Ян Караль Хадкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Караль Хадкевіч
лац. Jan Karal Chadkievič
Гетман Хадкевіч. Марчэла Бачарэлі, 1781 г.
Гетман Хадкевіч. Марчэла Бачарэлі, 1781 г.

Герб «Касьцеша»
Гетман вялікі літоўскі
1605 — 1616
ПапярэднікК. М. Радзівіл «Пярун»
НаступнікЛеў Сапега
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1560
Памёр 24 верасьня 1621(1621-09-24)[1][2]
Пахаваны
Род Хадкевічы
Бацькі Ян Хадкевіч
Крыстына з Збароўскіх
Жонка Соф’я зь Мялецкіх
Ганна Алаіза з Астроскіх
Дзеці ад 1-га шлюбу: Геранім, Ганна Схалястыка
Дзейнасьць дыплямат, дзяржаўны дзяяч, вайсковец

Ян Караль Хадкевіч (1560 — 24 верасьня 1621)[4] — вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі літоўскі[4] (1605), ваявода віленскі (1616).

Ян Караль Хадкевіч — адзін з найбольш таленавітых вайскаводаў XVII стагодзьдзя[5]. У сваёй палітычнай дзейнасьці адстойваў сувэрэнітэт Вялікага Княства ў складзе Рэчы Паспалітай.

Продкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў, што паходзіў ад кіеўскіх баяраў (XV стагодзьдзе). Належаў да найстарэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа «на Шклове, Мышы і Быхаве». Сын Яна Хадкевіча, у той час яшчэ стольніка літоўскага, і Крыстыны, дачкі польскага магната Марціна Збароўскага[6], ваяводы познанскага, а потым кашталяна кракаўскага. Адзін з братоў маці, Ян Збароўскі, быў гетманам надворным у Каралеўстве Польскім; іншыя яе браты займалі пасады ваяводаў і кашталянаў.

У родзе Хадкевічаў існавала традыцыя актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага. Бацька Яна Караля, Ян (1537—1579), быў кашталянам віленскім (сэнатарам) і адміністратарам Інфлянтаў[4]. У 1568 годзе ён атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Фэрдынанда тытул графа з назвамі галоўных маёнткаў — Шклова, Мышы і Быхава. Дзед вядомага вайскавода, Геранім Хадкевіч (1500—1561), быў кашталянам віленскім і ўваходзіў у склад Паноў-Рады Вялікага Княства Літоўскага. А брат дзеда, Рыгор Хадкевіч, які памёр у 1572 годзе, быў кашталянам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Гэтыя традыцыі роду, багатыя лятыфундыі, галоўным чынам на Беларусі, і сваяцкія зьвязкі з магнацкімі сем’ямі Вялікага Княства і Кароны давалі магчымасьць здольнаму і амбітнаму чалавеку рабіць сваю кар’еру.

Маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Невядомы мастак, XVII ст.

Дзяцінства Яна Караля праходзіла ў часы Інфлянцкай вайны. Ён быў сьведкам ваенных дзеяньняў на Літве і Балтыцы і вельмі цікавіўся вайсковай справай. Калі хлопчыку было некалькі гадоў, бацька ўзяў яго ў паход супраць маскоўскіх войскаў Івана Жахлівага, што ўварваліся ў Літву. Літоўскім войскам камандавалі гетманы вялікі Крыштап Мікалай Радзівіл «Пярун» і польны Рыгор Хадкевіч, дзядзька яго бацькі. Асобным аддзелам камандаваў і сам Ян Хадкевіч, які раней браў удзел у бітве над Вулай у 1564 годзе. Такім спосабам 8-гадовы хлопчык пабачыў, як жаўнеры езьдзяць падчас паходу, як становяцца на месцы лягерам і, галоўнае, як дзеюць у баях.

Па папярэдняй хатняй адукацыі ў 1573 годзе Ян Караль разам з сваім старэйшым братам Аляксандрам (каля 1560—1626), які потым стаў ваяводам троцкім, пачаў навучаньне ў Віленскай езуіцкай калегіі, а потым і ў Віленскай акадэміі. Калі кароль і вялікі князь Стэфан Баторы ў сакавіку 1579 году праязджаў празь Вільню з войскам, каб здабыць Полацак, ад імя студэнтаў акадэміі яго вітаў малады Ян Караль Хадкевіч урачыстай прамовай. Ён вылучаўся сваёй здольнасьцю да навукі і ўжо тады меў моцны характар, хаця і безь перашкоды ўсталеўваў кантакты зь людзьмі. Па сьмерці бацькі атрымаў у спадчыну ня толькі маёнткі, але і тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве.

У 1586—1589 гадах малады Ян Караль Хадкевіч разам з братам навучаўся ў езуіцкай акадэміі ў Інґальштаце (Баварыя)[4], дзе вывучаў філязофію і права. У верасьні 1589 году яны атрымалі пасьведчаньні пра пасьпяховае заканчэньне курсу навучаньня. Потым браты паехалі ў Італію, у Падую[6]. Аляксандар Хадкевіч застаўся ў Італіі, а Ян Караль наведаў Мальту, дзе ў мальтыйскіх рыцараў азнаёміўся зь дзеяньнем артылерыі, з пальнай зброяй, фартыфікацыяй і правіламі аблёгі фартэцыяў. За мяжой Ян Караль Хадкевіч, апрача акадэмічнага курсу, шмат увагі прысьвячаў вайсковым ведам і тэорыі вайсковай справы.

Пачатак вайсковай кар’еры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па вяртаньні на радзіму ў 1590 годзе Ян Караль Хадкевіч зрабіўся вайскоўцам. Ужо ў 1595 годзе ён камандаваў уласнай ротай з 50 коньнікаў, а потым — ротай у 100 коньнікаў ва Ўкраіне. У 1596 годзе Ян Караль Хадкевіч браў удзел у баях з паўстанцкім войскам Севярына Налівайкі[7]. Камандаваў гэтым войскам гетман польны каронны (польскі) Станіслаў Жулкеўскі[6]. У першай бітве пад Каневам, які быў узяты 14 красавіка 1596 году, Ян Караль Хадкевіч выявіў свой вайсковы талент. Вызначыўся ён і падчас аблогі казацкага табару пад Лубнамі[6] (25 траўня — 7 чэрвеня 1596). За свае вайсковыя заслугі Ян Караль Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага літоўскага, а праз тры гады, у 1599 годзе, яму было нададзена Жамойцкае староства[6], што раўнялася ваяводзкай пасадзе, і ён увайшоў, такім чынам, у склад сэнату Рэчы Паспалітай.

