Перайсьці да зьместу

Інстытут біяарганічнай хіміі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°55′42″ пн. ш. 27°41′26″ у. д. / 53.92833° пн. ш. 27.69056° у. д. / 53.92833; 27.69056

Інстытут біяарганічнай хіміі
рас. Институт биоорганической химии
Абрэвіятура ІБАХ
Папярэднік Аддзел біяарганічнай хіміі Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі
Дата ўтварэньня 10 студзеня 1974 (50 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка лекавых рэчываў, гарманальных лекаў і рэактываў для дыягностыкі
Штаб-кватэра Менск, Першамайскі раён, вул. Купрэвіча, д. 5, корп. 2
Сяброўства 2 акадэмікі, 3 сябры-карэспандэнты
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўніца Сьвятлана Бабіцкая
Намесьніца па навуковай працы Натальля Хрыпач
Намесьніца па інавацыйнай працы Алена Калінчанка
Асноўныя асобы Уладзімер Хрыпач, Фёдар Лахвіч
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі УП «Акадэмфарм», УП «Дзяржразьліковая досьледная вытворчасьць»
Колькасьць супрацоўнікаў 300 (2018 г.)
Колькасьць валянтэраў 20 асьпірантаў (2018 г.)
Сайт iboch.bas-net.by

Інстыту́т біяаргані́чнай хі́міі (анг. Institute of Bioorganic Chemistry) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў студзені 1974 году на аснове Аддзелу біяарганічнай хіміі Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі (створанага ў 1972 годзе).

На 2018 год ІБАХ знаходзіўся ў складзе Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі НАНБ. Набор у асьпірантуру ажыцьцяўлялі па 5 спэцыяльнасьцях: 1) біяарганічная хімія, 2) арганічная хімія, 3) біяхімія, 4) біяфізыка, 5) фармакалёгія. У дактарантуру набіралі па 3 спэцыяльнасьцях: 1) біяагранічная хімія, 2) арганічная хімія, 3) біяхімія. Інстытут выпускаў дыягнастычныя наборы, лекавыя рэчывы, супрацьпухлінныя лекі, гемасарбэнты і хімічныя сродкі абароны расьлінаў. Таксама Інстытут аказваў паслугі па распрацоўцы лекавых рэчываў і лекаў, праводзіў спэктраскапію ядзернага магнітнага рэзанансу (ЯМР) і мас-спэктрамэтрыю[1]. На 2018 год у Інстытуце было 300 супрацоўнікаў, зь іх 150 дасьледнікаў, у тым ліку 50 кандыдатаў і 11 дактароў навук (2 акадэмікі і 3 сябры-карэспандэнты). Налічвалася каля 20 асьпірантаў. ІБАХ ладзіць міжнародную нараду «Хімія, будова і функцыя біямалекулаў». У Інстытуце працавала 5 досьледна-вытворчых участкаў гемасарбэнтаў, рэкамбінаваных фэрмэнтаў, імунахімічных рэагентаў і аксыфітастэролаў[2].

На 2018 год Інстытут біяарганічнай хіміі ўлучаў:

  • 11 лябараторыяў — 1) фізыка-хімічных мэтадаў дасьледаваньня, 2) хіміі і выпрабаваньняў пэстыцыдаў, 3) хіміі ліпідаў, 4) хіміі простагляндынаў, 5) хіміі стэроідаў, 6) бялковай інжынэрыі, 7) малекулярнай дыягностыкі і біятэхналёгіі, 8) хіміі бялковых гармонаў, 9) дастасоўнай біяхіміі, 10) дастасоўнай энзімалёгіі, 11) хіміі нуклеатыдаў і полінуклеатыдаў;
  • аддзел фармакалёгіі і фармацыі, што меў 3 уласныя лябараторыі — 1) фармакалягічных дасьледаваньняў, 2) таксыкалёгіі, 3) фармацэўтычных выпрабаваньняў;
  • навукова-вытворчы цэнтар «Хімфармсынтэз»[1].

10 студзеня 1974 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Пастанову № 8 аб стварэньні Інстытуту біяарганічнай хіміі (ІБАХ) на аснове Аддзелу біяарганічнай хіміі Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі (ІФАХ), які ўтварылі ў складзе ІФАХ у 1972 годзе. У 1986 годзе ІБАХ стварыў дачыннае прадпрыемства «Дзяржразьліковая досьледная вытворчасьць» для вырабу рэактываў імунахімічнага аналізу. У 1988 годзе 5 дасьледнікаў Інстытуту — Апанас Ахрэм, Валер Чашчын, Алег Стральчонак, Алег Сьвірыдаў і Надзея Півень — атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР у галіне навукі тэхнікі за распрацоўку радыёімунных набораў дыягностыкі і лекаў. У 1996 годзе 6 дасьледнікаў ІБАХ — Уладзімер Хрыпач, Уладзімер Жабінскі, Вячаслаў Альховік, Раіса Літвіноўская, М.І. Завадзкая і Фёдар Лахвіч — атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі за распрацоўку вырабу расьлінных гармонаў брасінастэроідаў. На іх аснове сталі выпускаць расьлінаахоўныя сродкі «Эпін» і «Эпін-Плюс», якія знайшлі прымяненьне на сотнях км² угодзьдзяў Беларусі. Таксама брасінастэроіды выкарысталі ў выпуску прэпаратаў «АпіБрасін» для жывёлагадоўлі і «Фітанол» для аздараўленчага харчаваньня людзей, у прыватнасьці спартоўцаў[2].

На 1998 год у складзе Інстытуту біяарганічнай хіміі працавалі: 11 лябараторыяў, аддзел біялягічных выпрабаваньняў, досьледная вытворчасьць (з 1985 году), асьпірантура і рада па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: дзеяньне прыродных біяпалімэраў і нізкамалекулярных біярэгулятараў; спосабы імунахімічнага і біячуйнікавага аналізу функцыянальнага стану імуннай і рэпрадуктыўнай сыстэмаў чалавека; геннаінжынэрныя спосабы атрыманьня жыцьцёва важных злучэньняў. У Інстытуце распрацавалі: лекі ад расьсеяннага склерозу, язвы страўніка, белакроўя і пухлінаў; бясьпечныя для навакольля гэрбіцыды і інсэктыцыды; стымулятары росту расьлінаў і адаптагены. Распрацаваныя ў ІБАХ спосабы імунахімічнага аналізу ўкаранілі ў лякарнях і паліклініках Беларусі. У Інстытуце працавалі акадэмікі Апанас Ахрэм і Алег Стральчонак, сябры-карэспандэнты Фёдар Лахвіч і Ігар Міхайлопула[3].

У 2004 годзе 6 дасьледнікаў ІБАХ — Алена Калінчанка, Натальля Літвінка, Ігар Міхайлопула, Галіна Зайцава, Анатоль Зінчанка і П.Т. Пятрова — атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі за распрацоўку вытворчасьці лекаў на аснове фэрмэнтацыі нуклійных кісьляў. Пагатоў распрацоўку ажыцьцявілі пры дапамозе біяхімічнага мадэляваньня. Вынікі дасьледаваньняў Інстытуту дазволілі запусьціць вытворчасьць 14 лекаў: лейклядын, заміцыт, клёфарабін, флюдарабел, дэцытабін, пемэтрэксед, бортэзаміб, алямін, цытарабін, тыягуанін, цыкляцытыдын, фасфадэн, леватыраксін натру і карбаплятын. Распрацоўкі сталі асновай вырабу 5 гемасарбэнтаў: авасорб, антыглябулін Е, ліпасорб, нуклеасорб і антыліпапратэід. Выпуск уласных лекавых рэчываў дазволіў асвоіць выраб лекаў ад белакроўя. У 2007 годзе ТАА «Франдэса» (Менск, вул. Ф.Скарыны, д. 8) пусьціла завод расьлінаахоўных сродкаў у Бярозаўскім раёне (Берасьцейская вобласьць) на аснове распрацовак ІБАХ. За 2007—2017 гады завод выпусьціў вырабаў на больш як $42 млн, у тым ліку: стымулятары росту расьлінаў «Эпін», «Фітавітал» і «Эфалямін»; фэрамоны яблыневай пладажэркі LP-U і млынавай агнёўкі «Мірон»; дзейныя рэчывы гэрбыцыда «Грасп» і інсэктыцыда «Канфідор»; гэрбіцыды «Кумагра», «Тайфун» і «Шквал»; інсэктыцыды «Вітан» і «Кербер»; фунгіцыды «Лябрадор» і «Эхіён». У 2012 годзе пры ІБАХ стварылі навукова-вытворчы цэнтар «Хімфармсынтэз» для выпуску лекавых рэчываў ад вірусаў і пухлінаў. Адначасна Інстытуту перадалі УП «Акадэмфарм»[2].

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі (Інстытут біяарганічнай хіміі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 15 чэрвеня 2018 г. Праверана 30 кастрычніка 2018 г.
  2. ^ а б в Сьціслая гісторыя Інстытуту (рас.) // Інстытут біяарганічнай хіміі, 2018 г. Праверана 30 кастрычніка 2018 г.
  3. ^ Максім Скурко. Інстытут біяарганічнай хіміі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 267. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]