Інстытут пладаводзтва
Каардынаты: 53°44′18″ пн. ш. 27°30′39″ у. д. / 53.73833° пн. ш. 27.51083° у. д.
«Інстытут пладаводзтва» | |
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 10 кастрычніка 1925 (99 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Савет народных камісараў БССР |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | пасёлак Самахвалавічы (Менскі раён) |
Ключавыя фігуры | Аляксандар Таранаў, Анатоль Крыварот, Марына Шалкевіч |
Галіна | сельская гаспадарка |
Прадукцыя | пасадачны і чаранковы матэрыял пладовых, ягадных і арэхаплодных расьлінаў, вінаграду |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
«Інстытут пладаводзтва» — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў кастрычніку 1925 году ў якасьці Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага інстытуту дастасоўнай батанікі і новых культураў (УІДБНК).
На 2018 год УП «Інстытут пладаводзтва» ўваходзіла ў склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. Інстытут месьціўся ў пасёлку Самахвалавічы на поўдні Менскага раёну па вуліцы Каралёва, д. 2. Ажыцьцяўляўся набор у асьпірантуру па 2 спэцыяльнасьцях: 1) сэлекцыя і насеньняводзтва сельскагаспадарчых расьлінаў, 2) пладаводзтва. Інстытут ажыцьцяўляў наступныя паслугі: 1) продаж пасадачнага і чаранковага матэрыялу пладовых, ягадных і арэхаплодных расьлінаў, вінаграду для закладкі садоў, ягаднікаў і вінаграднікаў; 2) распрацоўку праектнага каштарысу на іх закладку; 3) аграхімічны аналіз глебы і выпрабаваньне пасадачнага матэрыялу на вірусы; 4) кансультаваньне пры асваеньні вырошчваньня пасадачнага матэрыялу пладовых і ягадных расьлінаў, вінаграду[1].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2018 год УП «Інстытут пладаводзтва» ўлучала лябараторыю пчалярства і 7 аддзелаў: 1) сэлекцыі пладовых культураў, 2) гадавальнікаводзтва, 3) тэхналёгіі пладаводзтва, 4) ягадных культураў, 5) біятэхналёгіі, 6) захоўваньня і перапрацоўкі, 7) інфармацыі, укаранененьня і маркетынгу[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]10 кастрычніка 1925 году Савет народных камісараў БССР зацьвердзіў Пастанову аб адкрыцьці Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага інстытуту дастасоўнай батанікі і новых культураў (УІДБНК) на аснове саўгасу «Лошыца-1» (Менскі раён). 25 кастрычніка 1925 году навуковая калегія УІДБНК ухваліла Рашэньне аб перадачы Беларускага аддзяленьня ў вядзеньне аддзелу пладаводзтва. 23 лютага 1931 году СНК Беларускай ССР зацьвердзіў Пастанову аб пераўтварэньні Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага інстытуту расьлінаводзтва ў Беларускую занальную плодаагароднінную досьледную станцыю (БЗПАДС). 14 сакавіка 1931 году Ўсесаюзны інстытут расьлінаводзтва выдаў Загад аб выкананьні Пастановы ў 10-дзённы тэрмін. У выніку БЗПАДС увайшла ў склад Народнага камісарыяту земляробства БССР. 22 жніўня 1944 году СНК БССР ухваліў Пастанову № 495 аб аднове БЗПАДС у Лошыцы-1 пасьля заняцьця Менску Чырвонай арміяй. 30 жніўня 1956 году Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР зацьвердзіла Загад № 236-К аб стварэньні Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту пладаводзтва, агародніцтва і бульбаводзтва (БелНДІПАБ) на аснове БЗПАДС і Русінавіцкай агароднінабульбаводчай сэлекцыйнай станцыі (Самахвалавіцкі сельсавет, Менскі раён), якая належала Міністэрству прамысловасьці харчовых тавараў БССР. У 1964 годзе БелНДІПАБ перамясьцілі ў пасёлак Самахвалавічы Менскага раёну на землі досьледнай гаспадаркі «Русінавічы». 6 сакавіка 1972 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 57, паводле якой перайменаваў БелНДІПАБ у БелНДІ бульбаводзтва і плодаагародніцтва (БелНДІБП). 16 ліпеня 1990 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 157 аб перадачы БелНДІБП у склад Заходняга рэгіянальнага аддзяленьня Ўсесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук (УАСГН). 26 ліпеня 1990 году Заходняе рэгіянальнае аддзяленьне УАСГН ухваліла Загад № 30 аб стварэньні БелНДІ пладаводзтва (БелНДІП) на аснове галіновых аддзелаў і лябараторыяў БелНДІБП. У 1991 годзе запрацавалі асьпірантура і рада па абароне кандыдацкіх дысэртацыяў. З 1992 году БелНДІП падпарадкавалі Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, што ўваходзіла ў склад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь[2].
На 2000 год асноўнымі кірункамі дзейнасьці БелНДІП былі: 1) адбор і ўвядзеньне малапашыраных пладовых і ягадных расьлінаў, вінаграду і іх прышчэпаў; 2) збор і захаваньне генэтычных багацьцяў пладовых і ягадных расьлінаў; 3) распрацоўка і ўдасканаленьне спосабаў вытворчасьці, захоўваньня і перапрацоўкі пладоў і ягадаў, спосабаў вытворчасьці пасадачнага матэрыялу на аздароўленай аснове; 4) паляпшэньне адборам племянных і вытворчых якасьцяў пчолаў, удасканаленьне спосабаў іх утрыманьня і выкарыстаньня; 5) распрацоўка праграмаў разьвіцьця садоўніцтва і пчалярства ў Беларусі; 6) праектаваньне і закладка шматгадовых пасадак. У выніку адбору Інстытут вывеў звыш 150 гатункаў пладовых і ягадных расьлінаў, зь іх 44 раянавалі ў Беларусі. Распрацавалі новыя спосабы размнажэньня, вырошчваньня і агратэхнікі. Стварылі новыя віды прафіляктычных кансэрваў. Інстытут выдаваў навуковы зборнік «Пладаводзтва». У Інстытуце працавалі Галіна Баўтута, Анатоль Валузьнёў (1904—1990), Аркадзь Дзявятаў (1923—1999), дактары сельскагаспадарчых навук Рамуальд Лойка (1937—2004) і Валер Мацьвееў, Эма Сюбарава (1897—1983)[2].
31 кастрычніка 2000 году міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Вадзім Папоў падпісаў Загад № 359 аб пераўтварэньні БелНДІП ва ўнітарнае прадпрыемства. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленьні дзяржаўнага кіраваньня ў сфэры навукі». Паводле 9-га артыкула Дэкрэта, пастанаўлялася «ўлучыць у склад Акадэміі навук (НАНБ): Акадэмію аграрных навук Рэспублікі Беларусь у якасьці Аддзяленьня аграрных навук». 23 красавіка 2002 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацьвердзіла Загад № 41-К «Аб улучэньні арганізацыяў і прадпрыемстваў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», паводле якога УП «БелНДІП» перайшоў у склад НАНБ. 27 верасьня 2002 году Прэзыдыюм НАНБ ухваліў Пастанову № 54 пра новы Статут інстытуту, які атрымаў сучасную назву Інстытут пладаводзтва. 18 красавіка 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 242 «Аб стварэньні навукова-практычных цэнтраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і некаторых захадах ажыцьцяўленьня навуковай дзейнасьці». Паводле 3-га артыкула Ўказу, УП «Інстытут бульбаводзтва» перайменавалі ў Навукова-практычны цэнтар бульбаводзтва і плодаагародніцтва (НПЦБПА), у склад якога ўлучылі УП «Інстытут пладаводзтва» згодна з папраўкай у статут ад 3 кастрычніка 2006 году[3].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксей Сюбараў (4 лістапада 1925 — 14 сакавіка 1931)
- Іван Малочка (1931—1934)
- Т.К. Сакалоў (1937—1946)
- Пётар Шастапал (1946—1956)
- Леанід Скрыпнічэнка (1956—1959)
- Мікалай Дарожкін (1959—1976)
- Мікалай Ганчароў (1976—1980)
- Анатоль Круглякоў (1980—1986)
- Аляксандар Багданоўскі (1986—1990)[3]
- Аляксандар Таранаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук (Інстытут пладаводзтва) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 24 верасьня 218 г. Праверана 16 кастрычніка 2018 г.
- ^ а б Анатоль Крыварот. Пладаводзтва Беларускі навукова-дасьледчы інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 12. — С. 399. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
- ^ а б Гісторыя разьвіцьця (рас.) // УП «Інстытут пладаводзтва», 2018 г. Праверана 16 кастрычніка 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кантактныя зьвесткі (рас.) // УП «Інстытут пладаводзтва», 2018 г. Праверана 16 кастрычніка 2018 г.
- Сьспіс гатункаў (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |