Перайсьці да зьместу

Інстытут агародніцтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°44′18″ пн. ш. 27°30′39″ у. д. / 53.73833° пн. ш. 27.51083° у. д. / 53.73833; 27.51083

«Інстытут агародніцтва»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 1 жніўня 1990 (34 гады таму)
Заснавальнікі Заходняе рэгіянальнае аддзяленьне Ўсесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук
Уласьнікі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менскі раён
Адрас Самахвалавічы, вул. Кавалёва, д. 2
Закрытая 18 чэрвеня 2023[1]
Ключавыя фігуры Андрэй Чайкоўскі, Алена Досіна-Дубешка, Аксана Салавей[2]
Галіна сельская гаспадарка
Прадукцыя насеньне, расада і пасадачны матэрыял агародніны
Паслугі выпрабаваньне сродкаў аховы расьлінаў і ўгнаеньняў
Матчына кампанія «Навукова-практычны цэнтар бульбаводзтва і плодаагародніцтва»

«Інстытут агародніцтва» — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў жніўні 1990 году ў Самахвалавічах (Менскі раён) у якасьці Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту агародніцтва.

На 2022 год уваходзіў склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ і падпарадкоўваўся «Навукова-практычнаму цэнтру бульбаводзтва і плодаагародніцтва»[2]. Набіраў у асьпірантуру па 2-х спэцыяльнасьцях: 1) агародніцтва, 2) сэлекцыя і насеньняводзтва сельскагаспадарчых расьлінаў. Вырабляў і прадаваў гуртам і ўраздроб насеньне, расаду і пасадачны матэрыял агародніны. Выпрабоўваў сродкі аховы расьлінаў і ўгнаеньні для дзяржаўнага ўліку[3].

На 2022 год «Інстытут агародніцтва» ўлучаў:

На 2016 год базавай гаспадаркай Інстытуту для выпрабаваньня гатункаў агародніны была «Дружба і К» Уладзімера Крапіўкі ў Смалявіцкім раёне (Зарэчча)[4].

16 ліпеня 1990 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 157 «Аб стварэньні навукова-дасьледчых інстытутаў». Згодна з гэтай Пастановай 26 ліпеня 1990 году Заходняе рэгіянальнае аддзяленьне Ўсесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук зацьвердзіла Загад № 30, паводле якога 1 жніўня 1990 году заснавалі Беларускі навукова-дасьледчы інстытут агародніцтва (БелНДІ агародніцтва) на аснове галіновых аддзелаў і лябараторыяў БелНДІ бульбаводзтва і плодаагародніцтва[5]. У 1992 году БелНДІ агародніцтва падпарадкавалі Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, што ўваходзіла ў склад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь. На 1996 год асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: стварэньне гатункаў і гібрыдаў агародніны ды спосабаў вытворчасьці іх насеньня, энэргаашчадныя і прыродаахоўныя спосабы агародніцтва ў адкрытым і ахаваным грунце. На той час дасьледнікі Інстытуту стварылі звыш 100 гатункаў і гібрыдаў агародніны[6].

У 1997 годзе дасьледнікі БелНДІ агародніцтва стварылі стварылі 1-ы гібрыд агародніны, які ўлучылі ў Дзяржаўны рэестар гатункаў. 13 ліпеня 2000 году Савет міністраў Беларусі ўзнагародзіў БелНДІ агародніцтва Ганаровай граматай «за стварэньне высокапрадукцыйных хваробаўстойлівых гатункаў і гібрыдаў агароднінных культураў, распрацоўку і забесьпячэньне асваеньня ў гаспадарках рэспублікі эфэктыўных тэхналёгіяў і сродкаў мэханізацыі вырошчваньня названых культураў»[7]. У 2000 годзе БелНДІ агародніцтва пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленьні дзяржаўнага кіраваньня ў сфэры навукі». Паводле 9-га артыкула Дэкрэта, пастанаўлялася «ўлучыць у склад Акадэміі навук (НАНБ): Акадэмію аграрных навук Рэспублікі Беларусь у якасьці Аддзяленьня аграрных навук». 23 красавіка 2002 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацьвердзіла Загад № 41-К «Аб улучэньні арганізацыяў і прадпрыемстваў у склад НАНБ», паводле якога УП «БелНДІ агародніцтва» перайшоў у склад НАНБ. 27 верасьня 2002 году Прэзыдыюм НАНБ ухваліў Пастанову № 54, якой перайменаваў «БелНДІ агародніцтва» ў «Інстытут агародніцтва». 18 красавіка 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 242 «Аб стварэньні навукова-практычных цэнтраў НАНБ і некаторых захадах ажыцьцяўленьня навуковай дзейнасьці». Згодна з гэтым Указам, 17 жніўня 2006 году Прэзыдыюм НАНБ ухваліў Пастанову № 66 «Аб перадачы правоў і абавязкаў заснавальніка», паводле якога «Інстытут агародніцтва» ўвайшоў у склад УП «Навукова-практычны цэнтар бульбаводзтва і плодаагародніцтва» («НПЦ бульбаводзтва і плодаагародніцтва»)[5].

