Перайсьці да зьместу

Фізыка-тэхнічны інстытут

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°55′35″ пн. ш. 27°41′23″ у. д. / 53.92639° пн. ш. 27.68972° у. д. / 53.92639; 27.68972

Фізыка-тэхнічны інстытут
Абрэвіятура ФТІ
Папярэднік катэдра фізыкі Беларускай акадэміі навук
Дата ўтварэньня 29 сакавіка 1931 (93 гады таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта стварэньне абсталяваньня для апрацоўкі матэрыялаў і пакрыцьцяў
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Купрэвіча, д. 10
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Віталь Залескі
Намесьнік па навуковай працы Аляксей Белы
Намесьнік па інавацыйнай працы Анатоль Міхнюк
Навуковая сакратарка Ганна Басалай
Асноўныя асобы Анатоль Гардзіенка, Уладзімер Клубовіч, Аляксандар Ласкаўнёў[1]
Кіроўны орган Навуковая рада
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Сайт phti.by

Фізыка-тэхнічны інстытут — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў сакавіку 1931 году.

На 2019 год ФТІ ўваходзіў у склад Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАНБ. У асьпірантуру набіралі па трох спэцыяльнасьцях: 1) электрафізыка, 2) мэханічная і фізыка-тэхнічная апрацоўка, 3) матэрыялазнаўства. Інстытут выпускаў: 1) абсталяваньне хуткаснага індукцыйнага нагрэву, плястычнай дэфармацыі і іённа-плязьменнай апрацоўкі, 2) сродкі асабістай бронеабароны ўласнай распрацоўкі. Таксама ФТІ аказваў паслугі: 1) малатанажнай мэталюргіі высокачыстых каляровых і высакародных мэталаў, 2) высокадакладнай пакоўкі мэдычных імплянтантаў, 3) ахоўнага, біясумяшчальнага, дэкаратыўнага і ўмацавальнага пакрыцьця; 4) мэталізаваньня рулонных матэрыялаў, 5) рэкупэраваньня прамысловых алмазаў, 6) выпрабаваньня алмазна-абразіўных і лязовых прыладаў, 7) вызначэньня рэшткавага рэсурсу магістральных трубаправодаў[2].

Падразьдзяленьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2019 год Фізыка-тэхнічны інстытут улучаў:

  • 7 аддзелаў — 1) матэрыялазнаўства і ліцейна-дэфармацыйных тэхналёгіяў, 2) нанаструктураваных матэрыялаў, 3) інжынэрыі паверхні, 4) электронна-прамянёвых тэхналёгіяў і фізыкі плязмы, 5) індукцыйных тэхналёгіяў і тэрмічнай апрацоўкі, 6) магнітаімпульнай апрацоўкі матэрыялаў, 7) канструктарска-тэхналягічны (з досьледнай вытворчасьцю);
  • лябараторыю дастасоўнай мэханікі;
  • сэктар мэталаграфічнага і рэнтгенаструктурнага аналізу;
  • навукова-вытворчы цэнтар «Тэхнамаг»[2].

29 сакавіка 1931 году Прэзыдыюм Беларускай акадэміі навук (БАН) зацьвердзіў Пастанову № 9 аб стварэньні Фізыка-тэхнічнага інстытуту (ФТІ) на аснове катэдры фізыкі БАН. Да закрыцьця ў 1938 годзе ФТІ стварыў 5 лябараторыяў: электрамагнітных ваганьняў, электратэхнікі, геафізыкі, мэталафізыкі і рэнтгенаструктурнага аналізу. У 1945 годзе ў Акадэміі навук БССР стварылі фізыка-тэхнічны сэктар, які ў 1947 годзе пераўтварылі ў Фізыка-тэхнічны інстытут. У 1950 годзе стварылі асьпірантуру па 6 спэцыяльнасьцях[3]. У 1953 годзе ў ФТІ стварылі сэктар фізыкі і матэматыкі, які 17 студзеня 1955 году вылучылі ў Інстытут фізыкі і матэматыкі. Да 1969 году ў ФТІ стварылі 8 працоўняў: электрафізыкі, мэталазнаўства, плястычнасьці, фізыкі паверхневых зьяваў, фізыкі кантактных зьяваў, фізыка-хімічнай мэханікі, тэрмакінэтыкі структурных пераўтварэньняЎ у мэталах і стопках, дастасоўнай мэханікі. 6 кастрычніка 1970 году стварылі Магілёўскае аддзяленьне ФТІ. У 1974 годзе 5 дасьледнікаў інстытуту — Г.П. Грышановіч, Ігар Дрывоцін, Яўмен Канавалаў, Яўген Пятосін і В.А. Сідарэнка — атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за стварэньне прыладаў памерна-чыставой і ўмацавальнай апрацоўкі дэталяў машынаў шляхам паверхне-плястычнага дэфармаваньня. У 1976 годзе пры ФТІ стварылі Спэцыяльнае канструктарска-тэхналягічнае бюро з досьледнай вытворчасьцю. У 1978 годзе дасьледнік ФТІ Пётар Яшчэрын атрымаў Дзяржпрэмію БССР за стварэньне вытворчасьці гідраўлічнага абсталяваньня на ВА «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі. Адначасна Дзяржпрэмію БССР атрымалі Канстанцін Гораў і Пётар Пархуцік за стварэньне вытворчасьці алюмінавага ліцьця з выкарыстаньнем другаснай сыравіны[4].

