Перайсьці да зьместу

Вальжына Цярэшчанка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вальжы́на (Во́льга) Цярэ́шчанка — беларуская бард-сьпявачка.

Нарадзілася на Гарадзеншчыне, у вёсцы Лушчыкі Вярэнаўскага раёну. Сям’я пераехала на Гомельшчыну, калі Вользе было шэсьць гадоў. Стала жыве ў Гомелі. Каталічка. Скончыла музычнае аддзяленьне Гомельскай пэдвучэльні. У 1980-х сьпявала ў народным фальклёрным гурце Гомельскай пэдвучэльні «Пралескі». Ляўрэат Першага фэстывалю аўтарскай песьні ў Беларусі. Двойчы брала ўдзел у фэстывалі беларускай музыкі ў Польшчы «Басовішча». Настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі №36 гораду Гомля імя Івана Паўлавіча Мележа. Скончыла філялягічны факультэт ГДУ імя Францішка Скарыны. Мае двух дзяцей: дачку Сьвятлану і сына Францішка.

Музы́ка «талакоўскага прызыву». Валодае прыгожым моцным голасам, сьпявае на вершы Сыса, Гаруна, Геніюш, Жылкі ды іншых беларускіх паэтаў.

У 2003 годзе ў Гомелі выйшаў яе альбом «Хтось крануўся крылаў». У альбоме, які ўтрымлівае цэлых 35 трэкаў, пераважна песьні на вершы забароненых і паўзабароненых у БССР паэтаў (Алесь Гарун, Ларыса Геніюш ды іншыя). На дыск увайшло ці ня ўсё самае найлепшае зь яе канцэртнага рэпэртуару. Апроч песьняў на вершы беларускіх паэтаў на альбоме значную частку займаюць народныя калядныя сьпевы.

Найбольш вядомыя песьні:

  • «Запяі мне песьню…»
  • «Падымайся, ты жывы»
  • «Гарэла сосна»
  • «Тацяне Сапач»
  • «Жаданьне»
  • «Гэй, саколе»
  • «Трызненьне»
  • «Край мой родны»
  • «Абба-Ойча»
  • «Мы — паэты»
  • «Раманс аб растраляным каханьні»
  • «Беларусь»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]