Юры Радзівіл (біскуп)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
У Вікіпэдыі ёсьць артыкулы пра іншых людзей зь імем Юры Радзівіл.
Юры Радзівіл
Юры Радзівіл, партрэт XVII ст.
Юры Радзівіл, партрэт XVII ст.
POL COA Radziwiłł Książę Ia.svg
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 31 траўня 1556
Лукішкі каля Вільні
Памёр 23 студзеня 1600 (43 гады)
Рым
Пахаваны Іль-Джэзу[d]
Род Радзівілы
Бацькі Мікалай Радзівіл «Чорны»
Альжбета з Шыдлавецкіх
Дзейнасьць дыплямат і ксёндз

Ю́ры Радзіві́л (31 траўня 1556, в. Лукішкі, цяпер у межах Вільні — 23 студзеня 1600, Рым) — царкоўны й дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай.

Юры Радзівіл — першы каталіцкі кардынал зь Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біскуп і ягоны герб, 1840

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, сын Мікалая «Чорнага», канцлера вялікага літоўскага, і Альжбеты з Шыдлавецкіх. Меў братоў Альбрэхта, Мікалая Крыштапа і Станіслава, а таксама сясьцёр Ганну Магдалену, Крыстыну, Соф’ю Агнешку і Альжбету.

Выхоўваўся ў духу кальвінізму. Навучаўся ў кальвінскіх школах у Вільні й Нясьвіжы, працягваў адукацыю ў Ляйпцыскім унівэрсытэце (1571—1573). Разам з братам Мікалаем Крыштапам Радзівілам Сіроткам езьдзіў у Францыю па абранага караля Генрыка Валезу. У 1576[1] у прысутнасьці Пятра Скаргі перайшоў у каталіцтва. Вывучаў філязофію й тэалёгію ў Рымскім калегіюме.

Быў каад’ютарам (памочнікам-намесьнікам) біскупа Валяр’яна Пратасевіча (1574—1581). У 1577—1578 зьдзейсьніў пілігрымку ў Сант'яга-дэ-Кампастэля. У 1581—1591 біскуп віленскі, у 1583 атрымаў годнасьць кардынала.

Дзейна змагаўся супраць Рэфармацыі, у 1581 увёў у сваёй дыяцэзіі цэнзуру друку. У 1582 на ўласныя сродкі адчыніў Віленскую духоўную сэмінарыю. У 1582—1584 быў намесьнікам караля (губэрнатарам) у Інфлянтах, зь цяжкасьцю выконваў абавязкі.

Па сьмерці Стафана Баторыя на элекцыйным сойме 1587 падтрымліваў прадстаўніка аўстрыйскае дынастыі Габсбургаў Максіміліяна, аднак каралём і вялікім князем абралі Жыгімонта Вазу. Па збліжэньні ў 1589 з Габсбургам павялічыў свой уплыў пры двары. У 1589 разам з ваяводам кракаўскім Мікалаем Фірлеем езьдзіў з пасольствам да Рудольфа ІІ Габсбурга, у 1591 — у Рым, на зваротным шляху рэпрэзэнтаваў папу Клімэнта VIII. З 1591 стаў біскупам кракаўскім. Спрыяў шлюбу Жыгімонта Вазы з эрцгэрцагіняй з дому Габсбургаў Ганнай (1592). Быў адным з найбліжэйшых дарадцаў караля, у 1596—1597 вёў перамовы пра далучэньне Рэчы Паспалітае Двух Народаў да антытурэцкае каталіцкае лігі[1].

Браў удзел у канклавах, на якіх абіралі папамі рымскімі Інакенцыюса IX (1591) і Клімэнта VIII (1592). Удзельнічаў у падрыхтоўцы Берасьцейскае вуніі. Памёр у Рыме, куды яго запрасілі для ўдзелу ў юбілеі 1600. Пахавалі кардынала ў касьцёле Іль Джэзу.

Аўтар напісаных на лаціне дзёньніка паездкі ў Італію 1575 (надрукаваны ў 1935 пад назвай «Dziennik podrozy do Wloch w 1575 roku») і ўспамінаў пра Інфлянты (надрукаваныя ў 1899).

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іканаграфія Юрыя Радзівіла захоўваецца ў зборах Аўстрыі, Беларусі, Італіі, Летувы, Нямеччыны, Польшчы, Украіны.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фарны касьцёл у Нясьвіжы набыў свой манумэнтальны барокавы выгляд дзякуючы Юрыю Радзівілу. Менавіта ён ініцыяваў разборку муроў папярэдняга касьцёла, закладзенага ў 1581 і збудаванага ў іншым, састарэлым на той час стылі. Апроч таго, першае збудаваньне мела меншыя памеры, над ім адсутнічаў купал[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Радзівіл Юрый // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 499.
  2. ^ Тамара Габрусь. Святыня незвычайнага лёсу // «Наша Вера» № 2 (5), 1998.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Юры Радзівіл (біскуп)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў