Бабруйскі завод біятэхналёгіяў
Каардынаты: 53°10′1″ пн. ш. 29°13′26″ у. д. / 53.16694° пн. ш. 29.22389° у. д.
«Бабруйскі завод біятэхналёгіяў» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 1 траўня 1936 (88 гадоў таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Магілёўская вобласьць |
Адрас | Бабруйск, Першамайскі раён, вул. Чэхава, д. 54 |
Ключавыя фігуры | Сяргей Бакун, Юры Карнеенка |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | антыфрыз, двухвокіс вугляроду, кармавыя дрожджы, лекі, паліўны брыкет, этаноль |
Абарачэньне | ▲26,958 млн рублёў[1] (2017 г.; $13,944 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼0,352 млн руб. (2017 г.; $0,182 млн) |
Чысты прыбытак | ▼0,159 млн руб. (2017 г.; $0,082 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 463 (2018 г.) |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Аўдытар | ТАА «АўдытБізнэсКансалт» (Менск) |
«Бабруйскі завод біятэхналёгіяў» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў траўні 1936 году ў якасьці Бабруйскага гідролізна-сьпіртавога завода.
На 2018 год завод вырабляў: кансэрвант для сіласаваньня «Лаксіл-М», стымулятары росту расьлінаў і расьлінаахоўныя сродкі, прабіётыкі для жывёлаў, антысэптыкі, антыфрызы, шклоабмывальнікі і сродкі ачысткі, сарбэнт «Лінгасорб», паліўныя брыкеты, двухвокіс вугляроду (вадкі і цьвёрды), кармавы бялок і этаноль (дэнатураваны, тэхнічны і рэктыфікаваны з харчовай сыравіны)[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1934 году пачалі будаўніцтва Бабруйскага гідролізнага-сьпіртавога завода, якое скончылі ў красавіку 1936 году. 1 траўня 1936 году на заводзе вырабілі першы гідролізны этаноль з драўняных трэсак ад лесапіленьня. У часе Нямецка-савецкай вайны абсталяваньне вывезьлі ў Нямеччыну. 26 кастрычніка 1947 году адноўлены завод выпусьціў першыя вырабы. У 1961 годзе ўвялі ў дзеяньне цэх вадкай вуглекіслаты для газаваных напояў, вогнетушыльнікаў і электразваркі. У 1965—1967 гадах узьвялі цэх кармавых дрожджаў з праектнай магутнасьцю на 8,4 тыс. тонаў за год. Спадарожна пабудавалі склады дрожджаў, матэрыялаў і сыравіны, участак прыгатаваньня вапнавага малака і рашчыны сілкавальных соляў, майстэрні кантрольна-вымяральных прыладаў (КВП) і электраўчастка, 2 артэзіянскія скважыны і чыгуначнае палатно. У 1973 годзе перабудавалі рэктыфікацыйнае аддзяленьне, дзе сталі выпускаць тэхнічны этаноль вышэйшай ачысткі. У 1974 годзе дражджавы цэх выйшаў на праектную магутнасьць, што дазволіла наладзіць выраб кармавых дрожджаў, узбагачаных лізінам. У 1976 годзе асвоілі выпуск дрожджаў, узбагачаных вітамінам Д2. У студзені 1979 году ўвялі ў дзеяньне збудаваньні ачысткі пасьлядражджавой бражкі, што скараціла забруджанасьць сьцёкаў на 43%.
У 1985 годзе ўзьвялі ўчастак вырошчваньня жэньшэня. У якасьці лекаў сталі выпускаць 40%-ы настой жэньшэня. Для вырабу тавараў побытавай хіміі, касмэтыкі і парфумэрыі сталі пастаўляць 20%-ы настой. У 1991 годзе ўвялі ў дзеяньне ўчастак пенамыйных сродкаў, дзе таксама пачалі вырабляць кёльнскую ваду, крэм для рук і касмэтычны лясьён. У 1993 годзе на заводзе асвоілі вырошчваньне грыбоў вешанак. У 1994 годзе пабудавалі цэх рэктыфікацыі для атрыманьня сьпірта-рэктыфіката са сьпірта-сырца. У 1995 годзе ўзьвялі ўласную паравую кацельню і асвоілі выпуск тэхнічнага этанолю зь меласы і галаўной фракцыі этанолю. У 1998 годзе збудавалі досьледна-прамысловы ўчастак для вырабу стымулятараў росту расьлінаў «Рызабактаген-С», «Фітастымафос» і «Мікалін», расьлінаахоўнага сродку «Бактаген» і вэтэрынарнага прэпарату «Субліцын». У сьнежні 1999 году наладзілі выпуск дэнатуратаў сьпірту. У траўні 2001 годзе на балянс завода прынялі досьледна-прамысловы ўчастак у пасёлку Туголіца (Бабруйскі раён), дзе вырабляюць паліўныя брыкеты зь лігніну ад гідролізнай вытворчасьці. У жніўні 2001 году ўвялі ў дзеяньне 1-ы пускавы комплекс цэха рэктыфікаванага этанолю са збожжа і сьпірта-сырца. У сьнежні 2002 годзе задзейнічалі 2-і пускавы комплекс цэха. У 2004 годзе асвоілі выраб цьвёрдай вуглекіслаты. У сьнежні 2005 году пусьцілі ўчастак сьпіртовых рашчынаў дэзынфэкцыі, дзе пачалі вырабляць шклоабмывальнікі «Кругагляд». У 2008 годзе запусьцілі вытворчасьць ахалоджвальнай вадкасьці «Айсбэрг-40» для аўтамабіляў.
У 2012 годзе ААТ «Бабруйскі завод біятэхналёгіяў» істотна павялічыла выраб ачышчанага тэхнічнага этанолю. У выніку ў 2013 годзе Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь улучыла завод у Дзяржаўны рэестар гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць паноўнае становішча на таварных рынках[3]. У студзені 2015 году завод пачаў вырабляць сарбэнт «Лінгасорб» ад разьліваў нафты, паводле распрацоўкі Навукова-дасьледчага інстытуту фізыка-хімічных праблемаў БДУ[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ М.А. Пералыгіна. Гадавая справаздачнасьць ААТ «Бабруйскі завод біятэхналёгіяў» на 1 студзеня 2018 г. (рас.) // ААТ «Бабруйскі завод біятэхналёгіяў», 5 сакавіка 2018 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.
- ^ Арганізацыі Аддзяленьня біялягічных навук (Бабруйскі завод біятэхналёгіяў) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 7 верасьня 2018 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.
- ^ «Эўраопт» дасягнуў манапольнага статусу пастаўшчыка садавіны ў Беларусь // Газэта «Новы час», 5 лютага 2014 г. Архіўная копія ад 5 лютага 2014 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.
- ^ Натальля Тарасюк. Новая распрацоўка спэцыялістаў навукова-дасьледчага інстытута БДУ здольная ліквідаваць разьліў нафты // Белтэлерадыёкампанія, 25 студзеня 2015 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьпіс цэнаў (рас.) // ААТ «Бабруйскі завод біятэхналёгіяў», 1 кастрычніка 2018 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.
- Кантакты (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |