Інстытут эканомікі
Каардынаты: 53°55′1″ пн. ш. 27°36′11″ у. д. / 53.91694° пн. ш. 27.60306° у. д.
Інстытут эканомікі | |
Уваход у інстытут (2019 г.) | |
Дата ўтварэньня | 29 сакавіка 1931 (93 гады таму) |
---|---|
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Месцазнаходжаньне | Менск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2 |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Кіраўнік | Валер Бельскі |
Намесьнік па навуковай працы | Пётар Пякуцька |
Намесьнік па інавацыйнай працы | Зьміцер Прымшыц |
Навуковы сакратар | Андрэй Барысенка[1] |
Асноўныя асобы | Аляксей Дайнэка, Віталь Мядзьведзеў, Пётар Нікіценка[2] і Аляксандар Лучанок |
Кіроўны орган | Навуковая рада[3] |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Колькасьць супрацоўнікаў | 130 (2018 г.) |
Сайт | economics.basnet.by |
Колішняя назва | Група эканомікі (лістапад 1939 — люты 1940) |
Інстытут эканомікі — навукова-дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў сакавіку 1931 году.
На 2018 год Інстытут улучаў 19 сэктараў у складзе 5 аддзелаў: 1) сусьветнай эканомікі і зьнешнеэканамічных дасьледаваньняў, 2) інавацыйнай палітыкі, 3) макраэканамічнай і фінансавай палітыкі, 4) маніторынгу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, 5) эканомікі сфэры паслугаў. Ажыцьцяўляўся набор у асьпірантуру і дактарантуру па 3-х спэцыяльнасьцях: эканамічная тэорыя, эканоміка і кіраваньне народнай гаспадаркай, сусьветная эканоміка. У якасьці напрамкаў дасьледаваньняў разглядаліся: выяўленьне гаспадарчых шляхоў спрыяньня навукова-тэхнічнаму прагрэсу, распрацоўка парадаў па засваеньні вынікаў гаспадарчых дасьледаваньняў у вытворчасьці, навуковая ацэнка народна-гаспадарчых захадаў, інавацыйных праектаў і праектаў нарматыўных прававых актаў, вывучэньне і прыстасаваньне замежных дасягненьняў і перадавога досьведу ў галіне гаспадаркі да ўмоваў Беларусі. Таксама Інстытут аказваў платныя паслугі: распрацоўка і ацэньваньне навукова-тэхнічнага і інвэстыцыйнага праекту, тэхніка-гаспадарчага абгрунтаваньня і бізнэс-пляну, агляд таварнага рынку ў Беларусі і за мяжой, падрыхтоўка даведкі пра разьвіцьцё гаспадаркі Беларусі, навуковая ацэнка гаспадарчага законапраекту, распрацоўка захаду ў галіне гаспадарчай палітыкі[4]. Інстытут налічваў звыш 130 супрацоўнікаў, зь іх каля 100 дасьледнікаў. Сярод навукоўцаў было 33 кандыдаты навук, 5 дактароў навук і 1 чалец-карэспандэнт Акадэміі[5]. Праводзіліся міжнародныя дасьледаваньні сумесна з навуковымі ўстановамі і гаспадарчымі ВНУ 3-х краінаў Азіі (Казахстан, Кітай і Манголія) і 7 краінаў Эўропы: Гішпанія, Латвія, Летува, Малдова, Польшча, Расея (Інстытут праблемаў рынку РАН, Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт эканомікі і фінансаў) і Ўкраіна (Інстытут эканамічнага прагназаваньня НАН Украіны)[6].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навуковая рада. Выбіраецца Сходам навуковых супрацоўнікаў Інстытуту, якія маюць навуковую ступень. Абраны склад зацьвярджае Бюро Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў Акадэміі. Улучае кіраўніка, намесьніка па навуковай працы і навуковага сакратара. Вызначае плян навуковых дасьледаваньняў і будову Інстытуту. Выбірае загаднікаў аддзеламі і сэктарамі, навуковых супрацоўнікаў. Разглядае каштарыс выдаткаў і зацьвярджае выданьне манаграфіяў, навуковых дакладаў і зборнікаў. Ухваляе супрацу з навуковымі ўстановамі замежжа[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 сакавіка 1931 году Прэзыдыюм Беларускай акадэміі навук зацьвердзіў Рашэньне пра стварэньне Інстытуту эканомікі на аснове 3-х катэдраў — 1) каапэрацыі і калектывізацыі, 2) эканамічнай геаграфіі, 3) тэорыі штандорту (разьмяшчэньня) — Інстытуту эканомікі Дзяржапляну БССР і эканамічнага аддзелу Інстытуту прамысловасьці. Першым кіраўніком Інстытуту стаў акадэмік Янка Нёманскі (сапр. Іван Пятровіч). Першапачаткова супрацоўнікі Інстытуту далучыліся да распрацоўкі 2-га 5-гадовага пляну разьвіцьця народнай гаспадаркі БССР. З 1933 году Інстытут засяродзіў свае дасьледаваньні ў галіне эканамічнай геаграфіі, прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, гандлю і народнага даходу. У галіне эканамічнай геаграфіі Інстытут супрацоўнічаў з прафэсарам НДІ геаграфіі пры БДУ Мікалаем Баранскім. 5 студзеня 1938 году Бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі зацьвердзіла Рашэньне пра скасаваньне Інстытуту эканомікі. У лістападзе 1939 году Акадэмія навук БССР утварыла групу эканомікі, загаднікам якой прызначылі старшыню Дзяржпляну БССР Сяргея Малініна. У лютым 1940 году Савет народных камісараў БССР ухваліў Рашэньне пра стварэньне Навукова-дасьледчага інстытуту эканомікі ў Акадэміі навук БССР. У чэрвені 1941 году Інстытут вывезьлі ў Маскву, адкуль вярнулі ў красавіку 1945 году. Паваенныя дасьледаваньні найперш вяліся ў галіне прамысловасьці, лясной гаспадаркі і ўзнаўленьні сельскай гаспадаркі[7]. З 1945 году ў Інстытуце зьявілася асьпірантура[8].
У 1955 годзе Інстытут склаў гаспадарчае абгрунтаваньне генэральнай схемы асушваньня і засваеньня балотаў і забалочаных земляў Палескай нізіны. Надалей дасьледаваньні тычыліся выніковасьці працы і капітальных укладаньняў, гаспадарчага разьліку і цэнаўтварэньня. Прапановы дасьледнікаў Інстытуту ў галіне ліцейнай вытворчасьці, тарфяной, лёгкай, шкляной і харчовай прамысловасьці знайшлі адлюстраваньне ў захадах ураду Беларускай ССР. Істотны ўплыў на падрыхтоўку навукоўцаў аказаў акадэмік Васіль Нямчынаў. У 1960-я гады пераважна дасьледавалі гаспадарчы разьлік і выніковасьць асноўных фондаў у машынабудаваньні, станкабудаваньні і прыборабудаваньні, якія зьявіліся ў Беларусі ў 1950-я гады і вызначалі навукова-тэхнічны прагрэс. У 1970-я гады пачалі вывучаць сусьветную эканоміку і інвэстыцыйную палітыку заходніх і разьвіцьцёвых краінаў. У гэты час дасьледнікі Інстытуту абгрунтавалі паказьнікі выніковасьці вытворчасьці і акрэсьлілі чыньнікі працаёмкасьці, матэрыялаёмкасьці і фондаёмкасьці. Таксама ўдалося распрацаваць віды разьмеркавальных дачыненьняў і прагноз выкарыстаньня прыродных багацьцяў беларускага Палесься да 1990 году. У 1980-я гады навукоўцы Інстытуту засяродзіліся на 3-х напрамках дасьледаваньняў: 1) гаспадараньне на абласным узроўні, 2) выніковасьць вытворчасьці, 3) распрацоўка навукова-тэхнічнай праграмы БССР на 20 гадоў. У рамках напрамкаў эканамісты дасьледавалі: 1) выкарыстаньне гаспадарчых законаў у разьмеркавальных дачыненьнях, 2) гаспадараньне на ўзроўні вытворчага аб’яднаньня і прамысловага прадпрыемства, 3) перашкоды выніковасьці працы, капітальных укладаньняў і асноўных вытворчых фондаў, 4) гаспадарку навуковых дасьледаваньняў, 5) разьмяшчэньне вытворчасьці і грамадзкай інфраструктуры[7].
У 1990-я гады Інстытут перайшоў да дастасоўных дасьледаваньняў па грантах ураду Беларусі і міжнародных арганізацыяў. Навукоўцы сталі дасьледаваць гаспадараньне ва ўмовах рынкавых дачыненьняў, рэфармаваньне дачыненьняў уласнасьці, кіраваньне гаспадаркай вобласьці, крэдытна-фінансавыя дачыненьні, спосабы гаспадарчай ацэнкі багацьцяў і аднаўленьня земляў, забруджаных у выніку Чарнобыльскай катастрофы. У 1995 і 1996 гадах дасьледнікі Інстытуту ў супрацы з адмыслоўцамі некалькіх ВНУ Беларусі падрыхтавалі 1-ю і 2-ю нацыянальныя справаздачы аб чалавечым разьвіцьці ў Беларусі. Гэтае дасьледаваньне выканалі пры падтрымцы Прадстаўніцтва ААН у Беларусі. У 1995 годзе І.М. Абрамаў атрымаў ад Расейскай акадэміі навук мэдаль Кандрацьева за манаграфію «Цыклі ў разьвіцьці эканомікі СССР» (1990 г.). У 1996—2000 гады Інстытут выступіў асноўным выканаўцам дзяржаўнай праграмы дасьледаваньняў «Тэарэтычныя асновы нацыянальнай мадэлі эканомікі Рэспублікі Беларусь і мэханізм яе рэгуляваньня». Праграму выканалі ў супрацы з НДЭІ Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, НДІ эканомікі і інфарматыкі аграпрамысловага комплексу і Полацкім дзяржаўным унівэрсытэтам[7].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Нёманскі (сапр. Іван Пятровіч, 29 сакавіка 1931 — 1932)
- Тамаш Домбаль (1932—1935)
- Я.Г. Ракаў (1935—1937)
- Сяргей Малінін (лістапад 1939 — люты 1940)
- Васіль Лубяка (люты 1940 — 1946)
- Сяргей Малінін (1946—1947)
- Іван Качура (1947—1951)
- Георгі Кавалеўскі (1952—1964)
- Фелікс Марцінкевіч (1964—1980)
- Станіслаў Галуза (1981—1988)
- Генадзь Лыч (1988—1997)
- Пётар Нікіценка (1998—2010)[7]
- Аляксей Дайнэка (2011—2016)
- Валер Бельскі (з 2016 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дырэкцыя // Інстытут эканомікі, 2018 г. Праверана 7 жніўня 2018 г.
- ^ Рада па абароне дысэртацыяў // Інстытут эканомікі, 2018 г. Праверана 7 жніўня 2018 г.
- ^ а б Навуковая рада // Інстытут эканомікі, 2018 г. Праверана 7 жніўня 2018 г.
- ^ Арганізацыі Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў (Інстытут эканомікі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 7 ліпеня 2018 г. Праверана 7 жніўня 2018 г.
- ^ Галоўная старонка // Інстытут эканомікі, 2018 г. Праверана 7 жніўня 2018 г.
- ^ Міжнародная супраца // Інстытут эканомікі, 2018 г. Праверана 7 жніўня 2018 г.
- ^ а б в г Гістарычная даведка // Інстытут эканомікі, 2018 г. Праверана 6 жніўня 2018 г.
- ^ Генадзь Лыч. Інстытут эканомікі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 275. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навуковыя публікацыі // Інстытут эканомікі, 2018 г. Праверана 7 жніўня 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |