Мікалай Радзівіл «Стары»
![]() Мікалай Радзівіл «Стары» | |
![]() Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1440 |
Памёр | 16 ліпеня 1509 |
Пахаваны | Вільня |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Радзівіл Осьцікавіч |
Жонка | Соф’я з Манівідаў Соф’я з Заслаўскіх Соф’я з Рагацінскіх |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Войцех, Ганна, Мікалай, Юры, Ян |
Дзейнасьць | палітык |
Мікалай Радзівіл (Мікалай Радзівілавіч, мянушка «Стары»; каля 1440[2] — 16 ліпеня 1509) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Намесьнік смаленскі (1482—1486) і наваградзкі (1488—1490), кашталян троцкі (1488—1491), ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі (з 1492).
Стварыў вялікую лятыфундыю, якая заклала падмурак магутнасьці роду Радзівілаў. Валодаў Жупранамі і Геранёнамі ў Ашмянскім павеце, Нягневічамі ў Наваградзкім павеце, воласьцю Бобрыкам на Прыпяці, Дубінкамі ў Віленскім павеце, Біржамі ўва Упіцкім павеце, Кейданамі ў Жамойці і іншымі. У канцы жыцьця атрымаў Райгарад і Гонядзь на Падляшшы, якія раней належалі М. Глінскаму[3].
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прадстаўнік шляхецкага роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Радзівіла Осьцікавіча, кашталяна віленскага.
З 1481 году займаў пасаду намесьніка смаленскага. У 1488 годзе як кашталян троцкі і намесьнік наваградзкі ўвайшоў у склад Рады Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве вылучыўся на галоўную ролю ў Радзе і ў 1492 годзе атрымаў урады ваяводы віленскага і канцлера вялікага літоўскага[4].
Выконваючы тэстамэнт вялікага князя Казімера, у 1492 годзе забясьпечыў пераход стальца да Аляксандра. Выступаў за шлюб апошняга з Аленай Іванаўнай, дачкой маскоўскага гаспадара Івана III. Быў адным з ініцыятараў падпісаньня ў 1499 годзе новага акта уніі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Кіраваў дзяржавай пры адсутнасьці вялікага князя. Паводле тэстамэнту Аляксандра, спрыяў перадачы ў 1506 годзе стальца да Жыгімонта Старога.
Першы раз ажаніўся з Соф’яй, дачкой ваяводы віленскага І. Манівіда, другі — з Соф’яй, дачкой князя І. Заслаўскага, трэці — з Соф’яй (Хвядорай), дачкой князя І. Рагацінскага. У першым шлюбе меў дачку Ганну, а таксама сыноў Мікалая, Яна, Войцеха і Юрыя[5].
Ад трох ягоных сыноў пайшлі асобныя лініі роду Радзівілаў:
- Першая (старэйшая) з тытулам князёў на Гонядзі (цяпер Польшча) і Мядзелі (Беларусь) пайшла ад старэйшага сына Мікалая, згасла ў 1542 годзе
- Другая (фактычна малодшая), з тытулам князёў на Біржах і Дубінках (Летува) — ад Юрыя Радзівіла «Геркулеса Літоўскага», згасла ў 1669 годзе
- Трэцяя, з тытулам князёў на Нясьвіжы (Беларусь) і Алыцы (Украіна) — ад Яна «Барадатага»
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Іканаграфія Мікалая Радзівіла «Старога»
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 г.
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт пэндзля невядомага мастака XVII ст. зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/mikolaj-radziwill-h-traby-wojewoda
- ^ Гісторыя роду Радзівілаў. ДУ «Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». Праверана 8 лістапада 2010 г.
- ^ Насевіч В. А. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 ст. — Менск: БелЭН, 1993.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 492—493.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 493.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мікалай Радзівіл «Стары» — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|