Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°54′57″ пн. ш. 27°36′10″ у. д. / 53.91583° пн. ш. 27.60278° у. д. / 53.91583; 27.60278

Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі
Абрэвіятура ІЭБ
Дата ўтварэньня 19 сакавіка 1931 (93 гады таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта дасьледаваньне спосабаў утварэньня ўраджайнасьці і ўстойлівасьці расьлінаў
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Акадэмічная, д. 27
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Аляксандар Пугачэўскі
Намесьніца па навуковай працы Тамара Сасноўская
Намесьнік па інавацыйнай працы Зьміцер Грумо
Навуковая сакратарка Ала Суднік
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі Цэнтральны батанічны сад (Менск)
Сайт botany.by
Колішняя назва Інстытут біялягічных навук (да 1947 году), Інстытут біялёгіі (да 1963 году), Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі і мікрабіялёгіі (да 1966 году)

Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў сакавіку 1931 году ў якасьці Інстытуту біялягічных навук.

На 2018 год ІЭБ уваходзіў у склад Аддзяленьня біялягічных навук НАНБ. Ажыцьцяўляўся набор у асьпірантуру па 4 спэцыяльнасьцях: 1) фізыялёгія і біяхімія расьлінаў, 2) батаніка, 3) экалёгія фітацэнозаў, 4) мікалёгія. У дактарантуру набіралі па 2 спэцыяльнасьцях: 1) фізыялёгія і біяхімія расьлінаў, 2) батаніка. Штогод з 1959 году Інстытут выпускае па-расейску зборнік «Батаніка» (ISSN 2221-9927)[1]. ІЭБ аказваў наступныя паслугі: 1) ацэнка ўзьдзеяньня гаспадарчай дзейнасьці на расьлінны сьвет, 2) пашпартызацыя зялёных насаджэньняў, 3) картаграфаваньне расьліннасьці з выкарыстаньнем дыстанцыйнага зандаваньня, 4) ацэнка пашкоджаньня дрэвастояў, датаваньне збудаваньняў і выкапнёвай драўніны, 5) дасьледаваньня цьвілі і дрэваразбуральных грыбоў у памяшканьнях, 6) вызначэньне хваратворных для расьлінаў арганізмаў, 7) ацэнка атрутнасьці грыбоў і расьлінаў, 8) праектаваньне лясных сьцежак і стаянак, 9) ацэнка ўрадлівай глебы на заражанасьць насеньнем баршчэўнікам Сасноўскага з наступнай распрацоўкай спосабу яго выкараненьня, 10) распрацоўка вырошчваньня расьлінаў у цяпліцы з выкарыстаньнем сьвятлодыёдаў; 11) выраб пажыўных падсьцілак для размнажэньня расьлінаў, 12) выпрабаваньне сродкаў абароны дрэваў, ільну і хмызьнякоў; 13) стварэньне спалучэньняў рэгулятараў росту і сродкаў абароны расьлінаў[2].

Падразьдзяленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2018 год Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча меў 3 аддзелы, у складзе якіх працавала 8 лябараторыяў і 3 сэктары:

  • аддзел флёры і гербарыю — 2 лябараторыі: 1) флёры і сымтэматыкі расьлінаў, 2) мікалёгіі;
  • аддзел расьліннасьці і рэсурсаў расьліннага сьвету — 2 сэктары (1) маніторынгу расьліннага сьвету і (2) кадастру расьліннага сьвету, 2 лябараторыі: 1) прадукцыйнасьці і ўстойлівасьці расьлінных супольнасьцяў, 2) геабатанікі і картаграфіі расьліннасьці;
  • аддзел экалягічнай фізыялёгіі расьлінаў — сэктар мэтабалізму і функцыяў бялкоў расьлінаў, лябараторыяў: 1) росту і разьвіцьця расьлінаў, 2) фізыялёгіі патагенэзу і хваробаўстойлівасьці расьлінаў, 3) аптымізацыі мінэральнага харчаваньня, 4) воднага абмену і фотасынтэзу расьлінаў[2].

Пры Інстытуце працавалі: філія Рэспубліканскага цэнтру трансфэру тэхналёгіяў і 3 цэнтры — Галаўны цэнтар экспэртызы аб’ектаў жывой прыроды, Рэспубліканскі цэнтар комплекснага картаграфаваньня біялягічнай разнастайнасьці і Цэнтар маніторынгу расьліннага сьвету[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

29 сакавіка 1931 году Прэзыдыюм Беларускай акадэміі навук (БАН) зацьвердзіў Пастанову аб стварэньні Інстытуту біялягічных навук (ІБН) на аснове 4 катэдраў: батанікі, заалёгіі, фізыялёгіі і экспэрымэнтальнай біялёгіі. У 1935 годзе зь Інстытуту вылучылі Батанічны сад БАН. У 1936 годзе ІБН апынуўся ў складзе Аддзяленьня матэматычных і прыродазнаўчых навук Акадэміі навук БССР. У 1938 годзе гербарый ІБН меў звыш 13 000 асобнікаў кветкавых расьлінаў. У 1940 годзе Інстытут перавялі ў склад Аддзяленьня прыродазнаўчых і сельскагаспадарчых навук АН БССР. На пачатак 1941 году ў зборах Інстытуту захоўвалася каля 4000 асобнікаў скурак сысуноў і 6000 асобнікаў птахаў. Налічвалася каля 200 000 асобнікаў вусякоў. Таксама быў багаты збор па земнаводных, паўзунах і рыбах. Пры канцы чэрвеня 1941 году ІБН прыпыніў дзейнасьць на час Нямецка-савецкай вайны. У сьнежні 1947 году Прэзыдыюм АН БССР зацьвердзіў Пастанову аб аднове дзейнасьці ІБН пад назвай Інстытут біялёгіі[3]. У Інстытут увайшоў Батанічны сад АН БССР і 3 аддзелы: заалёгіі, фізыялёгіі і экспэрымэнтальнай эвалюцыі. Інстытут біялёгіі ўлучылі ў склад Аддзяленьня біялягічных, сельскагаспадарчых і мэдычных навук АН БССР.

