Вусьце (Аршанскі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вусьце
трансьліт. Vuście[a]
Дарожная шыльда на ўезьдзе ў вёску
Дарожная шыльда на ўезьдзе ў вёску
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Аршанскі
Сельсавет: Вусьценскі
Насельніцтва: 783 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 216
Паштовы індэкс: 211003[1]
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°26′7″ пн. ш. 30°22′47″ у. д. / 54.43528° пн. ш. 30.37972° у. д. / 54.43528; 30.37972Каардынаты: 54°26′7″ пн. ш. 30°22′47″ у. д. / 54.43528° пн. ш. 30.37972° у. д. / 54.43528; 30.37972
Вусьце на мапе Беларусі ±
Вусьце
Вусьце
Вусьце
Вусьце
Вусьце
Вусьце
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ву́сьце[2]вёска ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці. Уваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Вусьценскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Архэалягічныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вусьцянскае гарадзішча

За 1,5 км на поўнач ад сучаснай вёскі Вусьце непадалёк ад ракі Дняпро ва ўрочышчы Падгорыца (раней Гарадзец) знаходзіцца Вусьцянскае гарадзішча. Яно займае пляцоўку 50×40 мэтраў. З боку поля мае дугападобны вал вышынёй каля 4 мэтраў, даўжынёй 18—20 мэтраў. Гарадзішча выявіў у 1929 годзе С. А. Дубінскі, абсьледавалі ў 1971 годзе Л. Д. Побаль, у 1981 годзе — М. І. Лашанкоў. У 1990—1991 гадах былі праведзеныя раскопкі. Культурны пласт больш за 1 м, чорнага колеру. Выяўлены наслаеньні ІІ стагодзьдзя і ХІІ стагодзьдзя, выразна падзеленыя пажарышчам.

На гарадзішчы выяўлены жыльлёва-гаспадарчы комплекс з трох жылых пабудоваў і разьмешчаных побач зь імі гаспадарчых ям і агнішчаў. Жытло № 1 слупавой канструкцыі разьмяшчалася на паўднёвым участку гарадзішча. Да яго паўночнай сьценкі прымыкалі дзьве жылыя пабудовы зрубна-слупавой канструкцыі. Усе тры пабудовы зьяўляліся наземнымі прамавугольнымі збудаваньнямі. Памеры пабудоў 3-3,6 х 3,8-4 м. У цэнтры жытла разьмяшчаліся каменныя агнішчы, збудаваныя ў ямах. Такія ж агнішчы разьмяшчаліся за 0,5 м. на поўнач ад жытлаў № 2, 1, 3. З усходу і захаду да жытлаў прымыкалі гаспадарчыя ямы. Тая ж схема забудовы была, відаць, і на паўночным участку. Сьляды пабудоў тут прасачыліся па рэштках агнішчаў аналягічнай вышэйапісанай канструкцыі. Наяўнасьць жыльлёва-гаспадарчых комплексаў на паўднёвым і паўночным участках гарадзішча дазваляе меркаваць, што яно належала абшчыне з трох-чатырох патрыярхальных сем’яў (да 50 чалавек), якія вялі самастойную гаспадарку.

На тэрыторыі гарадзішча былі знойдзены жалезныя страмяно, наверша мяча і адзін выраб незразумелага прызначэньня. У 2007 годзе падчас архэалягічнай выведкі В. Арцюховічам было знойдзена жалезнае колца. 

У керамічным комплексе гарадзішча прадстаўлена ляпная гладкасьценная кераміка жалезнага веку, сярод якой прасочваецца штрыхаваная кераміка позьнезарубінецкай прафіліроўкі, а таксама ганчарная кераміка раньняга сярэднявечча.

[3]

Вусьцянскае гарадзішча знаходзілася непасрэдна на галоўным гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі», які праходзіў па Дзьвіне і Дняпры, таму можна без сумніваў сьцьвярджаць, што тут нярэдка бывалі і мірныя гандляры і вікінгі-рабаўнікі, а жыцьцё было досыць насычаным на падзеі.

Паходжаньне назвы вёскі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле мясцовай легенды, вёску заснавала княгіня Вольга: «па Дняпры калісьці плыла княгіня Вольга і ў гэтай мясцовасьці сышла на бераг, каб адпачыць. Некалькі дружыньнікаў упадабалі гэтае месца і вырашылі тут застацца. Так і ўзьнікла вёска.» Назва ж вёскі паводле той жа легенды тлумачыцца так: «Калі княгіня Вольга плыла па Дняпры, ёй падалося, што яна бачыць мора, і яна загадала спыніцца ў вусьці Дняпра».[4]

За часамі Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пісьмовых крыніцах Вусьце ўпершыню ўзгадваецца ў 1670 годзе ў тэстамэньце Войцеха Цэханскага: «Власную мною набытую маетность Вустье зовиму у повете Оршанскім лежачу с десятю дымами людьми подаными службу есьмо мне чинючими со всельким будынком земле оромо и не оромо сяножатями лесом бором кгаем реками с целым спрентом домовым коньми быдлом рогатым и нерогатым злотом сребром медью и цыною и со всею принадлежностью их Милости Паном сыном моим милым Янови и Станиславови Цэханским записую».

З 1671 году маёнткам Вусьце супольна валодалі браты Ян і Станіслаў Цэханскія. У 1705 годзе яны падзялілі маёнтак на дзьве часткі. Ян атрымаў старую фальваркавую забудову зь пяцьцю дварамі сялян з правага боку маёнтку, зь іх пабудовамі і заараным хлебам, а Станіслаў новую фальваркавую забудову па левым баку маёнтку, зь пяцьцю дварамі сялян і левай часткай зааранага хлеба. Рэшта маёмасьці (скарб, свойская жывёла, птушкі, інвэнтар) падзялялася на дзьве роўныя часткі.

У 1735 годзе Цэханскія (Янаў сын Даніла, і дзеці Станіслава Аляксандар і Гаўрыла) праз Аршанскі павятовы суд пацьвердзілі свае правы на маёнтак.

У 1765 годзе новае пакаленьне Цэханскіх (а гэта ўжо 10 мужчын) апынулася ня ў стане падзяліць між сабою маёнтак Вусьце і таму, параіўшыся, прадаюць яго Антонію Бурскаму за 16 800 злотых.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панскі дом у Вусьці (да нашага часу не захаваўся)

У 1772 годзе, ў сувязі зь першым падзелам Рэчы Паспалітай, Вусьце трапляе ў катэгорыю дзяржаўных земляў Расейскай Імпэрыі. У 1782-1785 гадох маёнтак Вусьце належаў Марыі Міхайлаўне Ваташнёвай. У той час Вусьце ўяўляла сабой сяло з 40 дварамі, у якіх пражывалі 144 мужчыны і 148 жанчын. Таксама меліся панскі двор, млын на адно кола[5]. Агульная плошча маёнтка складала 3781 дзесяціну (1 дзес. = 1,0925 га) у тым ліку 39 дзесяцін пад сялібамі, 3129 дзесяцін пад ральлёй, 393 – пад лесам. Па тых часох маёнтак моцна узараны. У 1797-1806 гадох маёнткам валодала Марыя Дзьмітрыеўна Стурза. У гэты час у самім Вусьці 39 двароў, 139 мужчын і 124 жанчыны.