У 1980 годзе 8 дасьледнікаў ФТІ — Іван Бакута, Аляксандар Жураўскі, Генадзь Здор, Вячаслаў Малышкін, Міхал Міцкевіч, Жорж Мрочак, Аляксандар Скрыпнічэнка і Віктар Чачын — атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за стварэньне абсталяваньня электраімпульснай апрацоўкі матэрыялаў. Адначасна Віктар Бажок і Аляксей Шыпко атрымалі прэмію камсамолу Беларусі за распрацоўку хуткаснай тэрмічнай апрацоўкі тытанавых стопкаў. У 1982 годзе прэмію камсамолу атрымаў Аляксей Белы за дасьледаваньне зьніжэньня зносу, энэрга- і мэталаёмістасьці машынаў. У 1984 годзе Леанід Гурскі і Мікалай Румак атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэньне вытворчасьці нізкапарогавых вялікіх інтэгральных схемаў на камплемэнтарнай структуры мэтал-аксыд-праваднік (КМАП). Адначасна Дзяржпрэмію БССР атрымалі яшчэ 7 дасьледнікаў ФТІ — Георгі Андрэеў, Эрнэст Варанцоў, Валер Клушын, Яўген Макушок, Уладзімер Садко, Н.Р. Шахавец і Валер Шчукін — за ўкараненьне аўтаматызаванай папярэчна-клінавой пракаткі. У 1986 годзе Станіслаў Астапчык атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за распрацоўку хуткаснага тэрмічнага ўмацаваньня сталі і стопкаў. У 1988 годзе 6 дасьледнікаў ФТІ — Анатоль Гардзіенка, Міхаіл Бадзяка, А.С. Дымоўскі, В.С. Жукавец, Віктар Івашка і Г.А. Семянюк — атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэньне электратэрмічнай вытворчасьці гетэрагенных матэрыялаў. Адначасна Аляксандар Аліфанаў, Аляксей Белы і Тацяна Каліноўская атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэньне вытворчасьці аўтатрактарных дэталяў з выкарыстаньнем халоднай аб’ёмнай штампоўкі. У 1990 годзе Генадзь Анісовіч і Яўген Маруковіч атрымалі Дзяржпрэмію БССР за павышэньне якасьці адлівак у вытворчасьці. Адначасна прэмію атрымалі Ігар Васілеўскі і Жорж Мрочак за распрацоўку абсталяваньня для нанясеньня плязьменных ахоўных пакрыцьцяў на трубы цепласетак[4].

У 1992 годзе Магілёўскае аддзяленьне ФТІ вылучылі ў Інстытут тэхналёгіі мэталаў. Дагэтуль дасьледнікаў ФТІ ўзнагародзілі 10 Дзяржаўнымі прэміямі Беларусі. За савецкім часам у ФТІ працавалі акадэмікі Мікалай Акулаў, Генадзь Анісовіч, Цэлясьцін Бурстын, Канстанцін Гораў, Сяргей Губкін, Аляксей Кайгарадаў, Яўмен Канавалаў, Васіль Севярдэнка, Антон Сеўчанка, Мікалай Сірата, Барыс Сьцяпанаў і Віктар Чачын. Таксама ў Інстытуце працавалі сябры-карэспандэнты Міхаіл Бадзяка, Альбэрт Вейнік і Мікалай Румак. На 1998 год асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: фізыка трываласьці і плястычнасьці; узаемадзеяньне лазэрнага і плязьменнага выпрамяненьня з рэчывам; электраразбуральныя, лазэрныя і пучковыя (вакуўмныя і іёнаплязьменныя) тэхналёгіі; кампазыцыйныя матэрыялы; малаадкіднае абсталяваньне для машынабудаваньня і электронікі; кампутарная мультыплікацыя. У Інстытуце распрацавалі: спосабы фотаплястычнасьці і муаравых палосаў; цеплавую тэорыю ліцьця, тэрмадынамікі не- і абарачальных працэсаў; будову і відападзел формаўтварэньня; тэорыю апрацоўкі мэталаў і сынтэзу дыэлектрыкаў. Усталявалі заканамернасьці плястычнага формаўтварэньня. Дасьледавалі фазавыя і структурныя пераўтварэньні, фізыка-мэханічныя ўласьцівасьці сталі і стопкаў. Распрацавалі аўтаматызаваную папярочна-клінавую пракатку і лазэрнае абсталяваньне для тэрмічнай апрацоўкі, рэзкі і зваркі. Стварылі: абсталяваньне для імпульснай і магнітна-абразіўнай апрацоўкі, нанясеньня іржаўстойлівых, гарачатрывалых і аздабленчых пакрыцьцяў; браню для асабістай засьцярогі і аховы тэхнікі, бязьнікелевы чыгун, літыя і валакністыя алюмін-графітавыя матэрыялы. На 1998 год у ФТІ працавалі акадэмікі Станіслаў Астапчык, Аляксандар Сьцепаненка і Пётар Яшчарыцын, а таксама сябры-карэспандэнты Анатоль Гардзіенка і Леанід Гурскі[3].

  1. ^ Навуковая рада (рас.) // Фізыка-тэхнічны інстытут, 2019 г. Праверана 21 студзеня 2019 г.
  2. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук (Фізыка-тэхнічны інстытут) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 8 лістапада 2018 г. Праверана 21 студзеня 2019 г.
  3. ^ а б Канстанцін Грышановіч. Інстытут фізыка-тэхнічны // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 273. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  4. ^ а б Гістарычная даведка (рас.) // Фізыка-тэхнічны інстытут, 2019 г. Праверана 21 студзеня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]