У 2007 годзе Інстытут пачаў разводзіць 50 гатункаў кавуноў з ЗША, Нідэрляндаў і Ўкраіны, зь якіх адабралі 4 гібрыды, што захоўваліся да 30 дзён і важылі да 15 кг[8]. У 2011 годзе «Інстытут агародніцтва» пасьпяхова выпрабаваў вырошчваньне кавуноў[9]. За 2009—2013 гады плошча іх вырошчваньня пашырылася зь 5 да звыш 100 гектараў. Таксама Інстытут пачаў прапаноўваць для вырошчваньня цыбулю-парэй і брокалі, кальрабі і пэкінскую капусту, савойскую капусту і духмяныя травы, а таксама прыправы[8]. На 2016 год вывелі 2 гатункі агуркоў «Верасень» і «Зарніца», якія мелі ўстойлівасьць да пэранаспарозу[10].

Сярод іншага, на 2016 год Інстытут прапаноўваў гатункі такой агародніны, як цыбуля і часнок, капуста і морква, радыска і гарбуз, а таксама расаду сунічнага фізалісу, якая высьпявала да 10 жніўня ў адкрытым грунце. Выведзеныя гатункі цыбулі назапашвалі да 18% сухога рэчыва, што дазваляла захоўваць больш яе вагі пры смажаньні на патэльні і давала лепшую лёжнасьць ў хатніх умовах. Пры гэтым, насеньне цыбулі каштавала менш за 30 эўра за кг, тады як замежнае прадавалі па 300 эўра. Пры выпрабаваньні Дзяржаўнай камісіяй на 6 дзялянках гібрыд выведзенай Інстытутам капусты «Іларыя» дасягнуў ураджайнасьці ў 1000 цэнтнэраў з гектара. Сабекошт насеньня адпаведнай капусты складаў 350 даляраў за кг, тады як замежныя гібрыды каштавалі звыш 2000 даляраў. Такія гібрыды вывелі ў новых ізаляваных цяпліцах-боксах, дзе расьліны апылялі ўручную і пры дапамозе чмялёў. Найбольш доўга захоўваліся позьнія гатункі капусты «Аватар» і «Белізар». Для квашаньня стварылі 4 сярэдняпозьнія гатункі капусты «Беларуская» і «Надзея», «Русінаўка» і «Юбілейная». Таксама распрацавалі гатункі агуркоў для засолу, якія не патрабавалі апыленьня пчоламі і хімічнай абароны. Урэшце, Інстытут прапаноўваў 3 гатункі гарбузоў «Дэльта», «Залатая карона» і «Чырвоны», якія зьмяшчалі багата каратыну[11]. Пры канцы 2016 году вывелі залаціста-жоўты гатунак перцу «Парнас», які меў вагу да 400 грамаў і зьмяшчаў звыш 150 мг вітаміну С[12].

На 2017 год у «Інстытуце агародніцтва» стварылі звыш 100 гібрыдаў каляровай бульбы[13]. Таксама вывелі 17 відаў шматгадовай цыбулі, у тым ліку пахучую і алтайскую, залацістую і блакітную, а таксаму горную — найвышэйшую і сьцябліністую. Сярод іншага, стварылі гатунак панікальнай цыбулі (сьлізун) з часночным прысмакам у лісьці, якое зьмяшчала багата жалеза[14].

За 1990—2020 гады супрацоўнікі Інстытуту павялічылі лік раянаваных гатункаў агароднінных культураў для прамысловага вырошчваньня ў Беларусі зь 9 да 150. Да 2020 году лік гібрыдаў агародніны у Дзяржаўным рэестры гатункаў нарасьцілі да 29 найменьняў. Лік створаных гатункаў павялічылі з 6 да 40[5]. На 2020 год у аматарскім агародніцтве Беларусі выкарыстоўвалі 115 гатункаў і 31 гібрыд па 40 культурах адбору «Інстытуту агародніцтва». Сярод іх было 7 гатункаў часнаку, зь іх 7 азімых і 1 яравы, у тым ліку нестралкавальны. За 2016—2020 гады распрацавалі 3 гатункі абрыкосу Дэбют, Камея і Лявон[15]. На 2020 год гатункам кавуна «сьцяпурскі гасьцінец», які распрацаваў Мечыслаў Сьцяпура, засеялі 50 га. Іх ураджайнасьць складала да 50 тонаў з гектара. Такія кавуны пладаносілі 2 месяцы. Расаду пастаўлялі ў касэтах пераважна для гаспадарак у Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцях, найперш у Дарагічынскім, Кобрынскім і Маларыцкім раёнах на паўднёвым захадзе Берасьцейшчыны[16]. На 2021 год «Інстытут агародніцтва» распрацаваў 24 гатункі і гібрыды таматаў, 14 гатункаў капусты і 5 гатункаў буракоў і морквы[17].

На 2022 год за 30 гадоў дасьледнікі «Інстытуту агародніцтва» стварылі 25 гатункаў і гібрыдаў таматаў, 17 — капусты і 15 — агуркоў, 8 гатункаў рэпчатай цыбулі, 6 — буракоў і 5 — морквы. У апошнія гады вывелі па 1-м гатунку 17 відаў такіх расьлінаў, як востры перац і фізаліс, сунічны хрэн і катран, кроп і цыбуля-парэй, цыбуля-сьлізун і шніт-цыбуля, батун і рэдзька, лоба і пастарнак, базылік і бабы, лекавая календула і пурпуровая эхінацэя, а таксача чуфа. Сярод іх вылучаліся гібрыд таматаў «Лежабок», які захоўваўся да 40 дзён, і гібрыд перцу «Лада» ўраджайнасьцю да 6 кг/кв.м, а таксама 2 гібрыды карнішонных агуркоў: «Духмяны», які зьбіралі праз 40 дзён, і «Пачастунак» з ураджайнасьцю да 15 кг/кв.м[18].

  1. ^ https://asio.basnet.by/organization/detail.php?ID=279
  2. ^ а б Аддзяленьне аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.
  3. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 13 сьнежня 2018 г. Архіўная копія ад 13 чэрвеня 2019 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.
  4. ^ Алена Дзядзюля. Смалявіцкія кавуны // Зьвязда. — 17 жніўня 2016. — № 157 (28267). — С. 1.
  5. ^ а б в Гісторыя (рас.) // УП «Інстытут агародніцтва», 2022 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.
  6. ^ Аляксандар Авутка. Агародніцтва Беларускі навукова-дасьледчы інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 72. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  7. ^ Беларускі навукова-дасьледчы інстытут агародніцтва // Картатэка «Узнагароды Беларусі», 2014 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.
  8. ^ а б Пятро Раманчук. Сваё — значыць лепшае // Зьвязда : газэта. — 10 верасьня 2013. — № 161 (27526). — С. 1, 5. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Ігар Карней. У красавіку — зіма, у жніўні — няўрод // Беларуская служба Радыё «Свабода», 3 красавіка 2013 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.
  10. ^ Алена Дзядзюля. А што ў пакеціку // Зьвязда. — 5 траўня 2016. — № 84 (28194). — С. 1, 4.
  11. ^ Алена Дзядзюля. Насеньне падкажа // Зьвязда. — 14 траўня 2016. — № 90 (28200). — С. 10.
  12. ^ Аляксандра Анцэлевіч. Кавуны па-беларуску // Зьвязда. — 3 сьнежня 2020. — № 83 (29197). — С. 1, 4.
  13. ^ Сьвятлана Ліцкевіч, Сяргей Пушкін. Бульбу розных колераў стварылі беларускія сэлекцыянэры // Радыё «Спадарожнік», 3 красавіка 2017 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.
  14. ^ Алена Дзядзюля. Вось часночак, дык часночак // Зьвязда. — 2 верасьня 2017. — № 169 (28533). — С. 21.
  15. ^ Алена Дзядзюля. Каляровая бульба і арэхавыя сады // Зьвязда. — 30 красавіка 2020. — № 83 (29197). — С. 1, 4.
  16. ^ Ільля Красоўскі. Паласаты рэйд // Рэспубліка : газэта. — 10 верасьня 2020. — № 7555. — ISSN 1991-5322.
  17. ^ Аляксей Кандраценка, тэлеканал «Беларусь 1». Навінкі розных пладовых і ягадных культур вучоных-аграрыяў Інстытута пладаводзтва НАН Беларусі // Белтэлерадыёкампанія, 18 жніўня 2021 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.
  18. ^ Аляксандра Анцэлевіч. Каб ураджай урадзіў // Зьвязда. — 1 сакавіка 2022. — № 83 (29197). — С. 1, 13.
  19. ^ Маша Калесьнікава. Прафэсар, які прыдумаў збіраць агуркі лежачы: Робаты з гэтым ня справяцца // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 12 ліпеня 2018 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Навіны (рас.) // УП «Інстытут агародніцтва», 4 жніўня 2021 г. Праверана 2 кастрычніка 2022 г.