 2022 г.