Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°41′42″ пн. ш. 23°47′45″ у. д. / 53.695° пн. ш. 23.79583° у. д. / 53.695; 23.79583

«Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 8 верасьня 1970 (53 гады таму)
Заснавальнікі Акадэмія навук БССР
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Горадня, бульвар Ленінскага камсамолу, д. 50
Ключавыя фігуры Ігар Семяненя, Андрэй Майсяёнак, Віктар Аверын
Галіна сфэра паслугаў
Прадукцыя экстракты лекавых расьлінаў
Паслугі спэктраскапія і храматаграфія біялягічна актыўных рэчываў
Лік супрацоўнікаў
  • 215 чал.
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

«Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў» («ІББАЗ») — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў Горадні ў верасьні 1970 году ў якасьці Аддзелу рэгуляцыі абмену рэчываў.

На 2018 год уваходзіла ў склад Аддзяленьня мэдычных навук НАНБ. Набор у асьпірантуру ажыцьцяўлялі па спэцыяльнасьці біяхімія. «ІББАЗ» аказваў паслугі: 1) распрацоўкі расьлінных лекаў, 2) вылучэньня экстрактаў зь лекавых расьлінаў, 3) ачысткі біялягічна актыўных злучэньняў, 4) вадкасную і газавую храматаграфію і спэктраскапію біялягічна актыўных рэчываў[1].

Падразьдзяленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2018 год УП «Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў» налічвала 4 аддзелы: 1) біяхімічнай фармакалёгіі, 2) біярэгулятараў, 3) вітаміналёгіі і нутрыцэўтыкі, 4) біятэхналёгіі прыродных біялягічна актыўных злучэньняў[1]. Пры «ІББАЗ» працавала філія Рэспубліканскага цэнтру трансфэру тэхналёгіяў.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

8 верасьня 1970 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Загад № 374 аб заснаваньні Аддзелу рэгуляцыі абмену рэчываў у Горадні. Аддзел увайшоў у склад Аддзяленьня хімічных і геалягічных навук АН БССР. Адразу запрацавала асьпірантура. На Аддзел усклалі задачы: 1) вывучэньня малекулярных мэханізмаў каталітычнага ўзьдзеяньня тыаміндыфасфату і ролі вітамінаў у рэгуляцыі абмену рэчываў; 2) дасьледаваньня ўзьдзеяньня антымэтабалітаў вітамінаў, атрыманых шляхам сынтэзу, і прыродных антывітамінных чыньнікаў у мэдыцыне і вэтэрынарыі. 6 верасьня 1985 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 274 «Аб стварэньні Інстытуту біяхіміі Акадэміі навук БССР» на аснове Аддзелу рэгуляцыі абмену рэчываў у Горадні. Паводле Пастановы, на Інстытут біяхіміі ўсклалі: 1) «вывучэньне мэханізму абмену рэчываў на ўзроўні цэлага арганізму, асобных органаў, тканак, вузаў і фэрмэнтатыўных рэакцый і яго рэгуляцыі; 2) карэкцыю парушэньня абмену рэчываў з дапамогай прыродных злучэньняў і іх сынтэтычных аналягаў»[2].

У 1995 годзе Інстытут біяхіміі перавялі ў склад навастворанага Аддзяленьня мэдыка-біялягічных навук Акадэміі навук Беларусі. У 1995 годзе яго дасьледнікаў узнагародзілі прэміяй Акадэміі навук Беларусі. На 1998 год у Інстытуце працавала 10 лябараторыяў: 1) біяхіміі кафэрмэнтаў, 2) біяхіміі эндакрынных залозаў, 3) біяфізыкі, 4) экспэрымэнтальнай гепаталёгіі, 5) аналітычнай біяхіміі, 6) экалягічнай біяхіміі, 7) энзімалёгіі і біятэхналёгіі, 8) марфалёгіі і нэўрахіміі, 9) біяхімічнай фармакалёгіі, 10) біяхіміі сьпіртоў і альдэгідаў. У Інстытуце дасьледавалі: мэтабалізм вітаміну В1 (тыяміну) ва ўмовах гіпэр- і гіпавітамінозу; уласьцівасьці і будову ізаляваных вітаміназалежных фэрмэнтаў; морфабіялёгію кары наднырачнікаў жывёлаў пры стрэсе; малекулярныя мэханізмы дзеяньня цыклю картыкацытаў; мэтабалічныя перадумовы і наступствы ўжываньня алькаголю; біяхімічныя мэханізмы разьвіцьця алькагалізму. Інстытут біяхіміі распрацаваў уласныя спосабы папярэджаньня і лячэньня алькагалізму, выявіў біяхімічныя мэханізмы жыцьцядзейнасьці і накіраванай рэгуляцыі абмену рэчываў у цэнтральнай нэрвовай сыстэме, печані і злаякасных новаўтварэньнях амінакісьлямі і іх вытворнымі. На аснове дасьледаваньняў у Інстытуце біяхіміі распрацавалі адпаведныя лекі, высьветлілі ролю біясынтэзу кафэрмэнту А ва ўтварэньні ўнутрывузавага фонду кафэрмэнту і яго ацыляваных відаў. Таксама дасьледавалі біятрансфармацыю і лекавае ўзьдзеяньне вытворных пантатэнавай кісьлі ды распрацавалі на іх аснове лекі абмену рэчываў. На 1998 год у Інстытуце біяхіміі працавала 12 дактароў навук[2].

У 1999 годзе дасьледнікаў Інстытуту біяхіміі ўзнагародзілі прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ). 8 лістапада 2005 году Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналёгіях Рэспублікі Беларусь адкрыў пры Інстытуце філію Рэспубліканскага цэнтру трансфэру тэхналёгіяў. 12 траўня 2006 году Бюро Прэзыдыюму НАНБ зацьвердзіла Пастанову № 245, паводле якой назву зьмянілі на Інстытут фармакалёгіі і біяхіміі (ІФБ). Пагатоў ІФБ увайшоў у склад Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі НАНБ і атрымаў наступныя задачы: фармацыя і таксыкалёгія чалавека і жывёлаў; распрацоўка і выпрабаваньне лекаў вузавага абмену рэчываў. У 2008 годзе супрацоўнікаў Інстытуту ўзнагародзілі прэміяй НАНБ. У 2009 годзе ІФБ стварыў у Менску ўнітарнае прадпрыемства «Акадэмфарм» для выпуску распрацаваных супрацьпухлінных, мінэральных і мэтабалічных лекаў, а таксама вітамінаў. 30 сьнежня 2011 году «Акадэмфарм» перадалі Інстытуту біяарганічнай хіміі ў Менску. У 2012 годзе ІФБ пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў» («ІББАЗ»), якое 26 верасьня 2013 году ўвайшло ў склад Аддзяленьня мэдычных навук НАНБ. «ІББАЗ» даручылі вытворчасьць лекавых рэчываў, распрацоўку лекаў і біялягічна актыўных дадаткаў (БАД), вывучэньне разьвіцьця хваробаў печані, сардэчна-судзіннай і эндакрыннай сыстэмаў, алькагольнай залежнасьці і хваравітых станаў, зьвязаных зь нястачай незаменных мікраэлемэнтаў і дзеяньнем стрэсу.

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня мэдычных навук (Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 15 кастрычніка 2018 г. Праверана 1 лістапада 2018 г.
  2. ^ а б Віктар Аверын. Інстытут біяхіміі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 267. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3

Вонкавыя крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кантакты (рас.) // УП «Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў», 2018 г. Праверана 1 лістапада 2018 г.