Перайсьці да зьместу

Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мікалай Радзівіл «Сіротка»»)
Мікалай Крыштап Радзівіл
лац. Mikałaj Kryštap Radzivił
Мікалай Радзівіл «Сіротка»
Мікалай Радзівіл «Сіротка»

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 жніўня 1549
Чмелеў, Польшча
Памёр 28 лютага 1616
Нясьвіж, ВКЛ
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Мікалай Радзівіл «Чорны»
Альжбета з Шыдлавецкіх
Жонка Альжбета Яўхімія зь Вішнявецкіх
Дзеці Альбрэхт Уладзіслаў, Аляксандар Людвік, Жыгімонт Караль, Кацярына, Крысьціна, Крыштап Мікалай, Мікалай, Альжбета, Ян Юры
Дзейнасьць палітык, аўтар дзёньніку

Мікалай Крыштап Радзівіл[a] (мянушка «Сіротка»; 2 жніўня 1549, Чмелеў — 28 лютага 1616, Нясьвіж) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат, пісьменьнік. Маршалак надворны (з 1569) і вялікі літоўскі (1579—1586), ваявода троцкі (1590—1604) і віленскі (з 1604). Разам з братамі Альбрэхтам і Станіславам стварыў Нясьвіскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, быў першым ардынатам на Нясьвіжы (1586).

Валодаў найбуйнейшымі ў Вялікім Княстве Літоўскім лятыфундыямі. Ад бацькі да яго перайшлі Нясьвіж, Ліпск, Лахва, Шацак, Сьвержань і іншыя разам з тытулам князя «на Алыцы і Нясьвіжы». Ад маці атрымаў Шыдловец у Польшчы разам з тытулам графа. Паводле тэстамэнту ад стрыечнага брата Ю. Ільлініча атрымаў Мірскае графства, Зэльву і Дворышча ў Лідзкім павеце, Чарнаўчыцы і Белую ў Берасьцейскім ваяводзтве. Па падзеле маёнткаў жонкі зь ейнымі сёстрамі да яго перайшлі Дзераўная з Хотавам і Востравам ў Менскім ваяводзтве, Пацейкі ў Наваградзкім ваяводзтве і Жодзішкі ў Ашмянскім павеце. Жыгімонт Аўгуст падараваў яму Крожы на Жамойці, Жыгімонт Ваза — Грэск. Таксама шмат маёнткаў набыў, у тым ліку Салтанаўшчыну, Затур’ю, Кунасу, Мікалаеўшчыну, Магільна, Гарадзею, Гавязну і іншыя, што значна пашырыла тэрыторыю Нясьвіскага княства.

Паходжаньне і адукацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая «Чорнага», канцлера вялікага літоўскага, і Альжбеты з Шыдлавецкіх. Меў братоў Альбрэхта, Юрыя і Станіслава, а таксама сясьцёр Ганну Магдалену, Крыстыну, Соф’ю Агнешку і Альжбету. Дасьледнікі ня маюць пэўнасьці датычна ступені ўдзелу бацькоў М. К. Радзівіла (маці было толькі 16 гадоў, калі ён зьявіўся на сьвет) у выхаваньні свайго першынца. Вядома, што яны пяшчотна называлі яго «Мішам»[1]. Асаблівую ролю ў выхаваньні грала Альжбета Шыдлавецкая, якая ўважалася сучасьнікамі за прыклад дабрыні і цноты, лічылася адданай маці і жонкай, была надзвычай пабожнай.

Узбраеньне М. К. Радзівіла ў Вене

Пачатковую адукацыю Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка» атрымаў у Лукішках і Нясьвіжы[2], у пратэстанцкай гімназіі, заснаванай яго бацькам[3]. Навучаўся польскай мове і асновам лаціны ў настаўнікаў Схалея і Захарыюша Тэнха з Жытавы. У 1563 годзе мусіў выправіцца за набыцьцём ведаў ў Эўропу. У пачатку ліпеня выехаў з Кракава ў суправаджэньні сьвіты з 12 чалавек, у кірунку да Страсбургу. Частка сьвіты мусіла служыць справе зьвязку зь Мікалаем Радзівілам «Чорным». Апошні даручыў апякунства над сынам свайму двараніну Бальцэру Язерскаму[4].

Гімназія ў Страсбургу (з 1566 году — акадэмія) была даволі вядомай сярод пратэстанцкіх колаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Афіцыйна яна лічылася лютэранскай, аднак у гімназіі панавала даволі лібэральная атмасфэра, што безь перашкодаў дазваляла навучацца ў ёй прыхільнікам кальвінізму. У праграме быў зроблены ўпор на вывучэньне замежных моваў і асабліва лаціны, і лічылася яна даволі складанай. Пазьней, М. К. Радзівіл тлумачыў ваяводу віленскаму Крыштапу Радзівілу галоўны матыў, якім кіраваўся ягоны бацька, калі накіраваў яго менавіта ў Страсбурскую гімназію:

[…] мяне пытаеш, нашто мяне бацька туды пасылаў? Праз рэлігію цьвінгліянскую. Міністар Чаховіч, які цяпер новахрышчэнец, запэўніў нябожчыка, што ў Страсбургу рэлігія цьвінгліянская, а бацька пагарджаў лютэранскай і, калі мяне адпраўляў, Язерскаму казаў: «няхай лепей будзе папежнікам, чым тваім Лютэрам»[5].

Распачаў навучаньне ў жніўні 1563 годзе і працягваў да жніўня 1564 году. Апроч лаціны, вывучаў нямецкую мову, магчыма, францускую, але апошняй не авалодаў, вывучыў асновы геамэтрыі Эўкліда і набыў уяўленьні пра грамадзянскае права[6]. Чорны выкарыстоўваў знаходжаньне сына ў Страсбургу для розных мэтаў: прасіў яго дасылаць цікавыя яму кнігі і навіны, падтрымліваў празь яго зьвязкі з шматлікімі, пераважна, рэлігійнымі дзеячамі. Бацька ў сваіх лістах дзяліўся з сынам шматлікімі навінамі зь Вялікага Княства Літоўскага, дзе выказваў сваю палітычную пазыцыю датычна той або іншай праблемы; турбаваўся пра рэкляму для ВКЛ за мяжою. Так, напрыклад, ён даслаў сыну мэдальён з выяваю вялікага князя, які быў адлюстраваны пад Пагоняю і ў вялікакняскай шапцы, па перамозе на Уле перадаў яму копію ліста пра гэтую падзею і заклікаў яе пашыраць на нямецкай і лацінскай мовах[7]. Заклік бацькі да сына трымацца польскай мовы яскрава паказвае на маштабы палянізацыі эліты ВКЛ ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя:

Даў мне ведаць [апякун], што вы вельмі ад польскай мовы адышлі, што някепска, аднак жа, каб ня здарылася так, як аднаму паляку Лязімскаму, які рана пачаў навучацца ў Італіі, забыўся на польскую мову і, калі вярнуўся дадому, зноўку яе вучыў. Ты, усё ж, прашу цябе, не забывайся на прыроджананую мову, каб потым, калі вернесься, не размаўляў як цырульнік Павал, бо зь цябе браты ды сёстры сьмяяцца будуць[8].

Альжбета Яўхімія зь Вішнявецкіх

Дасьледнікі ня маюць пэўнасьці датычна пасьпяховасьці навучаньня Мікалая Крыштапа «Сіроткі» ў Страсбурскай гімназіі. Сам ён дужа крытычна ставіўся да пэрыяду свайго знаходжаньня там, але трэба зважаць на тое, што гэтае крытычнае стаўленьне датычыцца пэрыяду калі М. К. Радзівіл быў ужо перакананым каталіком[b]. Апякун Язерскі, у сваю чаргу, дужа нахвальваў Мікалаю Радзівілу «Чорнаму» посьпехі свайго падапечнага. На карысьць таго, што М. К. Радзівіл быў усё ж надзвычай здольным вучнем, сьведчыць велізарная колькасьць прысьвячэньняў яму ад розных вядомых тагачасных інтэлектуалаў, а таксама пазьнейшая рэпутацыя князя ў ВКЛ, і Рэчы Паспалітай і ўласна вынік яго пісьменьніцкай дзейнасьці — знакамітая «Пэрэагрынацыя…».

У жніўні 1564 году, з прычыны заразы ў Страсбургу, Мікалай Крыштап «Сіротка» пакінуў гэтае места і накіраваўся ў Тубінген, дзе пачаў хадзіць на заняткі ў мясцовую акадэмію, а таксама слухаў прыватныя лекцыі. Акадэмія мела артадаксальны лютэранскі характар і паводле праграмы нагадвала Страсбурскую гімназію. Працягваў вывучаць лаціну і нямецкую мову, паглыбляў веды ў рыторыцы і клясычным рымскім грамадзянскім праве. Асабліва шчыльныя кантакты меў з прафэсарам грамадзянскага права Стэфанам Цулінгам і магістрам вольных мастацтваў Марцінам Крузіюсам. Апошні прысьвяціў М. К. Радзівілу некалькі перакладаў грэцкіх паэмаў. Толькі ўлетку 1566 году, нават ня выехаўшы на пахаваньне свайго бацькі, які памёр 28 траўня 1565 году (зрэшты, згодна з воляю нябожчыка[9]), пакінуў Тубінген і выправіўся ў Швайцарыю (Цюрых), дзе сустрэўся з слынным тэолягам Гэнрыхам Булінгэрам. Гэтая сустрэча, паводле самога М. К. Радзівіла, значна паўплывала на яго рашэньне перайсьці ў каталіцызм[10].

З Швайцарыі выехаў у Італію, дзе наведаў Мілян, Падую і да 27 лістапада 1566 году затрымаўся ў Рыме. На адваротным шляху наведаў Мантую, дзе завязаў прыязныя стасункі з князем Вільгельмам. У лютым 1567 году быў ужо ў Каралеўстве Польскім. Такім чынам, яго перабываньне за мяжой працягвалася ад ліпеня 1563 да лютага 1567 году альбо няпоўныя 4 гады[11].

Мікалай Радзівіл «Сіротка» разьвітваецца з Стэфанам Баторыем, які ад’яжджае з-пад Пскова, 1 сьнежня 1581 г.

У 1567 годзе Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка» атрымаў у спадчыну бацькавы маёнткі, стаў апекуном малодшых братоў і сясьцёр. Таго ж году пад уплывам папскага нунцыя кардынала Камэдоні і езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і ўступіў у шэрагі мальтыйскіх рыцараў.

Дзеці М. К. Радзівіла: Ян Юры, Альбрэхт Уладзіслаў і Крыштап Мікалай. З кнігі М. Радэра, 1604 г.

Браў удзел у Інфлянцкай вайне (1558—1582), узначаліў уласны аддзел у Радашкавіцкай апэрацыі, у 1568 годзе ўдзельнічаў у аблозе Улы.

У часе складаньня Люблінскай уніі (1569 год), як і большасьць шляхты Вялікага Княства Літоўскага, адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту Аўгусту з сваіх маёнткаў у Падляшшы і зрабіў гэта толькі пад пагрозай іх канфіскацыі. Таго ж году атрымаў пасаду надворнага маршалка літоўскага. Па сьмерці Жыгімонта Аўгуста на зьезьдзе сэнатараў у Кнышыне абвясьціў, што літвіны будуць дамагацца вяртаньня Падляшша, Валыні, Брацлаўшчыны і Кіеўшчыны[12].

У 1574 годзе ў час выбараў на сойме новага караля Рэчы Паспалітай падтрымліваў кандыдатуру Генрыка Валезы і, калі той уцёк у Францыю, двойчы езьдзіў да яго з запрашэньнем вярнуцца і папярэджаньнем, што калі ён ня вернецца, то пазбавіцца кароны.

У гэты ж час распачаў актыўнае змаганьне супраць рэфармацыйнага руху. У сваіх уладаньнях замяняў пратэстанцкіх прапаведнікаў каталіцкімі сьвятарамі; таксама падтрымліваў праваслаўныя цэрквы[12].

У часе новай ваеннай кампаніі пад камандаю Стэфана Баторыя ў 1579 разам з братам Альбрэхтам правёў уласны аддзел пад Сьвір, удзельнічаў у аблозе Полацку, дзе быў паранены. Таго ж году за вайсковыя заслугі атрымаў пасаду маршалка вялікага літоўскага. У 1581 годзе браў удзел у аблозе Пскова. У 1590 годзе атрымаў пасаду ваяводы троцкага.

На Віленскай канвакацыі 1591 году разам зь іншымі сэнатарамі Вялікага Княства выступаў супраць намінацыі свайго брата Юрыя на пасаду кракаўскага біскупа, каб біскупам у Вільні не прызначылі паляка. Падтрымаў складаньне Берасьцейскай уніі (1596 год), быў адным з 3 каралеўскіх паслоў на сабор у Берасьце.

У 1604 годзе атрымаў пасаду ваяводы віленскага. Разам зь іншымі лідэрамі Вялікага Княства выступаў супраць умяшаньня ў нутраныя справы Масквы[12].

Грамадзкая і культурная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кій і ружанец М. К. Радзівіла

У 1583—1584 гадох Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка» падарожнічаў па Блізкім Усходзе, вёў дзеньнік. Па вяртаньні на радзіму распачаў шырокае будаваньне ў Нясьвіжы. Замест драўлянага бацькавага замка паставіў мураваны, таксама збудаваў некалькі архітэктурных комплексаў: езуіцкі, бэнэдыктынскі і дамініканскі кляштары. Для праектаваньня і ўзьвядзеньня гэтых будынкаў запрасіў зь Італіі архітэктара Яна М. Бэрнардоні. У новым замку сабраў галерэю партрэтаў, бібліятэку, збраёўню. Заклаў парк у Альбе пад Нясьвіжам.

У 1579 годзе выдаў права на самакіраваньне Міру. Дамогся ад караля і вялікага князя прывілею на наданьне Нясьвіжу Маґдэбурскага права і гербу (1586 год). Зь ліку першых правёў у сваіх маёнтках валочную памеру.

Зь ініцыятывы і коштам М. К. Радзівіла выйшла першая дакладная мапа Вялікага Княства Літоўскага (каля 1603 году, захавалася 2-е выданьне, Амстэрдам, 1613 год).

Фундаваў касьцёлы і шпіталі ў Нясьвіжы, Дуброве, Чарнаўчыцах, Міры, Сьвержані, Белай. У апошняй таксама збудаваў замак.

Да 1595 году Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка» перапрацаваў свой дзёньнік падарожжаў і выдаў яго ў 1601 годзе пад назвай «Пэрэгрынацыя Мікалая Крыштапа Радзівіла» (лац. «Hierosolymitana peregrinatio ill. p. Nicolai Christophori Radziwili, ducis in Olyka, epistolis comprehensa»). Пазьней кніга двойчы перавыдавалася на лаціне, у 1610 і 1753 гадох.

Паводле М. К. Радзівіла мэта выданьня кнігі — «пашырыць кругагляд землякоў». У прадмове ён падкрэсьліваў, што піша толькі пра тое, што бачыў на ўласныя вочы, а ня вычытаў у кнігах іншых падарожнікаў, хоць быў добра знаёмы зь літаратурай пра Блізкі Ўсход. У кнізе мноства спасылак на гэтую літаратуру, але М. К. Радзівіл не капіяваў іншых, а сам аналізаваў прачытанае. Часта выказваў нязгоду з тымі або іншымі аўтарамі.

«Пэрэгрынацыя…», 1601 г.: тытульны аркуш (налева) і ілюстрацыя (направа)

Апісваючы храмы, палацы, руіны, аўтар найперш расказвае пра іх месца знаходжаньня, вонкавы і ўнутраны выгляд, матэрыял, зь якога яны зробленыя, часта параўноўвае бачаныя пабудовы зь італьянскімі і францускімі.

Неаднойчы ён зьняпраўджвае сьцьверджаньні зь Бібліі. Так, убачыўшы крыніцу, у якой нібыта апостал Піліп хрысьціў эўнуха царыцы Кандатэі, М. К. Радзівіл заўважае: «… крыніца зь цеснай скалы выходзіць і такая бедная, што абедзьвюх ног не было б чым паліць. Таму хутчэй трэба казаць, што сьвяты апостал галаву яму паліў і так яго хрысьціў».

Паэтычна апісвае Мёртвае мора: «Гэта мора… сярністае, мае і каменьні навокал сябе, якія, калі іх запаляць, гараць, як дрэва… Язэп Флавій праўдзіва гэта возера апісвае, а асабліва тое, што тройчы яно зьмяняецца ў дзень, гэта я добра бачыў, бо зранку вада была чарнаватай, да поўдня, калі сонца яго нагрэе (бо там моцная сьпёка), дык блакітнявее ўся вада накшталт блакітнага сукна, да падвячорку ж, перад захадам сонца, калі сонечная сьпёка спадзе, вада робіцца чырванаватай або рудой, быццам яе з глінай зьмяшалі».

Пры наведваньні Ерусалімскага храму Труны Гасподняй М. К. Радзівіл зьвярнуў увагу ня столькі на старажытную архітэктуру, колькі на надмагільныя пліты гістарычных асобаў — кіраўнікоў крыжакоў.

Аўтара цікавілі таксама прыродныя ўмовы, гаспадарка і земляробства тых мясьцінаў, якія ён наведаў. Апісваючы Сірыю, Лібан, Эгіпет, шмат месца адводзіць іх гаспадарцы, дзівосным жывёлам, адзначае вялікае значэньне разьліваў Ніла для гаспадарчай дзейнасьці ў Эгіпце. Аглядаючы сьфінкса і піраміды са старажытнымі пахаваньнямі, М. К. Радзівіл цікавіўся складам, пры дапамозе якога робяцца муміі, і адзначаў: «Штосьці асаблівае гэта мае быць, бо і цяпер, праз тры тысячы гадоў і больш, як гісторыя піша, не дазволіла наймалейшай частцы згніць». Апісаў ён таксама народныя звычаі і сьвяты, адносіны паміж рознымі народамі. Часта нагадваў пра жорсткасьць туркаў у дачыненьні да жыхароў скароных Турэччынай народаў, пра рознагалосьсі паміж туркамі і арабамі.

Сваіх спадарожнікаў М. К. Радзівілаў азначаў наступным спосабам: «Абрагам Бара дэ Дона, сілезец; Ежы Кос і Міхал Канарскі, прусы; Андрэй Скарульскі, ліцьвін; Пётар Быліна, паляк… Герэмяш Гермек, кухар, ліцьвін»[c][13]. Прытым пра сябе і сваіх спадарожнікаў адзначаў, што «мы розных зямель іншаземцы — немцы, палякі, літва»[14][d].

Кніга Мікалая Крыштапа Радзівіла карысталася вялікім попытам, вытрымала 19 перавыданьняў на польскай, нямецкай, лацінскай і расейскай мовах.

Беларускі пераклад

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле М. Вішнеўскага[16], існаваў беларускі пераклад «Пэрэгрынацыі» 17-га стагодзьдзя. Вядомы беларускі тэкст аднаго апавяданьня з «Пэрэгрынацыі» ў рукапісе з слуцкай замкавай царквы (каля 1718 году)[17].

  1. ^ Іншыя формы другога імя — Крыштоф, Крыштоп, Крыштаф
  2. ^ Напрыклад: Archiwum domu Radziwiłłów. S. 44. М. К. Радзівіл да К. Радзівіла. Белая, 11 красавіка 1596 г.
  3. ^ «Abrahamus, Baro de Dona, Silefius; Georgius Cos, & Michael Konarski, Prutheni; Andreas Skorulski, Lithuanus; Petrus Bylina, Polonus… Hieremias Giermek cocus Lithuanus»
  4. ^ лац. «…diuersarum gentiu homines essemus, vtpote Germani Poloni Lithuani»[15]
  1. ^ Karpluk M., Pirożyński J. O nieuwiarowaniu śmierci — rękopiśmienna relacja świadka ostatnich dni Elżbiety z Szydłowieckich Radziwiłłowej // Miscellanea Staropolskie. T. 6. Wrocław, 1990. S. 84.
  2. ^ Гурын М. Радзівіл Мікалай Крыштоф // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 494.
  3. ^ Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. [1]
  4. ^ Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. Lublin, 1995. S. 32.
  5. ^ Pietrzyk Z. «Tylem się w Strazburku nauczył…». Studia Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki w Strasburgu w latach 1563—1564 // Odrodzenie i reformacja w Polsce. T. 41. — Warszawa, 1997. S. 159—162.
  6. ^ Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. Lublin, 1995. S. 18, 20—21.
  7. ^ Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka (1549—1616). Wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 32—33.
  8. ^ Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. — Lublin, 1995. S. 17—18.
  9. ^ Testament Mikołaja Radziwiłła zw. Czarnym wojewody wileńskiego // Augustyniak U. Testamenty ewangelików reformawanych w Wielkim Księstwie Litewskim. Warszawa, 1992. S. 19—20.
  10. ^ Merczyng H. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sirotka i jego przyjęcie katolicyzmu w r. 1567. // Przegląd Historyczny. R. 12. 1911. S. 4—5.
  11. ^ Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka (1549—1616). Wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 42—43.
  12. ^ а б в Гурын М. Радзівіл Мікалай Крыштоф // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 495.
  13. ^ Hierosolymitana Peregrinatio Illvstrissimi Domini Nicolai Christophori Radzivili. — Brunsbergae, 1601. P. 65.
  14. ^ Похождение в Землю Святую князя Радивила Сиротки 1582—1584. — СПб, 1879. С. 210.
  15. ^ Hierosolymitana Peregrinatio Illvstrissimi Domini Nicolai Christophori Radzivili. — Brunsbergae, 1601. P. 269.
  16. ^ Wiszniewski M. Historya literatury polskiej. t. VIII. Kraków, 1851. s. 463.
  17. ^ Помнікі беларускага пісьменства 18-га стагоддзя / Уклад. А. Дайліда, Г. Ціванова, М. Свістунова. — Менск, 2021. с. 49.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]