Алея зь лістоўніц на цэнтральнай вуліцы вёскі

З 1841 году маёнтак зьяўляўся ўласнасьцю Ёсіфа Адамавіча Курча. У 1895 годзе ў ім было 2 млыны і 4 карчмы. Агульная плошча маёнтка скарацілася да 1640 дзесяцін. Зь іх 150 дзесяцін паплавоў, 253 дзесяціны ворыва і 1000 дзесяцін лесу. Гаспадарка Курча мела каля 100 кароў і 20 выязных коней, гадаваліся свіньні, авечкі, птушка. На двары стала працавалі 17 сем'яў парабкаў. Ворыўныя землі і сенакосныя паплавы Курча апрацоўваліся мясцовымі сялянамі, якіх нялёгкае жыцьцё вымушала наймацца на падзённую працу з аплатай ад 15 да 50 капеек у дзень ці арандаваць зямлю на ўмовах “трэцяга снапа” – дзьве трэці ўраджая забіраў пан. Асноўны прыбытак маёнтку прыносіла каровіна масла і садавіна, якія Курч выпраўляў на продаж у Петраград і па Дняпры ў Кіеў. Масла выпрацоўвалася на месцы, а садавіну даваў вялікі панскі сад.[6] На пачатак ХХ ст. вёска Вусьце мела 88 двароў, каля 280 жыхароў і 261 дзесяціну зямлі. Побач зь вёскай знаходзіўся фальварак Вусьце Курчаў – 8 двароў, 94 жыхары, 587 дзесяцін зямлі, у тым ліку 200 дзесяцін лесу. У 1900 годзе панскім садаводам Д. Я. Лісоўскім закладзеная алея зь лістоўніц. 

З 1903 году пачынаюцца хваляваньні вусьцянскіх сялян. 16 верасьня 1903 году начальнік магілёўскага губернскага жандарскага праўленьня палкоўнік Палякоў даносіў у дэпартамэнт паліцыі: «По заявлению местных землевладельцев, как, напр., гг. Чачкова, Курча, генерала Рейна и др., усиливаются волнения крестьян, особенно такая перемена в настроении крестьянских умов сказалась в конце истёкшего лета и выразилась более рельефно в убийстве полицейского урядника Якушевича». Вясной 1905 году пачаліся забастоўкі сельскагаспадарчых працоўных маёнтка Вусьце, спынілі працу і сяляне-падзёншчыкі. Да Курча было накіравана патрабаваньне ўсталяваць 10-гадзінны працоўны дзень, павялічыць заробак падзёншчыкам да 50—75 капеек у дзень і сталым працаўнікам – на 2 рублі ў месяц, завесьці разьліковыя кніжкі, адмяніць урочную сыстэму работ, ветліва абыходзіцца з працаўнікамі і інш.[7]

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былая кантора, пабудаваная ў 1947 годзе — самы стары на сёньня будынак у Вусьці

У 1918 годзе быў створаны саўгас “Вусьце”. У 1919 годзе адчынена працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1923 годзе настаўніца Л. Маеўская навучала каля 30 хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэты час саўгас узначальвалі Базылёў, Д.Ф. Сабалеўскі, Аршанскі, Шандалесаў.

У 1930 годзе саўгас «Вусьце» абвесьціў сябе ўдарным. 5 студзеня 1931 году газэта «Сельскагаспадарчы рабочы Беларусі» паведамляла: «У сац.абавязацельствах саўгаса “Вусьце” разам з высокімі вытворчымі паказчыкамі знаходзіліся пункты, якія накіроўвалі калектывы на поўную ліквідацыю прагулаў і барадзьбу з надзвычай неахайным стаўленьнем да сельскагаспадарчай маёмасьці».[8]

Помнік загінулым землякам

У 1938 годзе на базе саўгасу была створаная сельскагаспадарчая досьледная станцыя Інстытуту сацыялістычнай сельскай гаспадаркі Акадэміі навук БССР. Гэта была першая досьледная гаспадарка ў рэспубліцы. Тут праводзіліся досьледы па выкарыстаньні навуковых распрацовак ў практыцы гаспадараньня. У 1938—1941 гадох тут працавалі навукоўцы А. Н. Урсулаў, В. І. Шэмпель, Т. І. Зянкевіч, В. І. Віткоўскі, К. Т. Старавойтаў, А. П. Абрамчук, П. Е. Пракопаў і іншыя. 

