Перайсьці да зьместу

Міжнародны фонд Янкі Купалы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міжнародны фонд Янкі Купалы
Абрэвіятура МФЯнК
Дата ўтварэньня 30 лістапада 1995 (29 гадоў таму)
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта дасьледаваньне і прапаганда літаратурнай спадчыны Янкі Купалы
Штаб-кватэра Менск, вул. Янкі Купалы, 4
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь (Берасьце, Віцебск, Гомель, Горадня, Любань, Наваполацак), Летува (Вільня), Латвія (Рыга, Дзьвінск), Польшча (Варшава), Расея (Масква, Санкт-Пецярбург, Казань)
Афіцыйныя мовы беларуская
Старшыня Тацяна Сівец
Намесьнік старшыні Жанна Дапкюнас
Кіроўны орган Рада

Міжнародны фонд Янкі Купалы (поўная назва — грамадзкае аб’яднаньне «Міжнародны фонд Янкі Купалы», скарочана — МФЯнК) — добраахвотная, незалежная, міжнародная, грамадзкая, няўрадавая арганізацыя, устаўной мэтай якой зьяўляецца садзейнічаньне больш дасканаламу вывучэньню жыцьця і творчасьці Янкі Купалы, выхаваньне маладога пакаленьня на найлепшых узорах творчасьці Песьняра Беларусі, вызначэньне яго месца і ролі ў беларускай і сусьветнай літаратуры, глыбокае пазнаньне беларускім і іншымі народамі творчасьці клясыка беларускай літаратуры.

Найвышэйшым органам фонду зьяўляецца сход, які склікаецца адзін раз у чатыры гады. Кіруючым органам фонду паміж сходамі зьяўляецца Рада. Сход фонду выбірае старшыню і Раду фонду.

Старшынём фонду з дня яго заснаваньня да 2016 году зьяўляўся беларускі літаратуразнаўца і дасьледчык творчасьці Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша. Зь 27 сьнежня 2016 году старшынёй фонду зьяўляецца Тацяна Сівец. Нязьменным намесьнікам старшыні зьяўляецца заснавальніца фонда, былы дырэктар Літаратурнага музэю Янкі Купалы Жанна Дапкюнас.

У склад фонду ўваходзяць 7 суполак у Беларусі (Менск, Берасьце, Віцебск, Гомель, Горадня, Любань, Наваполацак) і 6 суполак за мяжой: у Летуве (Вільня), Латвіі (Рыга, Дзьвінск), Польшчы (Варшава) і Расеі (Масква, Санкт-Пецярбург, Казань).

Створаны ў 1995 годзе з ініцыятывы тагачаснага дырэктара Літаратурнага музэю Янкі Купалы Жанны Дапкюнас.

Ідэя ўтварэньня фонду нарадзілася падчас першых Міжнародных купалаўскіх чытаньняў у верасьні 1995 году. Устаноўчы сход адбыўся ў лістападзе 1995 году ў Менску. Фонд быў зарэгістраваны і афіцыйна распачаў сваю дзейнасьць у 1996 годзе.

Заснавальнікі фонду (у 1995 годзе)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Імя і прозьвішча Занятак Краіна
1. Эдуард Агуновіч мастак, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Беларусь
2. Маргарыта Антонава загадчык філіі Музэю-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах Расея
3. Аляксандар Баршчэўскі загадчык катэдры беларускае філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Польшча
4. Навум Гальпяровіч намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Беларусь
5. Уладзімер Гніламёдаў намесьнік дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі Беларусь
6. Жанна Дапкюнас дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы Беларусь
7. Джым Дынглі прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Вялікабрытанія
8. Леанід Дранько-Майсюк загадчык рэдакцыі паэзіі і прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура» Беларусь
9. Сяргей Законьнікаў галоўны рэдактар часопісу «Полымя», ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы Беларусь
10. Віктар Каваленка дырэктар Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі Беларусь
11. Аляксей Каўка доктар філялягічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Расейскай акадэміі навук Расея
12. Вітаўт Кіпель старшыня Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ЗША
13. Альма Лапіньскене вучоны сакратар Інстытуту літоўскай літаратуры і фальклёру Летува
14. Раман Лубкіўскі паэт і перакладчык Украіна
15. Сяргей Маслоўскі галоўны спэцыяліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Беларусь
16. Генадзь Праневіч загадчык катэдры беларускага літаратуразнаўства Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту імя А. Пушкіна Беларусь
17. Аляксей Пяткевіч загадчык кафэдры беларускае культуры Гарадзенскага ўнівэрсытэту Беларусь
18. Вячаслаў Рагойша загадчык катэдры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Беларусь
19. Аляксандра Станкевіч загадчык катэдры беларускай мовы Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны Беларусь
20. Сяргей Тарасаў старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Беларусь
21. Антаніна Хатэнка вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы Беларусь
22. Міхась Шавыркін галоўны рэдактар часопісу «Роднае слова» Беларусь

Свае статутныя мэты фонд рэалізуе праз правядзеньне навукова-практычных канфэрэнцыяў, выдавецкую і іншую дзейнасьць.

З 1996 году разам зь Літаратурным музэем Янкі Купалы фонд зьяўляецца суарганізатарам Міжнародных купалаўскіх чытаньняў, на аснове якіх былі выдадзеныя шматлікія зборнікі дакладаў і артыкулаў.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]