Інстытут мікрабіялёгіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Інстытут мікрабіялёгіі

Эмблема
Абрэвіятура ІнМі
Папярэднік Аддзел мікрабіялёгіі Акадэміі навук БССР
Дата ўтварэньня 1 чэрвеня 1975 (47 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка спосабаў біяхімічнага і фізыялягічнага выкарыстаньня мікраарганізмаў у народнай гаспадарцы
Штаб-кватэра Першамайскі раён, вул. Купрэвіча, д. 2
Месцазнаходжаньне Менск
Каардынаты 53°55′40″ пн. ш. 27°41′6″ у. д. / 53.92778° пн. ш. 27.685° у. д. / 53.92778; 27.685Каардынаты: 53°55′40″ пн. ш. 27°41′6″ у. д. / 53.92778° пн. ш. 27.685° у. д. / 53.92778; 27.685
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Сяброўства Саюз эўрапейскіх мікрабіялягічных таварыстваў (Нідэрлянды)
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Аляксандар Шэпшалеў
Намесьніца па інавацыйнай працы Тацьцяна Сямашка
Навуковая сакратарка Вольга Ляўчук[1]
Матчына кампанія ДНВА «Хімічны сынтэз і біятэхналёгіі»
Зьвязаныя кампаніі Беларускае грамадзкае аб’яднаньне мікрабіёлягаў
Колькасьць супрацоўнікаў звыш 40 навукоўцаў (2022 год)
Сайт mbio.bas-net.by

Інстытут мікрабіялёгіі[2] — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў чэрвені 1975 году.

На 2022 году ўваходзіў у склад Аддзяленьня біялягічных навук НАНБ і падпарадкоўваўся дзяржаўнаму навукова-вытворчаму аб’яднаньню «Хімічны сынтэз і біятэхналёгіі»[3]. Аказваў паслугі вызначэньня актыўнасьці фэрмэнтаў, а таксама вызначэньня і захоўваньня мікраарганізмаў. Вырабляў біялягічныя сродкі для ачысткі вады і глебы, вэтэрынарныя лекі і кармавыя дадаткі для жывёлагадоўлі, палімэразна-ланцуговыя рэагенты (ПЛР) для мэдыцыны, пэстыцыды і ўгнаеньні для расьлінаводзтва, фэрмэнты для харчовай прамысловасьці. Набіраў у асьпірантуру на спэцыяльнасьці біятэхналёгія і мікрабіялёгія[4].

У 2019 годзе правялі 10-ю міжнародную навуковую канфэрэнцыю «Мікробныя біятэхналёгіі», якая зь 2017 году стала штогадовай замест правядзеньня кожныя 2 гады. Па выніках канфэрэнцыі штораз выдавалі па-ангельску і па-расейску зборнік дакладаў удзельнікаў[5]. Зь 2007 году выпускалі па-расейску штогадовы зборнік навуковых працаў «Мікробныя біятэхналёгіі: фундамэнтальныя і дастасоўныя аспэкты» (ISSN 2226-3136)[6]. На 2022 год Інстытут меў 89 патэнтаў і 49 вытворчых таямніцаў, а таксама 27 пасьведчаньняў на таварныя знакі[7]. Ад 30 лістапада 2004 году пры Інстытуце мікрабіялёгіі дзейнічала Беларускае грамадзкае аб’яднаньне мікрабіёлягаў (БГАМ)[8], якое зь 2010 году ўваходзіла ў Саюз эўрапейскіх мікрабіялягічных таварыстваў (Нідэрлянды)[9].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак Інстытуту мікрабіялёгіі па вуліцы Купрэвіча ў Менску (2020 год)

На 2022 год Інстытут мікрабіялёгіі ўлучаў:

На аснове лябараторыі калекцыі мікраарганізмаў дзейнічала Беларуская калекцыя непатагенных мікраарганізмаў (БКНМ), якая была галоўным сховішчам уласьцівых і прамыслова каштоўных штамаў мікраарганізмаў Беларусі. 11 чэрвеня 2002 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 758 аб улучэньні гэтай калекцыі ў Рэестар аб'ектаў нацыянальнага набытку Беларусі. Таксама БКНМ увайшла ў склад сусьветнага саюзу збораў культураў за № 909. На 2022 год БКНМ налічвала звыш 3000 культураў мікраарганізмаў, у тым ліку ўлучала бактэрыі і бактэрыяфагі, дрожджы і грыбы. У калекцыю прымалі жыцьцяздольныя культуры мікраарганізмаў на: 1) бясплатнае захоўваньне з выдачай на запыт зацікаўленых асобаў, 2) платнае паручальнае захаваньне цягам 5 гадоў з выдачай паводле пісьмовага дазволу разьмяшчальніка, 3) патэнтнае разьмяшчэньне пры падачы заяўкі на патэнт для штама і спосабу яго выкарыстаньня. Пры разьмяшчэньні мікраарганізма падаваўся пашпарт бактэрыі, бактэрыяфага, генназьмененага мікраарганізма, джожджаў, грыба або плязьміды ў вузах штамаў мікраарганізма-гаспадара[10].

