Перайсьці да зьместу

Васіль Купрэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Васіль Купрэвіч
1917 год
Дата нараджэньня 12 (24) студзеня 1897 або 1897[1][2][3][…]
Месца нараджэньня вёска Кальнікі, Барысаўскі павет, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 17 сакавіка 1969(1969-03-17)[4]
Месца сьмерці Масква, Расейская СФСР, СССР
Месца пахаваньня
Месца вучобы Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія (1931)
Занятак батанік, палітык
Навуковая сфэра Батаніка
Месца працы Акадэмія навук БССР
Вядомы як Заснавальнік глебавай энзімалёгіі
Сябра ў Акадэмія навук СССР[d]
Навуковая ступень доктар біялягічных навук[d]
Навуковы кіраўнік Уладзімер Траншэль(ru)
Вучні Эма Пятроўна Камарова[d] і Зоя Якаўлеўна Сярова[d]
Узнагароды
Герой Сацыялістычнай Працы
Герой Сацыялістычнай Працы
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу

Васіль Тэафілевіч Купрэвіч (1897, в. Кальнікі, цяпер Смалявіцкі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1969, Масква, цяпер Расея) — батанік. Выявіў пазавузавае выдзяленьне фэрмэнтаў у аблігатных паразытаў і кончыкамі каранёў вышэйшых расьлінаў. Даказаў магчымасьць засвойваньня вуглякісьлі, што трапляе ў корань з глебы разам з вадой. Доктар біялягічных навук (1942), прафэсар (1950), акадэмік Акадэміі навук БССР (1952), чалец-карэспандэнт Акадэміі навук СССР (1953), заслужаны дзяяч навукі БССР (1967), герой Сацыялістычнай Працы (1969). 7-ы старшыня Акадэміі навук Беларускай ССР (1952—1969).

Нарадзіўся ў сям’і лесьніка Тэафіля (Тахвіля) Лявонавіча і сялянкі Матроны Паўлаўны. Бацька працаваў лесьніком на графа Любенскага і хутка перавёз жонку з 4-ма сынамі ў вёску Сафіёўка (Аршанскі павет, Магілёўская губэрня; цяпер Аршанскі раён, Віцебская вобласьць). У вёсцы Дзевіна (Аршанскі павет; цяпер Аршанскі раён) за 1906—1910 гг. скончыў школу. Цягам 1910—1913 гг. навучаўся сельскагаспадарчай вучэльні ў Смалянах (Аршанскі павет; цяпер Аршанскі раён), дзе атрымаў спэцыяльнасьць сельскагаспадарчага старасты. У 1913 г. паступіў у школу юнгаў у Пецярбургу (цяпер Расея), потым у матроскую гімназію ў Гэльсынгфорсе (Вялікае княства Фінляндзкае; цяпер Фінляндыя). Пасьля здачы іспыту на артылерыста ў 1915 г. у званьні старшыны загадваў кармавым плутонгам эскадранага мінаносца «Самсон» пры баях зь нямецкім флётам у Рыскім заліве 8-19 жніўня 1915 году. 12-20 кастрычніка 1917 г. удзельнічаў у Маазудзкай бітве (востраў Эзэль, Ліфляндзкая губэрня; цяпер востраў Саарэмаа, Эстонія). Браў удзел у кастрычніцкім перавароце 1917 г. у Петраградзе, у тым ліку ў штурме Зімняга палаца[5]. У красавіку 1918 г. у складзе Балтыйскага флёту на мінаносцы «Самсон» удзельнічаў у лядовым паходзе. Затым паступіў у Гэльсынгфорскі ўнівэрсытэт на фізыка-матэматычны факультэт.

Па вяртаньні дадому ў чэрвені 1918 г. уладкаваўся настаўнікам Кляньнікаўскай школы (Барысаўскі павет; цяпер Смалявіцкі раён), затым выкладнікам прыродазнаўства і хіміі ды загаднікам беларускай 7-гадовай школы ў Смалявічах (Барысаўскі павет, Беларуская ССР; цяпер Менская вобласьць, Беларусь).

У 1925 г. атрымаў ганаровы дыплём сельскагаспадарча-рамесьніцкай выставы за складаньне зёльніка насеньня пустазельляў Смалявіцкага раёна. У 1926-ым выдаў 1-ы навуковы артыкул. Праходзіў выкладніцкую перападрыхтоўку ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Адначасна з 1928 па 1931 год завочна навучаўся на спэцыяльным факультэце аддзяленьня аграбіялёгіі Інстытуту павышэньня кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі ў Маскве. У 1931—1934 гадох быў асьпірантам Батанічнага інстытуту Акадэміі навук (АН) СССР ды выкладаў у Ваенна-мэдычнай акадэміі ў Ленінградзе (Расейская СФСР). У 1934 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю пад кіраўніцтвам Уладзімера Траншэля(ru) па тэме «Да фізыялёгіі хворай расьліны. Фізыялягічныя дадзеныя аб шкоднасьці некаторых грыбных і вірусных захворваньняў культываваных расьлінаў». З 1934 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам лябараторыі фітапаталёгіі, потым загаднікам лябараторыі фізыялёгіі расьлінаў Біялягічнага інстытуту Акадэміі навук БССР. Па сумяшчальніцтве выкладаў фітапаталёгію ў Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школе ў Менску, у БДУ, дарвінізм ў Гомельскім пэдагагічным унівэрсытэце і Беларускім сельскагаспадарчым інстытуце (Горкі). У 1938 г. вяртаецца на працу ў Батанічны інстытут АН СССР. 21 лістапада 1941 г. абараніў доктарскую дысэртацыю «Фізыялёгія хворай расьліны ў сувязі з агульнымі пытаньнямі паразытызму». 8 лютага 1942 г. выехаў з абложанага Ленінграду у Казань (Татарская АССР, РСФСР; цяпер Татарстан, Расея). Пры росьце 190 см важыў 48 кг. Затым пераехаў у Сыктыўкар (Комі АССР, РСФСР) і Таджыцкую ССР (цяпер Таджыкістан).

У 1942 г. у Беларусі нямецкія акупанты забілі бацьку на вачах у маці, якая памерла ад ранаў у 1944 годзе.

У 1949—1952 гг. узначальваў Батанічны інстытут АН СССР у Ленінградзе. У 1950-ым атрымаў званьне прафэсара. У студзені 1952 г. абраны акадэмікам і старшынёю АН БССР, у 1953 — чальцом-карэспандэнтам АН СССР. У 1954 г. ажыцьцявіў навуковае падарожжа ў Францускую Гвіяну[5]. З 1958 г. узначаліў Аддзел фізыялёгіі і сыстэматыкі ніжэйшых расьлінаў АН БССР. У часе працы ў Інстытуце біялёгіі ды Аддзеле фізыялёгіі і сыстэматыкі ніжэйшых расьлінаў АН БССР выявіў пазавузавае выдзяленьне фэрмэнтаў у аблігатных паразытаў і кончыкамі каранёў вышэйшых расьлінаў, даказаў магчымасьць засвойваньня вуглекісьлі, што трапляе ў корань з глебы разам з вадой. Лік супрацоўнікаў акадэміі навук БССР з 1959 г. да 1969 г. вырасла з 900 да 12 тыс. чалавек. За часам яго кіраўніцтва ў акадэміі зьявіліся 5 інстытутаў: 1) фізыкі і матэматыкі, 2) ядзернай энэргетыкі, 3) цепла- і масаабмену, 4) тэхнічнай кібэрнэтыкі, 5) генэтыкі і цыталёгіі. У 1966 г. выдаў па-расейску кнігу «Глебавая энзімалогія».

Агулам выдаў звыш 100 навуковых артыкулаў і 7 манаграфіяў[6]. Апісаў 179 відаў паразытарных і сапрафітных грыбоў канюшыны і люцэрны (1954) і 180 відаў іржавых грыбоў, якія наносяць шкоду хлебным злакам і дзікарослым карысным расьлінам (1957).

Узнагароды і ўшанаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1967 г. атрымаў званьне заслужанага дзеяча навукі, у 1969 — Героя Сацыялістычнай Працы. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР (1951—1954), Вярхоўнага Савету СССР (1954—1969), уваходзіў у склад Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, «Знак пашаны». Яго імя носяць Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вуліца ў Менску, гімназія ў Смалявічах[7].

Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску. У 2007 г. надмагільны помнік улучылі ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэньня. У Менску на доме Купрэвіча ўсталявалі памятную дошку.

У 1970 годзе савецкі пісьменьнік Валянцін Пікуль(ru) выдаў у Маскве раман «Маазунд»(ru), дзе згадаў камандора Васіля Купрэвіча. У 1974 годзе Кандрат Крапіва напісаў камэдыю «Брама неўміручасьці» паводле ідэяў Купрэвіча аб дары неўміручасьці людзям.

  1. ^ International Plant Names Index (анг.) — 1999.
  2. ^ Vasiliĭ Feofilovich Kuprevich // аўтар назвы
  3. ^ Vasilii Feofilovich Kuprevich // Harvard University Herbaria & Libraries Index of Botanists (анг.)Harvard University Herbaria and Libraries.
  4. ^ Купревич Василий Феофилович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ а б Віктар Сьвякла. Час Купрэвіча // Літаратура і Мастацтва : газэта. — 10 лютага 2012. — № 6 (4652). — С. 20. — ISSN 0024-4686.
  6. ^ Марына Ліс, Тацяна Жук. Формула бессьмяротнасьці // Зьвязда : газэта. — 14 сакавіка 2012. — № 48 (27163). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Аляксей Вайткун, Тацяна Жук, Марына Ліс (24 студзеня 2012) Рукапісы не гараць. Васіль Купрэвіч Культура. Tut.byПраверана 24 студзеня 2012 г.