Інстытут гісторыі НАН Беларусі
Інстытут гісторыі НАНБ | |
![]() Уваход у інстытут (2019 г.) | |
Абрэвіятура | ІГ НАНБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 15 кастрычніка 1929 (90 гадоў таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Месцазнаходжаньне | Менск, Першамайскі раён, вул. Акадэмічная, 1 |
Каардынаты | 53°55′11″ пн. ш. 27°35′54″ у. д. / 53.919625° пн. ш. 27.598332° у. д. |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
дырэктар | Вячаслаў Даніловіч |
вучоны сакратар | Андрэй Салаўянаў |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Колькасьць супрацоўнікаў | 92 |
Сайт | history.by/be |
Колішняя назва | Інстытут гістарычных навук (1929-1931) |
Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — адзін з найстарэйшых інстытутаў НАН Беларусі. Ад 2011 году дырэктар інстытуту — Вячаслаў Даніловіч[1]. У інстытуце праводзіцца дасьледаваньне сацыяльна-эканамічнага, грамадзка-палітычнага, дзяржаўнага, нацыянальнага ды культурнага разьвіцьця Беларусі, у тым ліку дасьледаваньні па спэцыяльных гістарычных дысцыплінах. Супрацоўнікамі інстытуту праводзяцца архэалягічныя дасьледаваньні помнікаў гісторыі Беларусі, распрацоўка праблем гісторыі і тэндэнцый разьвіцьця матэрыяльнай культуры Беларусі[2].
Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Цэнтар гісторыі даіндустрыяльнага грамадзтва (кіраўнік док. гіст. навук Вольга Мікалаеўна Ляўко)
- Цэнтар гісторыі індустрыяльнага грамадзтва (кіраўнік канд. гіст. навук Мікалай Уладзіміравіч Сьмяховіч)
- Цэнтар гісторыі постіндустрыяльнага грамадзтва (кіраўнік док. гіст. навук Уладзімер Іванавіч Кузьменка)
- Цэнтар гісторыі геапалітыкі (загадчык — сябра-кар. НАН Беларусі Аляксандар Аляксандравіч Каваленя)
- Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі (Заг. архівам канд. гіст. навук Марына Ўладзімераўна Глеб)
У інстытуце ёсьць выдавецтва.
Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
15 кастрычніка 1929 г. Прэзыдыюм Беларускай акадэміі навук зацьвердзіў Пастанову аб стварэньні Інстытуту гістарычных навук, які стаў 1-й навукова-дасьледчай установай акадэміі. Першым кіраўніком Інстытуту быў акадэмік Усевалад Ігнатоўскі, які займаў пасаду старшыні Беларускай акадэміі навук. Першапачаткова Інстытут налічваў 9 супрацоўнікаў. З 1931 году стаў называцца Інстытутам гісторыі. Першапачаткова дасьледавалі: Паўстаньне Каліноўскага 1863—1864 гадоў (У.Ігнатоўскі), Кастрычніцкі пераварот 1917 году і станаўленьне Саветаў (Павал Горын-Каляда), вызваленчыя і грамадзкія рухі (Васіль Шчарбакоў), фэадалізм і капіталізм у Беларусі (Дзяніс Дудкоў, Канстантын Кернажыцкі і Антон Ясінскі). За 1929-1941 гг. выдалі 32 манаграфіі[3].
З 1935 г. пачалося напісаньне абагульняльнага дасьледаваньня гісторыі Беларусі, якому замінула беспадстаўнае асуджэньне каля 20 супрацоўнікаў Інстытуту: 6 акадэмікаў П.Горын-Каляда, Станіслаў Матулайціс, Уладзімер Пічэта, Езэкіль Рыўлін (1901—1978), Віталь Сярбента (1895—1980), В.Шчарбакоў, кандыдаты навук К.Кернажыцкі, Аляксандар Ляўданскі. Меншасьць перажыла рэпрэсіі. З пачаткам Нямецка-савецкай вайны ў 1941 г. частка супрацоўнікаў выехала ў тыл. У Чырвоную армію заклікалі кандыдатаў навук Дз.Дудкова і Яфіма Шлосбэрга (1906—1970), мастака Міхаіла Федасеева. Добраахвотнікам пайшоў супрацоўнік Яфрэм Карнейчык (1900—1972). Асьпірант М.Матусевіч кіраваў дывэрсійнай групай у партызанскім атрадзе. Некаторыя загінулі на фронце: А.Калечык і Восіп Лочмель (1907—1942). Бязь вестак прапаў супрацоўнік Эдуард Галубок (1905—1942). У 1944 годзе ў Менскім падпольлі загінуў навуковы сакратар Інстытуту М.Махнач. Нямецкія акупанты вывезьлі археалягічныя калекцыі[3]. Зьніклі картатэка ўліку помнікаў, археалягічная фотатэка і рукапісы неапублікаваных працаў.
У чэрвені 1944 г. Інстытут аднавілі паводле Пастановы АН БССР у складзе 10 супрацоўнікаў. У 1946 годзе ўжо працавалі 2 дактары і 6 кандыдатаў навук, 7 старэйшых і 4 малодшых навуковых супрацоўнікаў. У 1954 і 1961 гадах выйшлі 1-ы і 2-і тамы 2-томніка «Гісторыя Беларусі». У 1972—1975 гг. выйшаў 5-томнік «Гісторыя Беларускай ССР» пад кіраўніцтвам старшыні рэдакцыйнай калегіі Іларыёна Ігнаценкі (1919—2002) і пры ўдзел галоўных рэдактараў тамоў Канстанціна Шабуні (1912—1984), Івана Марчанкі (1923—1997), І.Краўчанкі і Аляксандра Філімонава (1918—2007). У 1982 г. у Берасьці адчынілі музэй гораду высілкамі археолягаў Інстытуту. У 1976—1985 гг. выдалі звыш 150 кніг. На кастрычнік 1999 г. у Інстытуце працавалі 13 дактароў і 52 кандыдаты навук. 1/3 складалі археолягі. У 1985—1998 гг. выдалі звыш 250 кніг. За ўвесь час каля 540 манаграфіяў, зборнікаў і брашураў. У 1990-я: 2-томнік «Нарысы гісторыі Беларусі», 1-я тамы 4-томніка «Археалёгія Беларусі» і 3-томніка «Гісторыя сялянства Беларусі»[3].
Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Усевалад Ігнатоўскі (15 кастрычніка 1929 — 1931)
- Павал Горын-Каляда (1931—1936)
- Васіль Шчарбакоў (1936—1937)
- Мікалай Нікольскі (1937—1953)
- Іван Краўчанка (1953—1965)
- Ніна Каменская (1965—1969)
- Іларыён Ігнаценка (1969—1975)
- Пётар Петрыкаў (1975—1988)
- Міхаіл Касьцюк (1988—1999)
- Мікола Сташкевіч (1999—2004, выканаўца абавязкаў)
- Аляксандар Каваленя (2004—2010)
- Вячаслаў Даніловіч (з 2010 г.)
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Іна Студзінская (3 лютага 2011) У Інстытуце гісторыі — новы дырэктар. Ці будуць перамены?. Радыё Свабода. Праверана 22 лютага 2015 г.
- ^ Национальная Академия наук Беларуси / Под общей редакцией академика П. А. Витязя. — Минск: РУП "Издамельский дом "Белорусская наука", 2009. — С. 33. — 2000 ас.
- ^ а б в Міхаіл Касьцюк. Гісторыяй апантаныя // Зьвязда : газэта. — 15 кастрычніка 1999. — № 196-197 (23797-23798). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў асобах (1929-2008 гг.) = Институт истории Национальной академии наук Беларуси в лицах (1929-2008 гг.): биобиблиогр. справ. / Корзенко Г. В. [и др.]; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск: Белорус. наука, 2008. — 423 с. — 400 ас. — ISBN 978-985-09-0855-4