Інстытут фізыка-арганічнай хіміі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°55′11″ пн. ш. 27°36′7″ у. д. / 53.91972° пн. ш. 27.60194° у. д. / 53.91972; 27.60194

Інстытут фізыка-арганічнай хіміі
рас. Институт физико-органической химии

2019 год
Абрэвіятура ІФАХ
Дата ўтварэньня 18 сьнежня 1929 (94 гады таму)[1]
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка матэрыялаў для аховы здароўя чалавека і навакольнага асяродзьдзя
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 13
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Аляксандар Більдзюкевіч
Намесьнік па навуковай працы Валер Марціновіч
Намесьніца па інавацыйнай працы Тацяна Невар
Навуковая сакратарка Сьвятлана Працэнка
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Сайт ifoch.by
Колішняя назва Інстытут хіміі (да 1959 году)

Інстыту́т фі́зыка-аргані́чнай хі́міі (наркам. Інстытут фізіка-арганічнай хіміі, анг. Institute of Physical Organic Chemistry) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў сьнежні 1929 году ў якасьці Інстытуту хіміі.

На канец 2018 году Інстытут уваходзіў у склад Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі НАНБ. Месьціцца ў Першамайскім раёне Менску па вуліцы Сурганава праз дарогу насупраць Аб’яднанага інстытуту праблемаў інфарматыкі НАНБ. У асьпірантуру і дактарантуру набіралі па 3 спэцыяльнасьцях: 1) арганічная хімія, 2) фізычная хімія, 3) высокамалекулярныя злучэньні. Інстытут аказваў паслугі арганічнага сынтэзу і сынтэзу зьмененых ДНК- і РНК-алігануклеатыдаў. У Інстытуце выпускалі: 1) ахоўныя касьцюмы «Фібан» і хімічна актыўныя валокны, штапель і тканіны зь іянітаў, сарбэнтаў, камплексонаў і каталізатараў; 2) іёнаабменныя пажыўныя глебы «Біяна» для вырошчваньня расьлінаў; 3) мэмбраны «Міфіл» для нанафільтрацыі, первапарацыі і падзелу газаў; 4) лекавыя рэчывы на аснове вытворных амінакісьляў; 5) харчовыя дадаткі; 6) фосфарамідыты і актываваныя этэры флюарэсцэнтных фарбавальнікаў і біялягічна актыўных пазнакаў; 7) хімічныя рэагенты, у тым ліку для сынтэзу алігануклеатыдаў; 8) угнаеньні «Нанаплянт»; 9) біялягічна актыўныя дадаткі «Ніка» для харчаваньня спартоўцаў[2].

Падразьдзяленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На канец 2018 году Інстытут фізыка-арганічнай хіміі ўлучаў лябараторыю фізыка-хімічных мэтадаў дасьледаваньня і 3 аддзелы:

  • высокамалекулярных злучэньняў — 3 лябараторыі: 1) мэмбранных працэсаў, 2) іённага абмену і сорбцыі, 3) сынтэзу і дасьледаваньня ўласьцівасьцяў іёнаабменных валокнаў, а таксама 2 тэматычныя групы: 1) мадыфікацыі прыродных палімэраў, 2) аптычных палярызатараў;
  • лекавых рэчываў — 2 лябараторыі: 1) сынтэзу і дасьледаваньня ўласьцівасьцяў біялягічна актыўных рэчываў, 2) вытворных амінакісьляў, а таксама 2 тэматычныя групы: 1) тэхналёгіі біялягічна актыўных рэчываў, 2) мікрабіялягічнага сынтэзу;
  • арганічнай хіміі — 2 лябараторыі: 1) элемэнтаарганічных злучэньняў, 2) хіміі біякан’югатаў, а таксама тэматычная група хіміі азотазьмяшчальных арганічных рэчываў[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уваход у ІФАХ (2019 г.)

18 сьнежня 1929 году Беларуская акадэмія навук зацьвердзіла Пастанову аб стварэньні Інстытуту хіміі. 3 1936 году Інстыту ўвайшоў у склад Аддзяленьня матэматычных і прыродазнаўчых навук Акадэміі навук БССР. З 1940 оду — у Аддзяленьні тэхнічных навук АН БССР. З 1947 году — у Аддзяленьні фізыка-матэматычных і тэхнічных навук. У 1956 годзе ў Інстытуце правялі дасьледаваньне хімізму і кінэтыкі вадкафазнага аўтаакісьленьня прыродных і сынтэтычных вуглевадародаў і іншых арганічных рэчываў. У выніку дасьледаваньня Савет міністраў БССР пастанавіў стварыць Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод (Віцебская вобласьць), які адчынілі ў 1963 годзе. У 1958 годзе ажыцьцявілі фізыка-хімічнае дасьледаваньне прыродных соляў і іх выкарыстаньня ў народнай гаспадарцы. У выніку ў 1963 годзе стварылі Салігорскі калійны камбінат (Менская вобласьць). 21 лістапада 1958 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР пастанавіў з 1 студзеня 1959 году вылучыць Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі са складу Інстытуту хіміі, які ў сваю чаргу зьмяніў назву на Інстытут фізыка-арганічнай хіміі (ІФАХ). Улетку 1959 году абодва інстытуты ўвайшлі ў склад Аддзяленьня фізыка-матэматычных, хімічных і геалягічных навук АН БССР. 10 студзеня 1974 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Пастанову № 8 аб стварэньні Інстытуту біяарганічнай хіміі (ІБАХ) на аснове Аддзелу біяарганічнай хіміі Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі (ІФАХ), які ўтварылі ў складзе ІФАХ у 1972 годзе. У інстытуце працавалі акадэмікі Апанас Ахрэм, Барыс Ерафееў, Мікалай Казлоў, Канстанцін Караткоў, Сяргей Ліпатаў, Мікалай Міцкевіч, Яраслаў Павушкін, Міхаіл Паўлючэнка, Мікалай Прыляжаеў, Уладзімер Шкатэлаў і Мікалай Ярмоленка. Таксама працавалі сябры-карэспандэнты Юры Альдэкоп, Іван Бардышаў і Пётар Бялькевіч[3].

Таблічка ІФАХ (2019 г.)

У 1993 годзе стварылі Хіміка-тэхналягічны цэнтар Акадэміі навук Беларусі на аснове аддзелу мадэльных установак ІФАХ. У 1998 годзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ўтварыла Інстытут хіміі новых матэрыялаў на аснове Аддзелу кінэтыкі і рэакцыйнай здольнасьці ІФАХ і Хіміка-тэхналягічнага цэнтру НАНБ. На 1998 год у ІФАХ было 4 аддзелы і 1 лябараторыя. Дзейнічала асьпірантура. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: стварэньне мэмбранаў, палімэрных сарбэнтаў і іёнаабменных валокнаў, палімэраў водарашчынальных і тэхнічнага прызначэньня; распрацоўка спосабаў сынтэзу элемэнтаарганічных злучэньняў, ачысткі вады і паветра, спосабаў атрыманьня лекавых рэчываў; каталітычныя сыстэмы на аснове палімэрных валокнаў, вольнарадыкальныя рэакцыі ў кандэнсаванай фазе. У інстытуце распрацавалі: антыблёчную кампазыцыю для вырабу цэляфану; антыстатык «Тэтрамікс»; штучныя глебы для расьлінаў; радыёхімічныя спосабы вырабу заменьнікаў крыві (Рандэкс і Нэарандэкс); спосабы атрыманьня лесахімічных вырабаў (політэрпен, лыжная мазь, садовы вар, клей, бактэрыцыдныя сродкі і рэгулятары росту расьлінаў) і дапаможных матэрыялаў для электроннай і радыёпрамысловасьці (фотарэзыстар, паляроідная стужка, кантрастузмацняльнікі і электравізуалізатар); каталізатары вырабу капраляктаму, элемэнтарнай серы і працэсу рыфромінгу; спосаб вырабу з бульбы рэагенту дэпрэсарту і вылучэньня біялягічна актыўных рэчываў з воднага асяродзьдзя і прадуктаў мікробнага сынтэзу; спосабы сынтэзу бэнзахіналінаў, амінаў, пірыдзінаў, іртутнаарганічных злучэньняў, аліфатычных і гетэрацыклічных полігалягенарганічных злучэньняў, арганічных пэраксыдаў; электрахімічныя спосабы атрыманьня пі-комплексаў пераходных мэталаў. На аснове распрацовак наладзілі выраб мікрафільтрацыйных мэмбранаў і мэмбраннага абсталяваньня, хімічна актыўных тэкстыльных матэрыялаў і фільтрацыйнага абсталяваньня для ачысткі паветра прадпрыемстваў ад атрутных дамешкаў. Асвоілі выпуск лекаў на аснове чыстых амінакісьляў. На 1998 годзе ў ІФАХ працавалі акадэмік Уладзімер Салдатаў, сябры-карэспандэнты Ўладзімер Агабекаў і Мікалай Маер[3].

У 2005 годзе ў Інстытуце стварылі досьледную вытворчасьць такіх харчовых дадаткаў, як цытрат калю, цытрат натру і ляктат вапну, якімі забясьпечылі малаказаводы. Асноўным спажыўцом стала ААТ «Беллакт» (Ваўкавыск, Гарадзенская вобласьць). На прадпрыемстве «Унітэхпрам БДУ» наладзілі выпуск селенамэтыёна для даданьня ў хлеб. У 2007 годзе ІФАХ стаў пераможцам па выніковасьці дзейнасьці сярод навуковых установаў Беларусі. У 2008 годзе Інстытут улучылі ў склад дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднаньня «Хімічныя прадукты і тэхналёгіі».

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пра Інстытут (рас.) // Інстытут фізыка-арганічнай хіміі, 2018 г. Праверана 11 сьнежня 2018 г.
  2. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 15 чэрвеня 2018 г. Праверана 11 сьнежня 2018 г.
  3. ^ а б Людміла Гладкіх. Інстытут фізыка-арганічнай хіміі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 273. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  4. ^ Акадэмік Більдзюкевіч Аляксандар Віктаравіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 12 ліпеня 2015 г. Праверана 11 сьнежня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]