Вырабы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2022 год Інстытут мікрабіялёгіі вырабляў:

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 чэрвеня 1975 году Акадэмія навук Беларускай ССР стварыла Інстытут мікрабіялёгіі на аснове Аддзелу мікрабіялёгіі, які ў 1966 годзе заснаваў прафэсар Сямён Самцэвіч. Першым кіраўніком Інстытуту мікрабіялёгіі стаў акадэмік Анатоль Лабанок, які заставаўся на пасадзе да 2004 году[21]. На 1998 год у Інстытуце дзейнічала 7 лябараторыяў: фэрмэнтаў, біяхіміі мікраарганізмаў, глебавай мікрабіялёгіі, экалёгіі мікраарганізмаў, ліпідаў мікраарганізмаў, кампанэнтаў нуклеінавых кісьляў і мікалёгіі. Таксама працавалі 3 групы: 1) біямэтаду аховы расьлінаў, 2) калекцыі мікраарганізмаў, 3) інфармацыі, а таксама лябараторны фэрмэнтацыйны стэнд. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: фізыялёгія і біяхімія мікраарганізмаў, накіраваны сынтэз біялягічна актыўных рэчываў, выкарыстаньне мікраарганізмаў у прамысловасьці і сельскай гаспадарцы, мэдыцыне і ахове навакольнага асяродзьдзя. Вынікамі дасьледаваньняў былі: вывучэньне спосабаў рэгуляцыі ўтварэньня мікробных дэпалімэразаў дзеля экалягічнай прыстасаванасьці мікраарганізмаў, вывучэньне ролі тлушчавых злучэньняў у прыстасваньні мікраарганізмаў да напругі, распрацоўка атрыманьня ліпафільных біяакісьляльнікаў і прастагляндынаў. Распрацавалі злучэньні супраць вірусаў і пухлінаў, рэгуляваньне дзейнасьці мікрафлёры для разбурэньня атрутных рэчываў у глебе. Упершыню прапанавалі засеў іншаземнымі расьлінамі для вяртаньня земляў у сельскагаспадарчае выкарыстаньне. Стварылі лекі, у тым ліку вэтэрынарныя, а таксама кармавыя дадаткі. У 1998 годзе ў Інстытуце налічвалася 8 дактароў навук і сяброўка-карэспандэнтка Натальля Астаповіч[22].

У 2009 годзе ў Інстытуці адчынілі біятэхналягічны цэнтар з абсталяваньнем для выпуску досьледных партыяў біяпрэпаратаў. У рамках ДНТП «Прамысловыя біятэхналёгіі» яго вырабы камэрцыялізавалі[23]. 19 сакавіка 2012 году навуковая сакратарка Інстытуту мікрабіялёгіі Алена Бортнік паведаміла пра выпуск досьледных партыяў 3-х вэтэрынарных лекаў у рамках Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Прамысловыя біятэхналёгіі». «Бацыніл» прызначаўся для лячэньня мікрафлёры страўнікава-кішачнага тракту кароваў і сьвіней ад запаленьня, у тым ліку тонкай кішкі. Кармавы прабіётык «Білавэт» з малочнакіслых і біфідабактэрыяў прызначаўся для паляпшэньня абмену рэчываў. «Вэтаспарынам» мелі лячыць цягам 8 дзён гнойныя пашкоджаньні капытоў і скуры ад сальманэлы і стафілякокаў[24]. 8 кастрычніка 2013 году доктарка біялягічных навук Зінаіда Алешчанкава згадала пра выпуск Інстытутам мікрабіялёгіі мікробных угнаеньняў, якія дазвалялі часткова замяніць мінэральныя. Імі апрацоўвалі насеньне такой агародніны, як агуркі і буракі, морква і таматы, а таксама такія віды зерневых, як грэчка, кукуруза і фасоля. Таму 200 мілілітраў коштам 8000 рублёў (95 цэнтаў) ставала на гектар[25]. На 2013 год Інстытут біялёгіі быў адным 4-х інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, чые распрацоўкі выкарыстоўваў «Акадэмфарм»[26].

У 2014 годзе ў Інстытуце стварылі досьледную вытворчасьць біяпрэпаратаў[27]. У 2015 годзе Інстытут біяарганічнай хіміі і Інстытут мікрабіялёгіі стварылі лекі супраць вірусаў і пухлінаў на аснове каталізатараў сынтэзу нуклеінавых кісьляў[28]. На 2016 год у Інстытуце дзейнічаў рэфэрэнтны асяродак, у якім зьбіралі ўзоры ганакокавых культураў для праверкі на рэзыстэнтнасьць інфэкцыі ў рамках міжнароднага праекту Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (Швайцарыя)[29]. 26 кастрычніка 2016 году ў Інстытуце адкрылі досьледны ўчастак вылучэньня чалавечага ляктафэрыну з малака трансгенных козаў. Яго магутнасьць склала 5 кг ляктафэрыну за год, які каштаваў каля 900 даляраў ЗША за грам і прызначаўся для біялягічна актыўных дадаткаў[30]. У 2016 годзе стварылі мадулятары глюкозааксыдазы для біяэлектронікі[31].

У студзені 2017 году дасьледнікі Інстытуту мікрабіялёгіі і хімічнага факультэту БДУ распрацавалі антыбактэрыяльны поліляктыд для палімэрнага пакрыцьця мэталічных імплянтатаў у траўматалёгіі[32]. 29—30 чэрвеня 2017 году на 4-м Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Маскве Інстытут мікрабіялёгіі паказаў біяпэстыцыды для аховы агародніны і бульбы ад хваробаў і шкоднікаў, ачышчальнікі глебы і сьцёкаў, а таксама лекі для жывёлаў[33]. 12 сьнежня 2017 году акадэмік-сакратар Аддзяленьня біялягічных навук НАНБ Міхаіл Нікіфараў падкрэсьліў, што навукоўцы Інстытуту мікрабіялёгіі ажыцьцявілі звыш 50 распрацовак міжнароднага ўзроўню за апошнія 10 гадоў[34]. У 2017 годзе навукоўцы Інстытуту выявілі і інактывавалі гены рэгуляцыі біясынтэзу супрацьмікробных мэтабалітаў у бактэрыяў, што дазволіла стварыць адпаведныя сродкі аховы расьлінаў[35].

22 студзеня 2018 году Прэзыдыюм НАНБ надаў годнасьць «Навукоўцы 2017 году» кіраўніцы Інстытуту мікрабіялёгіі Эміліі Каламіец за стварэньне калекцыі прамыслова каштоўных мікраарганізмаў для распрацоўкі біяпэстыцыдаў і біяабеззаражвальнікаў, прабіётыкаў і кармавых дадаткаў[36]. У 2018 годзе Інстытут мікрабіялёгіі распрацаваў на заказ «Гаррамаўтадару Менгарвыканкаму» мікробныя ўгнаеньні з солеўстойлівых, азотфіксавальных мікраарганізмаў. Яны прызначаліся для прадухіленьня згубы дрэваў уздоўж вуліцаў ад забруджваньня глебы супрацьгалалёднымі пясчана-салянымі сумесямі[37]. 1 сакавіка 2019 году адчынілі Навукова-вытворчы цэнтар біятэхналёгіяў, які ўлучаў абсталяваньне для фэрмэнтацыі мікраарганізмаў-прадуцэнтаў. Праектная магутнасьць 1-га пускавога комплексу складала 20 тонаў сухіх прабіётыкаў за год. Такі абсяг прабіётыкаў дазваляў атрымаць звыш 10 500 тонаў кармоў вартасьцю звыш 2,6 млн рублёў (1,3 млн $)[38]. 8—11 кастрычніка 2019 году на 24-м Беларускім энэргетычна-экалягічным форуме Інстытут мікрабіялёгіі прадставіў абеззаражвальнік «Біявір» для ачысткі вады ў сажалках[39].

На верасень 2020 году Беларуская калекцыя непатагенных мікраарганізмаў налічвала звыш 2500 штамаў, якія выдавалі на запыт навукова-дасьледчых установаў, вышэйшых навучальных установаў і прамысловых прадпрыемстваў. Магутнасьць досьледнай вытворчасьці Інстытуту мікрабіялёгіі складала 30 тонаў вадкіх сродкаў за год. Таксама працавала лінія вытворчасьці фэрмэнтаў для сынтэзу лекавых рэчываў, якая пакрывала патрэбы беларускага рынку. Навукова-вытворчы цэнтар біятэхналёгіяў мог выпускаць да 20 тонаў сухіх прабіётыкаў для кармоў за год і да 56 тонаў вадкіх мікробных угнаеньняў для аднаўленьня мікробацэнозу глебы. У Інстытуце распрацавалі звыш 60 біяпрэпаратаў. Сярод іх найбольш запатрабаваным быў «Полібакт» для аднаўленьня мікробацэнозу глебы. На яго аснове стварылі «Біякампазыт-карэкт» для Расеі і «Інмі-Фітастым» для Кітаю. Іх экспарт перавысіў 750 000 даляраў. За 2016—2020 гады для беларускага рынку выпусьцілі 3215 літраў «Полібакту» на 291 000 рублёў (118 000 даляраў). Таксама вырабілі 13,3 тонаў сухога прабіётыку «Спорабакт» на 204 000 рублёў і 9097 літраў біяпэстыцыду «Бэтапратэкцін» на 51 000 рублёў. Выпусьцілі 168 млн адзінак фэрмэнтаў на 114 000 рублёў. Для аховы ад фітапатагенаў і шкоднікаў таксама стварылі біяпэстыцыды «Бактасол» і «Ксантрэл», «Экагрын» і «Фруцін», а таксама «Экасад». Прабіятычныя кармавыя дадаткі «Білавэт» і «Спорабакт», «Бактахэлс» і «Эмілін» каштавалі ў 2,5 разы таньней за замежныя адпаведнікі ў разьліку на колькасьць жыцьцяздольных вузаў у граме ліяфільна высушанай бактэрыяльнай масы (КОЕ/г). Укаранілі ў вытворчасьць ачышчальнікі нафтазабруджанай глебы «Радабел» і «Экабел». Сумесна з прадпрыемствам «Прамысловыя экалягічныя сыстэмы» запусьцілі вытворчасьць звыш 35 абсарбцыйных ачышчальнікаў паветра ад атрутных злучэньняў на аўтамабілебудаўнічых і дрэваапрацоўчых, мэталюргічных і хімічных прадпрыемствах Беларусі, Расеі і Ўкраіны. У лябараторыі прыродаахоўных тэхналёгіяў стварылі набор мікраарганізмаў-разбуральнікаў арганічных злучэньняў. Таксама выраблялі біяраскладальныя палімэрныя ніткі для мэдыцыны. У Інстытуце мікрабіялёгіі 58 % дасьледнікаў складалі супрацоўнікі ў веку да 35 гадоў. Сярод навукоўцаў Інстытуту налічваўся 31 кандыдат навук і 4 дактары навук[40].

У 2020 годзе стварылі штамы бактэрыяў-прадуцэнтаў чалавечага бялку для вытворчасьці біяпрэпаратаў[41]. За 2020 год Навукова-вытворчы цэнтар біятэхналёгіяў Інстытуту мікрабіялёгіі выпусьціў вырабы на больш як 800 000 рублёў (325 000 даляраў)[42]. У 2021 годзе прадставілі мікробны прэпарат «Біяпрадукцін»[43]. 20 сьнежня 2021 году Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з каля 300 прадстаўнікоў абраў акадэміняй Эмілію Каламіец, якая была кіраўніцай Інстытуту мікрабіялёгіі[44].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кіраўніцтва(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  2. ^ Ігар Карней. Ці можа бутыляваная вада быць прычынай захворваньня на мэнінгіт // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 кастрычніка 2003 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  3. ^ Аддзяленьне біялягічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 27 траўня 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  4. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня біялагічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 4 лютага 2019 г. Архіўная копія ад 21 траўня 2019 г. Праверана 20 кастрычніка 2022 г.
  5. ^ Канфэрэнцыі(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  6. ^ Зборнікі навуковых працаў(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  7. ^ Прадметы інтэлектуальнай уласнасьці(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  8. ^ Статут Беларускага грамадзкага аб’яднаньня мікрабіёлягаў (2006 г.)(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  9. ^ Беларускае грамадзкае аб’яднаньне мікрабіёлягаў(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  10. ^ Беларуская калекцыя непатагенных мікраарганізмаў(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  11. ^ Біяўгнаеньні(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  12. ^ Біяпрэпараты для жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  13. ^ Біяпрэпараты для прамысловага рыбаводзтва(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  14. ^ «Лаксіл»(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  15. ^ «Энацін»(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  16. ^ «Апіпро»(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  17. ^ Вызначальнік узбуджальнікаў сельскагаспадарчых расьлінаў(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  18. ^ Біяпрэпараты для аховы навакольнага асяродзьдзя(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  19. ^ Фэрмэнтныя прэпараты(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  20. ^ Рэагенты для ПЛР-дыягностыкі(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  21. ^ Гісторыя(рас.) // Інстытут мікрабіялёгіі, 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  22. ^ Людміла Сьцефановіч. Інстытут мікрабіялёгіі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 270. — 609 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  23. ^ Вольга Паклонская. Эмілія Каламіец: Усё ў жыцьці даецца няпроста // Газэта «Зьвязда», 19 студзеня 2022 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  24. ^ Беларускія вучоныя распрацавалі новыя імпартазамяшчальныя прэпараты для вэтэрынарыі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 сакавіка 2012 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  25. ^ Надзея Юшкевіч. Як арганізаваць экалагічную гаспадарку // Зьвязда : газэта. — 9 кастрычніка 2013. — № 190 (27555). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  26. ^ Сьвятлана Барысенка, Алена Даўжанок. Акадэмічны ўзровень распрацоўкі фармацэўтычных прадуктаў і сучасная вытворчасьць // Зьвязда. — 15 кастрычніка 2013. — № 194 (27559). — С. 6.
  27. ^ Надзея Нікалаева. «Зарабіць добрыя грошы ў навуцы можна» // Зьвязда. — 20 студзеня 2015. — № 10 (27868). — С. 11.
  28. ^ Аляксандар Кражаў. Найлепшыя навуковыя працы названыя ў Беларусі // Радыё «Спадарожнік», 10 студзеня 2016 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  29. ^ Сьвятлана Барысенка. Асьцярожней з антыбіётыкамі // Краіна здароўя. — 25 траўня 2016. — № 8 (361).
  30. ^ Віктар Талочка. Унікальны бялок будуць здабываць навукоўцы з малака трансгенных коз // Радыё «Спадарожнік», 26 кастрычніка 2016 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  31. ^ Топ-10 дасягненьняў беларускай навукі // БелТА, 26 студзеня 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  32. ^ Надзея Нікалаева. Абарона для імплянтата // Зьвязда. — 24 студзеня 2017. — № 15 (28379). — С. 13.
  33. ^ Беларусь на IV Форуме рэгіёнаў прадставіць каля 250 інавацыйных распрацовак // БелТА, 22 чэрвеня 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  34. ^ Надзея Нікалаева. Беларусь інтэлектуальная // Зьвязда. — 13 сьнежня 2017. — № 240 (28604). — С. 2.
  35. ^ Надзея Нікалаева. Новыя прэпараты для людзей і расьлін // Зьвязда. — 12 студзеня 2018. — № 8 (28624). — С. 4.
  36. ^ Эмілія Каламіец стала вучоным года НАН Беларусі - 2017 // Газэта «Зьвязда», 22 студзеня 2018 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  37. ^ Сяргей Куркач. Дарожнікі да зімы гатовыя // Зьвязда. — 1 лістапада 2018. — № 211 (28827). — С. 3.
  38. ^ У НАН адкрыецца Навукова-вытворчы цэнтар біятэхналёгій // Газэта «Зьвязда», 28 лютага 2019 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  39. ^ Лінейку электратранспарту і прэпарат для ачысткі вады прадставіла НАН на выстаўцы «ЭнэргаЭкспа» // БелТА, 8 кастрычніка 2019 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  40. ^ Надзея Нікалаева. Новае слова ў мікрабіялёгіі // Зьвязда. — 10 верасьня 2020. — № 211 (28827). — С. 3.
  41. ^ Надзея Нікалаева. НАН Беларусі назвала Топ-10 вынікаў навукоўцаў за 2020 год // Газэта «Зьвязда», 4 студзеня 2021 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  42. ^ Надзея Нікалаева. Кіраўнік НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў: Бюджэтныя сродкі — гэта дзяржаўны заказ для навукі // Газэта «Зьвязда», 2 лістапада 2021 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  43. ^ Сяргей Ручанаў. Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі // Газэта «Зьвязда», 25 кастрычніка 2021 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.
  44. ^ Надзея Нікалаева. НАН Беларусі падвяла вынікі выбараў новых акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў // Газэта «Зьвязда», 20 сьнежня 2021 г. Праверана 21 кастрычніка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]