Сяргей Вышалескі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Сяргей Мікалаевіч Вышалескі
Вышелесский С.jpg
Нарадзіўся 20 кастрычніка (1 лістапада) 1874
Обаль, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 14 студзеня 1958(1958-01-14) (83 гады)
Масква, СССР
Навуковая сфэра Эпізааталёгія
Альма-матэр Варшаўскі вэтэрынарны інстытут
Навуковая ступень доктар вэтэрынарных навук
Узнагароды і прэміі
Ордэн Леніна
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн «Знак Пашаны»
Сталінская прэмія

Сярге́й Мікала́евіч Вышале́скі (1 лістапада [ст. ст. 20 кастрычніка] 1874, Обаль, цяпер у Віцебскай вобласьці, Беларусь — 14 студзеня 1958, Масква, СССР) — савецкі эпізаатоляг, акадэмік АН БССР (1928), заслужаны дзяяч навукі РСФСР (1940).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў мястэчку Обаль Віцебскай губэрні, скончыў Бранскую гімназію, Віцебскую духоўную сэмінарыю. Паступіў у Варшаўскі ветэрынарны інстытут, адкуль за ўдзел у студэнцкіх рэвалюцыйных выступленьнях быў выключаны з апошняга курсу і высланы ў Бранск[1]. Толькі ў самым канцы навучальнага 1899 году ён атрымаў дазвол здаваць экзамэны экстэрнам. Скончыўшы інстытут, працаваў вэтэрынарным урачом Чэрыкаўскага, Лепельскага, Невельскага паветаў, прымаў удзел у ліквідацыі чумы буйное рагатае жывёлы ў Азэрбайджане.

У 1903—1906 гадах Вышалескі працаваў павятовым вэтэрынарным урачом у Невелі, у 1906—1914 гг. у Пецярбурскай вэтэрынарнай бактэрыялягічнай лябараторыі пры МУС. У 1906—1910 гг. удзельнічаў у ліквідацыі ўспышак сыбірскай язвы ў шматлікіх губэрнях Расейскай імпэрыі. У 1910—1913 гг. прайшоў стажаваньне ў Ляйпцыскім унівэрсытэце, дзе атрымаў ступень доктара вэтэрынарнай мэдыцыны.

З 1914 па 1917 гг. працаваў у вёсцы Вусьць-Цыльма Архангельскай губэрні, дзе займаўся вывучэньнем хвароб паўночных аленяў. У 1919—1921 гг. — у вэтэрынарных лябараторыях у Кіеве і Стаўрапалі, затым дацэнтам у сельгасінстытуце. З 1922 па 1928 гг. у інстытуце экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі (ВІЭВ) у Маскве Вышалескі вывучаў сухоты, сап і іншыя асабліва небясьпечныя інфэкцыі, а ў 1924 годзе стаў прафэсарам эпізааталёгіі Маскоўскага вэтэрынарнага інстытуту. У 1926 годзе знаходзіўся ў навуковай камандзіроўцы ў Нямеччыне і Даніі. У 1927 годзе Вышалескі быў прызначаны дырэктарам ВІЭВ, а ў 1928—1930 гг. быў дырэктарам вэтэрынарна-бактэрыялягічнага інстытуту ў Віцебску і загадчыкам катэдры ў вэтэрынарным інстытуце.

Быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук БССР. У 1931—1933 гг. працаваў у Алма-Атынскім, пасьля ў Маскоўскім навукова-дасьледчым вэтэрынарным інстытуце (1933—1934), з 1934 году загадваў катэдрай эпізааталёгіі Маскоўскага завэтэрынарнага інстытуту і Ваенна-вэтэрынарнай акадэміі Чырвонай Арміі (з 1948 году — Маскоўская вэтэрынарная акадэмія).

С. М. Вышалескі распрацаваў мэтодыку прыгатаваньня сыбіраязвавых вакцынаў на агары, абгрунтаваў і ўкараніў мэтад камбінацыйных прывівак супраць сыбірскай язвы і прапанаваў мэтодыку вакцынаваньня супраць яе паўночных аленяў, высьветліў этыялёгію чумы аленяў, што зрабіла магчымай барацьбу зь ёй, распрацаваў мэтады дыягностыкі і барацьбы з такімі хваробамі, як сухоты, чума і павальнае запаленьне лёгкіх буйное рагатае жывёлы, чума і рожа сьвіняў, колібактэрыёз і парагаручка цялятаў. Разам з Бучневым адкрыў узбуджальніка інфэкцыйнага энцэфаламіяліту коней. Ягоныя працы па вывучэньні сапу коней сталі грунтам для зладжаньня ў СССР мерапрыемстваў па ягонай ліквідацыі. Вышалескі прапанаваў алергічны мэтад дыягностыкі бруцалёзу буйное рагатае жывёлы і комплекс вэтэрынарна-санітарных мерапрыемстваў супраць яго.

Ён апублікаваў блізу 100 навуковых працаў, у тым ліку 2 манаграфіі. Упершыню ў СССР падрыхтаваў падручнік і дапаможнік па эпізааталёгіі.

Асноўныя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Частная эпизоотология. 3 изд. М.: Сельхозгиз, 1954.
  • Причины появления заразных болезней животных. 2 изд. М.: Сельхозгиз, 1959.
  • Избранные труды. М.: Колос, 1977.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сталінская прэмія (1941) за падручнік «Прыватная эпізааталёгія»[2]. Ордэны Леніна, Працоўнага Чырвонага Сьцягу, «Знак Пашаны», мэдалі.

У 1940 годзе уганараваны званьня Заслужаны дзяяч навукі СССР, у 1956 г. абраны ганаровым чальцом Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя Леніна (УАСГНІЛ).

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імем С. М. Вышалескага названая адна з вуліцаў Менску ў мікрараёне Чырвоны Бор, а таксама ў мястэчку Обаль Шумілінскага раёну.

Ягонае імя носіць таксама Рэспубліканскае навукова-дасьледчае даччынае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут экспэрымэнтальнае вэтэрынарыі імя С. М. Вышалескага» НАН Беларусі.

У 1974 г. УАСГНІЛ заснавала залаты мэдаль імя С. М. Вышалескага за выдатныя работы ў галіне агульнай і частковай эпізааталёгіі[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вышалескі Сяргей Мікалаевіч Выдатныя і знакамітыя людзі. ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна». Праверана 28 жніўня 2010 г.
  2. ^ О присуждении Сталинских премий за выдающиеся работы в области науки. Постановление Совета народных комиссаров Союза ССР // Весьнік Акадэміі навук СССР №4, 1941 год = Вестник Академии наук СССР №4, 1941 год.
  3. ^ Акадэмік Вышалескі Сяргей Мікалаевіч Члены Акадэміі / Гістарычная даведка. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Праверана 28 жніўня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вышалескі Сяргей Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: 1997 Т. 4. — С. 329.
  • М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. Вышалескі Сяргей Мікалаевіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы: біяграфічны даведнік. — Віцебск: 2007. — С. 42-43.
  • Вышелесский Сергей Николаевич Рэспубліка Беларусь: энцыклапэдыя ў 6 т. = Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т. / редкол.: Г.П. Пашков [и др.]. — Мн.: 2006 Т. 2. — С. 850-851.
  • Сергей Николаевич Вышелесский // Памяць: гісторыка-дакумэнтальная хроніка Шумілінскага раёну = Память: историко-документальная хроника Шумилинского района / Редкол.: И.П. Шамякин [и др.]. — Мн.: 1985. — С. 512-513.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]