Перайсьці да зьместу

Крожы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Крожы
лет. Kražiai
Населены пункт
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьв. Панны Марыі
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьв. Панны Марыі
Герб
Краіна Летува
Павет Шавельскі
Раён Кельменскі
Першыя згадкі 1253
Геаграфія
Вышыня НУМ 142 м
Часавы пас
Каардынаты 55°36′10″ пн. ш. 22°41′20″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 784 чал. (2001)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Паштовы індэкс LT-86026
Крожы на мапе Летувы
Крожы
Крожы
Крожы

Кро́жы (лет. Kražiai) — мястэчка ў Летуве, на рацэ Кражанце. Цэнтар староства Кельменскага раёну Шавельскага павету. Насельніцтва на 2001 год — 784 чалавекі. Знаходзяцца за 17 км на ўсход ад Кельмаў, паміж Ворнямі і Расенамі.

Крожы — даўняе магдэбурскае места, колішні галоўны адміністрацыйны цэнтар Жамойці.

Тапонім Крожы, магчыма, утварыўся ад назвы ракі Кражанты, але лінгвісты ня могуць патлумачыць такую трансфармацыю (скарачэньне) пачатковай назвы[1]. Зь іншага боку, назву ракі Кражанты (відаць, праз брак адэкватнага тлумачэньня зь летувіскай мовы) спрабуюць выводзіць ад назвы мястэчка[2].

Першы пісьмовы ўспамін пра Крожы (Crase) датуецца 1253 годам; былі ў ліку розных зямельных уладаньняў, падараваных Міндоўгам Тэўтонскаму ордэну[3]. З 1410 году зьяўляюцца зьвесткі пра Кроскую воласьць. Каля 1421 году тут заснавалі касьцёл.

З пачатку XV стагодзьдзя Крожамі валодалі Кезгайлы, у 1549 годзе Станіслаў Кезгайла тытуляваўся графам «на Крожах». З 1554 году — у валоданьні Завішаў і Шэметаў, з 1568 году — Радзівілаў.

У 1607 годзе жамойцкі біскуп М. Гедройц запрасіў у Крожы езуітаў. З 1608 году ў месьце працавала езуіцкая місія, а з 1618 году — калегіюм. Пры калегіюме дзейнічаў тэатар. У 1629—1742 гадох у Крожах месьцілася духоўная сэмінарыя Жамойкага біскупства.

У 1639 годзе тут заснавалі кляштар бэнэдыктынак, у 1758 годзе — дом марыявітак. У 1780 годзе атрымалі прывілей на таргі і кірмашы[4]. На 1790 год тут было 160 двароў[5].

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Крожы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі.

З 1918 году — у складзе Летувы.

  • XIX стагодзьдзе: 1895 год — 3375 чал.[6]; 1897 год — 1761 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1959 год — 998 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 784 чал.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьв. Панны Марыі (1757—1763) і кляштар бэнэдыктынак
  • Калегіюм езуітаў (XVII ст.)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Касьцёл езуітаў (захаваліся падмуркі)
  1. Vanagas A. Lietuvos miestų vardai (antrasis leidimas). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. P. 101—102.
  2. Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius: Mokslas, 1981.
  3. ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 284.
  4. G. M., A. K. Ł. Kroże // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 720.
  5. ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 285.
  6. Кроже // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб.: 1895 Т. XVIa. — С. 809—810.