Міхал Юры Вандалін Мнішак
М. Ю. Мнішак. Невядомы мастак, XVIII стагодзьдзе | |
Герб «Мнішак» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1748 |
Памёр | 14 сакавіка 1806 |
Род | Мнішкі |
Бацькі | Ян Караль Вандалін Мнішак Кацярына з Замойскіх |
Жонка | Пелагея Тэрэза з Патоцкіх Уршуля з Замойскіх |
Дзеці | ад 2-га шлюбу: Ізабэла, Паўліна |
Дзейнасьць | дыплямат, палітык |
Міхал Юры Вандалін Мнішак (польск. Michał Jerzy Wandalin Mniszech; 1748 — 14 сакавіка 1806, Слонім) — дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай. Чашнік каронны (1777—1778), сакратар сьвецкі вялікі літоўскі (1778—1781), маршалак надворны літоўскі (1781—1783) і вялікі каронны (з 1783—1793).
Трымаў Люблінскае, Явораўскае, Слонімскае, Растоцкае і Прасяткоўскае староствы. Кавалер шэрагу ордэнаў: Сьвятога Станіслава (1774) і Белага Арла (1778)[1], расейскіх Андрэя Першазванага і Аляксандра Неўскага (1781)[2].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Мнішкаў гербу ўласнага, сын Яна Караля, падкаморага вялікага літоўскага, і Кацярыны з Замойскіх. Меў братоў Юзэфа Яна і Станіслава Юрыя.
Навучаўся ў Варшаве, Швайцарыі; вандраваў па краінах Эўропы.
Наблізіўся да караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Падтрымліваў ідэі Асьветніцтва, распрацаваў праект акадэміі навук і нацыянальнага музэю. Быў сябрам Таварыства элемэнтарных кнігаў, Адукацыйнай камісіі.
У 1780—1781 займаў пасаду сакратара дэпартамэнту замежных інтарэсаў Пастаяннай Рады, у 1782—1786 — старшыня дэпартамэнту паліцыі. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 траўня 1791. Выступаў за правядзеньне рэформаў у Рэчы Паспалітай з апорай на Расею, за далучэньне караля і вялікага князя да Таргавіцкай канфэдэрацыі.
На Гарадзенскім сойме (1792) адмовіўся падпісаць акты аб падзеле Рэчы Паспалітай і пакінуў пасаду маршалка вялікага кароннага. Па адмаўленьні С. А. Панятоўскага ад стальца ў Горадні суправаджаў яго ў Пецярбургу[3].
Першы раз ажаніўся зь Пелагеяй Тэрэзай Патоцкай, другі — з Уршуляй Замойскай. У другім шлюбе меў дачок Ізабэлу і Паўліну.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Męclewska M. Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705-2008. — Warszawa: Zamek Królewski, 2008. S. 221.
- ^ Бантыш-Каменский Н. Списки кавалерам российских императорских орденов Св. Андрея Первозванного, Св. Екатерины, Св. Александра Невского и Св. Анны с учреждения до установления в 1797 году орденского капитула. — М., 2005. С. 156.
- ^ Пазднякоў В. Мнішкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 319.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міхал Юры Вандалін Мнішак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў