Інстытут тэхнічнай акустыкі
Каардынаты: 55°11′47″ пн. ш. 30°13′28″ у. д. / 55.19639° пн. ш. 30.22444° у. д.
Інстытут тэхнічнай акустыкі | |
рас. Институт технической акустики | |
Абрэвіятура | ІТА |
---|---|
Папярэднік | Інстытут фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў |
Дата ўтварэньня | 25 верасьня 1975 (48 гадоў таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | распрацоўка атрыманьня функцыянальных матэрыялаў |
Месцазнаходжаньне | Віцебск, Кастрычніцкі раён, прасп. Люднікава, д. 13 |
Сяброўства | Рэспубліканскі цэнтар трансфэру тэхналёгіяў |
Афіцыйныя мовы | расейская |
Кіраўнік | Васіль Рубанік |
Намесьнік па інавацыйнай працы | Юры Царэнка |
Навуковы сакратар | Зьміцер Багрэц |
Асноўныя асобы | Уладзімер Клубовіч |
Кіроўны орган | Навуковая рада |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Сайт | itanas.by |
Колішняя назва | Віцебскае аддзяленьне Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў (да 1994 г.) |
Інстытут тэхнічнай акустыкі — установа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў верасьні 1975 году ў якасьці Віцебскага аддзяленьня Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў (ІФЦЦП).
На 2018 год Інстытут уваходзіў у склад Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАН Беларусі. Пры ІТА працавалі асьпірантура і дактарантура з наборам на 3 спэцыяльнасьці: 1) фізыка кандэнсаванага стану, 2) тэхналёгіі і абсталяваньне мэханічнай і фізыка-тэхнічнай апрацоўкі, 3) апрацоўка мэталаў ціскам. Інстытут аказваў наступныя паслугі: 1) дасьледаваньне ўзьдзеяньня канцэнтраванага патоку энэргіі на кандэнсаванае асяродзьдзе і фізычны працэс, у тым ліку тэрмапругкага фазавага ператварэньня; 2) распрацоўку ўльтрагукавага і мэдычнага абсталяваньня; 3) аднаўленьне дэталяў газадынамічным напыленьнем, 4) электрафізычныя вымярэньні; 5) ўсталяваньне прыладаў аховы і пажарнай бясьпекі; 6) выпуск стаматалягічных вырабаў (дыскі і стопкі з каштоўных мэталаў, артадантычныя дугі), мэдычнага дроту з каштоўных мэталаў і нанясеньне ахоўна-дэкаратыўных пакрыцьцяў. У ІТА налічвалася:
- 3 лябараторыі — 1) фізыкі мэталаў, 2) нелінейных матэрыялаў, 3) пэрспэктыўных матэрыялаў і тэхналёгіяў (сумесна зь Віцебскім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэтам);
- 3 аддзелы — 1) інавацыйнага рэгіянальнага разьвіцьця, 2) маркетынгу і міжнародных сувязяў, 3) электрафізычных вымярэньняў[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 верасьня 1975 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Пастанову № 140 аб заснаваньні Віцебскага аддзяленьня Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў (ІФЦЦП). У 1994 годзе Віцебскае аддзяленьне ІФЦЦП пераўтварылі ў Інстытут тэхнічнай акустыкі (ІТА). У 1995 годзе ў ІТА зьявілася асьпірантура. На 1998 год у Інстытуце дасьледавалі ўзьдзеяньне канцэнтраваных патокаў энэргіі (ультрагуку, лазэрнага выпрамяненьня і высокачастотнага поля) на кандэнсаванае асяродзьдзе. У ІТА распрацавалі тэорыю сынтэзу функцыянальна-градыентных і інтэлектуальных матэрыялаў у ультрагукавым полі (кампазыцыйныя матэрыялы з эфэктам памяці формы і псэўдапругкасьці, матэрыялы для мэдыцыны, радыётэхнікі і ядзернай энэргетыкі). Таксама сынтэзавалі пераўскітныя матэрыялы, што не вырабіць пры звычайнай цеплавой апрацоўцы. Дасьледавалі кінэтыку сьпяканьня парашкоў 3-кампанэнтных сыстэмаў пад узьдзеяньнем лазэрнага выпрамяненьня. Распрацавалі выбарачнае лазэрнае сьпяканьне для стварэньня вырабаў складанай прасторавай формы. Дасьледавалі фізычнае ўзаемадзеяньне патокаў атамаў, малекулаў і іёнаў з паверхняй цьвёрдых целаў для стварэньня іённа-плязьменным спосабам дэкаратыўна-ахоўных пакрыцьцяў з вугляроду, палімэраў і гідраскілфасфатаў мэталаў[2].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладзімер Клубовіч (1975—2002)
- Васіль Рубанік(ru) (з 2002 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Арганізацыі Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук (Інстытут тэхнічнай акустыкі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 21 жніўня 2018 г. Праверана 6 верасьня 2018 г.
- ^ Віктар Шут. Інстытут тэхнічнай акустыкі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 272. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Распрацоўкі (рас.) // Інстытут тэхнічнай акустыкі, 2018 г. Праверана 6 верасьня 2018 г.
- Навуковая рада(недаступная спасылка) (рас.)
- Манаграфіі (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |