Аляксей Каўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аляксей Каўка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 верасьня 1937(1937-09-20) (82 гады)
Машчаліна[d], Ігуменскі раён, БССР, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці літаратуразнаўца, гісторык і грамадзкі дзяяч
Мова расейская мова і польская мова
Узнагароды
Мэдаль Францішка Скарыны Мэдаль 100 гадоў БНР

Аляксей Канстанцінавіч Каўка (нар. 20 верасьня 1937, Машчаліна, Ігуменскі раён Менскай вобласьці) — беларускі гісторык і літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч. Доктар філялягічных навук (1991), кандыдат гістарычных навук (1971).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў БДУ (1961), Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС (1971). 3 1954 на культурна-асьветніцкай і камсамольскай рабоце. У 1971-79 і 1983-87 гадох — у Інстытуце эканомікі сусьветнай сацыялістычнай сыстэмы АН СССР, у 1979-82 гг. — прадстаўнік Саюзу савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з заграніцай, дараднік амбасады СССР у Польшчы. 3 1987 году — галоўны рэдактар часопісу «Советское славяноведение», з 1989 — у Інстытуце сусьветнай літаратуры імя Максіма Горкага Расейскай АН.

Дасьледаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, савецка-польскіх адносінаў. 3 канца 1970-х гадоў распрацоўвае праблемы адраджэньня і станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці, творчасьці Ф. Скарыны, Я. Купалы, К. Езавітава, І. Луцкевіча, В. Ластоўскага, М. Улашчыка і інш. Укладальнік літаратурна-навуковых штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—97).

Дзякуючы яго дыпляматычнаму пашпарту на Захад была перапраўленая паштоўка беларускага мастака Яўгена Куліка, якая была прысьвечаная 1000-годзьдзю Беларусі (1980). Гэтая дата была адзначаная цэлым шэрагам акцыяў беларускае апазыцыі, сярод якіх і выпуск паштовак. Беларуская дыяспара ў ЗША аддрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Факт выхаду такой паштоўкі стаў прадметам разбору КДБ.

Таксама пераслаў на Захад рукапіс кнігі беларускага сацыёляга Алега Бембеля «Родная мова і сацыяльны прагрэс». Гэтая кніга сталася вынікам сацыялягічных дасьледаваньняў і экспэртных ацэнак статусу беларускае мовы ў БССР і сьведчыла пра палітыку КПСС у нацыянальнай сфэры. У 1985 кніга была выдадзеная ў Лёндане на беларускай мове і атрымала распаўсюджаньне сярод колаў беларускае апазыцыі. Супраць аўтара адразу распачаўся перасьлед, але пачатак перабудовы выратаваў яго. Гэтая кніга мела вялікае значэньне для разьвіцьця беларускае грамадзкае думкі ў другой палове 1980-х. У перасылцы рукапісу на Захад праз Варшаву Каўку дапамагаў гісторык, дзеяч беларускага руху ў Польшчы Юры Туронак.

Быў сябрам КПСС з 1956 году. У студзені 1991, на другі дзень крывавае драмы ў Вільні, даслаў зь Ленінграду (быў там у камандоўцы) на імя М.Гарбачова ў ЦК, а таксама сакратару парткаму свайго інстытуту тэлеграму аб сваім выхадзе з «партыі — жандара і ворага нацыянальнага самавызначэньня народаў».

У 1989 быў абраны ў Сойм БНФ I-га скліканьня. Пасьля адышоў ад партыйнае дзейнасьці. У нашыя дні жыве ў Маскве і працягвае займаць актыўную грамадзкую пазыцыю. У 1995 пераклаў зь беларускай на расейскую мову (сааўтар пераклада, аўтар прадмовы) і выдаў у Маскве паэму Ведзьмака Лысагорскага (вобразны і легендарны псэўданім невядомага аўтара) «Луку Мудзішчаву прывітаньне з Расеі», дзе ў вострай сатырычнай форме даецца ацэнка аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Бярэ актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні ў Маскве акцыяў, накіраваных на абарону правоў чалавека ў Беларусі.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Польша: Отечество и социализм. М., 1977;
  • Тут мой народ: Францішак Скарына і беларуская літаратура XVI — пач. XX стст. Мн., 1989;
  • Жывом! М.; Мн., 1997;
  • Будам жыць! Пра тое самае. Мн.; М., 1998;
  • Letter to russian friend = Письмо русскому другу. London, 1979.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]