Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці
Каардынаты: 53°50′46″ пн. ш. 27°30′39″ у. д. / 53.84611° пн. ш. 27.51083° у. д.
«Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» | |
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 1965 (59 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Савет народнай гаспадаркі Беларускай ССР |
Уласьнікі | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Заводзкі раён, Партызанскі прасп., д. 172[1] |
Ключавыя фігуры | Гардзей Гусакоў, Натальля Фурык[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | бактэрыяльная закваска, біякансэрвант, харчовы дадатак |
Паслугі | выпрабаваньне якасьці і распрацоўка малочных і мясных вырабаў, укараненьне абеззаражваньня абсталяваньня і рэсурсаашчадных прыладаў |
Матчына кампанія | «Навукова-практычны цэнтар харчаваньня» |
«Інстыту́т мя́са-мало́чнай прамысло́васьці» («ІММП») — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаванае ў 1965 годзе ў якасьці Беларускай філіі Ўсесаюзнага навукова дасьледчага інстытуту малочнай прамысловасьці.
На 2022 год уваходзіў у склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ, дзе належаў «Навукова-практычнага цэнтру харчаваньня»[3]. У «ІММП» распрацоўвалі бактэрыяльныя закваскі і вырабы для дзіцячага харчаваньня, малочныя і мясныя вырабы, спосабы ачысткі абсталяваньня і вытворчых памяшканьняў, ашчаджэньня рэсурсаў у малочнай і мясной прамысловасьці. Сярод іншага, выпрабоўвалі бясьпеку і якасьці харчовай сыравіны і вырабаў, стандартызавалі і нармавалі апрацоўку малака і мяса, а таксама распрацоўвалі дзяржаўныя праграмы ў адпаведнай галіне. У асьпірантуру прымаі па 2-х спэцыяльнасьцях: 1) апараты і працэсы харчовай вытворчасьці, 2) тэхналёгія малочных, мясных і рыбных вырабаў і лядоўневай вытворчасьці[4]. Зь 2005 году выпускалі штогадовы Зборнік навуковых працаў «Актуальныя пытаньні перапрацоўкі мясной і малочнай сыравіны»[5].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» ўлучаў:
- 5 аддзелаў — 1) біятэхналёгіяў у складзе досьледнай вытворчасьці і 3-х лябараторыяў: а) мікрабіялягічных дасьледаваньняў і калекцыяў прамысловых мікраарганізмаў, б) дастасоўных біятэхналёгіяў і дзіцячага харчаваньня, в) малекулярна-генэтычных і біяхімічных дасьледаваньня; 2) тэхналёгіяў мясных вырабаў; 3) санітарнай апрацоўкі абсталяваньня і памяшканьняў; 4) стандартызацыі і нармаваньня; 5) маркетынгу;
- 4 лябараторыі — 1) абсталяваньня і тэхналёгіяў малочнакансэрвавай вытворчасьці, 2) тэхналёгіяў натуральнамалочных вырабаў і канцэнтратаў, 3) тэхналёгіяў сыраробства і масларобства, 4) вытворча-выпрабавальную;
- харчовы інавацыйны цэнтар[4].
Вырабы і паслугі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» выпускаў:
- бактэрыяльныя закваскі для малочнай прамысловасьці,
- біякансэрванты для харчовых прадпрыемстваў,
- вырабы для дзіцячага харчаваньня,
- харчовыя дадаткі для мясной прамысловасьці[4].