Саўгас “Вусьце” напярэдадні вайны ўяўляў сабой гаспадарку сьвінаводчай скіраванасьці з параўнальна невялікай зямельнай плошчай – каля 900 га ворыва. Натуральна, кармавых засеваў не было. Ураджайнасьць зерневых не перавышала 7-8 цэнтнераў з гектару. У гэты час саўгас узначальвалі Фінкевіч (з 15 кастрычніка 1939 году), Лёшын (з 26 кастрычніка 1939 году), Нясьцюк, Місюля.[9]

Шматфункцыянальны адміністратыўны будынак (месьціць сельскі савет, загс, бібліятэку і Палац культуры)

14 ліпеня 1941 году Вусьце было занята адной з дывізіяў 47 матарызаванага корпуса 2-й танкавай групы вермахта. Гаспадарка досьледнай станцыі амаль цалкам была зьнішчана, у тым ліку лябараторыя і ўсё абсталяваньне, ворыўныя землі занядбаныя, на тэрыторыі вёскі разьмешчаны склады боепрыпасаў. Арганізаваць у Вусьці партызанскую ці падпольную дзейнасьць не ўяўлялася магчымым з-за вялікай шчыльнасьці нямецкіх войскаў: Ворша моцна ахоўвалася як важны чыгуначны вузел, у Балбасава знаходзіўся нямецкі вайсковы аэрадром.[10] Толькі 7 лістапада 1942 году партызан Павал Кунцэвіч ажыцьцявіў выбух на складах боепрыпасаў у Вусьці, за што быў расстраляны.[11] З 1941 па 1945 год на франтах і ў партызанах загінула 136 жыхароў вёскі.

Пасьля вайны на цэнтральнай сядзібе засталося толькі некалькі баракаў. Рабочыя і спэцыялісты вярталіся з эвакуацыі, з савецкага тылу, з фронту. Яны рамантавалі і прыстасоўвалі пад жыльлё старыя баракі, бункеры, гаспадарчыя пабудовы. Часам у адным пакоі жыло па 3-4 сям’і. Уцалела хатка, ў якой да вайны жыў дырэктар саўгаса. У ёй пасяліўся З. І. Баркоўскі – новы дырэктар станцыі. Зь першых дзён аднаўленьня дзейнасьці досьледнай станцыі пачалося аднаўленьне і будаўніцтва жыльля. Вяскоўцы сабралі два дзесяткі коней. Працавалі на іх у асноўным жанчыны – А.В. Стафановіч, К.В. Бадзёрка, Е.А. Сачыўка, Х.С. Пуцкалёва. Яны вывозілі будаўнічы лес. Кожны новы дом быў крокам да аднаўленьня вёскі. Ужо ў 1944-1945 гадох было пабудавана больш за 10 кватэр. Пад школу прыстасавалі барак, які захаваўся блізу сядзібы. Дзяцей у школе вучыла сталы пэдагог М. Ф. Крупень.

Адразу пасьля вызваленьня раёна на досьледнай станцыі “Вусьце” пачалі зьбіраць і аднаўляць трактары і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. Зь вялікім энтузіязмам працавалі мэханікі В.А. Лызлоў, Н.П. Кабанаў, Н.Т. Сямёнаў. У 1944 годзе яны сабралі першы трактар НАЦІ, а потым другі ХТЗ. Працавалі мэханізатары ўдзень і ўноч, і ўжо ў 1945 годзе апрацоўвалі ўсе ворыўныя землі. Яны былі зрытыя траншэямі і варонкамі, здаралася, што з зямлі выварочваліся бомбы, снарады. Шмат сілы і энэргіі неабходна было, каб выраўняць поле. Праца на ферме таксама была нялёгкай, патрабавала вялізнага працалюбства і добрасумленнасьці. У цяжкім 1946 годзе цялятніца К.В. Бадзёрка здолела захаваць усё пагалоў’е цялят і атрымаць добрыя давагі. Па ініцыятыве электрыкаў А. Дземянчонак і Т. Франкова ў Вусьці была ўсталявана невялікая электрастанцыя на нафтавым рухавіку магутнасьцю 15 кілават. У 1945 годзе пайшоў ток. Насельніцтва вёскі вельмі радавалася гэтаму невялікаму посьпеху. 

За 1946—1950 гады была ўведзена ў эксплюатацыю 31 новая кватэра. У 1947 годзе быў пабудаваны двухпавярховы драўляны будынак для канторы з прыбудовай для клюбу. У 1948 годзе пачынаецца будаўніцтва дарогі Вусьце — Чэрвіна з абсадкай бярозамі. У 1950 годзе каля будынка тагачаснай канторы ўсталяваны бюст Леніна.

Вусьцянскія жывёлаводы яшчэ ў 1950-х гадох надойвалі з кожнай каровы амаль па 5000 кіляграмаў малака. Значных вынікаў дасягнулі даяркі А. Палай, З. Галіна, В. Мядзьведзева. Н. Мазурава. З вусьцянскай пасекі зьбіралі 700-800 кіляграмаў мёду. У 1950 годзе ў гаспадарцы працавала 5 трактарыстаў, 4 кіроўцы, 1 камбайнёр. Яны апрацоўвалі 500 гэктараў зямлі пад вытворчыя пасевы і досьледы. 

Вусьцянская школа

У 1956 годзе досьледная станцыя была пераўтворана ў экспэрымэнтальную базу “Вусьце”.

У 1955 годзе пачалося будаўніцтва вадаёмаў і плаціны. У хуткім часе зьявілася тры вадаёмы агульнай ўмяшчальнасьцю больш 30 тысяч кубамэтраў вады. Пабудаваныя воданапорная вежа, вадаправод.

У 1950-х гадох уведзена ў эксплюатацыю 20 новых кватэраў.

У 1966 годзе дырэктар экспэрымэнтальнай базы “Вусьце” З.І. Баркоўскі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сьцяга, прысвоена званьне “Заслужаны аграном БССР”. 

Цягам 1960-х гадоў у Вусьці пабудаваны: дзіцячы садок на 50 месцаў, зернесховішча, кузьня, майстэрня, сталоўка на 40 месцаў, стадыён на 400 месцаў, кацельня, лазьня, 56 кватэраў.

У 1971 годзе экспэрымэнтальная база “Вусьце” налічвала 1468 адзінак пагалоўя, у тым ліку 508 кароў. Валавы надой малака складаў 16 410 літраў. Таксама тут займаліся вытворчасьцю элітнага насеньня. Мэханізацыя знаходзілася на высокім узроўні: у 1973 годзе “Вусьце” мела 41 трактар, 15 зернеўборачных камбайнаў, 4 бульбаўборачных, 9 сіласных касілак. 

8 сакавіка 1971 году дырэктару Баркоўскаму прысвоена званьне Героя Сацыялістычнай працы за посьпехі ў разьвіцьці сельскагаспадарчай вытворчасьці.

У першай палове 1970-х гадоў былі пабудаваны АТС, трохпавярховая лябараторыя, помнік “Землякам, загінуўшым у вайну 1941-1945 гадоў”. [12]

У 1977 годзе пабудаваны Палац культуры з глядацкім залам на 400 месцаў. Тут таксама знаходзіліся бібліятэка, музычная школа, памяшканьне сельскага савета. У адным блёку і трохпавярховы адміністратыўны будынак з кабінэтамі для кіраўнікоў гаспадаркі і спэцыялістаў. У 1970-х гадох здадзена ў эксплюатацыю 42 новыя кватэры. 

Будынак Інстытуту льну Акадэміі навук Беларусі

З 1981 году экспэрымэнтальнай базай «Вусьце» кіруе Бельскі. У гэты час скончана будаўніцтва новай школы. Пабудавана 25-мэтровая воданапорная вежа. Праведзена цеплатраса. Пабудавана 4 кватэры.

З 1982 году пачынае сваю працу мясцовы музэй. Яго стваральнік, М. М. Дзятлоўскі, праводзіць вялікую арганізатарскую працу, зьбірае дакумэнты, экспанаты, фатаздымкі і іншыя матэрыялы, агулам больш за 3000 экспанатаў. Экспазіцыя ўключала наступныя раздзелы: побыт нашых продкаў, рэвалюцыйныя і ваенныя падзеі, навуковыя і спартыўныя дасягненьні, культура, нумізматыка, дары мораў і акіянаў.

У 1984 годзе дырэктарам экспэрымэнтальнай базы «Вусьце» прызначаны Іван Антонавіч Голуб. Ён ажыцьцявіў вялікую арганізатарскую і гаспадарчую працу па разьвіцьцю жывёлаводчай галіны. У выніку ў 1987 годзе надоі павялічыліся больш чым на 195 кіляграмаў ад каровы. У гаспадарцы налічвалася больш 3600 галоў буйной рагатай жывёлы. Зьявіўся будаўнічы каапэратыў.[13]

У 2001 годзе на базе вусьцянскага лябараторнага корпуса створаны Інстытут ільна Акадэміі навук Беларусі. Ім кіруе І. А. Голуб. 

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1705 год — 10 двароў
  • 1782 год — 40 двароў, 292 жыхары
  • пачатак XX ст. — 96 двароў, 374 жыхары
  • 1996 год — 345 двароў, 942 жыхары
  • 1999 год — 893 жыхары
  • 2010 год — 783 жыхары

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На базе Вусьцянскага Дома Культуры дзейнічае Народны ансамбаль народнай музыкі і песьні «Гагарынскiя музыкi»

Выхадцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Стэфан Ёсіфавіч Курч (1850—1906) — расейскі генэрал-маёр беларускага паходжаньня, вайсковы цэнзар Віленскай вайсковай акругі, камандуючы 50-й брыгадай
  • Мікола Садковіч (1907—1968) — беларускі празаік, кінарэжысэр і кінадраматург, міністар кінэматаграфіі БССР

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Белпошта
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 67
  3. ^ Каласоўскі Ю. Археалагічныя помнікі Аршаншчыны жалезнага веку // Памяць: Орша. Аршанскі раён. Т.1., - Мн., 1999
  4. ^ Паданьне пра вёску Вусьце запісаў М.М. Дзятлоўскі паводле апавяданьня В.Г. Папковай, 1888 г.н., жыхаркі вёскі Яромкавічы.
  5. ^ Расейскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. ф. 1355, воп. 1, спр. 715
  6. ^ Дадзеныя па XVIII-ХІХ стст. прадастаўленыя доктарам гіст. навук Я.К. Анішчанкам, Інстытут гісторыі НАН РБ
  7. ^ Гарбкоў А. Сялянскі рух на Аршаншчыне ў 1905—1907 гадах // Ленінскі прызыў,  23 сьнежня 1965 году.
  8. ^ "Сельскагаспадарчы рабочы Беларусі", нумар за 5 студзеня 1931 году.
  9. ^ Экспериментальная база «Устье» (сост. П.М. Шкель, Ф.Х. Легченко), Мн., 1973
  10. ^ "Орша в Великой отечественной войне 1941-1945", Орша., 1994
  11. ^ Подзвіг партызана Кунцэвіча // Нац. Архіў РБ, ф. 4855, воп.1, спр.10, арк.19
  12. ^ "Экспериментальная база «Устье»" (сост. П.М. Шкель, Ф.Х. Легченко), Мн., 1973
  13. ^ "Экспериментальная база «Устье»" (под ред. В.Г. Ференца), Мн., 1988

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле афіцыйнага напісаньня — Vuscie

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Вусьце (Аршанскі раён)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў