Аляксандар Кільчэўскі
Аляксандар Кільчэўскі | ||||
Дата нараджэньня | 17 жніўня 1955 (69 гадоў) | |||
---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | Горкі | |||
Месца вучобы | БСГА | |||
Занятак | біёляг | |||
Навуковая сфэра | генэтыка, сэлекцыя, біятэхналёгія | |||
Месца працы | Інстытут генэтыкі і цыталёгіі НАН Беларусі | |||
Навуковая ступень | доктар біялягічных навук | |||
Бацька | Уладзімер Кільчэўскі[d] | |||
Узнагароды | |
Алякса́ндар Уладзі́меравіч Кільчэ́ўскі (нар. 17 жніўня 1955, м. Горкі Магілёўскай вобласьці) — беларускі навуковец у галіне генэтыкі, сэлекцыі і біятэхналёгіі расьлінаў. Сябра-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Беларусі (1996), акадэмік НАН Беларусі (2017), сябра-карэспандэнт НАН Беларусі (2003), доктар біялягічных навук (1994), прафэсар (1995), акадэмік Міжнароднай Акадэміі інфарматызацыі, сябра Эўрапейскага таварыства генэтыкаў і сэлекцыянэраў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Горках у сям’і выкладчыкаў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1977 року скончыў з адзнакай агранамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1977—1980 рр. навучаўся ў асьпірантуры ў Інстытуце генэтыкі і цыталёгіі АН БССР пад кіраўніцтвам акадэміка Л. В. Хатылёвай.
У 1982 абараніў дысэртацыю на сушуканьне вучонай ступені кандыдата біялягічных навук на тэму «Эфэктыўнасць першага цыклю рэціпрокнага пэрыядычнага адбору ў таматах».
У 1978—1988 — асыстэнт, старшы выкладчык, дацэнт катэдры агародніцтва і пладаводзтва, узначальваў таксама аддзел навукова-дасьледчай работы студэнтаў БСГА.
У 1988 року абраны загадчыкам катэдры сельскагаспадарчай біятэхналёгіі і экалёгіі ў БДСГА,створанай па яго ініцыятыве. Пры катэдры быў арганізаваны найбуйнейшы ў Беларусі біятэхналягічны цэнтар, абсталяваны сучасным абсталяваньнем для выкананьня дасьледаваньняў у галіне біятэхналёгіі і экалёгіі, наладжаная шырокамаштабная вытворчасьць аздароўленага пасадачнага матэрыялу бульбы, суніцаў, дэкаратыўных расьлінаў для гаспадарак і насельніцтва рэспублікі.
У 1994 року абараніў дысэртацыю на сушуканьне вучонай ступені доктара біялягічных навук на тэму «Ўзаемадзеяньне генатыпу і асяродзьдзя ў сэлекцыі расьлінаў (на прыкладзе агароднінных культур і бульбы)». У 1995 року прысвоенае званьне прафэсара. Сябра-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Беларусі (1996).
У 2003 року абраны сябрам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2004 прызначаны дырэктарам Інстытуту генэтыкі і цыталёгіі НАН Беларусі. З 2014[1] — галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўны кірунак навуковай дзейнасьці А. В. Кільчэўскага ў 1977—2003 рр. — распрацоўка прынцыпаў і мэтадаў экалягічнай сэлекцыі расьлінаў з ужываньнем біятэхналёгіі для стварэньня высокапрадукцыйных, энэргаэфэктыўных і экалягічна стабільных гатункаў, якія забясьпечваюць атрыманьне экалягічна бясьпечнай прадукцыі. Сумесна зь Любоўю Хатылёвай распрацавалі мэтад ацэнкі адаптыўнай здольнасьці і экалягічнай стабільнасьці генатыпаў, асяродзьдзя як фону для адбору.
А. В. Кільчэўскі ўпершыню комплексна вывучыў генэтыку назапашваньня палютантаў (нітратаў, цяжкіх мэталаў, радыянуклідаў) агародніннымі культурамі. Паказана, што ўнутрывідавая генэтычная разнастайнасьць расьлінаў па зьмесьце палютантаў дазваляе шляхам адбору генатыпаў зь мінімальным вынасам палютантаў паменшыць іх назапашваньне ў прадукцыі ў 2—5 разоў. Ён шмат увагі надае распрацоўцы мэтадаў сэлекцыі на гетэрозіс. Ён упершыню на прыкладзе тамата распрацаваў мэтад рэціпрокнага пэрыядычнага адбору, тэарэтычна абгрунтаваны і экспэрымэнтальна правераны мэтад рэціпрокных тэстараў. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у біятэхналёгію расьлінаў: распрацаваў і ўдасканаліў мэтады клянальнага мікраразмнажэньня дурніцы высокай, лілей, мікра- і мініклюбняў бульбы і інш. Ён таксама прапанаваў мэтад цыклічнай сэлекцыі тамата на холадаўстойлівасьць і прадукцыйнасьць па гамэтафіце і спарафіце.
Пад ягоным кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле створаныя і раяніраваныя ў Беларусі 15 гатункаў і гібрыдаў тамата для адкрытага грунту і плёначных цяпліц, распрацавана эфэктыўная сыстэма насеньняводзтва гібрыдаў тамата на аснове функцыянальнай мужчынскай стэрыльнасьці, якая зьніжае затраты на атрыманьне насеньня ў 10 разоў.
У 2003 року ў Інстытуце генэтыкі і цыталёгіі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам А. В. Кільчэўскага разгорнутыя дасьледаваньні па ДНК-пашпартызацыі і ДНК-маркіраваньні генатыпаў тамата, перцу, цукровых буракоў і бульбы. Распрацаваны мэтады маркер-спадарожнай сэлекцыі тамата па генах, вызначальных лежкасьць і якасьць плоду. Для паскоранага ўкараненьня дасягненьняў геномікі і біятэхналёгіі ў практыку сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, аховы навакольнага асяродзьдзя па ягонай ініцыятыве створаны ў Інстытуце генэтыкі і цыталёгіі НАН Беларусі Рэспубліканскі цэнтар геномных біятэхналёгій (акрэдытаваны ў 2009), а таксама цэнтар калектыўнага карыстаньня «Геном». Зьяўляецца кіраўніком падпраграмы «Геномікі» праграмы «Фундамэнтальныя асновы біятэхналёгіі». Ініцыяваў галіновую праграму «Геномных біятэхналогій». Зьяўляецца кіраўніком двух міжнародных кантрактаў з Вэнэсуэлай у галіне біятэхналёгіі і біябясьпекі.
Апублікаваў больш за 350 навуковых прац, у тым ліку 7 навуковых манаграфій і 3 падручнікі, мае 15 сьведчаньняў сэлекцыянэра на гатункі.
Падрыхтаваў 17 кандыдатаў і аднаго доктара навук.
Прызнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сябра-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
- Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі.
- Сябра Эўрапейскага таварыства генэтыкаў і сэлекцыянэраў EUCARPIA.
- Сябра бюро Навуковай рады Беларускага рэспубліканскага фонду фундамэнтальных дасьледаваньняў.
- Старшыня экспэртнага савету Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі.
- Старшыня Савету па абароне доктарскіх дысэртацыяў па спэцыяльнасьцях «генэтыка», «малекулярная генэтыка» і «біятэхналёгія».
- Сябра рэдкалегіі часопісу «Весьці НАН Беларусі. Сэрыя біялягічных навук».
- Сябра рэдакцыйнай рады часопісу «Экалягічная генэтыка» (Санкт-Пецярбург).
- Рэфэрэнт часопісу «Crop and Horticultural Science» (Новая Зэляндыя).
- Сябра рэдкалегіі шэрагу іншых навуковых часопісаў.
- Старшыня Беларускага таварыства генэтыкаў і сэлекцыянэраў.
- Ганаровы доктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
- Ганаровы прафэсар Вармінска-Мазурскага ўнівэрсытэту (Польшча).
- Ганаровы прафэсар Ольштынскай аграрна-тэхнічнай акадэміі (Польшча).
Прэміі і ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сумесна з акадэмікам НАН Беларусі Л. В. Хатылёвай у 1999 атрымаў прэмію Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за цыкль навуковых работ «Распрацоўка прынцыпаў і мэтадаў экалягічнай сэлекцыі расьлін».
- Знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».
- Мэдаль імя С. І. Жагалава.
- Мэдаль імя М. І. Вавілава.
- Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
- Ганаровыя граматы НАН Беларусі, Мінсельгасхарчу, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Беларускага Рэспубліканскага фонду фундамэнтальных дасьледаваньняў.
- Мэдаль Францішка Скарыны (2014)[2].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генотип и среда в селекции растений / в соавт.- Мн.: 1989;
- Биометрия в генетике и селекции растений / в соавт.- М.: 1992;
- Экологическая селекция растений / в соавт. — Мн.: 1997;
- Селекция гетерозисных гибридов томата / в соавт.- Мн.: 2005;
- Взаимодействие генотипа и среды в Государственном сортоиспытании овощных культур / в соавт. — Горки: 2006.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кільчэўскі Аляксандр Уладзіміравіч // Бел. энцыкл. : у 18 т. — Мн.: 1999. — Т. 8. С. 259.
- Александр Владимирович Кильчевский (К 50-летию со дня рождения) // Изв. НАН Беларуси. Сер. биол. наук. 2006, № 1.
- Кильчевский Александр Владимирович // История в биографиях ученых, удостоенных почетных званий, лауреатов премий, профессоров, докторов наук / авт.-сост. Цыганов А. Р., Лившиц В. М.БГСХА. — Могилев: 2005. С. 79-81.
- Кильчевский Александр Владимирович // Лившиц В. М. Гордость и слава Горецкой земли. В 3 -х книгах. Книга 1. Учёные-земляки. — Горки. С. 18—22.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Профіль сябра-карэспандэнта А. У. Кільчэўскага на бачыне НАН Беларусі
- Аляксандар Кільчэўскі ў базе зьвестак «Гісторыя беларускай навукі ў асобах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (рас.)