Перайсьці да зьместу

Хімія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хімія
Навука
састар. хэмія
Зьвесткі
Падкляса ад фізычная навука[d]
Тэма 788
Прадмет вывучэньня навука пра рэчывы й рэакцыі паміж імі
Пэрыяд заснаваньня XVIII стагодзьдзе
Гісторыя гісторыя хіміі[d]
Асноўныя кірункі хімія арганічная, хімія неарганічная, біяхімія
Цэнтры дасьледаваньняў ва ўсім сьвеце
Хімія ў Вікісховішчы

Хі́мія (састар. хэ́мія[1][2], араб. كيمياء‎) — адна з найважнейшых галінаў прыродазнаўства, навука пра рэчывы, іх уласьцівасьці, склад і структуру, а таксама іх пераўтварэньні ў выніку хімічных рэакцыяў[3]. Паколькі ўсе рэчывы складаюцца з атамаў, якія дзякуючы хімічным сувязям здольныя фармаваць малекулы, то хімія займаецца ў асноўным вывучэньнем узаемадзеяньняў паміж атамамі й малекуламі, атрыманымі ў выніку такіх узаемадзеяньняў. Прадметам хіміі ёсьць хімічныя элемэнты й іхныя злучэньні, а таксама заканамернасьці, якім падпарадкоўваюцца розныя хімічныя рэакцыі. Хімія мае шмат агульнага зь фізыкай і біялёгіяй, па сутнасьці мяжа паміж імі ўмоўная. Хімію часам называюць «цэнтральнай навукай», таму што яна злучае фізыку зь іншымі натуральнымі навукамі, як то геалёгія й біялёгія[4][5].

Этымалёгія слова зьяўляецца даволі спрэчнай. Генэзіс слова можна аднесьці да пэўнай практыкі, вядомай як альхімія, якая практыкуецца на працягу некалькіх тысячагодзьдзяў у розных частках сьвету, асабліва на Блізкім Усходзе.

Сучасная хімія зьяўляецца адной з самых шырокіх дысцыплінаў сярод усіх натуральных навук.

Атамістычная філязофія Дэмакрыта была пазьней прынята Эпікурам

Зародкі хіміі паўсталі яшчэ з часоў зьяўленьня чалавека разумнага. Паколькі чалавек заўсёды так ці інакш меў справу зь хімічнымі рэчывамі, то ягоныя першыя экспэрымэнты з агнём, гарбаваньнем шкураў, падрыхтоўкай ежы можна назваць зачаткамі практычнай хіміі. Паступова практычныя веды назапашваліся, і ў самым пачатку разьвіцьця цывілізацыі людзі ўмелі рыхтаваць некаторыя фарбы, эмалі, атруты й лекі. Спачатку чалавек выкарыстоўваў біялягічныя працэсы, як то закісаньне, гніеньне, але з засваеньнем агню пачаў выкарыстоўваць працэсы гарэньня, сьпяканьня, сплаўленьне. Выкарыстоўваліся акісьляльна-аднаўленчыя рэакцыі, які не назіраюцца ў жывой прыродзе, як то аднаўленьне мэталаў зь іхных злучэньняў.

Такія рамёствы, як то мэталюргія, ганчарства, шкларобства, фарбаваньне, парфумэрыя, касмэтыка дасягнулі значнага разьвіцьця яшчэ да пачатку нашай эры. Напрыклад, склад сучаснага бутэлькавага шкла практычна не адрозьніваецца ад складу шкла, ужывальнага ў 4000 годзе да н. э. у Эгіпце. Не зважаючы на тое, што хімічныя веды старанна хаваліся жрацамі ад неазнаёмленых, яны ўсё роўна павольна пранікалі ў іншыя краіны. Да эўрапейцаў хімічная навука патрапіла галоўным чынам ад арабаў пасьля заваёвы імі Гішпаніі ў 711 годзе. Яны называлі гэтую навуку «альхіміяй», ад іх гэта назва распаўсюдзілася й у астатняй Эўропе.

Вядома, што ў Эгіпце ўжо ў 3000 годзе да н. э. людзі былі здольныя атрымліваць медзь зь ейных злучэньняў, выкарыстоўваючы драўняны вугаль у якасьці аднаўляльніка, а таксама атрымлівалі срэбра й волава. Паступова ў Эгіпце й Мэсапатаміі была разьвіта вытворчасьць бронзы, а ў паўночных краінах — жалеза. Рабіліся таксама тэарэтычныя знаходкі, як то ў Кітаі з XXII стагодзьдзя да н. э. існавала тэорыя аб асноўных элемэнтах. У Мэсапатаміі ўзьнікла ідэя аб супрацьлегласьцях, зь якіх пабудаваны сьвет, як то агонь—вада, цяпло—холад, сухасьць—вільготнасьць і гэтак далей.

У V стагодзьдзі да н. э. у Старажытнай Грэцыі Лэўкіп і Дэмакрыт разьвілі тэорыю аб будове рэчыва з атамаў. Па аналёгіі з будовай ліста яны заключылі, што як гаворка дзеліцца на словы, а словы складаюцца зь літараў, гэтак і ўсе рэчывы складаюцца з пэўных злучэньняў, то бок малекулаў, якія ў сваю чаргу складаюцца зь непадзельных элемэнтаў, то бок атамаў.

У V стагодзьдзі да н. э. Эмпэдокл прапанаваў лічыць асноўнымі элемэнтамі Ваду, Агонь, Паветра й Зямлю. У IV стагодзьдзі да н. э. Плятон разьвіў вучэньне Эмпэдокла, прысвоіўшы кожнаму з гэтых элемэнтаў свой колер і правільную прасторавую фігуру атама, якая вызначае ягоныя ўласьцівасьці. На думку Плятона, менавіта з камбінацыяў гэтых «цаглінак» і быў пабудаваны ўвесь матэрыяльны сьвет. Вучэньне аб чатырох, якія ператвараюцца адзін у аднаго, было успадкавана Арыстотэлем.

Альхімікі ў пошуках філязофскага каменя

Культура Эгіпту, як вядома, валодала добра разьвітымі тэхналёгіямі, што дэманструюць аб'екты й збудаваньні, стварэньне якіх магчыма толькі пры наяўнасьці тэарэтычнай і практычнай базы. Пацьвярджэньне разьвіцьця першасных тэарэтычных ведаў у Эгіпце навука атрымлівала ў апошні час. Тым ня менш, на такое паходжаньне паказвае, у большай ступені традыцыйныя крыніцы альхіміі, мудрагелістага й квяцістага «сымбіёзу» мастацтва й, у пэўнай ступені, хіміі. Сярод такіх крыніцаў у першую чаргу варта адзначыць «Ізумрудны скрыжаль» (лац. Tabula smaragdina) Гермэса Трысмэгіста, як і шэраг іншых трактатаў «Вялікага альхімічнага збору»[6][7].

Меў месца яшчэ ў IV—III стагодзьдзях да н. э. на Ўсходзе, то бок ў Індыі, Кітаі, у арабскім сьвеце, раньні «прататып» альхіміі. У гэты й наступныя пэрыяды былі знойдзены новыя спосабы атрыманьня такіх элемэнтаў, як то ртуць, сера, фосфар, ахарактарызаваны многія солі, ужо былі вядомыя й выкарыстоўваліся азотная кісьля (HNO3) і луг гідраксід натра (NaOH). З раньняга Сярэднявечча атрымлала разьвіцьцё тое, што зараз прынята разумець пад альхіміяй, у якой традыцыйна злучыліся, разам з вышэйназванымі навукападобнымі кампанэнтамі, у сэнсе сучаснага разуменьня метадалёгіі навукі, філязофскія прадстаўленьні эпохі й новыя для таго часу рамесныя навыкі, а таксама магічныя й містычныя прадстаўленьня. Вядомымі альхімікамі таго часу былі Джабір ібн Хаян, Авіцэна й Абу-ар-Разі. Яшчэ ў антычнасьці, дзякуючы інтэнсіўнаму разьвіцьцю гандлю, золата й срэбра сталіся ўсеагульным эквівалентам вырабляемых тавараў. Цяжкасьці, зь якімі зьвязана атрыманне гэтых параўнальна рэдкіх мэталаў, заахвоцілі да спробаў практычнага выкарыстаньня натурфілязофскіх поглядаў Арыстотэля аб пераўтварэньні адных рэчываў у іншыя; ўзьнікненьне вучэньня пра «трансмутацыі», разам з працамі Гермэса Трысмэгіста, традыцыя альхімічнай школы зьвязвана зь ягоным імем. Гэтыя прадстаўленьні зьведалі мала зьменаў да XIV стагодзьдзя[6][7].

У VII стагодзьдзі альхімія пракралася ў Эўропу. У той час, як і на працягу ўсёй гісторыі, у прадстаўнікоў пануючых пластоў грамадзтва асаблівай «папулярнасьцю» карысталіся прадметы раскошы, у асаблівасьці — золата, паколькі менавіта яно зьяўляліся эквівалентам гандлёвай ацэнкі. Альхімікаў, у ліку іншых пытаньняў, працягвалі цікавіць спосабы атрыманьня золата зь іншых мэталаў, а таксама праблемы іхнай апрацоўкі. Разам з тым, да таго часу арабская альхімія стала аддаляцца ад практыкі й страціла свой уплыў. З-за асаблівасьцяў тэхналёгіяў, абумоўленых, у ліку іншага — сыстэмай гермэтычных поглядаў, адрозьненьнем знакавых сыстэмаў, тэрміналёгіі й асабліва карпаратыўнага распаўсюджваньня ведаў «альхімічныя дзействы» разьвіваліся вельмі марудна. Найбольш вядомымі эўрапейскімі альхімікамі лічацца Нікаля Флямэль, Альбэрт Вялікі, Джон Дзі, Роджэр Бэкан і Раймунд Люліюс. Эпоха альхімікаў адзначыла атрыманьне шматлікіх першасных рэчываў, распрацоўку спосабаў іхнага атрыманьня, выдзяленьня й ачысткі. Толькі ў XVI стагодзьдзі з разьвіцьцём розных вытворчасьцей, у тым ліку мэталюргіі, а таксама фармацэўтыкі, абумоўленым узрастаньнем ейнай ролі ў мэдыцыне, пачалі зьяўляцца дасьледчыкі, чыя дзейнасьць выказалася істотнымі пераўтварэньнямі ў гэтай навуцы, якія наблізілі станаўленьне добра асэнсаваных і актуальных практычных мэтадаў гэтай дысцыпліны. Сярод іх, перш за ўсё, варта адзначыць Георгіюса Агрыкалу й Парацэльса[6][7].

  1. ^ Слоўнік фізічнае тэрміналёгіі (праект). Менск: Інбелкульт, 1929, БНТ
  2. ^ Слоўнік хэмічнае тэрміналёгіі (праект). Менск: Інбелкульт, 1927, БНТ
  3. ^ Chemistry (анг.)
  4. ^ Theodore L. Brown, H. Eugene Lemay, Bruce Edward Bursten, H. Lemay. «Chemistry: The Central Science». Prentice Hall; 8 edition (1999). pp 3-4. ISBN 0-13-010310-1
  5. ^ Carsten Reinhardt. «Chemical Sciences in the 20th Century: Bridging Boundaries». Wiley-VCH, 2001. pp. 1-2. ISBN 3-527-30271-9
  6. ^ а б в «Возникновение и развитие химии с древнейших времён до XVIII века». Всеобщая история химии. М.: Наука. 1989.
  7. ^ а б в Рабинович В. Л. «Алхимия как феномен средневековой культуры». М.: Наука. 1979

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]