Магдэбурскае права
Магдэбу́рскае пра́ва (ням. Magdeburger Recht), а таксама Майдэбо́рскае пра́ва — адна з найбольш вядомых сыстэмаў мескага (гарадзкога) права. Склалася ў XIII ст. у нямецкім месьце Магдэбургу як фэўдальнае мескае права, паводле якога эканамічная дзейнасьць, маёмасныя правы, грамадзка-палітычнае жыцьцё і сацыяльны стан месьцічаў рэгуляваліся ўласнай сыстэмай юрыдычных нормаў, што адпавядала ролі местаў як цэнтраў вытворчасьці і грашова-таварнага абмену.
Агульная характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Магдэбурскае права склалася з розных крыніцаў: прывілеяў, выдадзеных архіяпіскапам Віхманам мескаму патрыцыяту ў 1188 годзе, Саксонскага зярцала, пастановаў суду шэфэнаў Магдэбургу і іншых. Яно тлумачыла розныя віды праўных дачыненьняў: дзейнасьць мескай улады, суду, ягоную кампэтэнцыю і парадак судаводзтва, пытаньні зямельнай уласнасьці «ў межах места», парушэньні ўладаньня, захопу нерухомасьці, усталёўвала пакараньні за розныя віды злачынстваў.
Жыхары местаў, якія атрымалі Магдэбурскае права, вызваляліся ад фэўдальных павіннасьцяў, ад суду і ўлады ваяводаў, старостаў і іншых дзяржаўных службоўцаў. У прыватнаўладальніцкіх местах Магдэбурскае права не вызваляла месьцічаў ад залежнасьці і ўлады фэўдалаў, аднак залежнасьць ня мела рысаў прыгоньніцтва. На аснове Магдэбурскага права ў месьце ствараўся выбарны орган самакіраваньня — магістрат. З уводзінамі Магдэбурскага права скасоўвалася дзеяньне мясцовага права, аднак дазвалялася ўжываньне мясцовых звычаяў, калі нормы, неабходныя для разьвязваньня спрэчкі, не прадугледжваліся Магдэбурскім правам.
Магдэбурскае права не распаўсюджвалася на габрэйскае насельніцтва, якое не лічылася часткай спрадвечнага насельніцтва ўсходнеэўрапейскіх местаў. Вынятак склала толькі літоўскае места Трокі, дзе жыды ў 1444 годзе атрымалі Магдэбурскае права ў якасьці самастойнай групы месьцічаў.
Магдэбурскае права перанялі многія месты Ўсходняй Нямеччыны, Усходняй Прусіі, Сылезіі, Чэхіі, Вугоршчыны, Польшчы.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3 XIV ст. Магдэбурскае права пашырылася на месты Вялікага Княства Літоўскага. Прывілеі на самакіраваньне, якія звычайна выдаваліся за подпісам вялікага князя, пашыралі і паглыблялі мясцовае старасьвецкае звычаёвае права[5].
Згодна з адпаведным прывілеем ствараліся органы самакіраваньня, незалежныя ад ваяводаў і старостаў. Мескае кіраваньне ўзначальваў войт, прызначаны вялікім князем. Разам зь ім дзеяла меская рада, што складалася з 12—20 месьцічаў-радцаў. Дзейнасьць рады ў фінансавай сфэры кантралявалася выбарным органам з 12 месьцічаў — мужоў паспалітых, або прысяглых. Існаваў уласны судовы орган у крымінальных справах — лава, куды ўваходзілі лаўнікі пад старшынствам войта. Штодзённымі справамі займаліся бурмістры, якія па сканчэньні паўнамоцтваў рабілі справаздачу перад радай, а пазьней — на агульным сходзе месьцічаў. Бурмістарскі суд, куды ўваходзілі бурмістры з радцамі, разьвязваў цывільныя справы. Меская рада і лава разам складалі магістрат. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з Магдэбурскім выкарыстоўваліся нормы агульнадзяржаўнага права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыдычнай практыкі.
Месты Вялікага Княства Літоўскага дастасоўвалі заходнеэўрапейскія нормы самакіраваньня да мясцовых асаблівасьцяў і традыцыяў. Апроч магістрата, судовыя справы ў Слоніме, Слуцку і некаторых іншых местах дадаткова разьбіраў традыцыйны копны суд. У Амсьціславе, Віцебску, Воршы, Крычаве і Полацку ў магдэбурскія органы самакіраваньня ўваходзіла вядомая ад вечавых часоў пасада сотніка[6].