У 1600 годзе Ян Караль Хадкевіч разам з братам Аляксандрам на чале ўласнай коннай роты браў удзел у паходзе гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага ў Малдову[4], якую заняў гаспадар Валахіі Міхай Мужны (Віцязул), каб аб’яднаць Дунайскія княствы. Польшча намагалася захаваць палітычную залежнасьць ад яе Малдовы і ўстанавіць там уладу залежнага ад яе гаспадара. Бітва войска Яна Замойскага з арміяй Міхая Мужнага адбылася ў ваколіцах Плаешці 20 кастрычніка 1600 году і скончылася перамогай Замойскага. Хадкевічы былі ў перадавым аддзеле дабраахвотнікаў, якія ўдарылі на сілы гаспадара Міхая і прычыніліся да перамогі. Гетман Ян Замойскі сярод лепшых вояў вылучаў Яна Караля Хадкевіча. У выніку перамогі ў Валахіі ў кастрычніку 1600 году быў пасаджаны на трон стаўленьнік Польшчы Сымон Магіла з малдаўскага баярскага роду. У тым жа годзе Ян Караль Хадкевіч атрымаў тытул гетмана польнага літоўскага.

Войны з Швэцыяй 1600—1629[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Войны Рэчы Паспалітай з Швэцыяй (1600—1629)
Я. К. Хадкевіч. А. Маўрын, 1856 г.

У 1600 годзе пачалася доўгая па часе вайна Рэчы Паспалітай з Швэцыяй за панаваньне на Балтыйскім моры. Яна цягнулася да 1629 году. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза, каталік, які адначасова лічыўся каралём Швэцыі, але прабываў у Варшаве, у 1599 годзе быў дэтранізаваны лютэранскай апазыцыяй[8]. У 1600 годзе Жыгімонт Ваза ўключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. Гетман польны літоўскі Ян Караль Хадкевіч пад камандаваньнем гетмана вялікага літоўскага Крыштапа Мікалая Радзівіла браў удзел у ваенных дзеях з самага пачатку вайны[8]. Абодвух гетманаў накіравалі ў Інфлянты, нягледзячы на суперніцтва паміж двума гэтымі магнацкімі родамі Радзівілаў і Хадкевічаў, якія ў 1600 годзе амаль не распачалі ў Вільні і краіне грамадзянскую вайну праз тое, што не маглі дамовіцца пра гарады і маёнткі слуцкай князёўны Соф’і Алелькавіч (апекунамі якой былі Хадкевічы), калі яна выходзіла замуж за князя Януша Радзівіла, сына гетмана вялікага. Адносіны паміж Радзівіламі і Хадкевічамі ў некаторай ступені ўплывалі і на ход ваенных дзеяў.

Заваёва Кокенгаўзэна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Кокенгаўзэнам

Гетман вялікі Крыштап Радзівіл у траўні 1601 году распачаў ваенныя дзеі ў Інфлянтах. Яго аддзелы атачылі горад і крэпасьць Кокенгаўзэн (Кокнэсэ), на правым беразе Дзьвіны. 8 чэрвеня 1601 году да Кокенгаўзэна падышоў з сваімі аддзеламі і польны гетман Ян Караль Хадкевіч (каля 2-3 тыс. жаўнераў, зь якіх 1100 — пяхоты з 16 гарматамі[9]). Каб зьняць аблогу гораду, швэдзкі камандуючы Карл Карльсан Юленьельм на ўсход ад гораду на беразе Дзьвіны даў бітву літоўскаму войску. На баку Швэцыі ў бітве брало ўдзел каля 5 тыс. жаўнераў. Ян Караль Хадкевіч камандаваў гусарскім рэгімэнтам на правым флянзе літоўскага войска, знаходзячыся ў першых шэрагах свайго войска. Разам з конным палком Крыштофа Дарагастайскага Хадкевіч правёў моцную атаку на левае крыло швэдзкага войска. Швэдзкія рэйтары былі разьбітыя і пачалося перасьледваньне швэдзкіх жаўнераў. Швэды страцілі 2 тыс. чалавек, войскі ВКЛ страцілі 80 забітымі і 100 параненымі зь якіх 20 памерла пазьней, было пабіта шмат коней[10]. Швэдзкая залога Кокенгаўзэну капітулявала. У палон трапіла 1800 швэдзкіх жаўнераў і ўзятая швэдзкая артылерыя. У выніку перамогі пад Кокенгаўзэнам літоўскае войска заняло ў ліпні 1601 году Вэндэн (Кесь, Цэсыс), на паўночны ўсход ад Рыґі. Але потым пад націскам пераважных па колькасьці швэдзкіх сіл літоўскае войска адступіла да Рыґі, якую разам з вэндэнскім ваяводам Ґеорґам Фарэнсбахам і польскімі аддзеламі абаранялі аддзелы Яна Караля Хадкевіча. Некалькі штурмаў швэдзкіх войскаў былі адбітыя. У кастрычніку 1601 году да Рыґі наблізілася польская армія на чале з гетманам вялікім каронным Янам Замойскім, і швэдзкая армія пачала адступаць. Аддзелы Яна Караля Хадкевіча бралі ўдзел у перасьледаваньні швэдаў і блякадзе швэдзкіх залогаў у крэпасьцях Вольмар (Валміера) і Вэзэнбэрґ (Раквэрэ), Фэлін (Вільяндзі) і Белы Камень (Пайдэ). Узяцьце Белага Камня ўзмацніла пазыцыі войска Рэчы Паспалітай[6]. Ваенныя дзеі працягваліся ад восені 1601 году да канца лета 1602 году.

Змаганьне за Дорпат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Караль Хадкевіч, 1620 г.

У пачатку кастрычніка 1602 году, па ад’езьдзе з тэатру ваенных дзеяў гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага, кароль Жыгімонт Ваза даручыў камандаваньне польскімі і літоўскімі сіламі ў Інфлянтах Яну Каралю Хадкевічу. Хадкевічу ўдалося сабраць пад сваім камандаваньнем да 4 тыс. жаўнераў. 3ь імі ў лістападзе 1602 году ён пачаў самастойна новую кампанію. 16 лістапада яго войска пачало аблогу аднаго з буйнейшых гарадоў Балтыі — Дорпата (Тарту). Паступова ў баях сілы Хадкевіча зьмяншаліся, і ў канцы студзеня 1603 году ў яго заставалася толькі 700 коньнікаў і 100 пехацінцаў. Даведаўшыся, што швэдзкае войска зьбіраецца прыйсьці да Дорпата і зьняць аблогу, Ян Караль Хадкевіч пакінуў каля гораду сотні дзьве жаўнераў, а з астатнімі сіламі, узяўшы з залогі Вэзэнбэрґу (Раквэрэ) дапамогу і давёўшы колькасьць жаўнераў у сваім войску да 1000 чалавек, прымусіў у сакавіку 1603 году швэдзкае войска, якое не дайшло да Дорпата, адступіць. Па другой аблозе 13 красавіка 1603 году швэдзкая залога (1050 чалавек) Дорпата капітулявала[6] на ганаровых умовах, адышоўшы на Рэвэль (Талін), але аддаўшы пераможцам усю артылерыю (звыш 80 гарматаў). У 1603 годзе Ян Караля Хадкевіч быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў.

Адбіцьцё швэдзкага ўварваньня 1604 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Наступную кампанію ў Балтыі гетман польны літоўскі Ян Караль Хадкевіч вёў у 1604 годзе. У пачатку 1604 году швэдзкі рыксдаг абраў каралём герцага Сёдэрманляндзкага Карла (дзядзьку польскага караля Жыгімонта Вазы), дагэтуль рэгента каралеўства. Пазыцыі новага караля Карла ІХ узмацніліся, і ён намагаўся вярнуць крэпасьці і гарады ў Эстоніі, перш за ўсё Дорпат і Белы Камень, а потым пайсьці на Рыґу. Была сфармаваная новая швэдзкая армія ў 9 тыс. жаўнераў на чале з губэрнатарам Фінляндыі, генэралам Арвідам Эрыксанам Стэлярмам. У верасьні 1604 году войскі Стэлярма і Хадкевіча сустрэліся. 23 верасьня 1604 году адбылася бітва на дарозе з Дорпата да Рэвэля каля Белага Камня[6]. У Хадкевіча было 2300 жаўнераў, швэдзкае войска налічвала 7 тыс. чалавек. Хадкевіч пастанавіў ударыць на больш моцнае левае крыло праціўніка. Яго гусары, што знаходзіліся на правым крыле арміі, сьмелым націскам разграмілі швэдзкіх рэйтараў, а потым ударылі на пяхоту. Калі ў бой пайшлі аддзелы цэнтру і левага крыла, швэдзкае войска было кінутае ў балоты і пачаўся поўны разгром праціўніка. На полі бою засталося 300 забітых швэдзкіх жаўнераў. Пераможцы ўзялі 21 сьцяг, 6 гармат і ўвесь абоз. У войску Хадкевіча страты былі малыя: 50 забітых і 100 параненых[Крыніца?]. Перамога не была выкарыстана, бо ў дзяржаўным скарбе не было грошай і жаўнерам не выплацілі жалаваньня. Войска стварыла канфэдэрацыю, якая адмовілася працягваць ваенныя дзеі.

Кірхгольмская бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Я. К. Хадкевіч у Кірхгольмскай бітве
Асноўны артыкул: Бітва пад Кірхгольмам

За заслугі ў вайне з Швэцыяй у сакавіку 1605 году староста Жамойцкі Ян Караль Хадкевіч атрымаў вялікую булаву, гэта значыць атрымаў пасаду гетмана вялікага літоўскага. Кароль Жыгімонт Ваза надаў таксама Хадкевічу Дорпацкае староства (у Эстоніі). А ў гэты час Швэцыя рыхтавалася да новай кампаніі, каб усё ж такі захапіць Інфлянты. У сярэдзіне верасьня 1605 году швэдзкія сілы сканцэнтраваліся каля Рыґі, каб узяць яе. Сюды ж накіравалася і швэдзкая армія на чале з каралём Карлям ІХ. Ян Караль Хадкевіч, які меў 3500 жаўнераў (пераважна коньніцы), пастанавіў даць бітву каля Рыґі, супраць яго выступіла швэдзкае войска ў 11 тыс. чалавек, у тым ліку 8500 пяхоты. Кароль Карль ІХ, маючы войска ўтрая большае, быў перакананы ў сваёй перамозе.

27 верасьня 1605 году пад Кірхгольмам (цяпер Саласьпілс), у 15 кілямэтрах ад Рыґі, на паўночным беразе Дзьвіны, адбылася бітва[6]. Хадкевічу ўдалося выманіць швэдаў зь іх выгадных пазыцыяў на ўзгорках, зрабіўшы выгляд, што яго войска раптам пачало адступаць. А калі пяхота і коньніца супраціўніка пачалі наступ усьлед за аддзеламі Хадкевіча, якія адступалі, літоўскія конныя харугвы хутка зьмянілі фронт і абрынуліся на швэдзкую пяхоту, якая ўжо пачала ўзьбірацца на ўзгоркі, усьлед за аддзелам Хадкевіча. Адначасна швэдзкую пяхоту ва ўпор расстрэльвала артылерыя літоўскага войска. Гусары Яна Пятра Сапегі, Вінцэнта Войны і Тодара Ляцкага разграмілі швэдзкіх рэйтараў і ўварваліся ў шэрагі галоўных швэдзкіх сіл на правым крыле, якім камандаваў граф Фрыдрых Яахім Мансфэльд. Па трох гадзінах бою армія швэдзкага караля была цалкам разгромлена. Карл ІХ выратаваўся, уцёкшы на кані зь бітвы ў Парнаву (Пярну). Швэды страцілі ад 5 да 9 тыс. забітымі[11][12]. Былі захоплены 60 швэдзкіх штандараў, 12 гармат і ўвесь абоз. Некалькі соцень швэдзкіх жаўнераў трапілі ў палон[11]. Страты арміі Хадкевіча былі невялікімі: у баі зь пяхотай страцілі 100 чалавек забітымі і 200 параненымі.

Перамога Яна Караля Хадкевіча пад Кірхгольмам[7] над у тры разы большым праціўнікам[6] была атрымана дзякуючы майстэрскаму кіраваньню коньніцай і канцэнтрацыяй сіл на розных этапах бітвы ў патрэбным на гэты час кірунку. Таму кавалерыя Хадкевіча і здолела перамагчы некалькі калёнаў праціўніка, што стаялі адна з адной. Бітва пад Кірхгольмам была найбольш слаўнай сярод перамог гетмана Яна Караля Хадкевіча, зьяўляючыся адначасова адной з самых слаўных старонак літоўскай вайсковай гісторыі XVII стагодзьдзя. Хутка весткі пра яе разьляцеліся па ўсім краі і за мяжой. Хадкевіча віншаваў ня толькі кароль Жыгімонт Ваза, але таксама і нямецкі імпэратар Рудольф ІІ, ангельскі кароль Якуб І і нават пэрсыдзкі шах Абас Вялікі і турэцкі султан Ахмэд І. Папа рымскі Павал V даслаў Хадкевічу ліст зь віншаваньнямі. Прапаведнік Пятро Скарга выступіў у Вавельскім катэдральным касьцёле з казаньнем у прысутнасьці караля[6]. Гэтая прамова пра інфлянцкую перамогу была надрукаваная ў Вільні ў тым жа 1605 годзе. За сваю перамогу Ян Караль Хадкевіч атрымаў маёнткі Сэруце ля Віцебска, Дуды над Нёманам і Лотву (Ашмянскі павет), а таксама прыбыткі з Упіцкай эканоміі[6]. Яму таксама была перададзена Любашанскае староства ў Аршанскім павеце.

Унутрыпалітычная сытуацыя ў Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрэска ў Віленскім унівэрсытэце

Вынікі перамогі пад Кірхгольмам не былі выкарыстаныя. У дзяржаўным скарбе зноў не было грошай, жаўнерам за службу не плацілі, і войска прыехала ў Берасьцейскую (1605), а затым Гарадзенскую (1606) эканомію запатрабавала выплаты запазычынасьці, у кошт якой пачало канфіскацыю сродкаў дзяржаўных падаткаў.

Тым часам у Каралеўстве Польскім ўзмацнілася апазыцыя групоўкі магнатаў і шляхты да цэнтралізатарскай палітыкі караля Жыгімонта Вазы. На чале яе стаяў кракаўскі ваявода Мікалай Зэбжыдоўскі. У Вялікім Княстве Літоўскім яго падтрымліваў адзін зь лідэраў кальвіністаў Януш Радзівіл, муж княгіні слуцкай Соф’і Алелькавіч і ўладальнік багатых маёнткаў у Жамойці. У 1606 годзе апазыцыя перайшла да рашучых дзеяў з мэтай зьмяшчэньня з стальца Жыгімонта Вазы. Яна стварыла канфэдэрацыю і абвясьціла рокаш (законны ўзброены саюз шляхты супраць караля). Кароль у сваю чаргу пачаў зьбіраць войска супраць канфэдэратаў. Ян Караль Хадкевіч спрабаваў спачатку захаваць нэўтралітэт, але, калі Януш Радзівіл далучыўся да Мікалая Зэбжыдоўскага, Хадкевіч на зьезьдзе літоўскай шляхты ў Навагародку 25 верасьня 1606 году асудзіў апазыцыю каралю. Потым Я. К. Хадкевіч з 1600 жаўнерамі далучыўся да караля каля Варшавы (чэрвень 1607 году). 6 ліпеня 1607 году каля Гузава (недалёка ад Радама) адбылася бітва паміж каралеўскімі войскамі і ракашанамі. Ян Караль Хадкевіч камандаваў літоўскімі сіламі на правым крыле каралеўскіх войскаў. Супраць яго стаялі літоўскія роты, якімі камандаваў Януш Радзівіл, і, калі яны пачалі адступаць, Хадкевіч, не жадаючы разгрому сіл Радзівіла, пастанавіў не перасьледаваць іх. Хоць перамогу атрымалі каралеўскія войскі, аднак магнаты, прыхільнікі караля, якія таксама не хацелі ўзмацненьня каралеўскай улады, прымусілі караля пайсьці з ракашанамі на кампраміс. Кароль адмовіўся ад пляну рэформы дзяржаўнай сыстэмы. Тым ня менш бітва пад Гузавам 1607 году выразна падзяліла магнацка-шляхецкае грамадзтва Вялікалітвы на дзьве групоўкі: на прыхільнікаў караля і вялікага князя Жыгімонта на чале з Хадкевічам і на апазыцыю на чале зь Янушам Радзівілам. Узброеныя сутычкі партызанскага характару адбываліся на Беларусі. Але і гэтыя партызанскія выступы апазыцыі былі здушаныя. У такой барацьбе прыхільнікаў караля (рэгалістаў), якіх узначальваў каталіцкі магнат Ян Караль Хадкевіч, з апазыцыяй, якую ўзначальваў Януш Радзівіл, выявіліся ня толькі палітычныя і рэлігійныя супярэчнасьці ў літоўскім грамадзтве, але і асабістае суперніцтва двух вядомых прадстаўнікоў магнацкіх родаў Хадкевічаў і Радзівілаў, якія аспрэчвалі сваё першынства ў Вялікім Княстве Літоўскім. Каб памірыць Хадкевічаў з Радзівіламі, у справу ўмяшаліся канцлер вялікі Леў Сапега, старэйшы ў родзе Радзівілаў Мікалай Крыштап «Сіротка», Б.Война, Я.Ферлей, М.Зэбжыдоўскі. Я. К. Хадкевіч сканцэнтраваў вакол Гародні 3 тыс. сілаў рэгалістаў, якія ў пачатку чэрвеня 1608 г. разагналі 1200 асабовую заслону зь сілаў падчашага ВКЛ і заблякавалі сілы берасьцейскіх канфэдэратаў і ракашан пад Берасьцем. Урэшце 20 чэрвеня 1608 г. была заключана перамір’е, і суперніцтва магнатаў сьціхла.

Перамогі над швэдамі ў 1607—1617[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грамадзянская вайна ў Рэчы Паспалітай палегчыла становішча швэдаў у Балтыі. Увесну 1607 году яны здабылі Белы Камень, а ў 1608 годзе — Дынамюндэ (пры ўпадзеньні Заходняй Дзьвіны ў Рыскую затоку) і Фэлін (Вільяндзі). У кастрычніку 1608 году Ян Караль Хадкевіч вярнуўся ў Інфлянты і перайшоў у контрнаступ. Сабраўшы 2-тысячнае войска, Хадкевіч рушыў на поўнач. Яго войска ў лютым 1609 году за 6 дзён прайшло 200 кілямэтраў, што для таго часу было незвычайна. Дайшоўшы да Парнавы (Пярну), ён начным штурмам 1 сакавіка 1609 году здабыў гэтае места і вярнуўся пад Рыґу, якую заблякавалі швэдзкія войскі і флёт. Сьмелым ударам коньнікаў Я. К. Хадкевіч разьбіў перадавыя аддзелы корпусу графа Мансфэльда, што прымусіла швэдзкага генэрала адыйсьці ад Рыґі. Была ўзятая крэпасьць Дынамюндэ. Адначасова невялічкая эскадра Хадкевіча нанесла страты швэдзкаму флёту ля Рыґі, ля порта Саліс, і прымусіла яго адыйсьці таксама. Пры гэтым швэдзкі флёт страціў два караблі. Далей Ян Караль Хадкевіч намагаўся пайсьці ў Эстонію, але не атрымаў абяцаных падмацаваньняў ад караля, бо Жыґімонт ІІІ рыхтаваўся да вайны з Расеяй. Сьмерць караля Карла ІХ дазволіла пачаць мірныя перамовы. У 1611 годзе паміж Швэцыяй і Рэччу Паспалітай было падпісана перамір’е[Крыніца?], і на некаторы час (да 1617 году) ваенныя дзеі ў Балтыі былі спыненыя.

Паходы на Маскву[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Вялікая смута і Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618)
Жонка Я. К. Хадкевіча Соф’я (зь Мялецкіх)

Падчас барацьбы ў Маскоўскай дзяржаве паміж Ілжэдзьмітрыем І і Барысам Гадуновым і потым, па забойстве Ілжэдзьмітрыя І, сярод кіроўных колаў Рэчы Паспалітай папулярным быў плян стварэньня славянскай фэдэрацыі — Рэчы Паспалітай з далучэньнем да яе Русі ў якасьці трэцяга чальца фэдэрацыі, разам з Польшчай і Літвой[6].