Сярод іншага, прадпрыемства выконвала:
- распрацоўку і пастаноўку на вытворчасьць малочных і мясных вырабаў,
- стварэньне спосабаў ашчаджэньня рэсурсаў і энэргіі ў харчовай прамысловасьці;
- распрацоўку і ўкараненьне абеззаражваньня абсталяваньня і вытворчых памяшканьняў,
- выпрабаваньне якасьці харчовай сыравіны, малочных і мясных вырабаў[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1965 годзе Савет народнай гаспадаркі Беларускай ССР ухваліў Распараджэньне аб стварэньні Беларускай філіі Ўсесаюзнага навукова дасьледчага інстытуту малочнай прамысловасьці (БФ УНДІМП) Міністэрства мясной і малочнай прамысловасьці СССР. Яе ўтварылі на аснове лябараторыі малочнай прамысловасьці Беларускага НДІ прамысловасьці харчовых тавараў, створанай ў жніўні 1960 году. Да 1979 году ў Беларускай філіі УНДІМП пераважна распрацоўвалі харчаваньне і кармы з абястлушчанага малака, масьлянкі і малочнай сыроваткі. У 1979 годзе пабудавалі досьледны малаказавод і новы будынак Беларускай філіі УНДІМП. У 1980 годзе распрацавалі спосаб вытворчасьці кумысу з каровінага малака, які пачалі вырабляць у Беларускай і Казаскай ССР. Патэнт на вытворчасьць такога кумысу ўлічылі ў Нямеччыне, Францыі і Італіі. У 1982 годзе дазвол на яго вытворчасьць набылі малаказаводы Японіі. На пачатку 1980-х гадоў на абсталяваньні дражджаваньня сыроваткі стварыць вытворчасьць кармоў «Прамікс», «Правілакт» і «Правібел» з казеінавай, малочнай і тварожнай сыроваткі. Да 1986 году атрымалі звыш 50 аўтарскіх пасьведчаньняў і патэнтаў вынаходзтвы. У 1986 годзе Дзяржаўны аграпрамысловы камітэт СССР ухвалі Пастанову аб стварэньні на аснове Беларускай філіі УНДІМП прадпрыемства «Беларусі навукова-дасьледчы і канструктарска-тэхналягічны інстытут мясной і малочнай прамысловасьці» («БелНДКТІММП») Дзяржаўнага аграпрамысловага камітэту БССР[6]. У 1996 годзе Натальля Жабанос вылучыла прабіятычныя штамы біфідабактэрыяў для кісламалочнага лекава-прафілякстычнага напою «Біфідабакт», які прызначаўся для дзіцячага харчаваньня. Пазьней на рынак вывелі кісламалочны напой «Біфітат» для дарослага насельніцтва[7].
На 2000 год «БелНДКТІММП» служыў установай стандартызацыі і засьведчаньня абсталяваньня для малочнай, мясной і птушкаперапрацоўчай прамысловасьці. Асноўнымі кірункамі дзейнасьці былі: стварэньне абсталяваньня для перапрацоўкі малака і мяса, падбор бактэрыяльных заквасак і канцэнтратаў для мяса-малочных заводаў, распрацоўка канструктарскай дакумэнтацыі на выраб узораў абсталяваньня[8]. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленьні дзяржаўнага кіраваньня ў галіне навукі», паводле якога 23 красавіка 2002 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ) зацьвердзіла Загад № 41 аб далучэньні Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь у якасьці Аддзяленьня аграрных навук НАНБ, у тым ліку «БелНДКТІММП». 18 красавіка 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 242 аб далучэньні «БелНДКТІММП» да Навукова-практычнага цэнтру харчаваньня НАНБ. 18 верасьня 2006 году УП «Навукова-практычны цэнтар харчаваньня» Загадам № 10 перайменавала «БелНДКТІММП» у «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці»[6]. У 2007 годзе «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» сумесна зь Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі распрацаваў Праграму перапрацоўкі сыроваткі, у выніку ажыцьцяўленьня якой у Беларусі павысілі яе перапрацоўку да 97 %[9].
