Антон Жэбрак
Анто́н Рама́навіч Жэбрак (27 сьнежня 1901 — 20 траўня 1965) — беларускі генэтык, сэлекцыянэр. З траўня па кастрычнік 1947 году быў прэзыдэнтам Акадэміі навук Беларусі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1901 годзе у вёсцы Збляны Зэльвенскага раёну Гарадзенскай вобласьці ў сям’і селяніна. У 1925 годзе скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію імя К. А. Ціміразева (Масква) і ў 1929 — Інстытут чырвонай прафэсуры. У 1930—1931 гадах спэцыялізаваўся па генэтыцы ў Калюмбійскім і Каліфарнійскім унівэрсытэтах (ЗША) у лябараторыі вядомага генэтыка, стваральніка храмасомнай тэорыі спадчыннасьці Томаса Ганта Моргана.
У 1932—1948 гадах — прафэсар, загадчык катэдрай генэтыкі Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Адначасова з тым у 1945—1946 гадах ён загадвае аддзелам Упраўленьня прапаганды і агітацыі ЦК КПСС.
У 1940 годзе Жэбрака абіраюць чальцом прэзыдыюму АН БССР, а ў 1947 годзе ён становіцца прэзыдэнтам Акадэміі навук.
У 1945 годзе ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР ён падпісаў у Сан-Францыска Статут ААН.
Пасьля вайны акадэмік Жэбрак стаўся адным з арганізатараў і лідэрам выступаў супраць манапалізму Лысенкі ў біялёгіі. Ён неаднаразова пісаў грунтоўныя запіскі ва ўрадавыя і партыйныя органы, інфармуючы іх аб становішчы ў савецкай генэтыцы, згубных наступствах дыктату Лысенкі. На жаль, гэта не дало аніякіх плённых вынікаў. Выступаючы на сумна вядомай сэсіі УАСГНІЛ у жніўні 1948 году, Антон Жэбрак, ужо адхілены ад пасады прэзыдэнта АН БССР і фактычна пазбаўлены магчымасьці працягваць дасьледчую працу, пад градам зьдзеклівых рэплік і зьедлівых пытаньняў сьмела адстойваў свае погляды.
У 1948 годзе займае пасаду прафэсара катэдры батанікі ў Маскоўскім лесатэхнічным інстытуце, а ў 1949 годзе ўзначальвае катэдру ў Маскоўскім фармацэўтычным інстытуце.
З 1957 году да самай сьмерці Антон Жэбрак вядзе актыўную навуковую працу ў Беларусі ў Акадэміі навук БССР, дзе па ініцыятыве акадэміка Мікалая Турбіна ў Інстытуце біялёгіі была арганізаваная лябараторыя поліплаідыі. Тут ён працягвае свае дасьледаваньні ў галіне сэлекцыі пшаніцы і грэчкі, удзельнічае ў стварэньні праекту па атрыманьню поліплоідных формаў цукровага бураку.
У 1965 годзе Антон Жэбрак раптоўна памёр. Пахаваны ў Маскве на Ўвядзенскіх могілках.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акадэмік Антон Жэбрак быў узнагароджаны ардэнамі «Працоўнага Чырвонага Сьцягу», «Чырвонай Зоркі», «Знак Пашаны», мэдалямі.
Папярэднік Канстанцін Гораў |
Прэзыдэнт Акадэміі навук БССР травень — кастрычнік 1947 |
Наступнік Мікалай Грашчанкаў |