Зачэпкай для пачатку вайны з Маскоўскай дзяржавай было ўвядзеньне на яе тэрыторыю на просьбу цара Васіля Шуйскага ў 1609 годзе швэдзкага корпусу на чале зь Я. Дэляґарды для барацьбы з прыхільнікамі Ілжэдзьмітрыя ІІ, які знаходзіўся ў Тушыне пад Масквой. Паколькі Жыгімонт Ваза быў у стане вайны з Швэцыяй, то ўвядзеньне каралеўскіх войск у Маскоўскую дзяржаву і яе хаўрус з Швэцыяй разглядаліся як варожы акт. Сам кароль Жыгімонт узначаліў войска, якое складалася з польскіх і літоўскіх войск і палкоў украінскіх казакоў. Да гэтага войска, якое ўступіла на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы, на заклік караля далучыліся польскія й літоўскія аддзелы з-пад Тушына, якія пакінулі лягер Ілжэдзьмітрыя ІІ. У верасьні 1609 году пад камандаваньнем караля Жыгімонта пачалася аблога Смаленску, якая цягнулася да чэрвеня 1611 году, калі Смаленск быў узяты.

Па ганебнай паразе маскоўскага войска (на чале з братам цара князем Дзьмітрыем Шуйскім), калі 6500 жаўнераў аб’яднанага войска на чале з гетманам польным каронным С. Жулкеўскім 4 ліпеня 1610 году разграмілі 35-тысячную маскоўскую армію ля сяла Клушына (у раёне Ґжацку), у Маскве цар Васілій Шуйскі быў скінуты з трона і пастрыжаны ў манахі. Новы маскоўскі ўрад — «сямібаяршчына» — празь месяц заключыў дамову з каралём Жыгімонтам і абвясьціў 15-гадовага каралевіча Ўладзіслава Зыгмунтавіча (як яго на літоўскі ўзор называлі ў Польшчы) царом маскоўскім і ўсяе Расеі). Жыхары Масквы і іншых гарадоў Расеі прызналі Ўладзіслава царом і прынесьлі яму крыжацалавальную прысягу на вернасьць, падпісаўшы грамату. Але бацька тады не адпусьціў каралевіча ў Маскву. У Маскву ўвайшла літоўска-польская залога на чале з Станіславам Жулкеўскім.

Гетман вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч выступаў супраць дапамогі Ілжэдзьмітрыю ІІ і супраць вайны з Маскоўскай дзяржавай і нават выказваў сваё незадавальненьне каралю[6], як і раней, гаварыў яму адкрыта, што праз тое, што кароль ня выдаткаваў грошай і не прысылаў у час вайсковай дапамогі ў Інфлянты, не ўдалося атрымаць канчатковай перамогі над швэдамі. Цяпер каралю прыйшлося прыкласьці шмат намаганьняў, каб пераканаць Хадкевіча ўзяць удзел з войскам, што было ў Інфлянтах, у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. У красавіку 1611 году Ян Караль Хадкевіч пайшоў у кірунку на Пскоў[6] і шэсьць тыдняў стаяў пад мурамі Пячорскага манастыра, але ўзяць яго ня здолеў і адступіў.

Першы паход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геранім (1598—1613), сын Я. К. Хадкевіча

Урэшце найвышэйшы гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч згадзіўся на прапанову караля ўзначаліць войска для дапамогі літоўска-польскай залозе ў Маскве. На пачатку восені 1611 году ён сабраў у Шклове 2500 жаўнераў, запасы харчаваньня і амуніцыі і накіраваўся ў Маскву[6], куды дайшоў 6 кастрычніка. Войска Я. К. Хадкевіча мела некалькі сутычак з удзельнікамі першага маскоўскага апаўчэньня Дзьмітрыя Трубяцкога і І. Заруцкага, але мусіла адступіць.

Польскія жаўнеры ня вельмі хацелі падпарадкоўвацца гетману літоўскаму. У пачатку лістапада 1611 году ўжо 2-тысячны аддзел Яна Караля Хадкевіча адступіў у Гомель. Тут ён зноў сабраў запасы харчаваньня і 18 сьнежня 1611 году прывёзь іх у Маскву для літоўска-польскай залогі Крамля. У 1612 годзе яшчэ двойчы ён прыходзіў у Маскву, каб забясьпечыць залогу харчаваньнем. Апошні паход гетмана Я. К. Хадкевіча на Маскву, зноў з запасамі для крамлёўскай залогі, адбыўся ў канцы лета — пачатку верасьня 1612 году. У адзін час з гетманам Янам Каралем Хадкевічам у Маскву накіраваўся кароль Жыгімонт ІІІ і каралевіч Уладзіслаў, каб заняць маскоўскі трон. Каралевіча суправаджаў канцлер Леў Сапега. Хадкевіча ля Масквы сустрэлі аддзелы першага і другога расейскага апалчэньня, у якіх воінаў было значна больш, чым у Яна Караля Хадкевіча. На гэты раз прабіцца да Крамля яму не ўдалося. Другое расейскае апалчэньне пад кіраўніцтвам ахрышчанага ў праваслаўе этнічнага татарына і ніжагародзкага купца Кузьмы Мініна і князя Дзьмітрыя Пажарскага ўжо заняло большую частку Масквы. 31 жніўня 1612 году войска найвышэйшага гетмана ВКЛ Яна Хадкевіча знаходзілася ў 5 кілямэтрах ад мураў Масквы, на Паклоннай гары. 1 верасьня Хадкевіч заняў падмаскоўны тады Навадзевічы манастыр і спрабаваў увайсьці ў Маскву з захаду праз Чартольскую браму, але быў адбіты паўстанцамі-апалчэнцамі. На наступны дзень ён спрабаваў увайсьці ў горад з поўдня, прайшоўшы праз Данскі манастыр, праз Калускую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсьці да вуліцаў Вялікая Ардынка і Пятніцкая. Спробы прарвацца да Крамля і Кітай-гораду не ўдаліся і ў гэты дзень. 2 верасьня 1612 году Хадкевіч узнавіў атакі. Яго жаўнерам удалося дайсьці амаль да самай Масквы-ракі, але і цяпер да берага ракі апалчэнцы іх не дапусьцілі. А ніжагародзкі купец і праваслаўны татарын Кузьма Мінін з часткай сіл пераправіўся праз Маскву-раку і нанёс удар войску Яна Хадкевіча ля Крымскага двара (цяпер раён Крымскага маста). Атакі войска Яна Караля Хадкевіча былі канчаткова адбітыя, яго войска страціла 500 чалавек і абоз з правіянтам, і ён вымушаны быў адступаць[6]. Гэта вызначыла і лёс крамлёўскай залогі. 1 лістапада апалчэнцы занялі Кітай-горад, а 6 сьнежня 1612 году капітулявала і залога Крамля, бо харчаваньня ў іх ужо не было.

Адступаючы, Ян Караль Хадкевіч сустрэў у Вязьме новую каралеўскую армію, зь якою ў Маскву ўрэшце ехаў разам з бацькам 17-гадовы каралевіч Уладзіслаў Жыгімонтавіч, каб заняць маскоўскі трон. Але гэтая армія затрымалася ў дарозе, спрабуючы ўзяць Валакаламск, і да моманту капітуляцыі літоўска-польскай залогі не пасьпела. А потым ужо было позна: у лютым 1613 году земскі сабор абраў новага цара, 16-гадовага Міхаіла Фёдаравіча Раманава, родапачынальніка новай дынастыі ў Маскоўскай дзяржаве.

Другі паход у Маскву[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Конныя партрэты Я. К. Хадкевіча
Мастак Ю. Косак, XIX стагодзьдзе
Мастак Я. Сухадольскі, 1862 г.

Гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч у 1613—1615 гадах камандаваў польскімі і літоўскімі сіламі ў Смаленскае ваяводзтва, абараняючы яго ад расейцаў[7]. На пачатку 1615 году Я. К. Хадкевіч накіраваў у глыбіню расейскай тэрыторыі два аддзелы: Януша Кішкі на Старадуб і Аляксандра Лісоўскага на Бранск.

А ў гэты час каралеўскі двор у Варшаве зноў вярнуўся да пляну пасадзіць на маскоўскі трон каралевіча Ўладзіслава. Камандаваць войскам, якое будзе суправаджаць цара Ўладзіслава ў Маскву, прызначылі гетмана вялікага літоўскага Яна Караля Хадкевіча, бо гетман вялікі каронны Станіслаў Жулкеўскі адмовіўся ісьці ў паход.

Каб пераканаць Яна Караля Хадкевіча ў неабходнасьці новага паходу ў Маскву, 20 чэрвеня 1616 году Жыгімонт Ваза надаў яму вышэйшую пасаду ў Вялікім Княстве Літоўскім — віленскага ваяводы. Тады ж Я. К. Хадкевіч адмовіўся ад пасады старосты жамойцкага на карысьць Януша Кішкі.

Я. К. Хадкевіч з войскам пачаў паход раней і 11 кастрычніка 1617 году ўзяў Дарагабуж[6], а неўзабаве ён аблажыў Вязьму. Сюды да яго выехаў праз Магілёў і Смаленск каралевіч Уладзіслаў, які і пачаў рассылаць у Расеі свае царскія граматы з палёгкамі да розных груп насельніцтва. Была занятая і Вязьма. Да Ўладзіслава далучылася частка дваран, данскіх казакоў і рэшткі казацка-сялянскіх аддзелаў часоў паўстаньня Івана Балотнікава. Але большасьць баяраў, дваранаў і казакоў Уладзіслава не падтрымала. Па заняцьці Вязьмы ўдарылі моцныя маразы, і асноўныя ваенныя дзеі былі прыпыненыя. Каралевіч і гетман засталіся ў Вязьме. Аддзелы лёгкай коньніцы (лісоўчыкі) дзеялі ў найбліжэйшых паветах, спусташаючы і так спустошаныя раёны Расеі. Пачалася падрыхтоўка да далейшага паходу. Увесну 1618 году сілы для наступу на Маскву былі сабраныя. Цяпер у войску Яна Караля Хадкевіча налічвалася 14 тыс. чалавек, у тым ліку каля 5500 пяхоты. Аднак дысцыпліна ў лягеры была недасканалай. Пачаліся спрэчкі, каму камандаваць асобнымі палкамі. У рашэньні камандаваньня ўмешваўся сам каралевіч і яго фаварыты. Рашучы і сьмелы, Я. К. Хадкевіч часта ўступаў у спрэчкі з Уладзіславам. А ў гэты час прышлі весткі з Варшавы, што сойм выдаткаваў грошы на вядзеньне вайны ў Расеі толькі на 1618 год.

У чэрвені 1618 году войска Яна Караля Хадкевіча працягнула паход на Маскву. Ён хацеў прайсьці ў Маскву праз Калугу, але вайсковая рада і каралевіч пастанавілі накіраваць аддзелы напрасткі на сталіцу. Час быў страчаны на заняцьце Мажайску. У пачатку кастрычніка 1618 году войска каралевіча заняло сяло Тушына на поўнач ад Масквы і пачало рыхтавацца да штурму сталіцы. Да Масквы праз паўднёвыя паветы Расеі прыйшло з Украіны 20-тысячнае казацкае войска на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным, да дарозе разрабаваўшы Пуціўль, Ліўны, Ялец і Лебядзянь і іх акругі. Сагайдачны зьявіўся да Данскога кляштару, а адтуль прайшоў у Тушына. У ноч на 11 кастрычніка пачаўся штурм Масквы празь Цьвярскую і Арбацкую брамы, але штурм быў адбіты. Набліжалася зіма, жаўнерам грошы не плацілі, бо іх не было, і каралевіч пачаў перамовы з маскоўскімі баярамі. У выніку перамоваў 11 сьнежня 1618 году ў сяле Дэўліне (каля Тройца-Сергіева манастыра) было падпісанае перамір’е[6][13]. Макоўская дзяржава адмовілася ад прэтэнзіяў на смаленскую зямлю, якая цяпер вярталася ў склад Вялікага Княства Літоўскага, і на чарнігаўскую і северскую землі, якія ўвайшлі ў склад Кароны. Уладзіслаў захаваў тытул цара маскоўскага і ўсяе Расеі. Перамір’е было заключана на 14,5 гадоў. Гэта быў кампраміс і часовае разьвязаньне дзяржаўных і тэрытарыяльных праблем.

Гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч вярнуўся з гэтага паходу расчараваным. Гады, праведзеныя на войнах, паўплывалі на яго здароўе. Ян Караль Хадкевіч усё часьцей хварэў. Ён адышоў ад дзяржаўных справаў, усё больш займаўся гаспадаркай у сваіх маёнтках. Былі і сямейныя клопаты.

Вайна супраць Турэччыны 1620—1621 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Вайна Рэчы Паспалітай з Турэччынай (1620—1621)

На сойме ў Варшаве ў сьнежні 1620 году гетман Ян Караль Хадкевіч атрымаў галоўнае камандаваньне над узброенымі сіламі Рэчы Паспалітай у вайне супраць Турцыі, бо кароннае войска ў кастрычніку 1620 году было разьбіта[14] і страціла абодвух гетманаў у бітве з туркамі і крымскімі татарамі пад Цэцорай (у Малдове, недалёка ад Яс). Гетман вялікі каронны Станіслаў Жулкеўскі быў забіты[6][15], а гетман польны каронны Станіслаў Канецпольскі трапіў у няволю.

Ян Караль Хадкевіч узначаліў кароннае (польскае) і літоўскае войска ў паходзе супраць туркаў і крымскіх татараў у Малдову. На поўначы тагачаснага Малдаўскага княства (васала Турэцкай імпэрыі) знаходзілася крэпасьць Хацін, на малдаўскім беразе Днястра[16]. Тут, у раёне Хаціна, і зьбіраўся даць вызначальную бітву вялікі гетман. Да польска-літоўскага войска далучыліся ўкраінскія казакі гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага, даўняга знаёмага і баявога паплечніка Яна Караля Хадкевіча. Польска-літоўскае войска налічвала каля 30 тыс. жаўнераў, зь іх 14 тыс. пяхоты і больш за 17 тыс. коньнікаў, была і артылерыя. Украінскіх казакоў было таксама 35 тыс. Супраць гэтага войска турэцкі султан Асман II прывёў армію, якая складалася з туркаў, крымскіх татараў, малдаван і валахаў, разам каля 100 тыс. чалавек (некаторыя крыніцы называюць 160 тыс. туркаў і 60 тыс. татараў)[6]. Пяхота складала толькі адну шостую частку арміі султана, хаця ў баявых дзеях вакол моцнай крэпасьці Хацін, якую заняў Ян Караль Хадкевіч, перш за ўсё патрэбная была пяхота. Аднак у туркаў было больш гарматаў, чым у вялікага гетмана. У параўнаньні зь Янам Каралем Хадкевічам малады султан Асман II прайграваў, бо баявога досьведу ня меў. Тым ня менш становішча польска-літоўскіх сіл і ўкраінскіх казакоў было складаным, бо іх было менш, чым у супраціўніка.

Бітва пад Хацінам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Хацінам 1621 году
Я. К. Хадкевіч разьвітваецца з жонкай. Мастак Ё. Аляшкевіч, 1808 г.

Ужо 21 ліпеня 1621 году Ян Караль Хадкевіч з 20 тыс. жаўнераў знаходзіўся пад Хацінам і чакаў асноўную частку войска, якую вёў сюды каралевіч Уладзіслаў. 1 жніўня, не чакаючы падыходу галоўных сіл, Ян Караль Хадкевіч пачаў пераправу праз Днестар, заняўшы крэпасьць Хацін і яго навакольле. Галоўны корпус каралевіча Ўладзіслава падыйшоў у мястэчка Жванец (насупраць Хаціна, на левым беразе Днястра) толькі 30 жніўня, а перапраўляўся праз Днестар ужо падчас баёў з туркамі.

Лягер Яна Караля Хадкевіча, тылам якога быў Днестар, быў абкружаны земляным валам у 8 кілямэтраў даўжыні. Казакі абкружылі свой лягер радамі закапаных у зямлю вазоў. Ян Караль Хадкевіч падзяліў лінію абароны на тры часткі. Правую частку, побач з казакамі, занялі літоўскія палкі пад непасрэдным камандаваньнем вялікага гетмана, у цэнтры камандаваў каралевіч Уладзіслаў (але ён увесь час быў хворы і фактычна не выконваў сваіх абавязкаў), левым крылом камандаваў Станіслаў Любамірскі, падчашы каронны, потым ваявода кракаўскі. Галоўнакамандуючым быў сам Ян Караль Хадкевіч.

Я. К. Хадкевіч у бітве пад Хацінам. Мастак Ёзэф Брандт, 1867 г.

Бітва пад Хацінам пачалася ў самым пачатку верасьня 1621 году і з кароткімі перапынкамі цягнулася шэсьць тыдняў. Польска-літоўскае войска і казакі ўмацавалі свае пазыцыі, вырылі акопы і насыпалі земляныя ўмацаваньні вакол свайго лягера. У цяжкіх умовах Яну Каралю Хадкевічу ўдалося ўтрымаць дысцыпліну жаўнераў і казакоў, нягледзячы на тое, што ў ягоным лягеры не хапала харчаваньня і жаўнеры былі пасаджаны на галодны паёк, бо татары на паўночным беразе Днястра перашкаджалі падвозу харчаваньня. Да таго Я К Хадкевіч ужо моцна хварэў і з 11 верасьня кіраваў ваеннымі дзеямі, лежучы ў сваім паходным шатры. Спачатку 2—4 верасьня 1621 году туркі і іх хаўрусьнікі атакавалі казацкі лягер і ўрэшце і польска-літоўскі, але атакі туркаў былі адбітыя. Пры гэтым яны панесьлі цяжкія страты.

Потым наступілі два дні перапынку. 7 верасьня туркі, выкарыстоўваючы артылерыю, пайшлі на штурм і нават уварваліся на галоўны вал у стыку цэнтру і левага крыла войска Рэчы Паспалітай. Ян Караль Хадкевіч кінуў на іх сваіх гусараў, якія сагналі непрыяцеля з вала. Новую атаку туркаў Ян Караль Хадкевіч перапыніў, выпусьціўшы праз бакавую браму коньніцу, якая флянгавым ударам разьбіла іхныя калёны. З прычыны вялікіх стратаў туркі спынілі штурм і ў наступныя дні заблякавалі лягер Ян Караль Хадкевіча. 15 верасьня яны кінулі на штурм адборныя сілы з 5 тыс. янычараў і 8 тыс. коньніцы, аднак гэты штурм быў адбіты зь вялікімі для туркаў стратамі. Але страты таксама былі ў войску Яна Караля Хадкевіча, апроч таго пашыраліся хваробы, наступіў голад. 23 верасьня абаронцы скарацілі пэрымэтар абароны, разрыўшы галоўныя земляныя валы і насыпаўшы новыя, але далей у тыле.

Сьмерць Я. К. Хадкевіча. Мастак Ф. Смуглевіч, 1806 г.

У гэты дзень Ян Караль Хадкевіч сабраў вайсковую раду і перадаў булаву кароннаму падчашаму Станіславу Любамірскаму, сказаўшы, што памірае. Памёр Ян Караль Хадкевіч 24 верасьня 1621 году[17]. Хоць камандзіры спрабавалі захаваць гэтую вестку ў таямніцы, каб не аслабіць баявы дух жаўнераў, войска хутка даведалася і, калі ягонае цела перавозілі ў замак Хацін, жаўнеры сталі ў строй і аддалі вайсковае ўшанаваньне свайму палкаводцу.

Туркі таксама даведаліся пра сьмерць Яна Караля Хадкевіча і 25 і 28 верасьня зноў штурмавалі ягоны лягер, аднак зноў панесьлі страты. 29 верасьня ваенныя дзеяньні спыніліся, пачаліся мірныя перамовы, вынікам якіх была мірная дамова паміж Рэччу Паспалітай і Турцыяй (9 кастрычніка 1621). Султан забараніў крымскім татарам нападаць на Ўкраіну. На наступны дзень турэцкая армія адступіла. Вайна скончылася перамогай[18]. Гэта была і апошняя перамога Яна Караля Хадкевіча[7].

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жонка Я. К. Хадкевіча Ганна (з Астроскіх)

Ян Караль Хадкевіч ажаніўся ў 1593 годзе з удавой слуцкага князя Яна Сямёна Алелькавіча, Соф’яй Мялецкай[19] (1567—1619), дачкой ваяводы падольскага і гетмана вялікага кароннага Мікалая Мялецкага. Жонку, як сьведчылі сучасьнікі, ён кахаў. Ад гэтага шлюбу ў яго быў сын Геранім (1598—1613) і дачка Ганна Схалястыка (1604—1625), якая выйшла замуж за Яна Станіслава Сапегу (1589—1635), маршалка надворнага літоўскага, старэйшага сына Льва Сапегі, канцлера вялікага літоўскага.

Ажаніцца другі раз гетмана ўгаварыў ягоны старэйшы брат, Аляксандар Хадкевіч, ваявода троцкі, які не хацеў, каб багатая спадчына брата перайшла да Сапегаў. Аляксандар сватаў Яна Караля за адну з дачок княгіні Ганны Астроскай. 60-гадовы гетман абраў князёўну Ганну Алаізу Астроскую[6] (1600—1654), 20-гадовую дачку ваяводы валынскага, ужо сірату. Шлюб адбыўся 28 лістапада 1620 году ў Яраславе. Неўзабаве па вясельлі гетман адправіўся на сойм у Варшаву, а потым у свой апошні паход, не ўступіўшы ў правы мужа. Яго жонка зьбіралася раней пайсьці ў кляштар і, згодна зь яе воляй, прасіла мужа пакінуць яе нявіньніцай.

Па Яне Каралю Хадкевічу засталася багатая спадчына. Найбольш вялікімі маёнткамі з гарадамі і мястэчкамі былі Быхаў і Горы ў Аршанскім павеце, Ляхавічы — у Наваградзкім, Сьвіслач — у Ваўкавыскім, Шкуды і Крэтынга — у Жамойці. Разам з братам Аляксандрам ён быў уладальнікам Шклова і Шклоўскага графства. Праўда, Ян Караль Хадкевіч выдаваў свае грошы на войска, і таму яго даўгі перад сьмерцю дасягалі 100 тыс. злотых (больш чым гадавы прыбытак ад усіх яго маёнткаў). Тым ня менш за спадчыну Хадкевіча пачаліся спрэчкі паміж рознымі магнацкімі родамі, якія былі ў сваяцтве зь ім. Прэтэнзіі на спадчыну выказалі дачка Ганна Схалястыка і яе муж Станіслаў Сапега, брат Яна Караля Аляксандар Хадкевіч і маладая ўдава Ганна Алаіза Хадкевіч (у дзявоцтве Астроская) разам з сваімі апекунамі. Барацьба за спадчыну скончылася толькі праз два гады, у траўні 1623 году, калі ўсе сваякі падзялілі спадчыну гетмана.

Цела Хадкевіча была дастаўлена ў Камянец-Падольскі, дзе ён быў пахаваны 14 кастрычніка 1621 году[6]. Летам 1622 году, удава Хадкевіча дамаглася экзгумацыі, і Хадкевіч быў перапахаваны ў рэзыдэнцыі князёў Астроскіх — горадзе Астрогу на Валыні ў чэрвені таго ж году. У 1627 годзе цела было перавезена ў новую астроскую капліцу, дзе зноў было перапахаванае[6]. Труна была эвакуявана з Астрогу падчас паўстаньня Хмяльніцкага ў 1648 годзе, і вернутае туды зноў у 1654 годзе. Яшчэ раз рэшткі Хадкевіча былі перапахаваныя ў новую магілу ў Астрогу ў 1722 годзе[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малярства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучаснай Беларусі гербам мястэчка Краснасельскага стаў родавы герб Хадкевічаў, а гербам места Ляхавічаў — абрыс пляну замка, пераўтворанага Янам Хадкевічам ў непрыступную фартэцыю[20].

Папярэднік
Крыштап Мікалай Радзівіл «Пярун»
Гетман вялікі літоўскі
1605—1621
Наступнік
Леў Сапега

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Jan Karol Chodkiewicz // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 74, 151.
  3. ^ Ходкевич Ян Кароль // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  4. ^ а б в г д Анатоль Грыцкевіч, Ян Караль Хадкевіч, Гісторыя Беларусі, асобы.
  5. ^ Сагановіч Г. Чым славуты Ян Кароль Хадкевіч? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 42.
  6. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш Dobrowolska W. Jan Karol Chodkiewicz // Polski Słownik Biograficzny. T. 3: Brożek Jan — Chwalczewski Franciszek. — Kraków: Polska Akademia Umiejętności — Skład Główny w Księgarniach Gebethnera i Wolffa, 1937. P. 363—367.  (пол.)
  7. ^ а б в г Хадкевічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 710.
  8. ^ а б Вайна Рэчы Паспалітай з Швецыяй 1600—29 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 378.
  9. ^ Podhorodecki, L. Slawni hetmani Rzeczy Pospolitej. — Warszawa : Moda, 1994. — 560 s. (пол.)
  10. ^ Herbst, S. Wojna inflancka 1600—1602. — Zabrze: Interfort, 2006. — 253 s.  (пол.)
  11. ^ а б Claes-Göran Isacson. Vägen till stormakt // Vasaättens krig. — Stockholm: Norstedts, 2006. ISBN 91-1-301502-8. — P. 331.  (швэд.)
  12. ^ Musiałowicz B. Kircholm 1605 — a study of the 1605 campaign in Livonia, prepared on the occasion of 400th anniversary of the battle. Includes a chapter about the anniversary commemorations at Salaspils, Latvia on 27 September 2005. (анг.)
  13. ^ Wisner H. Władysław IV Waza. 1995. ISBN 83-04-04216-9. — S. 27.  (пол.)
  14. ^ Войны Рэчы Паспалітай з Турцыяй 17 ст. // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 460.
  15. ^ Nagielski M. «STANISŁAW ZÓŁKIEWSKI herbu Lubicz (1547—1620) hetman wielki» // Hetmani Rzeczypospolitej Obojga Narodów. — Wydawn. Bellona, 1995. ISBN 978-83-11-08275-5. — P. 138—139.  (пол.)
  16. ^ Tyla А. Chodkevičius Jonas, Katkevičius, Katkus // Visuotinė lietuvių enciklopedija. — Vilnius, 2003. — T. 4. — P. 79—80.  (лет.)
  17. ^ Oskar Halecki // Reddaway F., Penson J. H. The Cambridge History of Poland. CUP Archive. ISBN 978-1-00-128802-4. — P. 472.  (анг.)
  18. ^ Plokhy, S. The Cossacks and Religion in Early Modern Ukraine. — Oxford University Press, 2001. P. 93.  (анг.)
  19. ^ Kurzej M. Kościoł parafialny w Koropcu // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa ruskiego. Cz. I, tom 1. — Kraków: «Antykwa», drukarnia «Skleniarz», 2010. — 368 s., 508 il. ISBN 978-83-89273-79-6 — S. 116.  (пол.)
  20. ^ Ляхар В. Непераможны грыфон // Голас Радзімы. № 25 (3097), 3 ліпеня 2008 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]