1 студзеня 2009 году набылі моц новя дзяржаўныя стандарты Беларусі на малочныя і мясныя вырабы, распрацаваныя ў «Інстытуце мяса-малочнай прамысловасьці». У выніку мяса сталі дастаўляць у крамы ў выглядзе паўфабрыкатаў. Такія паўфабрыкаты дазвалялі пастаўляць зь мяса самак і замарожваць аднойчы. Тэрмін захоўваньня абмежавалі 6-ю месяцамі для ялавічыны і 3-ма — для сьвініны. Таксама сьвініну мелі прадаваць бяз жоўклага шпіку. Таўшчыня падскурнага тлушчу мела складаць да 10 мілімэтраў у бараніне, казьляціне і ялавічыне, да 25 мм — сьвініне. У ялавічным катлетным мясе доля тлушчу магла складаць да 25 %, а ў сьвіным — да 35 %. Паводле новага стандарту, сухая каўбаса мела высьпяваць за 35 дзён без даданьня глютамату натру, паўсухая — да 25 дзён з занясеньнем мікрабіялягічнай спачатнай культуры. Тлустасьць сьмятаны магла складаць ад 10 да 40 % пры наяўнасьці бялку, што сьведчыць пра яе натуральнасьць. Сьмятанным мелі называць выраб пры ўвядзеньні ў сьмятану алею. У стандарт для вяршкоў укаранілі стэрылізаваныя з прыдатнасьцю звыш 25 дзён і апрацаваныя ўльтравысокай тэмпэратурай з прыдатнасьцю звыш 2-х месяцаў. Пастэрызаваныя вяршкі былі прыдатныя 36 гадзінаў. Плаўлены сыр меў зьмяшчаць толькі натуральны тлушч без стабілізатараў кансістэнцыі. Пры дадатньні алею яго называлі сырным плаўленым прадуктам. У стандарт дадалі сухі сыр у выглядзе здробненага парашку для даданьня ў страву. Разам з вэнджанымі зьявіліся пастэрызаваныя і стэрылізаваныя плаўленыя сыры. Пры наяўнасьці прынамсі 75 % сычужнага сыру плаўлены мог насіць назоў сычужнага[10]. У 2011 годзе «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» распрацаваў вырабы для Наваградзкага (Гарадзенская вобласьць) і Пружанскім (Берасьцейская вобласьць) малочных камбінатах. Таксама ў «ІММП» стварылі цэх кісламалочных вырабаў для грудных немаўлятаў і ўчастак бактэрыяльных канцэнтратаў[11].
У траўні 2012 году «Нарачанскі масласырзавод» (Вялейскі раён) пачаў штодня прадаваць па тоне сыру «Ракфорці» зь цьвільлю паводле рэцэптуры «ІММП». Яго цана ў продажы склала ад 126 000 рублёў (15 даляраў) за кг[12]. Такі сыр вясьпяваў каля 60 дзён і вырабляўся з даданьнем цьвілевых грыбоў ракфорцкага пэніцылу[13]. 28 лістапада 2014 году «ІММП» адкрыў цэх глыбоказамарожаных бактэрыяльных канцэнтратаў для закваскі ў сыр, сьмятану і тварог. Глыбокая замарозка складала -195°C. За 2 гады цэх меў закрыць 60 % увозу такіх канцэнтратаў, які ў 2013 годзе дасягнуў вартасьці 150 млрд рублёў (16,7 млн даляраў). Выдаткі на будоўлю цэха склалі 65 млрд рублёў (7,2 млн даляраў) з акупнасьцю за 5 гадоў[14]. Вытворчая магутнасьць цэха складала 40 тонаў бакканцэнтратаў за год[15]. За 2016 год у «ІММП» атрымалі каля 20 новых рэцэптаў малочных вырабаў. На пачатку 2017 году ў лябараторыі «ІММП» стварылі вараную згушчонку на аснове сыроваткі[16].
29 верасьня — 4 кастрычніка 2020 году «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» прадставіў мясное марозіва на міжнароднай выставе «Белагра» ў Футбольным манэжы Менску[17]. У 2020 годзе «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» сумесна з «Навукова-практычным цэнтрам жывёлагадоўлі» распрацаваў біякансэрванты «Біяплант максі-2» і «Біяфлан-фортэ» для зьніжэньня кошту содневага кармленьня каровы і павышэньня яе надою адпаведна[18]. 9 лютага 2021 году ў «ІММП» адчынілі досьледную вытворчасьць нізкабялковых сухіх малочных вырабаў і складнікаў для хворых на фэнілкетанурыю[19]. Кошт такіх вырабаў склаў у 2,5 меней за замежныя адпаведнікі[20]. 9—11 лістапада 2021 году «Маладэчанскі малочны камбінат» (Менская вобласьць) прадставіў на міжнароднай выставе «Харчэкспа» сыр камамбэр, вытворчасьць якога распрацаваў «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці»[21].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- А.А. Сакалоў (з 1965 году)
- Эльвіра Стаўрова (да 1981 году)
- В.Ф. Данілін (1981—1986)
- Анатоль Крукаў (1986—1990)
- Канстанцін Аб’едкаў (1990—1993)
- Анатоль Дзьмітрыеў (1993—2001)
- Мікалай Пракоп’еў (2001—2005)
- Аляксей Меляшчэня (2005 — 4 жніўня 2006)
- Зянон Лоўкіс (4 жніўня 2006 — 2008)[6]
- Аляксей Меляшчэня (2008 — 2020)
- Гардзей Гусакоў (зь 2021 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты (рас.) // УП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці», 2022 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Адміністрацыйна-кіраўнічы пэрсанал (рас.) // УП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці», 2022 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Аддзяленьне аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
- ^ а б в г Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 13 сьнежня 2018 г. Архіўная копія ад 13 чэрвеня 2019 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Выданьні (рас.) // УП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці», 2022 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ а б в Гісторыя (рас.) // УП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці», 2022 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Сьвятлана Протас. Пра што «маўчыць» этыкетка // Зьвязда : газэта. — 17 лютага 2016. — № 30 (28140). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Мясной і малочнай прамысловасьці Беларусі навукова-дасьледчы і канструктарска-тэхналягічны інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — С. 78—79. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
- ^ Сяргей Ручанаў. Забесьпячэньне харчовай бясьпекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі // Зьвязда. — 20 кастрычніка 2021. — № 202 (29571). — С. 1, 4, 5.
- ^ «Народная газэта». Будзь падрыхтаваным // Газэта «Наша ніва», 22 студзеня 2009 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Марына Носава, БелаПАН. У Беларусі пачынаецца вытворчасьць сыру з цьвільлю // Газэта «Наша ніва», 22 сьнежня 2011 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Яўген Варакса, «Анлайнэр». Беларускі сыр з цьвільлю «Ракфорці» зьявіўся ў крамах // Газэта «Наша ніва», 16 траўня 2012 г. Праверана 12 студзеня 2022 г.
- ^ Сьвятлана Бусько, Алена Даўжанок. Якасьць — на здароўе // Зьвязда. — 16 лістапада 2013. — № 216 (27581). — С. 5.
- ^ Пры вытворчасьці малочных прадуктаў будзе выкарыстоўвацца айчынная закваска // Белтэлерадыёкампанія, 28 лістапада 2014 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Працаваць на апярэджаньне // Газэта «Зьвязда», 20 лютага 2014 г. Праверана 12 студзеня 2022 г.
- ^ Сьвятлана Лук’янюк, тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусьветных лідэраў па экспарце малочнай прадукцыі // Белтэлерадыёкампанія, 22 сакавіка 2017 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ На выставе «Белагра-2020» НАН Беларусі дэманструе амаль 240 новых распрацовак і тэхналёгій // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 1 кастрычніка 2020 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Дар’я Шлапакова. Пшаніца для батонаў, свая грэчка і цыбуля-парэй // Зьвязда. — 12 лістапада 2020. — № 221 (29335). — С. 5.
- ^ Навукова-экспэрымэнтальная вытворчасьць сухіх малочных прадуктаў і інгрэдыентаў адкрылася ў НАН // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 9 лютага 2021 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасьці адкрылася новая вытворчасьць // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 10 лютага 2021 г. Праверана 13 студзеня 2022 г.
- ^ Аляксандра Анцэлевіч. Інавацыі ў талерцы // Зьвязда. — 30 лістапада 2021. — № 231 (29600). — С. 8.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каталёгі распрацовак (рас.) // УП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці», 2022 г. Праверана 12 студзеня 2022 г.
- Патэнты, распрацоўка ТНПА для малочнай і мясной прамысловасьці, кармоў на малочнай і мясной асновах (рас.)
- Алена Дзядзюля. Каму сыр зь цьвільлю // Зьвязда : газэта. — 3 сакавіка 2016. — № 30 (28140). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |