Перайсьці да зьместу

Інстытут парашковай мэталюргіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Інстытут парашковай мэталюргіі
наркам. Інстытут парашковай металургіі

20 красавіка 2019 году
Абрэвіятура ІПМ
Папярэднік лябараторыя парашковай мэталюргіі Беларускага політэхнічнага інстытуту
Дата ўтварэньня 7 верасьня 1972 (52 гады таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка спосабаў зваркі мэталаў
Штаб-кватэра Савецкі раён, вул. Платонава, д. 41[1]
Месцазнаходжаньне Менск
Каардынаты 53°54′44″ пн. ш. 27°35′45″ у. д. / 53.91222° пн. ш. 27.59583° у. д. / 53.91222; 27.59583Каардынаты: 53°54′44″ пн. ш. 27°35′45″ у. д. / 53.91222° пн. ш. 27.59583° у. д. / 53.91222; 27.59583
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Аляксандар Ільлюшчанка
1-ы намесьнік па навуцы Вадзім Савіч
Галоўны інжынэр Анатоль Баран
Навуковы сакратар Аляксандар Ярковіч
Асноўныя асобы Мікалай Іваноў, Міхаіл Андрэеў[2]
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі «Маладэчанскі завод парашковай металюргіі», «Цэнтар утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэньня», «Цэнтар утылізацыі артылерыйскіх і інжынэрных боепрыпасаў»
Сайт pminstitute.by
Колішняя назва Навукова-дасьледчы інстытут парашковай мэталюргіі (да 5 сакавіка 2002 году)

Інстыту́т парашко́вай мэталюргі́і імя Але́га Ро́мана (рас. Институт порошковой металлургии) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў верасьні 1972 году на аснове лябараторыі Беларускага політэхнічнага інстытуту.

На 2021 год ІПМ уваходзіў у склад Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАНБ. Узначальваў Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднаньне парашковай мэталюргіі (ДНВАПМ), у складзе якога знаходзіліся ўнітарныя прадпрыемствы «Маладэчанскі завод парашковай металюргіі», «Цэнтар утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэньня» (Гарадок, Віцебская вобласьць) і «Цэнтар утылізацыі артылерыйскіх і інжынэрных боепрыпасаў» (Добруш, Гомельская вобласьць)[3]. У Інстытуце распрацоўвалі з дынамічным і імпульсным нагружэньнем кераміку і ахоўныя пакрыцьці, звышцьвёрдыя, кампазыцыйныя і нанаматэрыялы, а таксама спосабы зваркі для парашковай мэталюргіі. Выпускалі досьледныя партыі канструкцыяў і электратэхнікі, порыстых і супрацьфрыкцыйных вырабаў. Рыхтавалі зваршчыкаў і парашковых мэталюргаў. У асьпірантуру прымалі на 3 спэцыяльнасьці: 1) нанатэхналёгіі і нанаматэрыялы, 2) парашковая мэталюргія і кампазыцыйныя матэрыялы, 3) зварка і роднасныя працэсы ды тэхналёгіі. У дактарантуру прымалі на спэцыяльнасьць парашковая мэталюргія і кампазыцыйныя матэрыялы[4]. Дасьледнікі ІПМ атрымалі 1225 аўтарскіх пасьведчаньняў СССР і 53 патэнты Рэспублікі Беларусь[5].

На 2021 год Інстытут парашковай мэталюргіі ўлучаў:

  • 4 аддзяленьні — 1) машынабудаўнічых матэрыялаў, 2) порыстых матэрыялаў, 3) дасьледаваньня і выпрабаваньня матэрыялаў, 4) стандартызацыі і мэтралёгіі;
  • досьледна-прамысловую вытворчасьць;
  • 3 адасобленыя гаспадарча-разьліковыя падразьдзяленьні — 1) Інстытут зваркі і ахоўных пакрыцьцяў, 2) Навукова-дасьледчы інстытут імпульсных працэсаў з досьледнай вытворчасьцю, 3) Навуковае прыборабудаваньне;
  • Цэнтар дасьледаваньня і выпрабаваньня матэрыялаў[4].
Таблічка Інстытуту парашковай мэталюргіі (2019 год)

На 2021 год Інстытут парашковай мэталюргіі выпускаў:

  • канструкцыі і трыбатэхніку;
  • радыёэлектроніку, тэхнічную кераміку і электратэхніку;
  • алмазныя інструмэнты;
  • порыстыя фільтры і капілярна-порыстыя вырабы;
  • матэрыялы імплянтатаў;
  • функцыянальныя пакрыцьці;
  • прыборы дасьледаваньня будовы і ўласьцівасьцяў матэрыялаў[4].

Таксама Інстытут выконваў:

  • мэталаграфічныя дасьледаваньні, мэханічныя выпрабаваньні, хімічны аналіз і неразбуральны кантроль;
  • выпрабаваньне і засьведчаньне зварачнага абсталяваньня, вырабаў і матэрыялаў;
  • распрацоўку прыладаў і апраграмаваньня для аўтаматызацыі і кіраваньня якасьцю зваркі;
  • падрыхтоўку і атэстацыю кантактных зваршчыкаў, плязьменных рэзчыкаў і тэрмістаў паводле беларускіх і міжнародных стандартаў;
  • засьвечаньне адмыслоўцаў неразбуральнага кантролю;
  • распрацоўку газаполымнага, ультрагукавога і электразварачнага абсталяваньня;
  • зварку выбухам двухмэталічных і шматслойных кампазыцыяў стопкаў;
  • выбухны сынтэз і ўдарна-хвалевую кансалідацыю нанапарашкоў алмазападобных матэрыялаў;
  • выбухны знос збудаваньняў і будаўнічых каснтрукцыяў;
  • перапрацоўку вырабаў вайсковага прызначэньня;
  • штампоўку выбухам буйнагабарытных дэталяў зь ліставых матэрыялаў;
  • імпульсную апрацоўку керамікі і мэталаў;
  • апрацоўку звышцьвёрдых і тугаплаўкіх парашкоў;
  • гідрадынамічнае прэсаваньне[4].

Навуковыя выданьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год Інстытут парашковай мэталюргіі выдаваў:

  • штогадовы зборнік навуковых працаў «Парашковая мэталюргія» (ISSN 0134-9597), заснаваны ў 1997 годзе;
  • зборнік дакладаў міжнароднай канфэрэнцыі «Новыя матэрыялы і тэхналёгіі» (аднойчы на 2 гады);
  • зборнік дакладаў міжнароднага сымпозыюму «Порыстыя пранікальныя матэрыялы» (аднойчы на 2 гады);
  • зборнік дакладаў міжнароднага сымпозыюму «Інжынэрыя паверхні, новыя парашковыя кампазыцыйныя матэрыялы» (аднойчы на 2 гады), які выпускаўся зь 1999 году[6].

7 верасьня 1972 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 272 аб стварэньні Навукова-дасьледчага інстытуту парашковай мэталюргіі (НДІПМ). Інстытут заклалі на аснове праблемнай лябараторыі парашковай мэталюргіі Беларускага політэхнічнага інстытуту, якую заснавалі ў 1957 годзе пры катэдры тэхналёгіі мэталаў, а ў 1959 годзе разьмясьцілі на заводзе «Ўдарнік». У 1973 годзе зладзілі 1-ю ў Савецкім Саюзе міжнародную выставу парашковай мэталюргіі, якую сталі праводзіць у Менску кожныя 4 гады. Пры ўдзеле супрацоўнікаў Інстытуту стварылі ўчасткі парашковай мэталюргіі на такіх прадпрыемствах як «Менскі трактарны завод», завод «Ударнік», вытворчае аб’яднаньне (ВА) «Белаўтатрактаразапчастка», ВА «Белвар», «Бабруйскаграмаш» і «Беларускі аўтамабільны завод», «Менскі падшыпнікавы завод» і «Менскі матацыклетна-вэлясыпэдны завод». У 1977 годзе скончылі будаўніцтва адміністрацыйна-лябараторнага корпусу і корпусу досьледнай вытворчасьці НДІПМ. Таксама ў 1977 годзе правялі 1-ю міжнародную навукова-тэхнічную канфэрэнцыю і выпусьцілі 1-ы нумар зборніка навуковых працаў «Парашковая мэталюргія». 10 траўня 1978 годзе Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 362 аб стварэньні ў Інстытуце спэцыяльнага канструктарска-тэхналягічнага бюро (СКТБ), якое ўзначаліў Яўген Дарашкевіч. У 1978 годзе супрацоўнікі Інстытуту Валер Шэлег і Т.А. Сьмірнова атрымалі прэмію Камсамолу Беларусі за распрацоўку і ўкараненьне ў прамысловасьць капілярных цеплаабменьнікаў. У 1979 годзе 5 супрацоўнікаў — Навум Грабнёў, А.Я. Воўчак, Яўген Званароў, Яўген Дарашкевіч і Л.Г. Панамароў — атрымалі прэмію Сабалеўскага за распрацоўку і ўкараненьне вытворчасьці дэталяў спосабамі парашковай мэталюргіі. 13 лютага 1980 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 52 аб стварэньні Беларускага рэспубліканскага навукова-вытворчага аб’яднаньня парашковай мэталюргіі (БРНВАПМ) на чале з НДІПМ. У 1980 годзе 9 супрацоўнікаў Інстытуту — Алег Роман, Пётар Віцязь, Валер Гарабцоў, Ю.В. Бойка, В.А. Генкін, Валер Шэлег, В.І. Шэлегаў, Вячаслаў Капцэвіч і В.І. Кагацько — атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларускай ССР у галіне навукі і тэхнікі за распрацоўку порыстых вырабаў з мэталічных парашкоў. У 1984 годзе запусьцілі 1-ю лінію на «Маладэчанскім заводзе парашковай металюргіі». У 1985 годзе Генадзь Карпенка, Усевалад Гольцаў, Яўген Дарашкевіч і Аляксандар Зарын атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за распрацоўку абсталяваньня нанясеньня пакрыцьця зь нітрыду тытану на зубны пратэз. У 1987 годзе 7 навукоўцаў — Алег Роман, Пётар Віцязь, Валер Шэлег, Вячаслаў Капцэвіч, Руслан Кусін, Аляксандар Рак і А.І. Славырэўскі. У 1991 годзе 22-х супраціўнікаў ІПМ узнагародзілі прэміяй Савету міністраў БССР за распрацоўку і ўкараненьне ў вытворчасьць вырабаў на «Маладэчанскім заводзе парашковай металюргіі» новых парашковых матэрыялаў[7].

У 1992 годзе ўтварылі ўправу БРНВАПМ. 8 ліпеня 1992 году Савет міністраў Беларусі ухваліў Пастанову № 418 аб утварэньні ў складзе БРНВАПМ даччынага прадпрыемства ў выглядзе Навукова-дасьледчага канструктарска-тэхналягічнага інстутуту зваркі і ахоўных пакрыцьцяў. 30 лістапада 1993 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 807 аб вылучэньні НДІ імпульсных працэсаў зь ІПМ. У 1993—2002 гадах кіраўніком БРНВАПМ быў Яўген Дарашкевіч. У 1997 годзе ІПМ і БРНВАПМ атрымалі Галоўную ўзнагароду Эўрапейскага аб’яднаньня парашковай мэталюргіі за распрацоўку і асваеньне вытворчасьці парашковых загатовак калектараў электрычных машынаў. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7, паводле якога Інстытут парашковай мэталюргіі ўлучылі ў склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 17 студзеня 2006 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 51 аб улучэньні ў склад ІПМ у якасьці адасобленых гаспадарча-разьліковых падразьдзяленьняў 2-х інстытутаў: 1) зваркі і ахоўных пакрыцьцяў, 2) імпульсных працэсаў[7].

Пад санкцыямі Украіны з 12 траня 2023 году[8].

  1. ^ Кантакты (рас.) // Інстытут парашковай мэталюргіі, 2021 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (рас.) // Інстытут парашковай мэталюргіі, 2021 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.
  3. ^ Аддзяленьне фізыка-тэхнічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2021 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.
  4. ^ а б в г Арганізацыі Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 8 лістапада 2018 г. Архіўная копія ад 15 чэрвеня 2019 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.
  5. ^ Дасягненьні (рас.) // Інстытут парашковай мэталюргіі, 2021 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.
  6. ^ Навуковыя выданьні (рас.) // Інстытут парашковай мэталюргіі, 2021 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.
  7. ^ а б в Гісторыя разьвіцьця (рас.) // Інстытут парашковай мэталюргіі, 2021 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.
  8. ^ Державне науково-виробниче об’єднання порошкової металургії

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Дысэртацыйная рада (рас.) // Інстытут парашковай мэталюргіі, 2021 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.
  • Кантакты (рас.) // Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб'яднаньне парашковай мэталюргіі, 2021 г. Праверана 7 жніўня 2021 г.