Перайсьці да зьместу

Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°50′45″ пн. ш. 27°30′38″ у. д. / 53.84583° пн. ш. 27.51056° у. д. / 53.84583; 27.51056

«Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 25 кастрычніка 1956 (68 гадоў таму)
Заснавальнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларускай ССР
Уласьнікі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Кастрычніцкі раён, вул. Казінца, д. 103
Ключавыя фігуры Андрэй Піліпук (кіраўнік), Пётар Растаргуеў (намесьнік па інавацыйнай працы), Тацьцяна Запрудзкая (навуковая сакратарка)[1]
Галіна сфэра паслугаў
Прадукцыя рынкавае дасьледаваньне[d][2], кіраўнічае кансультаваньне[d][2] і інвэстыцыйная парада[d][2]
Паслугі дасьледаваньне рынкаў харчаваньня, выкарыстаньня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і кіраваньня ўкладаньнямі ў земляробстве
Лік супрацоўнікаў 82 дасьледнікі (2022 год)
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

«Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК» — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў кастрычніку 1956 году ў якасьці Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскагаспадарчай вытворчасьці.

На 2022 год знаходзіўся ў складзе Аддзяленьня аграрных навук НАНБ[3]. Набіраў у асьпірантуру і дактарантуру на спэцыяльнасьць эканоміка і кіраваньне народнай гаспадаркай. Праводзіў навуковыя гаспадарчыя дасьледаваньні: 1) кан’юнктуры ўнутранага і міжнародных рынкаў харчаваньня і іншых сельскагаспадарчых вырабаў, 2) выкарыстаньня і ўдасканаленьня здольнасьцяў працаўнікоў сельскай гаспадаркі, 3) спосабаў павышэньня якасьці сельскагаспадарчых вырабаў, 4) вонкавагаспадарчай дзейнасьці ў галіне абгрунтаваньня аб’ёмаў вывазу і ўвозу харчаваньня і сельскагаспадарчай сыравіны, 5) кіраваньня ўкладаньнямі ў земляробстве і іх рэгуляваньня, 6) арганізацыйных спосабаў удасканаленьня гаспадараньня ў аграпрамысловым комплексе (АПК), 7) спосабаў рэфармаваньня вытворчых і маёмасных дачыненьняў на вёсцы, 8) зямельнай палітыкі на падставе рынкавых дачыненьняў[4]. Кожныя 2 гады ладзілі міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю з удзелам дасьледнікаў з акадэміяў навук Казахстану і Польшчы, Расеі і Ўкраіны, а таксама навукоўцаў з ВНУ адпаведных краінаў[5].

На 2022 год «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК» налічваў 6 аддзелаў, зь іх 3 навукова-дасьледчыя: 1) рынку, 2) эканомікі галінаў аграпрамысловага комплексу (АПК), 3) эканамічнага рэгуляваньня, 4) арганізацыі аграрнага бізнэсу, 5) навукова-арганізацыйны, 6) інфармацыі[4].

Зь 2010-х гадоў найбольшымі ў Беларусі замоўцамі распрацоўвак «Інстытуту сыстэмных дасьледаваньняў у АПК» былі: Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, канцэрны «Белдзяржхарчпрам» і «Белнафтахім», агракамбінаты «Дзяржынскі» (Фаніпаль, Койданаўскі раён), «Ждановічы» і «Сноў» (Нясьвіскі раён), «Віцебскхлебпрам» і «Менскхлебапрадукт», «Гомельскі тлушчавы камбінат», «Аршанскі льнокамбінат» і «Менскі парнікова-цяплічны камбінат», «Бабруйскі завод алею», «Віцебскі алеяэкстракцыйны завод» і «Менскі маргарынавы завод», «Белрыба» і «Белсолад», «Машхарчпрад» (Мар'іна Горка, Пухавіцкі раён), «Дубровенскі льнозавод» і «Хоцімскі льнозавод», Беларуская чыгунка і «Менсктранс», «Менскі падшыпнікавы завод» і Шклоўскі раённы выканаўчы камітэт[6].

Замежнымі супольнікамі ў міжнародных дасьледаваньнях былі: Сусьветная гандлёвая арганізацыя (Швайцарыя) і Харчова-сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (Італія), Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (Францыя) і Эўразійскі эканамічны зьвяз (Расея), Эўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю (Швайцарыя) і Садружнасьць незалежных дзяржаваў, Міністэрства сельскай гаспадаркі Казахстану і Міністэрства гандлю Кітаю, Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША і Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі, Ізраільскае агенцтва міжнароднай супрацы ў галіне разьвіцьця, Акадэмія навук Латвіі і Акадэмія гаспадарчых дасьледаваньняў Малдовы, Казаскі НДІ эканомікі АПК і Інстытут аграрнай эканомікі Ўкраіны, Інстытут эканомікі сельскай гаспадаркі і харчаваньня Польшчы, Інстытут земляробчага разьвіцьця ў краінах зь пераходнай гаспадаркай імя Лейбніца (Нямеччына), Паўночны дасьледчы інстытут рэгіянальнага разьвіцьця (Швэцыя) ды Ўсерасейскі НДІ арганізацыі вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы, Віленскі тэхнічны ўнівэрсытэт і Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі, Унівэрсытэт Карла Лінэя (Швэцыя) і Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт Уніён імя Ніколы Тэслы (Сэрбія) і Заходне-Паморскі тэхналягічны ўнівэрсытэт, Нацыянальная школа адміністраваньня (Францыя)[7].

5 красавіка 1956 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 174 аб утварэньні Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскагаспадарчай вытворчасьці. 25 кастрычніка 1956 году міністар сельскай гаспадаркі БССР Самуіл Касьцюк падпісаў Загад аб яго заснаваньні. У 1957 годзе першым яго кіраўніком стаў сябар-карэспандэнт Іван Качура. У 1957 годзе адчынілі асьпірантуру. 6 сакавіка 1972 году Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР ухваліла Загад аб пераўтварэньні інстытуту ў Беларускі НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. 2 сакавіка 1988 году Дзяржаўны аграпрамысловы камітэт БССР зацьвердзіў Загад № 91 аб перайменаваньні інстытуту ў БелНДІ эканамічных праблемаў аграпрамысловага комплексу (АПК), які ў 1992 годзе ўвайшоў у склад Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (ААНРБ)[8].

11 красавіка 1994 году Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі ўхваліла Загад № 62 аб зьмяненьні назвы на БелНДІ эканомікі і інфармацыі АПК у выніку далучэньня БелНДІ аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня і Інстытуту інфармацыі. У 1996 годзе запрацавала дактарантура. У 1997 годзе кіраўнікі інстытуту Ўладзімер Гусакоў стаў адначасна намесьнікам старшыні ААНРБ. У 1998 годзе Аляксандар Шпак выдаў працу «Інвэстыцыйная дзейнасьць у сыстэме АПК». 22 чэрвеня 1999 году Мінсельгасхарч Беларусі зацьвердзіў Загад № 160 аб зьмяненьні назвы інстытуту на БелНДІ аграрнай эканомікі. У 1999 годзе Ўладзімер Гусакоў выдаў працу «Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь да 2015 году», а ў 2000-м — «Рынкавае разьвіцьцё аграхарчовага комплексу: высновы і прапановы». У 2000 годзе інстытут перайменавалі ў Інстытут аграрнай эканомікі[8].

У 2001 годзе выйшлі працы «Курсам аграрных рэформаў» і «Навуковыя асновы пэрспэктыўнага разьвіцьця АПК Рэспублікі Беларусь», а таксама праца Гусакова «Эканамічная рэформа і прадпрымальніцтва, эфэктыўныя мэтады». 5 траўня 2002 году інстытут увайшоў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) ў выніку далучэньня ААНРБ. У 2002 годзе выпусьцілі працы «Рэфармаваньне аграпрамысловага комплексу» і «Эфэктыўнасьць спэцыялізацыі і каапэрацыі ў сельскай гаспадарцы Рэспублікі Беларусь». У 2003 годзе Гусакоў выдаў працу «25 гадоў пошуку ісьціны». На 2004 год Інстытут аграрнай эканомікі налічваў 3 аддзелы: 1) арганізацыйна-вытворчых структураў і эканамічнага рэгуляваньня, 2) рынку, 3) інфармацыі. У склад гэтых аддзелаў уваходзілі сэктары: вытворча-тэхнічнага аграсэрвісу, зямельных дачыненьняў, прыватызацыі, цэнаўтварэньня, эканамічнага аналізу, фінансавай і падатковай палітыкі, інвэставаньня і выкарыстаньня капіталу, працоўных рэсурсаў, вонкаваэканамічных дачыненьняў і маркетынгу, сацыяльнага разьвіцьця сяла. Асноўнымі кірункамі навуковых дасьледаваньняў былі: распрацоўка ўзораў і спосабаў супрацы і залучэньня аграпрамысловых прадпрыемстваў, спосабаў паказьнікавага плянаваньня і прадказаньня сельскагаспадарчай вытворчасьці, арганізацыйнага пераўтварэньня прадпрыемстваў галіны, разьвіцьця сельскага рынку працы і заахвочаньня працаўнікоў сельскай гаспадаркі, харчовай бясьпекі краіны, утварэньня збытавога і вонкавагаспадарчага маркетынгу галіны. Інстытут быў галоўным распрацоўнікам разьдзелу «Эканоміка аграпрамысловай вытворчасьці» дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Аграпрамысловы комплекс» на 2001—2005 гады. Выдавалі часопісы «Весьці Акадэміі навук Беларусі. Сэрыя Аграрныя навукі» і «Аграэканоміка», а таксама міжведамасны зборнік «Эканамічныя пытаньні разьвіцьця сельскай гаспадаркі Беларусі». У інстытуце працавалі акадэмік Генадзь Лыч, дактары эканамічных навук Іван Вараб'ёў і Леанід Догіль, Пётар Лешчылоўскі і Ўладзімер Міласердаў, а таксам Барыс Шапіра[8].

У 2005 годзе інстытут пераўтварылі ў Цэнтар аграрнай эканомікі Інстытуту эканомікі. 22 траўня 2008 году Бюро Прэзыдыюму НАНБ ухваліла Пастанову № 252 аб перадачы Цэнтру аграрнай эканомікі БелНДІ ўкараненьня новых формаў гаспадараньня ў АПК, пасьля чаго 1 ліпеня 2008 году паводле Загаду № 59 ён стаў унітарным прадпрыемствам «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК». На 2022 год налічваў 15 сэктараў у складзе 3-х навукова-дасьледчых аддзелаў. Сярод 82-х дасьледнікаў было 27 кандыдатаў навук і 17 дацэнтаў, а таксама 3 дактары навук, зь якіх 2 прафэсары[9]. Старшынёй Рады абароны дысэртацыяў у Інстытуце быў Уладзімер Гусакоў, які зь 2012 году адначасна займаў пасаду старшыні НАНБ[10].

  1. ^ Кіраўніцтва Інстытуту // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 20 лістапада 2022 г.
  2. ^ а б в https://web.archive.org/web/20190613211723/http://nasb.gov.by/bel/organizations/institutes/inoagro.php
  3. ^ Аддзяленьне аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
  4. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 13 сьнежня 2018 г. Архіўная копія ад 13 чэрвеня 2019 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
  5. ^ Канфэрэнцыі (рас.) // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
  6. ^ Нашыя супольнікі (рас.) // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
  7. ^ Нашыя замежныя супольнікі (рас.) // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
  8. ^ а б в Мікалай Салаўцоў. Інстытут аграрнай эканомікі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 393394. — 473 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  9. ^ Пра інстытут // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 20 лістапада 2022 г.
  10. ^ Рада абароны дысэртацыяў (рас.) // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
  11. ^ Качура Іван Міхайлавіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]