Перайсьці да зьместу

Алесь Каўрус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Каўрус
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 18 траўня 1935(1935-05-18)
Памёр 12 кастрычніка 2022(2022-10-12) (87 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці мовазнаўца, пісьменьнік, філёляг
Кірунак мовазнаўства, проза
Мова беларуская мова[1] і расейская мова[1]
Узнагароды
Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусі

Але́сь Каўрус (18 траўня 1935, вёска Брусы, гміна Мядзел, Пастаўскі павет, Віленскае ваяводзтва, Польская Рэспубліка — 12 кастрычніка 2022[2], Менск, Беларусь) — беларускі мовазнавец, удзельнік нацыянальна-патрыятычнага руху навукоўцаў Акадэміі Навук БССР 1960 — пачатку 1970-х («Акадэмічны асяродак»). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1995)[3].

Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, вядомай традыцыямі нацыянальна-патрыятычнага руху. У 1959 скончыў Менскі дзяржаўны пэдінстытут. Працаваў настаўнікам на Мядзельшчыне (1959—1962). Пасьля навучаньня ў асьпірантуры пры Менскім пэдінстытуце ў 1965 абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Потым працаваў старшым выкладчыкам Мазырскага пэдінстытуту (1965—1968), старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту мовазнаўства імя Я.Коласа АН БССР (1968—1974).

Балюча ўспрымаў зьнішчэньне беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, якое праводзіў камуністычны рэжым у краі, усеагульную русіфікацыю грамадзкага і палітычнага жыцьця, не прымаў антыбеларускае пазыцыі тагачаснага кіраўніцтва акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства, падтрымліваў кантакты з аднадумцамі з акадэмічнага і выкладчыцкага асяродзьдзя. У сваіх публікацыях, на лекцыях у інстытуце, у выступах і навуковых дыскусіях заўсёды адстойваў самабытнасьць беларускай мовы, яе правы ў грамадзкай сфэры. Гэта не прайшло міма ўвагі камуністычных русіфікатараў. У газэце «Звязда» ў 1972, як водгук на партыйныя ўстаноўкі па моўным пытаньні, што прагучалі на адпаведнай нарадзе ў ЦК КПБ, зьявіўся артыкул Кандрата Крапівы «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства», у якім адмоўна ўспаміналіся імёны мовазнаўцаў Фёдара Янкоўскага, Паўла Сьцяцко, Алеся Каўруса. У пачатку 1974 Каўруса даставілі ў КГБ на допыт, а 22 сакавіка Вучоная рада інстытуту, якая знаходзілася пад ціскам парткаму і дырэкцыі, вынесла пастанову аб неадпаведнасьці ўжо шырока вядомага на той час беларускага мовазнаўца займанай пасадзе. У пратаколе паседжаньня рады ў прыватнасьці было запісана: «Знаходзяцца яшчэ ў нашым асяродзьдзі людзі, якія сьвядома становяцца на пазыцыі нашых ідэйных праціўнікаў і спрабуюць весьці барацьбу супраць палітыкі партыі і ўраду… Партарганізацыя і дырэкцыя маюць матэрыялы, зь якіх відаць, што гэтая група (гаворка ідзе пра навукоўцаў з „Акадэмічнага асяродку“) сыходзілася ў поглядах, пэрыядычна зьбіралася, затым вяла гутаркі, абмяркоўвала свае пытаньні ў закрытым парадку». 04.04.1974 паводле загаду дырэктара Каўрус быў зволены з працы[4].

Але на гэтым перасьлед ня скончыўся — яму вярнулі з выдавецтва рукапісы манаграфіі і артыкулаў, яго прозьвішча выкрэсьлівалася з публікацыяў іншых аўтараў. Нават прозьвішча ягонай жонкі было выкрэсьлена з адпаведных тамоў «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі», над якімі яна працавала як рэдактарка. І толькі ў 1980, пасьля шасьці гадоў вымушанай паўзы, ўбачыла сьвет новая апублікаваная праца беларускага навукоўца-патрыёта.

Больш за паўгоду пасьля звальненьня зь інстытуту Каўрус быў бяз працы[5]. 17.10.1974 з дапамогай намесьніцы старшыні Савету міністраў БССР Ніны Сьняжковай, якая ўвогуле з пэўным разуменьнем ставілася да беларускага адраджэньня, яму ўдалося ўладзіцца на пасаду рэдактара выдавецтва «Народная асвета». Такія ж цяжкасьці сустракаў ён і ў далейшым, і толькі з 1981 г. пачынае працаваць на катэдры беларускага мовазнаўства ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце, дзе, нарэшце, мог цалкам прысьвяціць сябе выкладніцкай і навуковай дзейнасьці.

З 1982 па 2006 год дацэнт катэдры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка.

Дасьледаваў мову мастацкае літаратуры і сродкаў масавай інфармацыі, беларускую тэрміналёгію, культуру мовы, стылістыку ды інш.[6] Аўтар некалькі кніжак і больш як 250 артыкулаў.

  • 1968 — «З крыніц народнай мовы»
  • 1980 — «Стылістыка беларускай мовы» (2-е выд. 1987, 3-е выд. 1992)
  • 1983 — «Культура слова»
  • 1986 — «Слова наша роднае»
  • 1989 — «Мова народа, мова пісьменніка»
  • 1994 — «Дакумент па-беларуску», у суаўтарстве з М. Круталевічам
  • 2005 — «Стараславянская мова», навучальны дапаможнік для студэнтаў ВНУ
  • 2013 — Словаклад. Слоўнік адметнай лексікі[7]
  • 2013 — «Як яно было. Згадкі „нацыяналіста“»
  • 2014 — «Слова: у слоўніку, у тэксце», Логвінаў, Вільня.
  • А.Клышка. Прадмова да артыкула А.Каўруса «Да свайго слова» // Полымя. 1995, № 5;
  • С.Антановіч. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // Літаратура і Мастацтва. 10.05.1991;
  • С.Міско. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1 (6), ліпень;
  • В.Рабкевіч. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3.
  1. ^ а б Kaŭrus, Ales‘ Aljaksandravìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Памёр Алесь Каўрус, Наша Ніва, 30.12.2022, https://nashaniva.com/306582
  3. ^ Алесь Каўрус, Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Даведнік, https://slounik.org/153686.html
  4. ^ Уладзіслаў Гарбацкі, Мовадбаўца. З нагоды сьмерці Алеся Каўруса, Новы Час, 31.12.2022, https://novychas.online/asoba/movadbauca-z-nahody-smerci-alesja-kaurusa
  5. ^ Уладзіслаў Гарбацкі, Мовадбаўца. З нагоды сьмерці Алеся Каўруса, Новы Час, 31.12.2022, https://novychas.online/asoba/movadbauca-z-nahody-smerci-alesja-kaurusa
  6. ^ Мовазнаўца Алесь Каўрус выдаў «Словаклад», Новы Час, 10.08.2013, https://novychas.online/hramadstva/vyjshau_slounik_admietnaj_liek
  7. ^ Слоўнік адметнай лексікі // Slounik.org, https://slounik.org/slovaklad/

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]