Міхал Геранім Радзівіл
Міхал Геранім Радзівіл. А. Граф, 1785 | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 10 кастрычніка 1744 |
Памёр | 28 сакавіка 1831 |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Марцін Мікалай Радзівіл Марта з Трамбіцкіх |
Жонка | Алена з Пшазьдзецкіх |
Дзеці | Антоні Генрых і Міхал Гедэон |
Дзейнасьць | паэт |
Міхал Геранім Радзівіл (10 кастрычніка 1744 — 28 сакавіка 1831) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Мечнік вялікі літоўскі (1771—1775), кашталян (1775—1790) і апошні ваявода віленскі (1790—1795). Рыцар Мальтыйскага ордэну (з 1797).
Валодаў вялізнымі абшарамі ў Польшчы (Нябораў, Крулікарня, Аркадыя, Орля і інш.), Украіне, Беларусі (Цімкавічы і інш.). Ардынат клецкі (з 1823). Кавалер ордэнаў Белага Арла (1772), Сьвятога Станіслава (1773), Чорнага Арла, Чырвонага Арла і Сьвятога Губэрта.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», малодшы сын Марціна Мікалая, крайчага вялікага літоўскага, і Марты з Трамбіцкіх. Меў зводнага брата Юзэфа Мікалая, ваяводу троцкага.
Выхоўваўся ў доме апекуна — Міхала Казімера Радзівіла «Рыбанькі», дзе атрымаў грунтоўную хатнюю адукацыю, у тым ліку музычную[1]. Навучаўся ў Львове, Нясьвіжы.
У 1771 годзе атрымаў урад мечніка вялікага літоўскага. Абіраўся паслом ад Берасьцейскага ваяводзтва на сойм 1773 году. Далучыўся да соймавай дэлегацыі, створанай пад ціскам дыпляматаў Расеі, Прусіі і Аўстрыі каб зацьвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай. 18 верасьня браў удзел у падпісаньні дамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай. У 1775 годзе атрымаў урад кашталяна троцкага. Быў сябрам Пастаяннай Рады ў 1780—1783 і 1793—1794 гадох, сябар Адукацыйнай камісіі з 1783 году (старшыня ў 1793 году). У 1790 годзе стаў ваяводам троцкім.
У 1792 годзе далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі. У 1793 годзе на гарадзенскім сойме паставіў подпіс на дакумэнтах аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. У часе паўстаньня Т. Касьцюшкі знаходзіўся ў Пецярбургу, не супрацьдзейнічаў наданьню сваімі ўраднікамі дапамогі паўстанцаў, выстаўленьню рэкрутаў. Потым адышоў ад палітычнай дзейнасьці.
У 1774 годзе набыў палац у Небарове, дзе сабраў каштоўную калекцыю мэдалёў, бібліятэку (улучала прыватную бібліятэку Людовіка XVIII), карцінную галерэю, гравюры[2].
26 красавіка 1771 году ажаніўся з Аленай (1753—1821), дачкой падканцлера вялікага літоўскага Антонія Тадэвуша Пшазьдецкага (1718—1772) і Кацярыны Агінскай. Алена Пшазьдзецкая атрымала вядомасьць сваім раманам з каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім. У шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Людвік Мікалай (1773—1830), X ардынат на Клецку
- Антоні Генрык (1775—1833), кампазытар-аматар, сьпявак, мэцэнат, XII ардынат на Нясьвіжы, заснавальнік бэрлінскай лініі Радзівілаў
- Крыстына Магдалена (1776—1796)
- Міхал Гедэон (1778—1850), брыгадны генэрал, сэнатар-кашталян і сэнатар-ваявода Каралеўства Польскага, галоўнакамандуючы польскай арміяй у 1831 годзе
- Караль Лукаш
- Андрэй Валенці (1780—1837 або 1838)
- Анэля (1781—1808), жонка князя Канстантына Адама Чартарыйскага
- Ружа Кацярына
Памёр у Варшаве ў веку 87 гадоў. Спачыў ў Небарове.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, каля 1750
-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
Ф. Нідэрман, 1794
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Скорабагатаў В., Собалева Н. Гётэ, Радзівіл, „Фаўст”. Kamunikat.org. Праверана 22 студзеня 2011 г.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 496.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0