У 1952 годзе зь Інстытуту паўторна вылучылі Батанічны сад. У 1957 годзе зь яго вылучылі Лябараторыю ізатопаў АН БССР. У 1958 годзе са складу Інстытуту вылучылі Аддзел фізыялёгіі і сыстэматыкі ніжэйшых расьлінаў АН БССР. У 1959 годзе Інстытут перавялі ў склад Аддзяленьня біялягічных навук АН БССР. Адначасна са складу Інстытуту вылучылі Аддзел заалёгіі і паразіталёгіі АН БССР. 23 лютага 1963 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову «Аб захадах па далейшым разьвіцьці біялягічнай навукі ў Беларускай ССР і ўзмацненьні яе сувязі з практыкай». Паводле Пастановы, Інстытут біялёгіі перайменавалі ў Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі і мікрабіялёгіі (ІЭБМ), са складу якога вылучылі Аддзел генэтыкі і цыталёгіі АН БССР. Адначасна ў ІЭБМ стварылі асьпірантуру. 1 студзеня 1966 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову «Аб арганізацыі Аддзелу мікрабіялёгіі АН БССР». Паводле Пастановы, лябараторыю мікрабіялёгіі ІЭБМ вылучылі ў Аддзел мікрабіялёгіі АН БССР. ІЭБМ перайменавалі ў Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі (ІЭБ). У 1972 годзе ў склад ІЭБ вярнулі Аддзел фізыялёгіі і сыстэматыкі ніжэйшых расьлінаў АН БССР з трыма лябараторыямі. Адначасна Інстытуту надалі імя Васіля Купрэвіча. У 1972 і 1976 гадах дасьледнікі Інстытуту атрымлівалі Дзяржаўную прэмію БССР за свае распрацоўкі. У 1989 годзе зьявілася дактарантура[3].

За савецкім часам у Інстытуце працавалі акадэмікі Алесь Вечар(be), Ціхан Годнеў(be), Мікалай Дарожкін, Антон Жэбрак, Мікалай Кулагін, Васіль Купрэвіч, Мікалай Несьцяровіч, Міхаіл Тамін, Мікалай Турбін, Любоў Хатылёва і Іван Юркевіч. Таксама дасьледнікамі Інстытуту былі сябры-карэспандэнты Ўсевалад Борматаў, Міхаіл Ганчарык, Сьцяпан Мельнік, Сямён Самцэвіч(be), Аляксандар Шлык і Пётар Буланаў(be)[3].

На 1998 год Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі меў 12 лябараторыяў: 1) біяхіміі і біятэхналёгіі расьлінаў, 2) воднага рэжыму фітацэнозаў, 3) геабатанікі, 4) мікалёгіі, 5) аптымізацыі прадукцыйнасьці аграфітацэнозаў, 6) глебавай энзімалёгіі, 7) прадукцыйнасьці і ўстойлівасьці лясных экасыстэмаў, 8) радыёэкалёгіі расьлінаў, 9) росту і разьвіцьця расьлінаў, 10) фізыялёгіі хворай расьліны, 11) флёры і сыстэматыкі расьлінаў, 12) фотасынтэзу. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: аднаўленьне, разумнае выкарыстаньне і ахова расьліннага покрыва; радыёэкалёгія прыроднай расьліннасьці; павышэньне прадукцыйнасьці і ўстойлівасьці расьлінаў. У выніку дасьледаваньняў: абгрунтавалі стварэньне сеткі ахоўных земляў і нацыянальных паркаў для захаваньня разнастайнасьці флёры Беларусі, укаранілі разуменьня біялягічнай значнасьці ўраджайнасьці расьлінаў, высьветлілі зрух разьмеркаваньня радыяактыўных ізатопаў у прыроднай расьліннасьці з вылучэньнем відаў-паказьнікаў радыяактыўнага забруджваньня. У Інстытуце працавалі акадэмік Віктар Парфёнаў, сябры-карэспандэнты Мікалай Ламан, Уладзімер Рашэтнікаў(be), Барыс Якушаў і 16 дактароў навук[3].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зборнік «Батаніка» (рас.) // Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча, 2 лістапада 2018 г. Праверана 4 лістапада 2018 г.
  2. ^ а б в Арганізацыі Аддзяленьня біялягічных навук (Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 7 верасьня 2018 г. Праверана 4 лістапада 2018 г.
  3. ^ а б в г Уладзімер Шуканаў. Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 275. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  4. ^ Гісторыя (рас.) // Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча, 2 лістапада 2018 г. Праверана 4 лістапада 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]