Атрыманьне местам Магдэбурскага права вылучала яго зь мясцовай фэўдальна-адміністрацыйнай сыстэмы, падпарадкоўваючы вялікаму князю. Статус ягоных жыхароў істотна падвышаўся: яны рабіліся вольнымі, набывалі права на зямельную ўласнасьць, вызваляліся амаль ад усіх фэўдальных павіннасьцяў — нарыхтоўкі сена, выдзяленьня фурманак і інш., якія несьлі дагэтуль разам зь сялянамі воласьці, ад суду і ўлады дзяржаўных службовых асобаў. Дазвалялася будаваць у месьце ратушу, мець крамы, мануфактуры, загадваць вагамі і мерамі, будаваць млыны, лазьні і г. д. Прадугледжваліся і пэўныя гандлёвыя палёгкі. Так, мяшчане Вільні, Полацку і некаторых іншых местаў з Магдэбурскім правам вызваляліся ад мыта на тэрыторыі ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Месты з Магдэбурскім правам — Менск, Полацак, Магілёў адрозна ад звычайных местаў мелі права двойчы на год праводзіць міжнародныя кірмашы, прычым госьці-купцы з усяе Эўропы мусілі прадаваць тавар толькі гуртам, ад чаго места мела значную выгаду.
Магдэбурскае права мелі каля 60 местаў і мястэчак на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У ліку першых Магдэбурскае права ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Берасьце (1390), Горадня (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцак (1441), Трокі (1444), Высокае (1494), Бельск (1495), Полацак (1498), Дарагічын (1498), Менск (1499), Браслаў (1500), Мельнік (1501), Камянец (1503), Наваградак (1511), Моталь (1555), Барысаў (1563) і іншыя.
Граматы на Магдэбурскае права дзяржаўным местам выдавалі вялікія князі, прыватнаўладальніцкім местам — уладальнікі местаў або на іх хадайніцтва вялікія князі. Гаспадар і ўрад Вялікага Княства Літоўскага ўсяляк заахвочвалі месты да самакіраваньня, бо мелі беспасярэднюю зацікаўленасьць ва ўмацаваньні іх эканамічнага становішча: чым багацейшым было места, тым больш падаткаў яно ўносіла ў дзяржаўны скарб. Апрача таго, жыхары местаў з магдэбургіяй наўзамен дараваных палітычных і грамадзянскіх свабодаў ускладалі на сябе дадатковыя абавязкі, у прыватнасьці рамонт і аднаўленьне за свой кошт абарончых ўмацаваньняў.
Па падзелах Рэчы Паспалітай маскоўская гаспадыня Кацярына II выдала ўказы аб скасаваньні Магдэбурскага права ў Магілёўскай губэрні ў лістападзе 1775 году, у Менскай — у траўні 1795 году, у заходняй Беларусі — у сьнежні 1795 году.
Ратушы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле прывілеяў на Магдэбурскае права ў местах Вялікага Княства Літоўскага дазвалялася збудаваць ратушу дзеля паседжаньняў магістрата. Ратуша разам зь мескім гербам разглядалася як своеасаблівы сымбаль самакіраваньня. У ратушы знаходзілася канцылярыя, скарб і архіў, захоўваліся граматы з нададзенымі месту прывілеямі[6].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сагановіч Г. Магдэбурскае права ў гарадах Беларусі (XV-XVII ст.) // Матэрыялы па гісторыі Беларусі. — Менск: 1997. — 500 ас.
- ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 114.
- ^ а б Доўнар А. Магдэбургскае права // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 242.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 115.
- ^ Юхо Я. Што такое магдэбургскае права? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 20.
- ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 120.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гайба М. Што давала Наваградку Магдэбургскае права // Звязда. № 170 (27033), 7 верасня 2011 г.
- Келер В. Магдэбургскае права // Спадчына. № 5, 1997. С. 90—101.
- Малеч. Магдэбурскае права. // Гістарычная брама. № 6 (10) 1998 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Магдэбурскае права і яго лёс у Беларусі, Радыё Свабода, 9 жніўня 2001 г.