Войцех Манівід
![]() Герб «Ляліва» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1370 |
Памёр | каля 1460 |
Пахаваны | |
Род | Манівіды |
Бацькі | Гайлігін |
Дзеці | Іван (Івашка) |
Манівід (у каталіцтве Войцех або, паводле мясцовай традыцыі, Альбэрт; каля 1360 — 1424) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, намесьнік (1396—1413) і першы ваявода віленскі (з 1413). Пачынальнік роду Манівідаў.
Меў вотчынныя ўладаньні ў Вішневе[1]. Ад вялікага князя Вітаўта атрымаў Геранёны, Суботнікі (абодва ў 1396), Лаздуны і Жупраны ў Ашмянскім павеце, Бярэзань, Гнязьдзілавічы, Дзедзелавічы, Домжарыцы, Докшыцы, Мсьціж у Харэцкай воласьці, Гасьцілавічы ў Лагойскім княстве (1407), Станькаў у Менскім павеце, Сярпейск у Смаленскай зямлі, Брагін, Горваль і Любеч у былым Чарнігаўскім княстве[2].
Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Фармант -від- празь імя Монтвід зьвязвае Манівіда зь імём Жыгімонт — літоўскай (беларускай) формай старажытнага пашыранага германскага (гоцкага) імя Sigimunt, якое трапіла ў хрысьціянскі іменаслоў[3]. Зь іншага боку, той жа фармант празь імя Гердзівід зьвязвае Манівіда зь імём Альгерд, якое мае поўныя германскія адпаведнікі (герцаг Альгерд з Гогенштайну)[4].
Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, які адзначае імавернасьць повязі ліцьвінаў з палабскімі люцічамі, аднак больш імаверным лічыць іх германскае паходжаньне, разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў. Паводле Алёхны Дайліды, імя Манівід складаецца з двух фармантаў: -ман- (германскія імёны Minegis, Minard, Minsuind), які тлумачыцца ад германага man 'чалавек', і -від- (германскія імёны Vidimer, Widericus, Widbod), які тлумачыцца, відаць, ад гоцкага wida 'повязь, злучэньне, моцнасьць', або ад гоцкага і германскага widus 'дрэва'[5]. Такім парадкам, імя Манівід азначае «чалавек моцы» (упаміналася германскае імя Monvindis)[6].
Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Монивидъ (1392 год), Monivid capitaneus Wilnensis (1397 год), Monwide houptman czur Wille[7] або Manewit , capitaneus in Wilna[8] (1398 год), Albertus alias Monywyd capitaneus Vilnensis (1412 год), Monivid woyewoda Wilnensis (1413 год), Albertus Moniwid Wylnensis palatinus (1419 год)[9], Albertus alias Moniwid, Albertus Monywid, Moniwyd, Manwid, Manwede, Mannewid, Manewyde, Монивид Коиликинович[10], Albertus Monwid de Wischna (1396 год)[1].
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зь літоўскага баярскага роду, сын Гайлігіна. Меў брата Юрыя Гедыгольда. Пры складаньні Гарадзельскай уніі (1413 год) прыняў герб «Ляліва».
Упамінаецца з 1387 году ў складзе рады вялікага князя. У крыжацкім помніку «Паведамленьні аб літоўскіх дарогах» каля Геранёнаў значыцца Manewidendorf[1].
Вядомыя пячаці: ад 1398 году з надпісам «SIGILL ALBRECI MONEWID» і ад 1410 году з надпісам + s. alberti : capit : de : vilna, яшчэ адна ад 1419 году з гербам «Ляліва».
Першы раз ажаніўся зь Юліяніяй, дачкой Сьвятаслава Смаленскага, другі — зь Ядвігай. Меў сына Івана (праўдападобна, у першым шлюбе).
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.. — 2-е выд. — Смаленск, 2014. С. 93.
- ^ Насевіч В. Манівідавічы // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 270.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17, 23.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
- ^ Die Staatsverträge des Deutschen Ordens in Preussen im 15. Jahrhundert. Bd. 1. — Marburg, 1970. S. 12.
- ^ Liv-, Esth- und Curländisches Urkundenbuch nebst Regesten / Hrsg. von F. G. von Bunge. Bd. 4. — Reval, 1859. S. 226.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 171.
- ^ Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.. — 2-е выд. — Смаленск, 2014. С. 262.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада / пераклад А. Мікус. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 386 с. — ISBN 978-5-00076-015-4
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle r.1413 // Miesięcznik Heraldyczny. Organ Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie. R. 6. Nr 11—12. 1913.