Перайсьці да зьместу

Інстытут хіміі новых матэрыялаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Інстытут хіміі новых матэрыялаў
рас. Институт химии новых материалов
Абрэвіятура ІХНМ
Папярэднік Хіміка-тэхналягічны цэнтар Акадэміі навук Беларусі
Дата ўтварэньня 1998 (26 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка нанаструктурных кампазыцыйных матэрыялаў
Штаб-кватэра Першамайскі раён, вул. Францішка Скарыны, д. 36
Месцазнаходжаньне Менск
Каардынаты 53°56′7″ пн. ш. 27°41′28″ у. д. / 53.93528° пн. ш. 27.69111° у. д. / 53.93528; 27.69111Каардынаты: 53°56′7″ пн. ш. 27°41′28″ у. д. / 53.93528° пн. ш. 27.69111° у. д. / 53.93528; 27.69111
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Аляксандар Рагачоў
Навуковы сакратар Юры Міхайлоўскі
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Колькасьць супрацоўнікаў 83 (2021 год)
Сайт ichnm.by

Інстытут хіміі новых матэрыялаў (анг. Institute of Chemistry of New Materials) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў 1998 годзе.

На 2022 год уваходзіў у склад Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі НАНБ[1]. У ІХНМ распрацоўвалі нанаструктурныя тонкія плёнкі і кампазыцыйны матэрыялы з драўніны і нафты. Дзейнічала асьпірантура па 2-х спэцыяльнасьцях: арганічная хімія і фізычная хімія. Інстытут вырабляў: элемэнты вадкакрышталічных экранаў; прасьветную і паўпрасьветную, адлюстравальную і шырокадыяпазонную паводле тэмпэратуры паляроідную плёнку; змазачна-ахаладжальныя вадкасьці (ЗАВ); фарбавальнікі і люмінатары; біяцыды і палімэрныя матэрыялы для трохвымернага друку[2].

На 2020 год Інстытут хіміі новых матэрыялаў улучаў 2 аддзелы:

У 1998 годзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі заснавала Інстытут хіміі новых матэрыялаў (ІХНМ) на аснове Хіміка-тэхналягічнага цэнтру і аддзелу кінэтыкі і рэакцыйнай здольнасьці Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі. Першым кіраўніком Інстытуту стаў акадэмік Уладзімер Агабекаў. ІХНМ налічваў 83 супрацоўнікі, зь іх 38 дасьледнікаў, у тым ліку доктара навук і 19 кандыдатаў навук. На 1 лістапада 1998 году засталося 73 супрацоўнікі, зь іх 35 дасьледнікаў. Інстытут дзейнічаў у складзе Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі НАНБ[3]. На 2004 году ІХНМ улучаў 7 лябараторыяў, 2 досьледныя дзялянкі і асьпірантуру. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: фізыкахімічныя ўласьцівасьці арганічных злучэньняў паводле структурна-фазавых станаў, атрыманьне і выкарыстаньне новых хімічных матэрыялаў, распрацоўка прамысловых спосабаў іх вырабу[4].

На 2004 год у Інстытуце распрацавалі: правілы кіраваньня хімічнымі рэакцыямі ў тонкіх арганічных плёнках; фізыка-хімічныя асновы стварэньня новых шматслойных танкаплёначных матэрыялаў з зададзенымі электрафізычнымі, аптычнымі і маскавальнымі ўласьцівасьцямі; новыя фота- і электронарэзысты для сухой вакуўмнай літаграфіі; кантрастныя пакрыцьці для прамысловай вытворчасьці вялікіх і звышвялікіх інтэгральных схемаў; высокаадчувальныя арганічныя матэрыялы для нагляднасьці выдарыса пад дзеяньнем бачнага сьвятла, ультрафіялетавага і лазэрнага выпраменьваньня на падложках і для выяўленьня браку (падмікроннага разьдзяленьня) мэталічных вырабаў; утварэньне на цьвёрдай паверхні ўльтратонкіх плёнак ЛэнгмюраБлоджэт і спосабы выяўленьня створаных структураў пры дапамозе сканавальнай тунэльнай і атамна-сілавой мікраскапіі; токаправодную тонкую плёнку для працоўных складнікаў чуйнікаў; тонкія плёнкі з унутраным праводным слоем; адна- і шматмалекулярныя пакрыцьці для вымярэньня электрафізычных уласьцівасьцяў плёнак Лэнгмюра—Блоджэт і люмінісцэнтнага слоя ў біячуйніках; шматслойныя матэрыялы зь фільтрацыяй часьцінак да 10 нанамэтраў, звыштонкія плёнкі для зносаўстойлівасьці прэцызійных дэталяў да церця; плёначныя матэрыялы для ўтварэньня анізатропных эпітаксіяльных структураў тэрманапыленьнем арганічных злучэньняў; вытворчасьць палярызатараў і паляроідных плёнак для вадкакрышталічнага экрану; аптычныя адбельвальныя рэчывы для палімэрных матэрыялаў, люмінэсцэнтныя фарбавальнікі для маркіроўкі вырабаў; змазачна-ахаладжальныя вадкасьці для мэханічнай апрацоўкі дэталяў; тэрмаацьвярджальныя лакі, вадкакрышталічныя матэрыялы для знакасынтэзавальных індыкатараў, сынтэз тэрмастойкіх пераксыдаў, біяцыдных поліалькіленгуанідаў; сынтэз прыродных фітагармонаў для сельскай гаспадаркі (зь Інстытутам біяагранічнай хіміі); сынтэз другасных тэрпэноідных вырабаў на аснове лесахімічнай сыравіны. Стварылі досьледныя вытворчасьці складнікаў вадкакрышталічных дысплэяў. Супрацоўнікі ІХНМ атрымалі 2 Дзяржаўныя прэміі Беларусі[4].

У красавіку 2005 году стварылі групу біялягічна актыўных гетэрацыклічных прадуктаў. У 2005 годзе ў ІХНМ стварылі Навукова-вытворчы цэнтар нафта- і лесахімічных тэхналёгіяў, які працаваў сумесна зь Інстытутуам каталізу Сібірскага аддзяленьня Расейскай акадэміі навук. У 2006 годзе заснавалі Хіміка-тэхналягічны цэнтар малатанажных кампазыцыйных матэрыялаў, які дзейнічаў пры Інстытуце хімічных тэхналёгіяў Хэйлунцзяну ў Кітаі. У 2007 годзе ІХНМ перадалі «Навукова-практычнаму цэнтру матэрыялазнаўства» ў складзе Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАНБ. 1 лістапада 2008 году паводле Пагадненьня аб супрацы з Дэпартамэнтам дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў Беларусі стварылі лябараторыю сродкаў аховы з досьледным участкам матэрыялаў для вырабу каштоўных папераў і плястыкавых картак для УП «Крыптатэх». На заказ «Крыптатэху» распрацавалі і паставілі пігмэнты, люмінафоры і асновы фарбаў на 450 000 даляраў. У 2008 годзе падпісалі кантракты з Навукова-тэхнічным мястэчкам імя карала Абдулазіза (Саудаўская Арабія) на 4,2 млн даляраў аб заказе беларускай распрацоўкі: тэрмаахоўнай вугляроднай матрыцы, угнаеньняў з брасінастэроіднымі гармонамі росту, гнуткай электроннай паперы з аптычнай адрасацыяй, ахоўных пакрыцьцяў для адтулінаў колаў на магістральных нафтавых помпах, біяцыдаў з вытворных полігексамэтыленгуанідзіну. У 2010 годзе лік дасьледнікаў вырас да 70. Таксама ў 2010 годзе стварылі Хіміка-тэхналягічны цэнтар, які супрацоўнічаў зь Інстытутам хіміі прыродных злучэньня Віетнамскай акадэміі навук і тэхналёгіяў. У 2015 годзе на заказ Міністэрства аховы здароўя Беларусі распрацавалі і вырабілі 8 камплектаў імунамагнітных мікрасфэраў «Авідзін». У 2016 годзе ўтварылі лябараторыю прадукцыі малатанажнай хіміі, якая была сумеснай зь Інстытутам хіміі Акадэміі навук Туркмэністану[3].

У траўні 2017 году ІХНМ распрацаваў палімэр для трохвымерных прынтэраў замест АБС-плястыка. Распрацоўка грунтавалася на палімэрах з «Нафтану» і «Магілёўхімвалакна». Таксама сумесна зь Інстытутам цепла- і масаабмену стварылі шырокафарматны 3-вымерны прынтэр, які працаваў пры высокай тэмпэратуры[5]. У 2018 годзе ў Інстытуце стварылі нанакаталізатары з галуазітавых нанатрубак для сынтэзу біяактыўных гетэрацыклічных злучэньняў[6]. У 2019 годзе ў супрацы з загаднікам 2-й катэдры хірургічных хваробаў БДМУ Станіславам Трацьцяком стварылі пэктынавае сіта для перасадкі мэзэнхімальных ствалавых вузаў[7].

У 2020 годзе заснавалі лябараторыю нафтахіміі, якая дзейнічала сумесна з «Волскім навукова-дасьледчым інстытутам вуглевадароднай сыравіны» ў Казані (Расея). У 2020 годзе Інстытут вярнулі ў склад Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі НАНБ. На студзень 2021 году ІХНМ налічваў 83 супрацоўнікі, зь іх 73 займаліся навуковымі распрацоўкамі, уттым ліку 51 дасьледнік: 17 кандыдатаў навук і 5 дацэнтаў, 4 дактары навук і 3 прафэсары, а таксама акадэмік[3].У 2021 годзе навукоўцы Інстытуту стварылі каалінавыя нанатрубкі-каталізатары з алюмасылікатных матэрыялаў[8]. На 2022 год навукоўцы ІХНМ валодалі 64-ма патэнтамі[9].

  1. ^ Аддзяленьне хіміі і навук аб Зямлі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 14 верасьня 2022 г.
  2. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук (Інстытут хіміі новых матэрыялаў) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 8 лістапада 2018 г. Архіўная копія ад 15 чэрвеня 2019 г. Праверана 14 верасьня 2022 г.
  3. ^ а б в г Пра Інстытут (рас.) // Інстытут хіміі новых матэрыялаў, 2022 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  4. ^ а б Тацяна Кенігзберг. Інстытут хіміі новых матэрыялаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 394395. — 473 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  5. ^ Яраслаў Лыскавец. «Друкаваць» будзем сваім // Зьвязда : газэта. — 24 траўня 2017. — № 96 (28460). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ НАН Беларусі назвала топ-10 вынікаў вучоных за 2018 год // Газэта «Зьвязда», 31 сьнежня 2018 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  7. ^ НАН Беларусі назвала топ-10 рэзультатаў вучоных за 2019 год // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 8 студзеня 2020 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  8. ^ Топ-10 вынікаў вучоных за 2021 год вызначыла НАН // БелТА, 31 сьнежня 2021 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  9. ^ Публікацыі і манаграфіі (рас.) // Інстытут хіміі новых матэрыялаў, 2022 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Навіны (рас.) // Інстытут хіміі новых матэрыялаў, 2022 г. Праверана 12 верасьня 2022 г.